Да чацьвярга

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

Нусле

1.

Стары бровар
затаіўся за паваротам рачулкі
як стары зруйнаваны замак
грабежных баронаў

тры высозныя коміны
мёртвыя вежы
сягаюць у вечар

Насупраць —
сучасная вэрсія таго ж замку
пакрыты зіхоткімі латамі
вогнетрывалага касьцюму
гатэль Карынтыя таўэрз
замест піва
вырабляе ўспаміны

2.

Нусэльскі мост
як і эгіпецкія піраміды
пабудавалі іншаплянэтнікі

3.

У так званых рабочых кварталах
жыцьцё не такое рабскае
й перапрацаванае як у нерабочых

тут нікуды не сьпяшаюцца
не імкнуцца любым коштам выглядаць сэксі
модна апранацца
перамагчы ў капіталістычным спаборніцтве
за званьне самага джэнтрыфікаванага раёну

тут наагул адчуваньне
глыбокай правінцыі

Упэўнены, што тут яшчэ жывуць людзі
якія ніколі не былі ў цэнтры

тым часам у нерабочых
увесь час нэрвуюцца чакаюць
калі іх прыдуць рабаваць
з рабочых
ажно паміраюць ад нецярплівасьці

4.

У вечаровым сонцы стракаціць
выкінутая на набярэжную чалавечая ікра

варушыцца ў чаканьні апладненьня
якім-небудзь апакаліпсісам

 

Рэканструкцыя

Бамбук будоўлі
тунэль для выкіду сьмецьця
прарос скрозь акно
й памалу
высмактаў з будынку
вантробы

Бэйсбол

Дзьмітрыю Дзьмітрыеву

амаль сонечная сыстэма
чый цэнтар паўсюль
там
дзе акурат пралятае Спутнік
дакладней яго нашчадак-клон — спадарожнік
філіграннай ручной работы

астатніх рухаў няўзброеным вокам
амаль ня бачна як руху стрэлак

хісткая
дасягнутая ў выніку шчасьлівай выпадковасьці
раўнавага
парушыць якую могуць долі
футу або сэкунды —
непапраўна

такія сабе зорныя войны
якіх не адрозьніць ад зорных вучэньняў
міталёгія сваіх і чужых у межах
адной асобна ўзятай галяктыкі

аднаногага Джона Пітчэра ўсе баяцца
а за сьпінай кожнага кэтчэра
нібы між іншым аздобленай рэклямаю кэтчупа
стаіць і сочыць справядлівы квакерскі Бог гульні
Галоўны Судзьдзя
ў форме наглядчыка з турмы Сэн-Квэнцін
і такі ж непадкупны
(насамрэч судзьдзяў цэлая Тройца)

а пасярэдзіне — Пэнтагон

хто не ў скафандры
таму цяжка дыхаць чырвоным
марсіянскім пылам змаганьня

і пакуль далёка па-за рыманаўскай сеткай
касьмічных каардынатаў
сем’і гатуюць гамбургеры й п’юць кока-колу
за здароўе амэрыканскай мары
недзе ракеты то бок гіга-біты
адлятаюць у пясок як пустыя гільзы

Суперніцтва супердзяржаваў
у выніку якога пагражае застацца вялікае
супер-ніц

аднак застаецца непрадказальны лік на табло
што таксама нібы задае нейкія таямнічыя каардынаты
цэнтру Сусьвету ці новага летазьлічэньня
пасьля чаго
на поле прыходзіць новая генэрацыя
і ўсё паўтараецца зноўку

*

Сьлівы на дрэве —
як злучаныя галінамі атамы
складанай малекулы
хараства

*

Адпрацаваўшы дзённую зьмену
сонца вяртаецца
ў адзін з дамоў на даляглядзе
заходзіць і адразу
запальвае жоўтае сьвятло
на ўсіх паверхах
нешта шукае

*

Што ў самоце найбольш узрушвае?
Ціша,
толькі зрэдчас перарываная
ўначы — крыкамі п’янай моладзі,
раніцай — сэнтэнцыямі радыё
й ладаваньнем птушыных інструмантаў
у пустой канцэртнай залі двара,
удзень — рокатам ажылай
цмачынай галавы са сьцятымі сківіцамі,
шрубалёта,
увечары — любоўным шэптам сутры.
Ціша,
каляплодная вада
нашага гаваркога
розуму.

*

У самоце сьню няісных аднаклясьніц

выходжу вонкі толькі ў краму
як калісьці суседка-вар’ятка

вуліца ў бартах машын прыгажэйшая
таму што дамы ніжэйшыя
а я адпаведна вышэйшы

ці не таму?

на адным яе баку Кувэйт
на другім Швэцыя
па-мойму гэта называецца «выйсьці ў сьвет»

трамваі стаяць у чарзе
па далейшы рух
што неабходны ім як вэнтылятар

матацыклы
газуючы зь месца ў кар’ер
выздіраюць зь мясам яшчэ адну
старонку дня

*

У фантана прыступ эпілепсіі

Вецер нясе шматкі белай пены
як пустыя цэляфанавыя пакеты

*

Цягам перапынку ў мэдытацыі
ў вокны зазірае швэдзкае сонца
і ружовыя аблокі на сінім небе
падсоўваюць нам хабар барока

Калі чарговы мэдытоўца
пакідае пакой — хай ненадоўга —
у тых хто застаецца ўсё адно ўзьнікае
вусьцішнае адчуваньне прадлёнкі

*

Я радыкальна скараціў час пісаньня вершаў
як Лякан скараціў да пяці хвілін
час псыхааналітычных сэансаў —
стаў больш ляканічным.

 

*

Я ўжо нейкі час пішу раман
нібы пляту цяжкую касу
зь некалькіх пасмаў
сёньня я дапісваў адзін важны разьдзел
і раптоўна мяне напаткала ідэя
нечаканага для мяне самога фіналу
да якога я ў жыцьці не дадумаўся б
калі б раман ужо так доўга
ня жыў у маёй галаве незалежна ад мяне
і я ўсьміхнуўся: няўжо ў гэтае звычайнае цела
яшчэ здольныя прыходзіць незвычайныя думкі?
на радасьцях
я надзеў сваю майку з надпісам «genius’ genes»
і пайшоў у краму купіць прадуктаў
даўно я так не любіў сябе
і свайго зямнога існаваньня
як сёньня

 

*

Гатуючы чай у чаёўні
нагадваеш сабе трэнэра лёгкаатлетаў:
адмяраеш з гадзіньнікам сэкунды
заўзееш за слупок іртуці ў тэрмомэтры —
давай, давай! — 
каб ён як мага хутчэй прабег дыстанцыю
да патрэбнай тэмпэратуры
а таксама зацікаўленым поглядам спэцыяліста
вывучаеш сьцёгны маладой гаспадыні —
рэкардсмэнкі ў бегу ад жаніхоў

 

*

Летняй раніцай
цёмнаскурыя рабочыя-дарожнікі
ў яскрава-аранжавых спэцоўках
нагадваюць ёгаў
што ходзяць па гарачым асфальце

а развозчыкі сьмецьця
з паголенымі галовамі —
выцягваючы на сьвятло за каўнер
па некалькі поўных бакаў
нібы п’яных задзіраў
ці неслухмяных дзяцей —
нагадваюць
буддысцкіх манахаў

Жанчыны
што сьпяшаюцца на працу
з крыху сумнымі тварамі
прыгажэйшыя за турыстак
якія з раніцы да вечара
выстаўляюць напаказ
зубы, пупы і дупы

Згадваю
як я яшчэ школьнікам
сам хадзіў улетку на працу ў турфірму
цюкаў на друкарцы
а ў вольныя хвіліны чытаў

Магчыма, з таго часу
лета і выклікае ў мяне жаданьне
пісаць раманы

*

Хвалі наразаюць
роўнымі белымі скрылькамі
й падаюць на стол набярэжнай
стары параплаў

 

Мэдытацыя

мы ў аднолькавых шэрых кашулях
як суседзі па лягерным бараку
або каманда касьмічнага карабля

вучоныя стварылі для нас
дакладную ілюзію
зямнога сьвету:
зьмены пораў года
гадзінаў дня
прыцягненьне
але насамрэч мы жывем у бясчасьсі
міжплянэтнага падарожжа

чуем адны адных наскрозь

вось у кагосьці ў страўніку
адчыніліся ад скразьняку
дзьверы ўспрыманьня

звонку хтосьці зазірае ў адчыненае вакно
й пытаецца: У вас што, хтосьці памёр?
Вы памёрлі, адказваем мы

Цуд

Расіта, маці траіх дзяцей,
жонка майго дваюроднага славянскага дзядзькі,
чыстая крэолка, апавядае:

Гадоў дванаццаць таму
акурат калі малодшая дачка
выйграла конкурс прыгажосьці
сярод нацменаў і нацвуменаў
я цалкам страціла зрок
апынулася ў цемры
сьмех сказаць не раўнаючы той Борхэс
не магла нават чытаць
пераважна ляжала
разоў дваццаць лётала з Патагоніі
ў Бўэнас-Айрэс на апэрацыі
нічога не дапамагала
пакуль аднаго дня
левае вока бяз дай-прычыны
зноў не пачало бачыць
гэта быў такі цуд
пабачыць праз шэсьць гадоў
абліччы сваіх ужо дарослых дзяцей
прынамсі адным вокам
і нават пазнаць іх
як адразу пазнаеш
амаль нязьменны краявід за вакном

Другое вока
так і не ачуняла
але тым больш яно мне дарагое
прынамсі сваё

Відаць, што Расіта
да сёньня жыве той падзеяй
яна для яе ёсьць прыватнаю формай уваскрасеньня
ці ў кожным выпадку прасьвятленьня:
адкрыцьцём трэцяга вока

*

Пасьля трох месяцаў устрыманьня
зьбіраюся на каратэ
радасна як да каханкі
замест прэзэрватываў
бяру лейкаплястыр

*

Камэры зьвісаюць са стрэх
як мёртвыя раструбы вадасьцёкаў
забітыя сьмецьцем мінуўшчыны

Вецер граблямі ў небе
спрабуе расчасаць аблокі
пад сад камянёў

Дачушка скача
па ўсеяным зоркамі
палетку

А дома тым часам пралка
ўра! чыста! — маршыруе ў нагу
з гадзіньнікам

Такі дзень мне ў падзяку!
За ўсяго толькі неабыякавасьць

Адасабленьне

1.

Дождж вымыў горад зранку, нібы гатэльны нумар
акуратна вярнуў на месца фігуркі бяздомных
цяпер у яго можа бяз боязі засяляцца наступны тыдзень

Адлегласьць да сёньняшняй мэдытацыі —
пяць палётаў стрэл з калчану плэера

2.

Белы пакой і белае неба ў вакне
за якім чыгунка прыкідваецца магістральлю
ці наадварот

Акуратна зашпіленая «маланка» паркету
Стрэлка гадзіньніка ў белай пары
з гукам веніка
хвошча твой слых адмывае цябе ад «я»

3.

Пакуль страўнікі
наладжваюцца як радыёхвалі
на вэганскі абед

Я гатую чай
пішу верш
прыбіраю балкон —
адным словам, працую
на сьвежым паветры

4.

У краіне сьветлай
на мяне дык залішне сьветлай
я не ўміраю
а засынаю

думаю пра дачку
пра тое, што мы падобныя да вежаў
па пэрымэтры замку
збудаванага ўкол пустэчы

ці дзяцей што прынесьлі ў пясочніцу
гаршчэчкі, званочкі, драўляныя формачкі
на якія ўсе апроч нас могуць толькі глядзець
і слухаць іхныя гукі
любавацца іхнай дасканалай пустэчай

*

Ем аўсянае пячэньне —
згадваю начны Стакгольм,
моцную каву перад працай на кухні
дому, дзе мясьціліся майстэрні мастакоў
і дзе я пісаў першы раман

Зь першым пахаладаньнем
ці то ў жніўні, ці то ў верасьні, як сёлета,
калі надвор’е робіцца крышку
падобным да брытанскага —
чую Jealousy і зьбіраюся ўва ўнівэр

Сыходжу з хаты пасьля зьмярканьня,
галодны, ухапіўшы яблык ці банан —
згадваю вечаровы гурток фізыкі
ў берасьцейскай школе

Мінулае жыцьцё ня скончылася,
яно па-ранейшаму працякае ў замкнутых
контурах памяці,
як магма ў глыбіні зямной кары,
пэрыядычна вырываючыся на паверхню.

*

Неяк ужо другую восень
я праводжу ў пасьляваенным Лондане

што б гэта магло значыць

пару гадоў таму я абавязкова
напісаў бы пра гэта апавяданьне

а так
сірэна нагадвае мне
што час прыняць таблетку
і ня парыцца

месяц як заўжды
пачынаецца ў сераду

*

Трамвайныя каляіны ля дома
яшчэ да ўсякай зімы
на некалькі дзён замерзьлі
і ў іх тут жа пачалі сьвідраваць палонкі
рыбакі ў цёплых аранжавых камізэльках
якім перашкаджаюць сваімі гульнямі дзеці

апусьцелі кладкі пешаходных пераходаў
а на супрацьлеглым беразе
высозная белая ад сьнегу яліна
фантанавага струменя
то ўзьнікае то прападае

*

К. К.

Сёньня нашаму каханьню трынаццаць гадоў
і ўсё зусім як тады: цёплая восень
вакацыі яшчэ нібыта ня скончыліся
вучоба яшчэ нібыта не пачыналася
факультэцкія знаёмыя памалу вяртаюцца з замежжа
да гэтага прымеркаванае
адкрыцьцё гішпанскага культурнага інстытуту
новай выставы
тэкст да якой напісаў наш прафэсар
я бачыў яго разы два, другі раз на іспыце
а неўзабаве пачнецца кінафэстываль
прыедуць госьці ў тым ліку літаратары
будуць гаварыць пра Борхэса
ці пра першы чэскі пераклад Болянё
зроблены нашай знаёмай
будынак інстытуту зьзяе пасьля рамонту
абсталяваньне суцэльна новае нават у прыбіральнях
ты ўжо працуеш у галерэі а мяне яшчэ ня выгналі з працы ў бібліятэцы
адным словам усё як тады
хіба толькі ў парку перад уваходам
зьявілася дзіцячая пляцоўка

Да чацьвярга

Перакладчык? Клёва
Я фінансіст
Пару гадоў таму кампанія мела абарот
580 млн. эўра ў год
сур’ёзны такі
Але як ува ўсім, бываюць чорныя, белыя палосы
Што буду рабіць калі прагарым?
Ня ведаю
Умею капаць зямлю калі трэба
А так інжынэр па адукацыі
Пазаўчора быў у Маскве
плаваў у адным басэйне зь Сілуанавым
не ў адной кампаніі — але ў адным басэйне
Скажу табе: гэтыя змучаныя твары
увесь час развагі: колькі, каму, кіне, ня кіне
Спытаеш — што бачылі ў жыцьці?
паціскаюць плячыма
-Падарожжы?
-Херня гэтыя падарожжы!
Яны ж увесь час на мабіле:
колькі, каму, кіне, ня кіне
І я быў такі Але ж стукнуў палціннік —
шмат перадумаў
хаджу во на каратэ
дапамагае
Ну што, пайду Да чацьвярга
А, стой! Яшчэ адно мушу табе сказаць:
будзе кепска — проста падумай, што мы ўсе памрэм
і супакойся
-Дзякуй
-Ну, да чацьвярга

*

З акна на двор чуваць
як у пасьляабедзенным паўзабыцьці
рытмічна пахрапвае адбойны малаток
а мне ўсё здаецца што гэта ў суседнім пакоі
мой малады й здаровы саракагадовы бацька
адсыпаецца пасьля начной зьмены

 

*

Я даўно закаханы ў адну кавярню
то бок ува ўсіх яе супрацоўніц
не паасобку а разам

усе яны з адной гімназіі
усе сябруюць
усе ходзяць на працу рабіць урокі
усе кураць
усе лічаць мяне вар’ятам

адна выглядае як Амэлі Пулен
другая як мая першая жонка
трэцяя як адна дзяўчынка з Дуброўкі
чацьвёртая як мая сэрбская сяброўка
пятая мае цела фігурысткі
шостая ходзіць на працу ў кімано
сёмая ўмее гатаваць гарбату
усіх і не пералічыш

усе яны ўсьміхаюцца як умеюць
нехта шчыра нехта працоўна
ува ўсіх іх задуменныя пагляды
але ўваччу ані думкі аб сьмерці

у кожнай зь іх я бачу каханку
бачу кожную зь іх пры родах
бачу як мы тут сустракаемся гадоў праз пяць-дзесяць
усьміхаемся адно адному
а на нас касавурацца новыя маладзенькія афіцыянткі
з той самай суседняй гімназіі

*

Матацыкл ля ўваходу
чакае гаспадара
паслухмяна, бы той восьлік:
угнуўшы галаву
прыціснуўшы вушы-люстэркі

 

Арыэль

Паставіў бульбу зь вяршкамі й сырам у духоўку
пайшоў чытаць Сылвію Плат
«Арыэля»

Праз паўгадзіны:
кухня поўная дыму й смуроду
вяршкі выцеклі й падгарэлі

Выключаю духоўку
адкрываю вокны
Замест вячэры
вяртаюся да Сылвіі Плат

Праз гадзіну:
сяджу аддзіраю ад жалеза чорныя плямы
засунуўшы галаву ў духоўку
думаю пра Сылвію Плат

*

Раней пісаў так, як хацеў бы ўмець перакладаць
паэзію кагосьці іншага: нязмушана, амаль сынхронна
патрэбныя словы самі прыцягваліся неадольным магнітам рыфмы
выстройваліся ў радкі ўдоўж сілавых ліній загадзя дадзенага сэнсу
падрыхтаваныя мускулістыя мэтафары чакалі свайго часу ўступіць у сутычку з рытмікай
усё гэта было чароўна як Glassperlenspiel за шклянкай віна з цыгарэтай
ніякіх момантаў Брэхтаўскага адчужэньня, амаль ніякіх сюрпрызаў
усё як па нотах наўмысна для мяне напісанай кампазітарам ролі
няхай без аншлягаў затое пад воплескі нешматлікіх адданых знаўцаў

цяпер выходжу на авансцэну амаль як у сьне ня памятаючы імя пэрсанажа
амаль ніколі ня ведаю наперад што буду казаць
амаль адвучаны выкшталцонаму майстэрству бэльканто
зьвяртаюся да яшчэ радзейшай публікі немілагучным рэчытатывам
(даведаўшыся пра раптоўную зьмену праграмы
эстэты дэманстрацыйна ўстаюць зь месцаў і пакідаюць тэатар) —
так бы мовіць артыст гутарковага жанру
у якога ўсё меней шансаў быць даслуханым да канца пагатоў пачутым
і які сам ужо ня ведае дзеля чаго гэта ўсё пачынаў
бо ў працэсе апавяданьня анэкдота неяк умудрыўся забыць канцоўку

што ў прынцыпе і змушае яго працягваць

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Лёс нейкіх папер, пры ўсёй павазе да іх —
зусім ня тое, што мусіць звацца трагедыяй.
Калі лёс рукапісаў успрымаецца як трагедыя —
значыць, яны пісаліся дарма

а яна хацела акурат таго што і атрымлівала
проста ўвагі
яна верыла што зьвяртацца да кагосьці гэта насамрэч быць зь ім
такі кшталт прафэсійнай дэфармацыі
«у праскай студыі з вамі Вольга Караткевіч»

Цёмныя часы Dark Ages
гучыць як назва кампутарнай гульні ці сэрыялу

дзе нехта змарнаваў цэлае жыцьцё на пакрыёмае змаганьне з драконам
а нехта ахвяраваў у гэтым змаганьні жыцьцё адразу
пайшоў ва-банк і прайграў спадзеючыся што выйграюць іншыя

Ямамота цудоўна разумеў
што галоўнае апірышча ягонай праяпонскай улады
насамрэч не японцы
а самі абарыгены

тыя гістарычна заўжды хацелі людзьмі звацца
у іхным разуменьні гэта значыла звацца японцамі
са знакам якасьці ці ўжо без
а родныя шаманскія рытуалы былі ім да аднаго месца