Пасьля капітуляцыі Японіі Хірао Анода амаль трыццаць гадоў працягваў
дывэрсійную дзейнасьць у джунглях на высьпе Лубанг (Філіпіны).
З нэкралёгу, 2014 г.
Пасьля таго як імпэрыя падпісала акт аб капітуляцыі
мы склікалі нараду ўсіх хто ацалеў на высьпе
Былі дзьве прапановы: выйсьці з джунгляў і скласьці зброю
або працягваць змагацца далей не чакаючы загадаў з цэнтру
Першую бараніў наш стары палкоўнік з самурайскага роду
Другую юны яфрэйтар Ямамота
Палкоўнік відаць спадзяваўся што пераможцы
зробяць яго губэрнатарам выспы
Нягледзячы на ягоныя пагрозы
застрэліць любога хто не паслухаецца загаду
большасьць салдат падтрымала яфрэйтара
На знак пратэсту палкоўнік хацеў зрабіць харакіры
але мы забралі ў яго меч і далі яму нож каб абіраў бульбу
якім ён урэшце перарэзаў сабе горла
абіральнік бульбы зь яго быў абы-які
Абарыгены назіралі за ўсім гэтым
на бясьпечнай адлегласьці
схаваўшыся ў зарасьцях бамбуку
Такім чынам
нашым камандзірам быў абраны яфрэйтар
Ямамота тут жа ўвёў жорсткую дысцыпліну
Дэзэртыры і паражэнцы расстрэльваліся на месцы
Амаль адразу пасьля першай хвалі расстрэлаў
у нас скончыліся харчовыя прыпасы
Тады Ямамота пачаў пісаць на Вялікую зямлю рапарты
з патрабаваньнем прыслаць нам падсілкаваньня і зброі
Рапарты заўжды пачыналіся фразай
«Я выспа вяду бой»
Насамрэч баёў на высьпе даўно не вялося
толькі аднойчы нам пашчасьціла падстрэліць
варожага паветраплаўцу-шпіёна
парэшткі якога мы аддалі астраўлянам
Як што нам зь Вялікай зямлі нічога не прысылалі
Ямамота прапанаваў браць у закладнікі абарыгенаў
Пад пагрозай сьмерці мы прымусілі іх пасеяць рыс
і сталі рэгулярна абкладаць іх падаткамі і мацюкамі
Неўзабаве Ямамота зрабіўся для іх кімсьці накшталт бога
Іхных правадыроў мы мудра застрэлілі абвінаваціўшы іх у канібалізьме
Цяпер Ямамота падпісваў свае рапарты на Вялікую зямлю
«Губэрнатар ягонай імпэратарскай вялікасьці Ямамота (былы яфрэйтар)»
У сталіцы пайшлі чуткі пра тое што недзе на Поўдні
трымае кругавую абарону выспа геройскага яфрэйтара Ямамота
апошняе апірышча колішняй імпэрыі
Людзі на Вялікай зямлі сымпатызавалі яфрэйтару й крытыкавалі ўладу
за тое што яна ня шле яму падсілкаваньня
Некаторыя суайчыньнікі расчараваныя ў навязанай пераможцамі дэмакратыі
усімі праўдамі й няпраўдамі траплялі на выспу й далучаліся да нас
Тым часам частка абарыгенаў наадварот сымпатызавала сталічнай уладзе
асабліва пасьля таго як тая пачала ўсё-ткі скідваць нам з самалётаў дапамогу
і цішком крытыкавала яфрэйтара
ў адзін спэцыяльна адведзены для гэтага рытуалу дзень
Аднак і яны ў душы радаваліся што дзякуючы яфрэйтару
іхная задрыпаная выспа зьявілася на палітычнай мапе сьвету
Узровень і даўжыня іхнага жыцьця ў сярэднім вырасьлі
Насельніцтва выспы павялічылася ўтрая
ў тым ліку за кошт новапрыбылых іррэдэнтыстаў
Япанізацыя выспы ішла тэмпамі
параўнальнымі з тэмпамі вэстэрнізацыі Японіі
Былі наладжаныя дыпляматычныя стасункі з суседнімі выспамі
Гэтак мы пратрымаліся напэўна гадоў дваццаць
ці мо пяцьдзясят
кажу прыблізна бо календара ў нас на высьпе не было
як у той песьні пра Остраў невязенія
з той розьніцай што мы былі без календара наадварот шчасьлівыя
У кожным разе за гэты час пры яфрэйтары
вырасла некалькі новых пакаленьняў астраўлянаў
Раптам зь Вялікай зямлі да нас прыехала цэлая афіцыйная дэлегацыя
ваякаў сваякоў антраполягаў і псыхолягаў
Усе ўгаворвалі Ямамота вярнуцца на бацькаўшчыну
й прысягнуць на вернасьць ягонай імпэратарскай вялікасьці
Але Ямамота зь іх толькі пасьмяяўся
маўляў дзе вы былі ўсе гэтыя дваццаць ці колькі гадоў
пакуль мы тут у джунглях змагаліся за імпэрыю
навошта нам зноў прысягаць Японіі
калі мы не парушалі папярэдняй прысягі
мы заўжды ў душы заставаліся часткай імпэрыі
але цяпер нашая выспа калі і ўступіць у хаўрус зь Японіяй
то толькі як роўная з роўнай
бо Японія ж гэта таксама канец канцоў
толькі выспа ну хіба крышку большая
між іншым у Японіі імя яфрэйтара Ямамота — легенда
ён усім вядомы як самы непахісны патрыёт імпэрыі
таму калі вы раптам перастанеце прысылаць нам дапамогу
то вашая ўлада ў Токіё не пратрымаецца і трох дзён
Дэлегацыя зьехала
Японія апынулася ў незайздросным становішчы
пасьмешышча
яна не магла ні абвясьціць высьпе вайну
бо выспа пакуль так і не прыняла дэклярацыі незалежнасьці
ні абвясьціць выспу часткай Японіі без рэфэрэндуму
бо паводле міжнароднага права гэта была спрэчная тэрыторыя
на мяжы дзьвюх цывілізацый японскай і заходняй
ня тое каб Ямамотава выспа была з гледзішча Японіі
асабліва стратэгічнай
каб абвяшчаць ёй вайну
і ня тое каб матэрыяльная дапамога Ямамотавым іррэдэнтыстам
настолькі ўжо напружвала японскую эканоміку
але сам факт бездапаможнасьці імпэрыі
перад выспай
а імпэратара перад яфрэйтарам
абражаў пачуцьці нашчадкаў самураяў
у іх было такое нядобрае адчуваньне
што існуе як быццам дзьве Японіі
Вялікая і Маленькая
пераможаная і непераможная
звычайная і са знакам якасьці
і гэта іх раздражняла
як існаваньне Тайваня раздражняе Кітай
калі ня болей
выспу немагчыма было перамагчы
праз што імпэратар быў разьюшаны як мядзьведзь
што ня можа скінуць з карку ўчэпістага бульдога
заставалася спадзявацца на тое што Ямамота нехта прыбярэ з дарогі
або змова ў ягоным атачэньні
(тады можна будзе арганізаваць патрэбны Японіі
й міжнароднаму праву рэфэрэндум)
або народнае паўстаньне абарыгенаў супраць японцаў
(тады незалежнай высьпе ўрэшце можна будзе абвясьціць вайну
на падставе неабходнасьці бараніць японскую меншасьць)
абодва варыянты былі для Японіі прымальнымі
і неаднаразова выпрабаванымі ёю ў замежнай палітыцы
але на высьпе не было ні змовы ні народнага паўстаньня
абарыгены ў міжнароднай палітыцы не разьбіраліся
яна іх ня тычылася
натуральна іхная інтэлектуальная эліта
збольшага шаманы зь сем’яў расстраляных правадыроў
марыла пра незалежнасьць выспы
з гэтай мэтай яна вяла абарыгенаў
перадусім да адраджэньня нацыянальнай культуры
развучвала з моладзьдзю старажытныя танцы
песьні і рытуалы
тэхнікі будаваньня бунгалоў і каноэ
спосабы вырабу масак
лукаў і дзідаў
пляценьня пацерак з ракавінак і спадніц з трысьнягу
на таемных сходах ля вогнішча шаманы
з гонарам апавядалі моладзі
пра гераічныя часы змаганьня астраўлянаў
зь першымі японскімі калянізатарамі ў сямнаццатым стагодзьдзі
пра зьверствы Ямамотаўскага рэжыму
а таксама пра генацыд
наступства няспынных выпрабаваньняў ядзернай зброі
што праводзілі непадалёк ад выспы імпэрыялісты ўсяго сьвету
у інтэрвію заходнім мэдыям інтэлектуалы сьцьвярджалі
што неўзабаве прыйдзе часіна
калі абарыгены зноў паўстануць
скінуць японскую марыянэтку Ямамота
і абвесьцяць выспу незалежнай
пасьля чаго на высьпе зноў настане рай
які знаходзіўся там да сямнаццатага стагодзьдзя
аднак абарыгены не паўставалі
унутраная палітыка выспы тычылася іх
яшчэ меней за зьнешнюю
у іх не было прэтэнзій да Ямамота
канец канцоў гэта ён навучыў іх вырошчваць рыс
матэрыяльная дапамога зь Японіі прыходзіла рэгулярна
рыбы ў моры хапала
нягледзячы на ўсе ядзерныя выпрабаваньні
Радыкальныя арганізацыі ваяўнічых японскіх нацыяналістаў
паспрабавалі стварыць на высьпе рух за далучэньне да Японіі
Ямамота зрабіў іхным лідэрам прапанову
ад якой немагчыма было адмовіцца
запрасіў іх паплаваць у сваю асабістую лягуну
дзе гадаваў пару ручных акулаў
больш японскіх нацыяналістаў ніхто на высьпе ня бачыў
калі двое Ямамотавых міністраў
радыст і кашталян
паспрабавалі ўступіць зь Японіяй у змову
і арганізавалі путч
Ямамота сфармаваў зь ліку абарыгенаў
брыгаду сьмерці
якая абышлася зь міністрамі
паводле нацыянальнага звычаю жыхароў выспы
якога не рэкамэндавалі адраджаць нават шаманы
пасьля чаго спробаў путчу на высьпе ўжо не было
такім чынам ні адзін з двух сцэнараў які задавальняў бы японцаў
супраць Ямамота не спрацоўваў
Японія ня ведала як даць яму рады
сытуацыя для Японіі ўскладнялася яшчэ тым
што Ямамота быў дэ факта яе хаўрусьнікам!
што казаць пра іншыя дзяржавы
зь якімі выспа ўсё яшчэ знаходзілася дэ юрэ ў стане вайны
(бо як любіў паўтараць былы яфрэйтар
«Ямамота акту аб капітуляцыі не падпісваў»)
тыя дык зусім ня мелі на Ямамота ніякага ўплыву
іхны флірт з альтэрнатыўнай элітай абарыгенаў
то бок з усё тымі ж шаманамі
каштаваў рэгулярных грашовых уліваньняў і ні да чаго не прыводзіў
шаманы рабілі стаўку на вулічныя шэсьці
ў нацыянальных касьцюмах
зь дзідамі і шчытамі
шэсьці былі досыць малалікія
і падаўляліся збольшага сіламі саміх абарыгенаў
нават без удзелу японскіх вайскоўцаў і іхных нашчадкаў
Таксама нявыгаднае геаграфічнае становішча выспы
і ейнае знаходжаньне непасрэдна ў сфэры інтарэсаў Японіі
выключала магчымасьць маланкавай і незаўважнай ваеннай апэрацыі
Адразу пасьля капітуляцыі імпэрыі
для захопу выспы было дастаткова
дэсанту з аднаго карабля
праз дваццаць (ці пяцьдзясят?) гадоў панаваньня Ямамота
такая высадка ператварылася б у крывавую бойню
і выклікала б — як гэта ні сьмешна —
чарговую ўсясьветную вайну
Такім чынам Ямамота як палітык нагадваў сёрфэра
што трымае хісткую раўнавагу на вострым грэбні хвалі
нездарма сёрфінг быў упоравень з воднымі лыжамі
ягоным улюбёным відам спорту
Ямамота цудоўна разумеў
што галоўнае апірышча ягонай праяпонскай улады
насамрэч не японцы
а самі абарыгены
тыя гістарычна заўжды хацелі людзьмі звацца
у іхным разуменьні гэта значыла звацца японцамі
са знакам якасьці ці ўжо без
а родныя шаманскія рытуалы былі ім да аднаго месца
як ні спрабавалі шаманы на падставе археалягічных раскопак
даказаць што насамрэч канібаламі былі не астраўляне
а якраз крыважэрныя самураі
якія калісьці выразалі тутэйшых жыхароў цэлымі вёскамі
усё ж найноўшы досьвед бальшыні астраўлянаў
пераконваў іх у адваротным
Сам Ямамота стварыў і распаўсюджваў пра сябе міт
што і ён паходзіць са зьбяднелай самурайскай сям’і
якая мае кроўныя повязі зь сёгунамі й самім імпэратарам
і што ягоны бацька быў адным зь першых камікадзэ
толькі мы ведалі што Ямамота-старэйшы
насамрэч належаў да касты буракумінаў
гэта значыць гіцляў катаў далакопаў сьмецьцявозаў
і выканаўцаў іншых брудных прафэсій
што лічыліся ў японскім грамадзтве недатыкальнымі
ці не адсюль паходзіла нежаданьне Ямамота
вяртацца ўва ўлоньне нашай гістарычнай бацькаўшчыны Японіі
Так ці іначай Ямамота разам з культам сваёй асобы
стварыў на высьпе культ самураяў
што пачынаючы зь сямнаццатага стагодзьдзя
былі паводле яго галоўнымі дабрадзеямі тутэйшых абарыгенаў
Паводле прыкладу самураяў
Ямамота галіў сабе лоб
часта пазіраваў з катанай
замовіў сабе ў найлепшага японскага майстра
сёгунскія дасьпехі й шалом
ў якіх прымаў парады нацыянальнага войска
найважнейшым з усіх мастацтваў
для нас на высьпе было кіно пра самураяў
збольшага японскай вытворчасьці
хаця некалькі фільмаў мы зьнялі на высьпе і самі
натуральна паводле сцэнараў Ямамота
зь ім жа ў галоўнай ролі
Падчас здымкаў асобныя з нас
не маглі пазбавіцца адчуваньня
што Ямамота з намі ўсімі проста жартуе
у кожным разе гуляе з намі
нібы з жывымі цацкамі
але гэтая гульня ў губэрнатара выспы
галоўнакамандуючага пацешным войскам
самурая й нашчадка сёгунаў
даўжынёй у дваццаць (ці пяцьдзясят?) гадоў
якая пачалася як непаразуменьне
з часам ператварылася ў Ямамотаву другую натуру
няма сумневу што ён сам верыў у тое
быццам вайна на ягонай высьпе працягваецца
і што Японія аднойчы зноў у яе ўступіць
ня йначай як на баку Ямамота
а можа і пад ягоным камандаваньнем
Той факт што ў душы Ямамота застаўся
жыць у рэальнасьці імпэрскіх часоў сваёй маладосьці
пацьвердзілі і псыхолягі
якія прыяжджалі тады на выспу ў складзе японскай дэлегацыі
паводле іхнага заключэньня
усе Ямамотавы спробы мадэрнізацыі выспы
непазьбежна натыкаліся на непераадольны псыхалягічны бар’ер
а менавіта на няздольнасьць паверыць у капітуляцыю імпэрыі
і зьмірыцца з фактам яе паразы
паверыць у гэта азначала б для Ямамота прызнаць
што ён служыў пад кіраўніцтвам некампэтэнтных вайсковых начальнікаў
і сумленна выконваў іхныя некампэтэнтныя загады
выконваў як той дурань
загады дурняў
то бок прызнаць гэта азначала б прызнаць уласную дурасьць
а Ямамота
якога ўсе называлі дурнем яшчэ ў школе
ня мог гэтага дапусьціць
ён жа добра ведаў што ён хоць і недатыкальны
але ж ня дурань
а значыць і ня мог слухацца загадаў дурняў
значыць загады былі разумныя
як і тыя хто загадваў
таму трэба і далей працягваць іх выконваць
пасьля сутыкненьня з гэтым псыхалягічным бар’ерам
усе спробы мадэрнізацыі
дэмілітарызацыі
ці як у нас казалі лібэралізацыі жыцьця на высьпе
заўсёды згортваліся
Ямамота зноў надзяваў сёгунскія дасьпехі
даставаў катану
і асабіста вёў сваё пацешнае войска на вучэньні
ў атачэньні японскіх вайсковых дарадцаў і выведнікаў
плян у вучэньняў быў заўжды аднолькавы
абарона выспы ад дэсанту варожай марской пяхоты
Нягледзячы на тое
што з трыма жанчынамі-абарыгенкамі
былы яфрэйтар меў трох сыноў
да тутэйшага насельніцтва ён душою не прыкіпеў
і толькі зь вялікай неахвотай гаварыў пра сваіх падданых
як пра нацыю
сказаць што яны нацыя
значыла б прызнаць іх культурнымі людзьмі
і легітымізаваць гэтак забабоны іхных шаманаў
зь якіх крый бог маглі атрымацца новыя правадыры
каторых зноў давялося б расстрэльваць
як здраднікаў Вялікай Японіі
дый навошта культурным людзям
слухацца нейкага яфрэйтара
праз гэта Ямамота ніколі не карыстаўся
ганаровым тытулам «Правадыр Правадыроў»
і ні разу не надзеў правадырскага касьцюма зь пер’я
аддаючы перавагу дасьпехам сёгуна
і тытулам губэрнатара й галоўнакамандуючага
Ён скардзіўся, што ня можа прыдумаць для выспы
ніякай уцямнай нацыянальнай ідэі
за якую яму самому хацелася б памерці
Нядзіва
ну якая ж нацыянальная ідэя
зраўняецца з ідэяй
Краіны ўзыходзячага сонца?
Сыны Ямамота хоць і напалову абарыгены
не вызначаліся лякальным патрыятызмам
яны саромеліся за сваіх вясковых маці
і былі радыя што могуць праводзіць большасьць часу ў Японіі
Паўставаць супраць бацькі ў іх не было ніякай патрэбы
ані здольнасьцяў
а розуму хапала роўна на столькі
каб гэта прызнаць
Канец канцоў нават інтэлектуалы-шаманы
пагадзіліся што асоба Ямамота найлепш адпавядае
патрэбе народа ў палітычным лідэры
і сталі тлумачыць ягонае супрацьстаяньне зь Японіяй
як праяву ягонай барацьбы за незалежнасьць выспы
хоць і пад японскім сьцягам
Таму калі на высьпе ўрэшце высадзіўся японскі дэсант
пад камандаваньнем аднаго зь Ямамотавых сыноў
якога падбухторылі на гэтую авантуру японскія «старэйшыя браты»
то Ямамота баранілі толькі ягоныя абарыгенскія целаахоўнікі
і так званыя «сьвядомыя» абарыгены задураныя шаманамі
абарона трывала недзе каля гадзіны
усе патрыёты з шэрагу астраўлянаў загінулі гераічнай сьмерцю
Пасьля захопу ўлады
і абвяшчэньня фармальнай незалежнасьці выспы
пад пратэктаратам Японіі
японскія браты ўчынілі над Ямамота суд
Яго вінавацілі ў перавышэньні паўнамоцтваў
ува ўзурпацыі камандаваньня гарнізонам выспы
непадпарадкаваньні загадам старэйшых па званьні
самагубстве старога палкоўніка
расстрэлах цывільнага насельніцтва
мясцовых правадыроў і японскіх жаўнераў
забойстве заходняга паветраплаўцы
і нават у зьнікненьні японскіх нацыяналістаў
ня кажучы пра абвінавачаньні ў карупцыі
браканьерстве пірацтве канібалізьме
й перапродажы японскай гуманітаркі на суседнія выспы
У сваёй абарончай прамове якая доўжылася сем гадзін
Ямамота даказваў
што дзейнічаў адпаведна законам ваеннага часу
і выключна ў інтарэсах Японіі
Урэшце псыхіятрычная экспэртыза прызнала
што ён хворы
і як такі ня можа быць прыцягнуты да судовай адказнасьці
Тым часам мы
астатнія жаўнеры
былі прызнаныя здаровымі
і цалкам здольнымі адседзець нашыя немалыя тэрміны
якія ўсё яшчэ адбываем
Наш былы камандзір Ямамота дажывае век на высьпе
ў самотным бунгалоў
на тэрыторыі японскай вайсковай базы
піша кнігу з назвай
«Мэмуары яфрэйтара яго імпэратарскай вялікасьці»
трэніруецца ў практыкаваньнях з катанай
і чайнай цырымоніі
і ўсё яшчэ напэўна марыць пра палітычны камбэк
кажуць, у Японіі дзейнічае тайны ордэн ягоных прыхільнікаў
выспай па-ранейшаму кіруе Ямамота-сын
амаль усё працаздольнае насельніцтва выспы
перасялілася ў Японію
ядзерныя выпрабаваньні пасьпяхова працягваюцца
На судзе і пасьля ў камэры нас шмат пыталіся
як магло здарыцца што ўвесь гэты час
намі камандаваў псыхічна нездаровы чалавек
а мы гэтага па ім не заўважалі?
Мы толькі паціскалі плячыма
што мы маглі адказаць
Ямамотавы крайнія праявы японскага патрыятызму
мы лічылі натуральнымі для такога маладога чалавека
ў ягоным — то бок нашым — становішчы
кінутых на волю лёсу жаўнераў без камандзіра
і без краіны
хіба дзіва што пры ягоным плябейскім паходжаньні
ён хацеў быць большым і лепшым японцам за самураяў?
Ізаляцыя ад рэшты сьвету
не дазваляла нам усьвядоміць маштабы катастрофы
і зразумець што старой імпэрыі больш няма
Так, Ямамота быў чалавек мінуўшчыны
Капітуляцыя і скарачэньне вайсковых штатаў
так званая дэмілітарызацыя Японіі
пазбавілі яго пэрспэктывы кар’еры ў войску
да якой ён сябе ўвесь час рыхтаваў
прычым пазбавілі на самым пачатку гэтай кар’еры
дык што ж яму заставалася
калі ён быў навучаны толькі камандаваць?
Ён ня ведаў адной дробязі
а менавіта якія каманды трэба даваць
затое аддаваць іх умеў
добра
Канец канцоў ён скамандаваў усім нам
цэлай высьпе
нічога не рабіць
а проста
заставацца ў мінуўшчыне
разам зь ім
Мы там і засталіся
У гэтай мінуўшчыне
зь любоўю захаванай на нашай высьпе
па-ранейшаму было месца для вайсковай кар’еры Ямамота
для самураяў камікадзэ іррэдэнтыстаў сёгунаў
і іншых герояў ягонага дзяцінства
Яму было ў мінуўшчыне ўтульна
і ён з сапраўдным бацькоўскім клопатам
рабіў усё каб у ёй было ўтульна і нам
і нават абарыгенам
Кажаце, жаданьне жыць у мінуўшчыне
і непрыманьне цяперашняга ані будучыні
ёсьць праявай псыхічнай хваробы?
У такім разе большасьць з нас — псыхічна хворыя
хоць і прызнаныя здаровымі
Магчыма, акурат таму Ямамота
зь ягонай геніяльнай інтуіцыяй
так добра адчуваў нашыя патрэбы й мары
бо быў усяго толькі адным з нас
Нам усім было добра ў ягонай мінуўшчыне
якая стала нашай сапраўднасьцю і будучыняй
Будучыня — заўжды нешта рызыкоўнае й непрадказальнае
а мы не любілі й не хацелі непрадказальнасьці
Мы хацелі — страшна сказаць — стабільнасьці
і Ямамота даў нам стабільнасьць
даўжынёю ў цэлых дваццаць (ці пяцьдзясят?) гадоў
і цяпер мы ўжо ніколі ня спраўдзім
якім магло б быць нашае жыцьцё безь Ямамота
калі б мы тады не абралі яго камандзірам
а паслухаліся старога палкоўніка з самурайскага роду
5.—8.03.2019
Апублікавана ў альманаху літаратараў замежжа «Беларус» 2019.