Успамін

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

(памяці Волі Караткевіч)

«Адзінота. Гэта тое, што ўзьнікае ў думках, калі ўзгадваю Вольгу. Вясёлая, актыўная, камунікабэльная — і практычна бяз блізкіх людзей».
Алена Радкевіч

*

У дзень сваіх імянінаў
і дзень нараджэньня Юрася Бушлякова
я прысьніў Волю Караткевіч
каханьне ягонага жыцьця
адну з бадхісатваў майго жыцьця
якое ў адрозьненьне ад іхнага
ўсё яшчэ працягваецца

«Воля, але я чуў, што ты нібыта...»
«Ат, лухта. Гэта для дурняў, каб адчапіліся.
Я проста жыву іншым жыцьцём.
Займаюся сваімі праектамі...»

Яна выглядала молада й жыцьцярадасна
стаяла за нейкім прылаўкам
відавочна вялося пра дабрачынную акцыю
на ейных грудзях зьлева быў прыколаты бэйджык
яўна не журналісцкі
падобны да буддысцкага сьцяжка
які яна мне калісьці падаравала
проста так без усякай прычыны

*

Першы раз я ўбачыў Волю Караткевіч
на першамайскай дэманстрацыі дзевяноста пятага года ў Менску
пры канцы майго першага курсу ў ін’язе

гэта было на плошчы Леніна ля Галоўпаштамту
яна стаяла зь невялічкім радыйным мікрафонам
(з такой трохкутнай галоўкай на доўгай ножцы)
у атачэньні пэнсіянэраў з чырвонымі сьцягамі
й адбівалася ад іхных словаў
на якія сама ж іх і правакавала
словы сьвісьцелі міма яе як кулі але драпалі ейнае сэрца
ажно ейныя шчокі пачырванелі ад гэтага нутранога кровацячэньня
яна — у першы й апошні раз у жыцьці я яе такой бачыў —
выглядала зацкаванай і бездапаможнай
і вымушаная была адступіць
схаваць мікрафон і сысьці

мы зь сябрамі падышлі да яе
ад адчуваньня сваёй паразы яна ледзь ня плакала
мы паспрабавалі яе суцешыць
маўляў не перажывайце ня слухайце гэтых старых ідыётаў
хай вярзуць што хочуць
мы з вамі
ведаем вас
слухаем вашае радыё

здаецца гэта крышку яе супакоіла
магчыма яна адчула што за яе ёсьць каму заступіцца
хай сабе гэта і нейкія смаркачы
разьвітваліся мы ўжо ўсьміхаючыся
з таго часу мы зь ёю пачалі вітацца
на кожным мітынгу

*

Калі праз пару гадоў КДБ ўзяло мяне за жопу
анархісты першым чынам павялі мяне ў штаб-кватэру БАЖ
дзьверы нам адчыніла Воля
тады ўжо яна працавала на «Свабодзе»
доўга ёй нешта тлумачыць было ня трэба
годам раней яна была на нашым вулічным паказе
«Сьмерці тырана»
і наагул добра ведала анархістаў
яны падабаліся ёй сваім радыкалізмам падобным да ейнага

Воля сказала каб мы ішлі на радыё зараз яна падыдзе
і сапраўды праз якую гадзіну мы запісалі зь ёю ў студыі
маю першую гутарку на «Свабодзе»
я быў мушу сказаць у цалкам дэзарыентаваным стане
увесь калаціўся мой голас дрыжаў
ня ведаю як я здолеў зьвязаць два словы
Воля пазірала на мяне як на дзіця
з напалову іранічнай напалову спачувальнай усьмешкай

я зрэшты і быў дзіцём
і ледзь ня плакаў седзячы перад мікрафонам
таму мяне ўдвая зьдзівілі ейныя словы пры канцы гутаркі
маўляў нягледзячы на маю разгубленасьць
яна паводле вачэй пазнала ўва мне сумленнага і нават сьмелага хлопца
гэта яна дадала наўмысна для слухачоў каб уратаваць мой гонар
бо не магла ня бачыць што я ніякі ня сьмелы хлопец

«І што ты будзеш рабіць далей?»
спыталася ў мяне яна пасьля запісу
«Я ня ведаю», кажу, «мне параілі ехаць у Прагу»
«Ты каго-небудзь ведаеш у Празе?»
«Не, адкуль» «Тады пачакай»
Яна тут жа дастала нататнік
і перапісала мне на аркуш паперы
тэлефоны супрацоўнікаў «Свабоды»
а таксама аднаго чэскага дысідэнта ейнага знаёмага Вацлава Трояна
якому ў той жа дзень пазваніла
і сказала каб ён неўзабаве чакаў госьця зь Беларусі
госьць праз два дні і сапраўды прыбыў

На разьвітаньне я яшчэ папрасіў Волю
каб яна не давала інтэрвію ў эфір да таго
як я апынуся за мяжой
яна так і зрабіла
інтэрвію прагучала ў эфіры першага красавіка
як жарт
такі сабе вясёлы жарт лёсу

Такім чынам усё з чым я прыехаў у Прагу
была напісаная рукою Волі Караткевіч цыдулка
якая да сёньня захоўваецца дзесьці сярод маіх фэтышаў і сувэніраў

*

«Ну як, не дастала вас (!) доўгая рука крывавага рэжыму?»
былі ейныя першыя словы да мяне пасьля таго
як мы гадоў праз пяць-шэсьць сустрэліся на «Свабодзе» ў Празе
дзе я акурат быў пачаў падпрацоўваць фрылансерам

Мне зрабілася сорамна
у ейным голасе была ўсяго толькі іронія
а мне напэўна пачуўся якісьці папрок маўляў
я лічыла цябе героем
а ты абы-хто
інцілектуалішка сраны
гэта ў лепшым выпадку
звычайны студэнцік
а яна любіла мужчын сапраўдных
мужных і чынных

Але насамрэч Воля не крыўдавала
і ейнае раптоўнае «выканьне» доўга не патрывала
яна па-ранейшаму ставілася да мяне па-сяброўску
зь нейкім асаблівым даверам
якога я яўна не заслугоўваў

Прыкладам я не любіў Воліных тэкстаў
і асабліва таго пра «Нагу»
а яна мае здаецца любіла
час ад часу мне няўцямна як удавалася сказаць штосьці
што здавалася ёй разумным і ледзь ня мудрым

Так ці йначай менавіта яна зрабіла са мною
першае вялікае інтэрвію ў «Начной Свабодзе»
з нагоды выхаду «Раньняга збору» ў 2006-м годзе
годзе Плошчы
калі мы бадай найболей зблізіліся
цягам маіх дзяжурстваў на сайце

Потым яна колькі разоў спрабавала
званіць мне позна ўвечары крыху нападпітку
папярэдне ўжо абзваніўшы ўсю Беларусь
аднак такіх гадзінных размоў з узаемным чытаньнем вершаў
не ўхваляла мая жонка
дый мяне самога яны стамлялі
я быў тормаз і не зусім разумеў чаго ад мяне хоча Воля
а яна хацела акурат таго што і атрымлівала
проста ўвагі
яна верыла што зьвяртацца да кагосьці гэта насамрэч быць зь ім
такі кшталт прафэсійнай дэфармацыі
«у праскай студыі з вамі Вольга Караткевіч»

*

Воля дачка вайскоўца
сапраўды любіла мужчын сапраўдных
мужных і чынных
менавіта таму яна амаль фэміністка
закахалася ў Зэлімхана
паводле легенды ён нават прапаноўваў ёй выйсьці за яго
стаць другой жонкай
і яна ледзь не пагадзілася
але ўрэшце ўсё ж адмовіла
бадай не таму што была фэміністкай
а таму што хацела быць адзінай

ягонае забойства стала пачаткам ейнага павольнага канца
расейцы думалі што трапілі ў тэрарыста а трапілі ў Волю

*

У Юрася Бушлякова з Воляй быў доўгі раман з доўгімі перапынкамі
за гады яны ведалі адно аднаго як муж і жонка
але пры ўсім каханьні гарачая Воля
не любіла ў Юрасю ягонай нерашучасьці разважлівасьці мяккасьці
ягонай адмысловай інтэлігенцкай абломаўшчыны
адным словам усяго таго што і рабіла Юрася Юрасём

Яна са сьмехам апавядала
як яны зь Юрасём хадзілі разам глядзець жаночы стрыптыз
і як Воля здолела закадрыць стрыптызэрку раней за Юрася
або як аднойчы ўжо ў Празе Юрась застаўся ў яе начаваць
разьдзеўся залез у ложак
яны пачалі згадваць бурлівую менскую маладосьць
як тут зазваніў Юрасёў мабільны
гэта была Юрасёва мама
і Юрась як сапраўдны мужчына і перадусім добры сын
ня мог не падняць

пакуль Юрась апавядаў маме апошнія навіны
Воля ўстала сабрала з крэсла Юрасёву вопратку
адчыніла дзьверы й выкінула яе на лесьвічную пляцоўку
Юрасю давялося адзявацца на лесьвіцы

такія пары не прыдумаеш — яны і праўда
ствараюцца на нябёсах
куды на жаль перасяляюцца дужа рана

*

Між тым у Волі быў сапраўдны так бы мовіць афіцыйны муж
вядомы беларускі гісторык
якога яна нават адмыслова прадставіла мне
ў праскай рэстарацыі
я адчуваў сябе ў той сытуацыі вельмі няёмка
я не лічыў сябе блізкім Воліным сябрам
зь беларусамі я за рэдкімі выключэньнямі наагул імкну(ў)ся не сябраваць надта блізка
але гутарка выйшла нечакана цікавай жывой
ня менш за гутаркі між Воляй і Юрасём пры келіху віна ці куфлі піва
пры якіх я часам прысутнічаў
менавіта такія гутаркі ў рэстарацыях а ня ў студыях
варта запісваць

а ўжо неўзабаве пасьля вясельля
Воля падала на развод
на падставе таго што муж яе не здавальняе
ня буду перадаваць у якіх выразах
яна пра гэта апавядала
але выразы былі ў маім гусьце
з рэпэртуару ейнага ўлюбёнага гурта «Ленінград»
які яна неяк усё часьцей цытавала

каб даць мужу зразумець што масты спаленыя
і шляху назад няма
Воля ў найлепшых мусульманскіх традыцыях
спаліла нейкую ягоную каштоўную кніжку
здаецца проста на дыване пасярод пакою

як вы думаеце каму ўва ўсёй гэтай гісторыі
я спачуваў?

*

Воля сьцябалася не з аднаго Юрася
ня толькі з мужа
ня толькі з калег і наагул інтэлектуалаў
а зь беларускіх мужчын у прынцыпе
яны ня надта яе любілі
і былі ня вартыя яе

напрыклад я
нягледзячы на ўсе ўнутраныя намаганьні
цалкам прыняць яе якой яна ёсьць
у глыбіні душы яе баяўся
баяўся таго што яна скажа ці зробіць у наступны момант
яна здавалася мне на мой густ залішне імпульсіўнай
залішне эмацыйнай залішне ірацыянальнай непрадказальнай
а яна і хацела каб я яе такой бачыў
магчыма яна лічыла што я здольны гэта ацаніць больш за астатніх

як шкада што я не магу пагаварыць зь ёю сёньня
пасьля таго як стаў буддыстам
хаця сумняваюся што такі від бязьдзейнасьці як мэдытацыя
падаўся б ёй вартым мужчыны
гэта ж не харакіры

Дарэчы з нашых размоў мне найбольш запамяталася
акурат тая
калі мы абмяркоўвалі «Хакагурэ» й параўноўвалі яе з «Каранам»
Волі было надзвычай прыемна што нехта сур’ёзна ставіцца
да ейнага захапленьня экзатычнай культурнай традыцыяй
і ня лічыць яе праз гэта вар’яткай

*

Вар’яткай я пачаў лічыць Волю пазьней
пасьля таго як мы ледзь не пасварыліся
на ранішняй паніхідзе па Ўладзю Каткоўскім
у праваслаўнай царкве ў Рэславай вядомай тым
што там хаваліся ад немцаў парашутысты якія забілі Гайдрыха
я прыйшоў туды са спазьненьнем здаецца наўмысным
бо ніхто не аматар такіх абрадаў
і апынуўся побач з Воляй
тая была нейкай узбуджанай нават вясёлай (!)
і яўна адмаўлялася падтрымліваць агульную рытуальную жалобу
яна тут жа пачала мне падміргваць штурхаць локцем
і ня шэптам а ўголас так што на нас абарочваліся людзі
лаяць ледзьве ня матам праваслаўную веру вернікаў і сьвятароў
усіх нацыянальнасьцяў
за іхную бязбожнасьць прадажнасьць і крывадушнасьць

я спачуваў ейнаму нон-канфармізму
яна ў прынцыпе выказвала мае думкі
але ўсё ж гэта быў перабор
у царкве былі Ўладзевы бацькі
і да іхнага болю Воліна філіпіка ня мела ніякага дачыненьня
таму я паспрабаваў яе супакоіць
але марна
яна нібыта не заўважала ні маёй зьбянтэжанасьці
ні мяне
ні наагул нікога навокал

гэта мяне яшчэ больш зьдзівіла
бо Воля была абсалютна цьвярозай
няўрымснай і пры гэтым да ўсяго абыякавай
я зразумеў што яна пад уплывам нейкіх моцных таблетак
якія прыняла каб супакоіць нэрвы перад набажэнствам

наагул канфлікт з навакольлем быў ейным абарончым мэханізмам
ад трывогі якая яе не пакідала
вядома ж напад найлепшая абарона

як напісала Алена Радкевіч
Воля мела «звычку прэвэнтыўна адбівацца ад нападак
нават калі іх ніхто і не плянаваў»
а ад гэтага ніякія лекі не дапамагалі

*

Воля першай з нас пачала запіваць таблеткі алькаголем
а я неўзабаве да яе далучыўся
бо што за праца без алькагалізму
але ў мяне на шчасьце не было столькі грошай каб піць як яна

Памятаю ейнае знакамітае «англамоўнае» інтэрвію
з Гансам-Георгам Вікам
«Гэпі Нью-Ёрк!»
найвышэйшы пілятаж прэнк-колінгу
усе рагаталі як шалёныя але я быў разьюшаны
мне было балюча і сорамна за Волю
я не жадаў ёй у душы нічога лепшага за звальненьне
бо адчуваў што толькі яно яе і ўратуе
на жаль яно прыйшло надта позна

Неўзабаве пасьля гісторыі зь Вікам
яна і сама зразумела што праца яе забівае
«Ты ня ведаеш, куды можна зьехаць у дабрачынную місію?
Дапамагаць людзям? Скажам, у Афганістан?»
пыталася яна ў мяне

Які Афганістан думаў я
табе трэба ўладкоўваць сваё жыцьцё Воля
нарадзіць дзіця пакуль ня позна
а ты хочаш займацца жыцьцямі іншых
быццам ты і так мала імі займаесься

так я нічога ёй і не параіў
хаця знайшоў патрэбныя тэлефоны патрэбных арганізацый

як я мог тады занураны ўва ўласныя творчыя
пачуцьцёвыя (развод) і фінансавыя праблемы
зразумець што ёй патрэбныя не кантакты
а звычайная падтрымка самой ейнай ідэі
што яна шукае ня месца працы ня зьмены дзейнасьці
а сэнсу жыцьця
які з кожным днём непазьбежна страчвала

*

Ейным блізкім сябрам быў Кулінковіч
І яго ўжо няма
Яна званіла яму з Прагі гадзінамі
ейныя рахункі вымяраліся сотнямі даляраў
доўгі час гэта была ейная адзіная шкодная звычка
сыпалі жартамі
я памятаю толькі адзін
як Кулінковіч сьцябаўся з радыйных прагнозаў надвор’я
«Вы что, думаете, что нам здесь и про погоду пиздят?»
цяпер мабыць перазвоньваюцца ў лепшым сьвеце

Гаварылі па-расейску што мяне крышку раздражняла
думаю Воля наўмысна гэта рабіла каб пацьвяліць начальства
пра якое казала «Уяві
у яго ў шуфлядзе
на кожнага з нас ляжыць падрыхтаваны нэкралёг»
Волін нэкралёг начальству не спатрэбіўся
Яе пасьпелі звольніць раней

*

Я нічога ня ведаю пра апошнія гады ейнага жыцьця
ня ведаю ці праводзіла яна ў астатні шлях Юрася
зьехаўшы ў Менск яна нібы зьнікла

Пра ейную сьмерць я даведаўся фактычна выпадкова
ажно праз год
што ў наш час інтэрнэту невытлумачальна

Воля ненашмат перажыла Юрася
і памерла ад той жа хваробы

даведаўшыся што Волі няма
я папросту жахнуўся
і адразу ж адчуў сябе перад ёю вінаватым
і адчуваю да сёньня
таму і пішу гэтыя нататкі
ў спадзяваньні ачысьціць сумленьне
але ў выніку хутчэй прыходжу да ўсьведамленьня
што гэта бессэнсоўна

Воля ёсьць і застанецца часткай маёй сьвядомасьці
як і Юрась
і калі да думкі пра ягоную сьмерць я ўрэшце неяк прывык
то ў ейнай сьмерці ўсё яшчэ сумняюся
прысьніўшы яе я быў вымушаны яе загугліць
каб паверыць што ў сьне яна насамрэч размаўляла са мною
зь іншага а ня з гэтага сьвету

29-31.05. — 1.06.2019

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Волас — медны дрот,
роўна ўкладзены, як у
трансфарматары

Лёс нейкіх папер, пры ўсёй павазе да іх —
зусім ня тое, што мусіць звацца трагедыяй.
Калі лёс рукапісаў успрымаецца як трагедыя —
значыць, яны пісаліся дарма

Так льга нязмушана і спрытна,
бяздумна рыфмаваць далей,
але навошта.

Раней пісаў так, як хацеў бы ўмець перакладаць
паэзію кагосьці іншага: нязмушана, амаль сынхронна
патрэбныя словы самі прыцягваліся неадольным магнітам рыфмы
выстройваліся ў радкі ўдоўж сілавых ліній загадзя дадзенага сэнсу
падрыхтаваныя мускулістыя мэтафары чакалі свайго часу ўступіць у сутычку з рытмікай
усё гэта было чароўна як Glassperlenspiel за шклянкай віна з цыгарэтай