Пасьлямова да кінараману

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

Зь нізкі "Пасьлямова да кінараману" (2018-2019)

Адасабленьне ІІ

1.

У ноч з восені
на зіму, упершыню
ня дома, ня сплю

2.

Сусед пахрапвае як пральная машына
ў якой пракручваюцца запісы ягоных камэр бясьпекі
з папярэдніх дзён, адмываюцца
фальшывыя манэты ўспамінаў

3.

Роўна першага
сьнежня выпаў роўна
першы сьнег

4.

У адным з даўніх, яшчэ калаўрацкіх вершаў
сьнег рыпеў як падлога
Тут падлога рыпіць дакладна як сьнег
а вось сапраўдны сьнег за вакном не рыпіць
ён проста растае

5.

Страўнік сьпявае
пачатак сутры ў слушнай
танальнасьці

6.

Струменьчык вады тонкай ніткай
вышывае на тканіне майго розуму
птушку

7.

Дзынь! — 
кліча званочкам
на каанавае сумоўе
мікрахвалёўка
мой страўнік

8.

Імя на талерцы:
нагадвае, што я
мушу забыцца

9.

Маім першым у жыцьці адасабленьнем
былі пяць сутак на Акрэсьціна

1.12.2018

Дзень Дхармы

перад домам людзі ўва ўніформах вэрмахта
уначы будуць здымаць чарговы фільм пра акупацыю
гэтым разам Парыжа бо наводдаль
вырасла тумба з старымі французскімі плякатамі
заўчора акурат пачаў чытаць Дэсноса

гурт сьсечаных ялінак ува ўтаймавальных кашулях
стаіць прыхіліўшыся да агароджы
дбайна скручаныя яны нагадваюць вялізныя касякі травы
неаднолькавага памеру
што чакаюць калі на іхнай вершалінцы зьявіцца агеньчык
у выглядзе зоркі крыжыка а мо й ветаха
і тады яны распусьцяцца ў навакольлі знаёмым пахам
гандляр тэмай скача з нагі на нагу

краіна спадзяецца перабрацца празь Бярэзіну зімы
гэтак жа скачучы па крыгах дзяржаўных і рэлігійных сьвятаў
з дня незалежнасьці на раство з новага года на карнавал
а вось мне як буддысту тут асабліва не паскачаш
давядзецца буддаваць мост самому
не таму што хадзіць па вадзе мерзнуць ногі
а проста каб не сядзець без работы

8.12.

*
Ноч паліруе ліхтарамі
бакі жаночыя машын,
уверсе месяц пратараніў
нябёсаў чорны крэпдэшын.

Так льга нязмушана і спрытна,
бяздумна рыфмаваць далей,
але навошта.

Ліхтары на далёкім мосьце:
кожны відаць так рэзка,
так ясна, так выразна,
нібы асобна ад іншых.

У арках пад мостам
туляцца крамкі
зь яшчэ дальшага берагу:
гандлююць навагоднімі цацкамі.

У парку пуста —
настолькі, што
няма ў каго спытаць,
які сёньня дзень
ці, прынамсі, ноч.

17.12.

Нататкі-калядкі

1.

Сёлета ўпершыню
сьвяткую Каляды без шкадаваньня
сябе самога
ў кампаніі Бонды і Хар Даяла
праўдзіва рады
нараджэньню бадхісатвы Ісуса
дастойнага пераемніка Канфуцыя

2.

Схадзіць на Каляды ў краму —
гэта сьвятое
Шкада што гэтага не разумеюць улады
разумеюць толькі браты па веры віетнамцы
праўда іхныя кошты на сьвяты даступныя толькі турыстам
а мы паспалітыя людзі і сёньня другога гатунку
можам толькі ўдаваць што выйшлі на шпацыр
проста падыхаць сьвяточна-брудным паветрам
а самі тым часам ня ведаем што рабіць як узаемадзейнічаць
з астатнімі без пасярэдніцтва грошай?
можа павіншаваць каго?
не сьмяшыце

3.

Джынгл, бэлз!
Па дарозе да сьметніцы
гучна бразгаю торбай пустых бляшанак і слоікаў пад пахай —
з той жа засяроджанасьцю зь якой некаторыя ў інтэрнэце
дудзяць на дудзе

4.

Іду па сваёй роднай Празе
і адрасую ёй погляды
якія столькі гадоў прыберагаў для Вэнэцыі

Гандляры ялінкамі й карпамі
замятаюць сьляды сваіх злачынстваў

Фігуркі ў вітрынах антыкварных крамаў
на тры дні выходных
ператварыліся з тавараў у творы мастацтва
з рабоў на кірмашы ў казачных фэяў
недаступных дотыку пальцаў

5.

Увечары ўсе глядзяць казкі
я іх слухаю
ў выкананьні ўлюбёных сучасных філёзафаў

Тры сьвяточныя сьвечкі гараць
як тры зорачкі
на пагонах дня

24.12.

*

Дачушка такая лёгкая
што ценкі новы лядок на калюжыне
спакойна яе трымае

Уверсе з-пад хмараў
праступаюць абрысы
дэкалькаванай манэты сонца

3.1.2019

Адасабленьне ІІІ

1.

Пах дзіцячага садку
гэта значыць пах чырвонага баршчу
з шэрым хлебам

Жоўты ранішні водбліск першага клясу
на падлозе
вечаровы пах каніфолі ў школьным гуртку

За вокнамі — нядзеля ў бабулі
імгла на дварэ
замест маўкліва-шапялявага радыёпрымача —
ультракароткія хвалі
ўласных думак

Кляштары, якія заўжды з табой

2.

Тое, што выглядае як шаленства —
сядзець ледзь ня цэлы дзень нерухома —
ёсьць насамрэч сродкам супраць шаленства

3.

Мэдытацыя — у чымсьці як сэкс
заўжды тая самая й іншая
заўжды ўпершыню
тут і цяпер
заўжды патрабуе аддаць ёй усё
сума ўсіх папярэдніх мэдытацый
якая пераносіць цябе імгненна
ў час і месца любой зь іх

Кляштар, які заўжды з табой

20.01.

Прафэсіяналізм

На выходных быў на канцэрце Беларускага Барда
зь вялікай Бэ
нават абедзьве Бэ вялікія
пісаць пра гэта ня меў ніякага жаданьня
але лепшых тэмаў няма такім чынам

Бард — прафэсіянал сваёй справы
у яго прафэсійна пастаўлены голас
ён прафэсійна грае на гітары
у перапынках між песьнямі прафэсійна жартуе
час ад часу прафэсійна крытыкуе сябе за балбатлівасьць
тэксты песень Барду пішуць прафэсійныя паэты
перакладаюць прафэсійныя перакладнікі
песьні Барда запісваюць прафэсійныя студыі
дыскі Барда выдаюць прафэсійныя кампаніі
раскручваюць іх прафэсійныя рэклямнікі

па прафэсіі Бард — Бард
але ўмее прафэсійна прыкідвацца Чалавекам з Народа
прафэсійна падлабуньваецца да народа
а пасьля апавядае пра гэта з прафэсійнай іроніяй
у тым ліку пра тое як прафэсійна выступае на прафэсійных карпаратывах

няма рады Бард прынамсі на нейкі час сапраўды
прафэсійна падкупляе ўсімі гэтымі сваімі прафэсійнымі «дупамі»
і «жывебеларусямі»
вымаўленымі ў правільна (прафэсійна) абраны момант

але як ні дзіўна
праз увесь гэты прафэсіяналізм ягоныя выступленьні ня робяцца лепшымі

можна нават сказаць што Бард з прафэсійнай віртуознасьцю
дасягае адваротнага ад таго
чаго спадзяецца дасягнуць
усе — нават я — пляскаюць у ладкі ня Барду
і не ягоным песьням
а ягонай прафэсійнасьці
і нават зайздросьцяць ягонаму прафэсіяналізму

пры гэтым адчуваецца
што сам Бард прафэсійна зайздросьціць калегам па прафэсіі
якія сьпяваюць не па-беларуску
і кожным сваім гукам як бы намякае:
такія прафэсіяналы як я ў іншых краінах цэняцца нашмат болей
і бяруць за ўваход нашмат болей
і прадаюць дыскі нашмат даражэй
таму вы ўсе тут павінны любіць мяне прынамсі ўдвая болей
прынамсі да часу пакуль мы не прыйшлі да ўлады
бо я ж ваш Беларускі Бард а ня проста Бард
іначай якія ж вы беларусы
калі Вы ня цэніце сваіх прафэсійных Бардаў
прафэсійных Пісьменьнікаў
прафэсійных Бунтаўнікоў
прафэсійных Інтэлектуалаў
прафэсійных Дасьціпнікаў
прафэсійных Пакутнікаў

вось такія мы й беларусы
непрафэсійныя

29.01.

*

Цэлы дзень
кінапражэктары з сабачай пільнасьцю
паліваюць жоўцю рог дома

Дзіця пазірае
на скамячаны шэры цэляфан рэчкі

Чырвоны захад сонца
пераплаўляе залатую каплічку
ў бронзавую

Кірлі на ўзроўні вачэй
арганізоўваюць для турыстаў
штучную завіруху

31.01.

*

Ціша перадвясновых вулічак
гістарычнага цэнтру
турысты вымерлі
ад невядомай хваробы
неяк зьвязанай з празьмернай цікаўнасьцю
Кожны год з набліжэньнем лютага
на мяне нападае мюнхенскі вірус
сындром набытага дэфіцыта ўражаньняў
я выразна чую шум магістралі за горадам
чую як ён нагадвае шум крыві ўвушшу
далягляды здаюцца бліжэйшыя
я здаюся сабе маладзейшым
мне хочацца вандраваць уначы
кудысьці на поўдзень або на захад
быць авангардыстам і разьдзяўбаем
ці прынамсі пісаць пра гэта

31.01.

*

Маладзік надзімае
ветразь тыдня
ў кірунку вясны
старыя стрэхі адхаркваюць рэшту сьнегу
шостая вечара
званы на Лярэце б’юць у такт
мірганьню аранжавых аганькоў
пакінутай гаспадаром машыны
шмат людзей на мыліцах то бок з штатывамі
у аднаго дакладна такая ж трынога
як у мяне дзесяць гадоў таму
і такая ж камэра
і сам ён неяк падазрона
падобна да мяне схіліўся над дысплэем
хутчэй праходжу міма
каб не сапсаваць яму кадр

8.02.


*

Найлепшы каляж — заўжды наступны
які толькі сабе ўяўляеш
ці хутчэй зусім не ўяўляеш
ня больш чым простае (пр)адчуваньне
ніякіх канкрэтных вобразаў
чысты настрой
беспадстаўная абсурдная весялосьць
толькі колер каляжнага неба
аднолькавы з колерам неба сапраўднага
ў дадзены момант

14.02.

*

Я. О.

Цягам твайго выступу
ўсе глядзяць як ты разьдзяваесься
толькі я
застаюся ў залі пасьля аплядысмэнтаў
каб зірнуць, як ты будзеш адзявацца —
пасьпешліва, амаль сарамліва —
гэта мне здаецца
чымсьці больш інтымным

14.02.

*

Вясна
Сонца нахіляе
зямлю да сябе
каб лепей бачыць
мае каляжы

23.02.

Зь нізкі "Дзень ЭОЛі" (2019)

Бальшой разгавор з таварышам палітруком

Эта харашо што вы ўспомнілі
пра Саюзнае гасударства
гдзе вы былі дваццаць лет назад

Вьетнаму далі крэдзіт пад шэсьць працэнтаў
а нам пад дзевяць
спрашываецца пачэму

Вашы ўрагі на западзе дают вам крэдзіт
пад меншые працэнты

Скока вы нам плаціце за ваенные базы?
Я вам скажу: ноль

Ну как вы хаціце штобы мы купілі ў вас аўтаматы
каторымі мы будзем вас зашчышчаць?

Эта ужэ был бы не Лукашэнка

Я как чэлавек каторый нямножка чуўствует хакей
магу сказаць што легіянеры
за лета набірают вес і патом ево да новава года збрасывают

Вот эці вапросы нада сначала рашыць

А то будзет как в адной саседней стране
гдзе была тры мільёна стала палтара

Эта сейчас вспомнілі пра Савецкій Саюз
а кто паказал прымер как сбрасываць памятнікі?

Вывелі вайска із Еўропы
трыццаць мільёнаў чалавек нам стоіла эта вайна
а ані ўзялі і вывелі вайска
как будта нічаво і не была

Выступленіе на Еўравідзеніі эта ліцо страны
вапрос паліцізіраванный
пабедзіт — паедзет на Еўравідзеніе

Вот сейчас он Рахманінава ізучает

Но эта жэ тожа дзенег стоіт, Алег

Зачэм нам талеры, у вас рубль — і у нас рубль

Кагда эта мы не былі часьцью рускава міра?
Я как небальшой, но історык, ізучал этат вапрос

Праект дварца рэспублікі з эцімі калонамі азіяцкімі
ну не я ево рысавал я тока падпісал ладна пусьць будзет

Ідзёт какой-та абмен, торг
усё ўзаімасвязана

Я помню в Будапешце в дзевяноста пятам гаду
што-та падпісывал
Голубеў ня даст саўраць
так што вы цяпер ад меня хаціце

Да этат фільм я можна сказаць сам снімал
у аўгусьце сорак чацьвёртава
па кніжке этава забыл как автара
да
а патом аказалась што у нас на нево дажэ прав нет

Ну не хужэ чэм «Тэ трыццаць чатыры»
вот эта я панімаю кіно

Нацыянальная ідзея эта такая ідзея
за каторую чалавек встал і пашол уміраць

Вот сколька украінцэв пагібла пры абароне Крыма
Ні аднаво
Значыт вам эта не нада была

Старшый брат можэт і не очэнь харашо себя ведзёт
но брацьев жа не выбірают

У меня з Гейдарам Аліевічэм слажылісь атнашэнія
мы как-та всегда с нім радам сідзелі
я ешчо пацанёнкам был
да і Гітлер хацел эту бакінскую нефць
і эта лучшый прымер атнашэній между страной хрысьціянскай
і страной мусульманскай

Вот Радаман
на нево людзі моляцца

Я вам гаранцірую што меня із прэзідзенцкага крэсла
на кладбішчэ не панесут
і прэемніка у меня не будзет

а дзействіцельна
очань правільна ты гаварыш
давай я буду вечным прэзідзентам
з часнай собственнасцью

4.03.2019

*

Найбольшую асалоду ад каляжа
я атрымліваю тады
калі падчас яго фатаграфаваньня
гляджу ў аб’ектыў камэры
і мне на момант здаецца
што я зазіраю скрозь лінзу даўняй камэры-абскуры
ў сапраўдны пакой сямнаццатага стагодзьдзя
які толькі зьбіраюся намаляваць

4.03.2019

*

Сёньня ўвечары сябры-марксісты
прэзэнтуюць на філязофскім факультэце
свой філязофскі часопіс
я чакаю іх каля дзьвярэй
на калідоры
агромністым і ціхім
ствараю кампанію прыбіральшчыцы
спацелы пасьля трэніроўкі
п’ю імпэрыялістычную кока-колу
якую з грукатам і помпай
купляю ўсяго за даляр
у дзівосным аўтамаце на напоі
што царуе між капіявальнымі машынамі
ў калідоры
чытаю ў студэнцкім часопісе
артыкул пра ЛСД
запіваю яго кока-колай
цішыня мне ўстаўляе
я абыходжу паверх
на якім калісьці вучыўся
зноў бачу
нязьменныя цягам дзесяці гадоў
маёй адсутнасьці
абвесткі для студэнтаў
нешта сярэдняе
між шантажом і рэклямай
пагрозьлівыя
і лісьлівыя адначасова
падобныя да гістэрычнага
актора-лялькавода
які дзеля аплядысмэнтаў
крычыць і шэпча
рагоча і плача
гатовы адарваць
галаву сваёй ляльцы
але сёньня ўвечары марна
у пустэчу
бо я ягоны
адзіны глядач
і сыходжу прэч
павольна
аплядуючы яму падэшвамі
якое шчасьце
што гэтая п’еса
мяне болей
ня тычыцца

8.03.

*

Месяц упаў між хмараў
бы яйка ў малако
пакінуўшы за сабою сьветлы калодзеж
што так зачароўваў мяне ў дзяцінстве
напрыклад калі мыла падала ў пену

Раблю сваю звычайную вечаровую працу
патрулюю старыя вуліцы
параўноўваю колькасьць зорак
з колькасьцю кропляў у траве

Пусты акварыюм у вакне гатэля
зьзяе замест тэлевізара

З рэстарацый сьмярдзяць
кухні розных народаў

Учора чатыры дзяўчыны-кітаянкі
спрабавалі адамкнуць мае дзьверы
я сказаў ім што яны пераблыталі паверхі
цяпер шкадую

16.03.

Дзень ЭОЛі

Яшчэ гадоў пяць таму
пасьля выкананьня такой задачы як сёньня
параўнальнай з задачай дыстанцыйна пасадзіць зонд на Марс
падрыхтоўка да якой цягнулася доўгія месяцы а мо і гады
я абавязкова набухаўся б ад стомы радасьці гонару
за тое як файна ў мяне ўсё выйшла
як дакладна я ўсё пралічыў
і ўсё такое

Сёньня
мяне зусім не кранае посьпех маёй ідэі
як зрэшты і зусім не зьдзіўляе
(раней я абавязкова напісаў бы «чамусьці»
але цяпер я ведаю чаму)
і як амаль не датычаць кпіны фэйсбучных няздараў

Я думаю пра тое што сёньня поўня
уяўляю як урэшце выключу кампутар
сяду памэдытую
пачытаю камэнтар да Шантыдэвы
без усякага перапынку на нейкае там сьвяткаваньне
мне здаецца што якраз наадварот
менавіта выкананьне сёньняшняй задачы
само па сабе было перапынкам
у маім сьвяткаваньні

Іронія ў тым
што калі б было іначай
і ўсё гэта неяк мяне закранала
то ніякі зонд ніколі ня сеў бы ні на які Марс
і дачушка не называла б мяне «татам Маскам»
у гонар вядомага мільярдэра

23.03.

*

Па пошце прыйшла з выдавецтва Bloomsbury
трохтомная The International Encyclopedia of Surrealism
з маімі артыкуламі
пра Картасара Сэлера і Пісарнік
вяршыня маёй так званай
літаратурнай кар’еры
Я чакаў гэтага дня два гады
і нават пэўны час выношваў намер
падзяліцца гэтым сваім дасягненьнем
зь беларусамі на фэйкбуку
Балазе ў апошні момант пачуцьцё ўласнай годнасьці
мяне ад гэтага ўтрымала

Прынамсі на тыдзень

29.03.


*

Пустая бляшанка піва ў рацэ
нагадала мне пра карычневую бляшанку з-пад кавы
ў бабулінай шафе на вёсцы

Сонечна
на вадзе прарасьлі белыя зярняты
лебедзяў
пусьцілі гнуткія парасткі шыяў

цераз мост шыбуе дзяўчына
з торбай цераз плячо
тая задзірае спадніцу на ейным сьцягне
да самых майткаў
я ўяўляю сабе на ейным месцы
сваё першае каханьне
і ледзь ня плачу

1.04.

*

Прыліў часу
раз на паўгода
пасоўвае нас бліжэй да ўсходняга берагу

Пасярод горада ўзвышаецца кіт
што прывёз нам кавалак
Вялікага кітайскага мура
проста пад вокны

У рацэ шумна чадзіць белым дымам
галавешка грэблі

Іду забіраць у сяброўкі
сваю менскую кнігу
дзеяньне ў якой пачалося
роўна год таму

3.04.

*

Ня ведаю ці яшчэ растуць
сосны ў бабуліным двары
але для мяне яны больш рэальныя
чым калі-небудзь

Першы паверх дома
гэта былі куры яблыні
машыны пах бэнзіну
гутаркі на лаўцы суседзі
мінакі дзяўчаты
дзіцячыя гульні

А другі паверх
былі сосны
скрозь іх неба
і краявід за імі

08.04.

*

Сэрх’ё П.

Бомбіжа з Аргентыны
падораная табою ў апошні прыезд
пятнаццаць гадоў
пад маёй амаль музэйнай аховай
чакала твайго вяртаньня
каб урэшце пазбыцца статусу талісмана
й быць скарыстанай па прызначэньні
і сёньня вось дачакалася
Ведала б яна
колькі ўсяго мусіла здарыцца
каб вы зноўку маглі ўзьяднацца
І самае з гэтага ўсяго вясёлае
гэта што я сам мусіў кінуць піць
у тым ліку матэ
якое ты калісьці ў Менску вучыў мяне гатаваць
каб я мог сёньня зноў прысутнічаць
пры нацыянальным аргентынскім рытуале
ў тым самым майстэрскім выкананьні
што і ўпершыню

18.04.

*

На схіле Пэтржына
гледачы памалу рассаджваюцца
адпаведна густам і інтуіцыі
займаюць асобныя дрэвы
ў паўпустым яшчэ кінатэатры саду
тварам да шырокаэкраннай Прагі
на якую зважаюць меней чым адны на адных
Уваход вольны
Пачатак сэансу а дванаццатай дня

19.04.

*

Адкрыўся сэзон хокку
выходжу на гару на паляваньне
правяраю леташнія пасткі
знаходжу некалькі замалёвак

Дзявочыя пары
таксама кіруюцца на гару
хаваючыся ад хлопцаў
у гутарках пра іх

Побач са мною
дрэдасты растаман
забівае касяк
сьмяецца ў дыктафон

Над галавою
самалёт-спэлчэкер
памалу вышуквае
ў небе памылкі

20.04.

*

Ялінавы
грабеньчык:
паламаліся
заблытаўшыся
ў валасах
зубчыкі-
хваінкі

21.04.

*

У гарадзкой бібліятэцы
наўкол німфэтка на німфэтцы.

Цікавяць кожную з німфэт
матэрыялы пра той сьвет.

Ня так даўно яны на гэтым,
а ўжо цікавяцца тым сьветам.

Тудэма ходзяць і сюдэма —
як эму сумныя, ці эма.

Я б расказаў ім пра нірвану —
але, напэўна, лепш ня стану.

Я апавёў бы ім пра Будду —
але, напэўна, лепш ня буду.

Мне спэкуляцыі пра карму
не дададуць ні граму шарму.

Аповед пра мэтэмпсыхоз
німфэтак давядзе да сьлёз.

Скажу ім лепей, што я вупер —
яны павераць, гэта ж супер,

і што ў мяне зь зімы да лета
дэфлярацыйная дыета.

27.04.

*

Ну што Рэмон Радзіге

дык ці варта было марнаваць
віно кроў атрамант
і такі каштоўны як аказалася час
каб на стагодзьдзе раней прадказаць
чыёсьці ўласнае першае каханьне й далейшае сэксуальнае жыцьцё
прычым у дэталях
стаць асабістым Настрадамусам некага незнаёмага
таксама аматара ня спаць па начах з кніжкай
змушаць яго вяртацца ў ягоныя тынэйджэрскія
то бок твае гады
калі ён бачыў сябе геніем накшталт вашых Рэмбо ці Лётрэамона
а каханьне выкарыстоўваў толькі ў якасьці паліва
для сваіх няспаленых ювэнілій
якія ў сваю чаргу выкарыстоўваў каб шантажаваць
каханых ім малалетак?

Як да сьмешнага мала трэба для неўміручасьці
адымець пару-тройку баб
напісаць пра гэта хірургічна трапную кніжку
вядома лепш па-французску
пасьля чаго адразу памерці яшчэ маладым
як я заўжды баяўся то бок падсьвядома хацеў
памерці геніяльным і маладым
дурнем

Ну і трасца зь ім
абы не геніяльным нявіньнікам

30.04

*

Сугако Канно
ты пішаш свой дзёньнік
у турэмнай камэры
сто гадоў таму
і ня бачыш
як у яе заходзяць
тысячы незнаёмых табе людзей
зазіраюць табе праз плячо
сядаюць на твой ложак
глядзяць у вакно тваімі вачыма
сёньня ўначы я адзін зь іх

1.05.

*

Насустрач мне
з агромністым букетам бэзу
ідзе шырока ўсьміхаючыся
хлопец-даўн
я ўсьміхаюся ў адказ яшчэ шырэй
свой свайго бачыць здалёк

1.05.

Першамай на Пэтржыне

Першамай на Пэтржыне
гэта альтэрнатыўны Новы год

крыху разьмяўшы вантробы півам
усе лезуць на гару сьвяткаваць
прычым не ўначы а сярод белага дня
хаця некаторыя пачалі ўжо ўвечары

(усю Вальпургіеву ноч
да пятай раніцы
я сёлета не прабухаў
а прачытаў
ну проста як у маладосьці)

лезуць жук і жаба
турыст і ягоная баба
парамі сем’ямі й без
як я
уцякаюць
хіба што не ад Вэзувія
а на Вэзувій

а дванаццатай дня
замест курантаў
ўрубаюць сырэну
паветранай трывогі
(сёньня серада)

усе як па камандзе
кідаюцца адзін на аднаго
цалавацца
бо так завяшчаў вялікі Маха
рамантык і мачыст (адсюль прозьвішча)
якога апошні раз чыталі ў школе

дамы складаюць вусны бутончыкам (...)

як і на Новы год весялосьць вакольнай публікі
больш удаваная чым шчырая
асабліва гэта тычыцца так званых паэтычных чытаньняў
дзе ўжо дваццаць гадоў запар пад прыкрыцьцём паэзіі
зьбіраюцца пабухаць вінчык старыя хіпаны й графаманы
ніхто нават ня курыць траву я ў шоку
вось табе й першае траўня

а тым часам у Вэнэсўэле
замест навагодняга салюту
ужо каторы дзень грымяць вулічныя перастрэлкі
зусім іншая дзьвіжуха
чым у нас у соннай Эўропе

1.05.

Вульвалогацэнтрызм

гэта тое што прыйшло на зьмену
фалалогацэнтрызму

здарылася так
што хітражопае лібэральнае капіталістычнае
патрыярхальнае грамадзтва
папросту абвясьціла сябе трансгендэрам
і зрабіла сабе апэрацыю полу

гэтак фалалогацэнтрызм
зрабіўся вульвалогацэнтрызмам

і цяпер нашыя мілыя вульвалогацэнтрычкі
(ліціратура ана мая)
могуць выдаваць сябе за фэміністак

ура таварышы
з днём пабеды

8.05.

Апошнія словы

«Мэр Ніхт!»
Т. Бэрнгард

Кажуць, пасьля таго як у Гандзі
тройчы стрэліў індуісцкі фанатык
Махатма яшчэ здолеў прамовіць: «Гэ Рам!»
што азначае «О, Божа!»

Ня ведаю ці гаварыў апостал індыйскай нацыі па-расейску
але так ці йначай у яго былі ўсе падставы прамовіць
«К херам! К херам сабачым вашую блядзкую Індыю!»
Мне здаецца я добра яго разумею.

9.05.

Плянэты

Аднойчы мы навучымся ствараць плянэты
як цяпер ствараем у моры штучныя жылыя выспы
і з выспы на выспу
як палінэзійцы ў каноэ пераплывалі Ціхі акіян
памалу навучымся хадзіць у пустаце
Зямля паступова стане для нас чымсьці накшталт Мэсапатаміі
ці старажытнага Эгіпта
а нашыя сьмешныя зямныя вершы і мовы
стануць для нашчадкаў загадкавымі як ерогліфы
Зямля рана ці позна стане музэем пад адкрытым небам
запаведнаю зонай дзе будуць жыць толькі зьвяры навукоўцы і прывіды
ператворыцца ня ў Тлён а ў Салярыс
ніхто апроч турыстаў з далёкіх плянэтаў
ня будзе турбаваць нашага вечнага спакою
то бок па сутнасьці для нас пражанаў у параўнаньні з сучаснасьцю
зьменіцца ня так ужо шмат

10.05.

8 траўня

Сёньня ў загіблых сьвята
шыльды ўбраліся ў квецень
аднак аўтахтоны
сапраўдныя нашчадкі тых каго вызвалялі
пасядалі ў аўтамабілі
й разьехаліся па сваёй краіне ў пошуках сваякоў
пакінуўшы сталіцу нам прыежджым
і нашым дзецям
і мы раптоўна ня ведаем што рабіць са сваёй свабодай
са сьвятам з выходнымі з турыстамі
з такой колькасьцю дзіцячых пляцовак
і адчуваем сябе крышку разгублена як калябаранты
пасьля сыходу акупацыйных частак

8.-18.05.

Ноч касьцёлаў

У дакладны час у дакладным месцы
калі верыць у званы й афішы
выпадкова
вяртаючыся з кнігарні з язычніцкай літаратурай
амбасада рымскай курыі
дэманстрацыя духа божага
выпушчанага з клеткі ў вальер
атмасфэра крамы з антыкварыятам
тайнай схованкі скрадзенага мастацтва
за кожным слупом цікуе сьвяты ці сьвятая
зь мячом сякерай цэпам іншым працоўным інструмантам
фрэскі зь нечытэльнымі матывамі цьмянымі фарбамі
як шматкі мяса пад адарванай скурай
хворага на струплю караля ерусалімскага
спавядальні ўдоўж сьцен
більярдныя лузы для лузераў
як гэта ўсё захапляла мяне ў дзяцінстве
і ў першыя гады ў замежжы
прыўкрасны дыснэйлэнд духу
прытулак атэіста-эстэта
пакінутая продкамі ў спадчыну цацка фэтыш
шкада што я ніколі ўжо не зірну на цябе ранейшымі вачыма
поўнымі захапленьня і боязі

24-25.05.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Волас — медны дрот,
роўна ўкладзены, як у
трансфарматары

мы займаем свае месцы пад сонцам Дао
на барыкадах чарговай контракультурнай рэвалюцыі
калі я загіну патрабуючы немагчымага лічыце мяне
рэалістам

Лёс нейкіх папер, пры ўсёй павазе да іх —
зусім ня тое, што мусіць звацца трагедыяй.
Калі лёс рукапісаў успрымаецца як трагедыя —
значыць, яны пісаліся дарма

Прага сёньня гэта такое невялікае беларускае мястэчка
з насельніцтвам каля тысячы чалавек
выбары адбыліся мэрам абралі Ціханоўскую
яна набрала крышку менш за 97 адсоткаў