Сінія камяні дзеляць напалам вечар

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

(хокку 2020-21)

465.

Гавару з бацькам:
аблочны чай мае смак
белага віна

468.

Смаўжы трымаюць
пасьля дажджу адлегласьць
двухмэтровую

469.

Сінія камяні
дзеляць напалам вечар:
сьцежка ў траве

471.

Спаленая
сонцам лістота: дрэва
ва ўдовіным строі

473.

Зямля як цюлень:
толькі паловай мозгу
адпачывае

480.

Голуб нырае
са страхі на дно двара:
водарасьці дрэў

482.

Зерне вясельля
ў парку ўзрасло праз гады:
дачка і бацька

485.

Бадзяга выбраў
новы гук будзільніка:
выкрык паўліна

490.

Машкара вакол
маёй галавы пляце
то німб, то вэлюм

491.

Як пакінуты
сабака вые за вакном
электрадрыль

502.

Трэція ўгодкі
шлюбу: маркотна глядзяць
гейшы ў вуліцы

506.

Перарываюць
цішу скрушныя ваўкі
нашых страўнікаў

508.

Касьцёл пры чайнай
гадамі звоніць: «Чаю
мне прынясіце!»

517.

Выбачай, муха:
я мэдытую, а не
ў паранірване

523.

Ставок пакрыты
зялёнай карой нібы
малако плеўкай

526.

Яблыня па мне
шпурнула яблык: хоча
пагуляць у мяч

534.

Выклалі лета
пустыя параплавы —
плывуць па восень

535. (Памяці Іркі Зэмана)

Ад жніўня да жніўня
былі знаёмыя —
цэлую вечнасьць

536.

Гарады плывуць
па зямным акіяне
як Рабінзоны

537.

Ня сьпіцца фортцы:
перадае пасланьні
азбукай Морзэ

540.

Хутчэй дадому
каб з тэатру данесьці
гумар гарачым

548.

Кінакавярня:
між кактусаў выстава
каліграфіі

553.

Заплесьнелы хлеб
асабліва смакуе
зь зялёным чаем

558.

Рыскі лятакоў:
ня ведаюць, з чаго пачаць
партрэт ночы

559.

Аплядысмэнты!
Ува ўнісон, як аркестр,
замоўклі птушкі

560.

Павіс лапкамі
дагары павук: кінуў
якар у нябыт

561.

Дозы Месяцу
доктар то зьмяншае, то
павялічвае

564.

Маё кімано:
утаймавальная
кашуля для эга

570.

Нірвана поўні:
варочацца ўкол восі
больш не патрэбна

573.

Дрэва аблілі
лімонным сокам, зь вецьця
падаюць кроплі

574.

Дубовыя лісты
ў парку большыя за
маю падэшву

575.

Убачыўшы, як
я бягу міма, качка
зарагатала

582.

Дожджык без вады:
калі галубам на гзымс
насыпаць хлеба

584.

Заверашчалі
бы лякнутая птушка
колы прычэпа

586.

Як іскры ў небе
гаснуць вензелі сыра
на макароне

588.

Засьнежаныя
стрэхі — мае сонечныя
батарэі

596.

Жорсткая й белая,
як локшына з рысу:
мая барада

597.

Пырнік у вакне
на сьвята выглядае
быццам ананас

598.

Пры ўваходзе ў храм
замест сьвянцонай вады —
дэзынфэкцыя

601.

Жудасны акцэнт
у коўзаньні выдае
што я не адсюль

605.

Згадаць даўні верш —
гэта амаль што яго
напісаць ізноў

606.

Сьнег падае так
нібыта там наверсе
ўсё-ткі нехта ёсьць

613.

Японцы як дзеці:
зашмат часу праводзяць
на падлозе

616.

Замерзлыя лужыны
нібыта клеткі
пад мікраскопам

618.

«Калі будзе хрост?» —
падчас імшы з хораў крычыць
немаўлятка

624.

Дзе мог дзяцел чуць
дзёўбаньне бабулінай
швейнай машынкі?

630.

Мэдытацыя
онлайн — як пры адкрытай
фортцы ў дух іншых

631.

Нашыўкі на крылах
за дальнія пералёты:
качкі ў вадзе

633.

Мэдытацыя:
практыкуюся ў сваім
неіснаваньні

634.

Валасы ў косцы
ззаду: напаў-самурай,
напаў-Мюнхгаўзэн

640.

Порскаўкі сьнегу
сыпле згары на зямлю
нябесны зваршчык

641.

Угрызаецца
рыплівымі нажніцамі
птушка ў ранак

642.

Зноў папісквае
цацачны малаточак
у дзюбе птушкі

643.

Стаю перад
пяцьцю пісуарамі
як той біятланіст

644.

Вось ужо год як
мы перасунулі
ярмолкі на твары

649.

Японцы ад
водарасьцяў норы ўсе
чорнавалосыя

650.

Як рыбіная
луска зіхцяць пялёсткі
сакуры ў траве

655.

Нібы ў кавярні
пад квеценьню сакураў
добра між людзей

658.

Сьнег пазайздросьціў
сакурам: прымазаўся
да іх квецені

659.

Ідзе са зьніжкай
пратэрмінаваны сьнег
у красавіку

660.

Спрабуе брудам
дождж намаляваць на шкле
кітайскі сымбаль

663.

Мэдытуючы
чаргую позы
як «гадалка» з паперы

665.

Мэдытацыя:
сёньня ў страўніку гучна
квакаюць жабы

666.

Ранак: сонечны
палец пералічвае
рэбры дахоўкі

667.

Выходжу ўвечар:
над галавою квецень
нібы каралы

668.

Жвір пад нагою
храбусьціць так, нібыта
ў небе фэервэрк

670.

Зь белых карункаў
саткала квецень хустку
над галавою

671.

Порсткі як рыбка
мітусіцца над зямлёй
маленькі кажан

672.

З алейным пахам
квецені ваюе пах
марыхуаны

674.

Першае траўня:
пах першага каханьня
з-пад пахаў дзяўча

675.

Іржавай помпай
падпампоўвае птушка
сьвітаньне. Днее.

676.

Вецер трапеча
старонкай кнігі нібы
гартае кадры

677.

Пёры на хвасьце
райскай птушкі: васьмёрка,
знак бясконцасьці

678.

Гэтае ймгненьне:
сьнежны ком, што ўвабраў
усю мінуўшчыну

679.

За пару гадзін
ванна дня напушчана:
уставай, нырай!

681.

Спаборнічае
з рок-гуртом на палубе
цягнік на мосьце

682.

Як настойліва
павуціньне на ветры
цалуе шыбу!

683.

Фітнэс: ад шыбы
павуціньне на ветры
адціскаецца

684.

Нырнула ў нябыт,
вынырнула на сонцы —
павута-ветразь

685.

Б’ецца аб шыбу
празрыстая мядуза:
ветразь павуты

686.

Пахаладала
Радуецца вецярок
рысу на вакне

687.

Прымяраецца
самурай, нібы гальфіст,
да ўдару мячом

688.

Неба сіняе
нібы экран мабільнага
тэлефона

689.

Зачытаўшыся
Прылуцкім не пасьпеў на
мэдытацыю

690.

Мэдытацыя:
на Будду ў місе гляджу,
нібыта ў купал

691.

Бы кучарашкі
абстрыжаныя — вакол
белае пер’е

692.

Пераліваецца
ўсімі хвалямі Влтава
ў рэклямным піве

693.

Сёньня клопаты
маюць штось падобнае:
сьмецьце і пошта

694.

Не надражняцца
ў вечаровым дворыку:
дзеці й вароны

695.

Дворык заціхае
супакойваецца
быццам азярцо

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

наўпроставая трансьляцыя з Бастыліі
паседжаньне Цэнтральнай Вертухайскай Камісіі
старшынюе камэндантша нежнай крэпасьці
на разагрэве з дакладамі выступаюць прадольныя кожнай зь вежаў
паводле іх тэмпэратура агулам па зоне нармальная
ад зэкаў паступіла столькі і столькі подпісаў
за вылучэньне такіх і такіх аўтарытэтаў на пасаду сматрашчага

Ямамота цудоўна разумеў
што галоўнае апірышча ягонай праяпонскай улады
насамрэч не японцы
а самі абарыгены

тыя гістарычна заўжды хацелі людзьмі звацца
у іхным разуменьні гэта значыла звацца японцамі
са знакам якасьці ці ўжо без
а родныя шаманскія рытуалы былі ім да аднаго месца

мы займаем свае месцы пад сонцам Дао
на барыкадах чарговай контракультурнай рэвалюцыі
калі я загіну патрабуючы немагчымага лічыце мяне
рэалістам

Волас — медны дрот,
роўна ўкладзены, як у
трансфарматары