Зь нізкі «Галадары глытаюць уголас» (2019-2020)
*
Пасьля сустрэчы з Дхаммадыпам
я ня мог заснуць уяўляючы сабе
сваё цела як доказ
мільярдаў гадоў неперарыўнай эвалюцыі жыцьця
а сваю сьвядомасьць
як вынік сарака двух гадоў неперарыўнай плыні
імгненьняў часу
11.12.
Праскі магістрат
вялікі й камфортны трансакіянскі авіялайнэр
дзе акурат час абеду
таму некаторых дэпутатаў
на адкрытым для грамадзкасьці паседжаньні
заступаюць яшчэ цёплыя талеркі зь недаедзеным птушыным мясам
каб грамадзяне маглі самі пераканацца
якое добрае ў дэпутатаў траўленьне
12.12.
Выступае дэпутатка
Я папрасіла б вас
не ляжаць у праходах
таму што нам даводзіцца вас пераступаць
гэта добра што сёньня я не ў спадніцы
і тым ня менш я ня бачу падставы
пераступаць нейкіх мужыкоў з раскінутымі нагамі
хаця вы ўсе прыгожыя маладыя людзі
я сама ў вас закахалася б
калі б была крыху маладзейшай
мне ж таксама было дваццаць пяць
і я была прыгожай дзяўчынай
але сёньня давайце ўжо ня будзем ляжаць у праходзе
прашу вас
12.12.
Горад
«Глядзі, які прыгожы горад!»
«Што гэта, горад?»
«Месца, дзе мы жывем».
«А чаму?»
«Складанае пытаньне. Напэўна,
таму, што нам тут падабаецца».
«А чаму?»
«Гм... Таму што горад прыгожы».
Падобна, што цяпер дачушцы ўсё ясна,
у адрозьненьне ад мяне.
12.12.
*
Бязьлюднай шэрай
амаль менскай раніцай
шыбую па вуліцы як завадны салдацік
нібы ноч ня спаўшы галодны
на хату дзе мяне чакаюць браты і сёстры па грамадзкім непадпарадкаваньні
гарбата раскіданыя па падлозе таблеткі і вопратка
і тут мы ставім на кон свае целы
ў спробе павярнуць у лепшы бок рэчаіснасьць
каб падабенства было дасканалым
дарогаю ўрубаю ў навушніках «Всё вертится»
15.12.
*
Стоячы на вуліцы з плякатам
я дэманструю прынцып дзеяньня сонечнай электрастанцыі:
лаўлю кардонам-мухалоўкай пагардлівыя погляды мінакоў
і пераўтвараю іх у нутраное цяпло
нянавісьці
15.12.
*
На пяты дзень галадоўкі вяртаючыся дахаты
збочыў у вуліцу да таго дома
на найвышэйшым паверсе якога мы разам выпівалі
яшчэ гадоў сем-восем таму
сёньня здаецца што ў іншым жыцьці й вымярэньні
Памятаю як потым у тым жа доме
ты імкліва худнеў бо зусім ня мог есьці
і ўжо не адчуваў апэтыту
а неўзабаве зьехаў у Беларусь
назаўжды —
у адзіную магчымую вечную Беларусь такіх як ты праведнікаў і бадхісатваў
тваю Чыстую краіну
16.12.
*
Калі я ўпершыню быў у Галяндыі
з нашым унівэрсытэцкім хорам
то адна дзяўчына з Дэлфту
Лоцці
падаравала мне на дарогу шаль
які была прывезла з Бразыліі
дзе змагалася супраць высячэньня джунгляў
Шаль нечувана мне спадабаўся
але я не разумеў пры чым тут змаганьне
Я быў тады якраз выйшаў з «сутак»
і гераічна думаў
«Ну што гэта за змаганьне, за джунглі —
вось я неўявенны змагар за дэмакратыю, незалежнасьць
і ўсё такое»
Сёньня, праз дваццаць два гады
я сяджу зь сябрамі з Extinction Rebellion
на праскай вуліцы ў Лоцціным бразыльскім шалі
тады як мае былыя сябры
па-ранейшаму лічаць сябе неўявеннымі змагарамі
17.12.
*
Традыцыйны для Раства дождж
адчыненыя рэстарацыі й хостэлы зачыненыя касьцёлы
зайсьці на рынак рабоў у госьці
да авечкі восьліка казы й поні
клясычны цацачна-супавы набор у падарунак дзецям і вернікам
дранікі на калядным стале па радыё інтэрвію Молатава з Рыбэнтропам
думкі пра ўсіх тых каго любіш і што чым больш любіш
тым больш у табе любові як малака ў грудзях маці
25.12.
*
І. і Г.
У гэтыя праваслаўныя дні
Прага ня менш рускамоўная за Менск ці Берасьце
таму нашая беларуская
гучыць тут надзвычай арганічна
Як збыткавая раскоша
факультатыўная опцыя
патрэбная толькі дзівакам
Вы прывезьлі мне сумову
каб я меў па кім сумаваць
Мне няма чым вам аддзячыць
апроч успамінаў
Кафка ніяк ня можа сабраць галаваломку сваёй галавы
Мы заходзім у тыл ворагу
аўтобуснаму вакзалу
нібы з мэтай засьпець яго адсутнасьць
знайсьці замест яго цыдулку
«Ўсе аўтобусы на Ўсход адмянілі»
На зваротным шляху я разумею
што пачалася вясна
і што пусты лябірынт начнога гораду —
увасабленьне сувязі ўсяго з усім
самамэтнай складанасьці
чыстай красы геамэтрыі
У чорны паліраваны стол ракі
ўтыркнутая белая сурвэтка
лебедзя
6.01.
*
Я
даўгавая яма
цёзка бога сьмерці
(дз)ярмо
Я — рыла рэальнасьці:
вызваліць людзей ад цябе
мог толькі прынц каралеўскай крыві
ці то з роду Шак’яў
ці то цар юдэйскі
11.01.
Пэтру К., з нагоды супольнай публікацыі ў «Твары»
Усё што вырасла на твары
замесьці хуценька ў нос
далей ад граху
і выйсьці з гразі ў людзі
Націснуць кнопку й чакаць
пакуль нехта на другім баку вуліцы
зірне ў вочка сьветлафору
на сэкунду прыадчыніць дзьверы
і зноў імі бразьне
маўляў, ня трэба мне вашых
учорашніх газэт
13.01.
*
Імгла адмовілася ад кардонных гістарычных дэкарацый
і ператварыла цэнтар горада ў звычайную вёску
так спакайней
калі Невядомае пачынаецца ўжо ў суседняй вуліцы
як у кнігах Міхала Айваза
пятнічны вечар
на вулках нікога
усе пільна занятыя баўленьнем часу
можна здымаць фільм пра Лондан дзевятнаццатага стагодзьдзя
магу згуляць галоўную ролю Джэка Т.
магу эпізадычную прастытуткі
з брамы японскага культурнага цэнтра
выходзіць вахтор зь вядром нейкай парыстай вадкасьці
й вылівае яе на праежджую частку
17.01.
*
Прыгадваючы сваю маладосьць
я не магу ня бачыць
што мая цяга да нелегальных рэчываў
была абумоўленая перадусім абсалютна скоцкімі паводзінамі
большасьці вакольных дзяўчат
закахацца ў якіх было проста немагчыма
а таксама абсалютнай пагардай меншасьці
закахацца ў якую было магчыма
але папросту ня мела сэнсу
Зь векам і пераездам у іншую краіну
большасьць вакол мяне зрабілася яшчэ большай
а меншасьць яшчэ меншай
таму калі я чую што найлепшы сродак
ад крызісу сярэдняга ўзросту гэта маўляў закахацца
я тут жа пачынаю сумаваць
па нелегальных рэчывах сваёй маладосьці
20.01.
Шпацыр
Ёзэфу Хухму
Дарогай на поўдзень
у звыклым ужо кірунку духоўнага подзьвігу
удоўж ракі цераз горы
міма птушак рассыпаных на набярэжнай
як на падлозе дачушчыны цацкі
міма шахматных скульптур
на фасадзе Падольскай Вадарні
пешак расстаўленых на гзымсе ў дэбютным парадку
перад скокам у Невядомае
пераадольваючы боязь
забыўшыся
што ўсё будзе зусім іначай чым сабе ўяўляеш
нават сам гаспадар будзе не падобны да сваёй выявы
ў скрутку схаваным між цаглін памяці
і што прынцып ўэ-ўэй каторы раз бездакорна спрацуе
Дарогай назад
наведаеш могілкі
выставу смартфонаў каменнага веку
у антыкварнай краме
падслухаеш Грабалаву паэму
ў выкананьні старой бабулькі
якая прадала сябе ў лямбард пад выглядам грамафону
выпадкова сустрэнеш яшчэ аднаго паэта
які рушыць да псыхааналітыка
той параіў яму пагаліць бараду й палысець
каб яго не пазнавалі на вуліцы
урэшце зойдзеш выпіць чаю і тут да цябе дойдзе
сапраўдны сэнс шпацыра: ён быў у тым
што ты дарогаю ў абодвух кірунках туды і назад
прылашчыў сабаку
такая сабе ўнутраная рыфма
20.01.
Всё
музыку Александра, а не брехню Тараса
когда не требует поэта
поэзия должна быть глуповата
читал, охотно опулея:
тиха украинская ночь
спокойна Маша
я Дубровский
сижу за решёткой в темнице сырой
люблю тебя Петра творенье
жив и я привет тебе привет
я помню чудное мгновенье
я памятник себе воздвиг нерукотворный
к нему не зарастёт наш скорбный труд
славянские ручьи сольются в русском море
мимо острова Буяна в царство славного Салтана
тятя тятя наши сети притащили мертвеца
там русский дух там Русью пахнет
с ними дядька Черномор
королевич Елисей
в чешуе как жар горя
денди лондонских газет
ох тяжела ты шапка-мономаха
мой дядя самых честных правил
он был аморе твой певец
он был певец
певец о море
бессмысленный и беспощадный
ура мы ломим гнутся шведы
напрасно ждал Наполеон
нет правды на земле
чего тебе надобно старче
скушай яблочко мой свет
я вас любил любовь ещё быть может
...
а Цицерона не читал
21.01.
Усё
ой чаму ж я стаў паэтам
у мясьцечку Церасьцечку
дай бог арла варонай не назваць
з гэтай пары я пачаў углядацца
няма таго што раньш было
і жыў лясун у тым бары
Скарына доктар лекарскіх навук
жывеш ня вечна чалавек
чуеш гул
старадаўняй крывіцкай пагоні
вось вобраз твой забыты краю родны
супраць цячэньня вады можа толькі жывое паплыць
дзераўлянае яечка
і толькі надпіс Вераніка
у Максіма на кашулі
ёсьць на сьвеце такія бадзягі
няма толькі аднаго страцімава
я не самотны я кнігу маю
я ды чорны кажан што шнуруе ля вежы
я бальны бескрыдлаты паэт
ты цёмны сьляпы быццам крот
у бубны дахаў вецер б’е
і тчэ забыўшыся рука:
віншую ад душы панове
што пекна сьпяваюць і жабы
паміж пяскоў Егіпецкай зямлі
у месьце Ваўкавыску
ўсплывае грамада сіфанафора
толькі хто яе пачуе
быць можа пуціна жыцьця
калі мы ўсе разам ляцім да зор
21.01.
*
Дачушка сваймі абстрактнымі малюнкамі
на раздрукоўках маіх старых вершаў
ратуе іх ад забыцьця
25.01.
Найзабаўныя моманты з гісторыі НХЛ
пабіць шкло або адзін аднаму храпу
кінуць на лёд мёртвага васьмінога
можна жывую курыцу
ёбнуць кажана клюшкай
прасьпяваць пару дзяржаўных гімнаў
разам з клоўнамі ўва ўніформе
пакрычаць «Едзь, бля, едзь»
рэфрэн які ўжо сто гадоў з вамі
дзякуючы гордым спонсарам
уваход усяго сто даляраў
перад гэтым
зжэрці паднос грыляваных трупаў
выпіць сто бляшанак піва
усё ў імя шчасьлівага й бясконцага дзяцінства
калі каму не хапае
нашая фірма ахвотна пазычыць
сьпярша нават без працэнтаў
пакуль кошты нафты й кітайскія крэдыторы
яшчэ дазваляюць
(у сьне я напісаў гэты верш
па-ангельску)
26.01.
*
Галэшовіцэ ў нядзелю пасьля абеду
час чалавечай свабоды
ўмоўнага вызваленьня
поўныя кавярні буржуазіі
маладыя мужчыны з каляскамі танчаць
у чорны кадылак загружаюць труну дзяўчына плача
ніхто апроч яе не праводзіць нябожчыка
...
насустрач трапляюцца людзі
з самымі рознымі канфігурацыямі няшчасьця ў тварах
расшыфроўваю іх у думках нібыта раўнаньні
і твары тут жа праясьняюцца
зьнікаюць магнітныя палі мускульнага напружаньня
распадаюцца сілавыя рыскі маршчын
утвораныя дробным мэталічным пілавіньнем
нібы ў сапраўдных жалезных лэдзі
...
супэрмаркет Страмоўка падміргвае з-за рогу
як знаёмы раённы хуліган:
мы пратэставалі там у дзень яго афіцыйнага адкрыцьця
і цяпер ён выглядае амаль як родны
...
па дарозе дамоў сустракаю маладую пару бяздомных
27.01.
*
Часам уначы
мая жонка й мая дачушка
здаюцца мне адной адзінай істотай
і я ведаю хто гэтая істота
я
27.01.
*
Я чую ў навушніках гук
пераключальніка электрычнай гітары з «квакушкай»
і мне зноў чатырнаццаць
я стаю пасярод нашай школьнай каморкі для рэпэтыцый
чую вібрацыю басухі ў вялізным дынаміку
кранаю рукой тумблеры сынтэзатара
жалезныя абводы бубнаў
і ўсё тое з чаго робіцца сапраўдная музыка
бачу плякаты галівудзкіх блакбастэраў на сьценах
сёньня ўвечары на рэпэтыцыю прыйшоў я адзін
27.01.
*
Афіцыйна пацьверджана: вясна
пачынаецца цяпер першага лютага
суботнія вуліцы выглядаюць так
як мусяць выглядаць штодзённа
маладзік скрозь аблокі глядзіцца
расплывіста нібы пад лёдам
дактары й гараскопы рэкамэндуюць
зьбіраць заплечнік у Мюнхен
1.-3.02.
*
У сраку «з Гінзбэргамі разам»
слаў Маялес.
Казаў, ня лезу ў дупу масам,
пры гэтым — лез.
Адно цяпер сказаць магу я,
што супраць мас.
Пісаць для іх — якога хуя?
А Гінзбэрг — клас.
5.02.
*
На кампутарнай сымуляцыі
будучая раскошная рэзыдэнцыя ў вуліцы Эрбэна
выглядае як стол ці камод
зь якога ў сьпеху павысоўвалі ўсе шуфляды
Відавочна што злодзеі сьпяшаліся
напхаць кішэні каштоўнасьцямі
і ўцячы
8.02.
*
Ядвісі
Назіраю, як у дзіцячай галоўцы
памалу асвойтваецца чарвячок мовы
шукае арыгінальныя хады
абжывае свой сьвет
пачынае сябе адчуваць як дома
пройдзе шмат часу
пакуль галоўка зь ім звыкнецца
настолькі што пачне прымаць ягоны голас
за ўласны
але ж і праўда
ёсьць у ім штосьці боскае
бо толькі гэты падхоплены ад бацькоў
цудадзейны паразіт мовы
і адрозьнівае нас ад астатніх жывых істотаў
і толькі ў сымбіёзе зь ім маленькі прымат віду гомо
здольны памалу — вельмі памалу — стаць чалавекам
14.02.
ЛСД
Людзям са Сьмяротным Дыягназам
часам прапісваюць псыхадэлікі
Нашай невылечна хворай сучаснасьці
можна прапісаць ужо толькі шасьцідзясятыя
25.02.
*
Экскаватары
падводзяць вугольчыкам
пустыя вочы
кар’ераў, сіратліва
тузаюць грудзі маці
25.02.
Зь нізкі «Каханьне ў часы каронавірусу» (2020)
*
Зімовы нядзельны вечар у Галэшовіцах
пад покрывам лякальнага міні-блэкаўту на набярэжнай
(уявіце што вам зьвяло палец сутаргай)
цьвярозыя бамжы з усяго гораду
выстойваюць доўгую чаргу на начлежны карабель з назовам «Гермэс»
не арганаўты, а гермэнэўты
з цэляфанавымі торбамі
вядуць нягучныя самавітыя амаль дзелавыя размовы
за жыцьцё
абменьваюцца найноўшай інфармацыяй
з вобласьці дампстэр-дайвінгу
чаго толькі ад іх не пачуеш
за выняткам хіба слова «каронавірус»
балазе ў іх іншыя сапраўдныя чалавечыя праблемы
урэшце асьцярожна, дзьверы зачыняюцца
і баржа зь бяздомнымі філёзафамі
адплывае ў далёкае царства начы
застаючыся на месцы
2.03.
*
Дз. П.
Кажуць рэспіратарныя маскі ўжо раскупілі
Старыя ў барах голасна абураюцца тым што іх фактычна ўжо пахавалі
і з асабліва зламыснай бравадай дэманструюць вакольным прыкметы жыцьця
некаторыя нават адмаўляюць само існаваньне каронавірусу
адчуваньне пандэміі гэта крыху як адчуваньне перамогі нацыстаў
пры ўмове што вы гэбрай гомасэксуал ці камуніст
ці ўсё гэта разам
тым часам мой сябар у Стакгольме паўгода ўжо ў каранціне
але ягонае гора настолькі глыбокае што ня мае навуковае назвы
12.03.
*
Вясна і пандэмія
цяпер сынонімы
За вокнамі
ўсхадзілася сонца
за сьценкай
лямантуе моладзь
замкнёная ў каранціне
рубіцца ў кампутарныя гульні
Сёньня пятніца трынаццатага
паводле гараскопу
прыязны дзень для абмену бацыламі
было б з кім
13.03.
*
Маўляў, нашае знаёмства сэкунднае
а як тады наконт мінулай рэінкарнацыі?
ты забылася, як сядзела на беразе рэчкі
і прамывала рыс набірала ў імбрык ваду для чаю?
у твары ты зусім не зьмянілася з таго часу
я застаўся тады дома спаслаўшыся на тое
што хацеў бы спакойна зрабіць сабе харакіры
а сам цішком назіраў за табой з-за папяровай шырмы
і пісаў табе ў думках паскудныя сэнтымэнтальныя хокку
бо быў непісьменны як усе сапраўдныя самураі
але гэта на жаль толькі фальшывая згадка
насамрэч у папярэднім жыцьці мы былі нямымі
хутчэй за ўсё аленем і аленіхай або дзьвюма рыбамі
таму й цяпер разумеем адно аднаго бяз словаў
14.03.
*
Я хацеў каб мы вярнуліся ў шасьцідзясятыя
пакуль што вярнуліся толькі ў дзевяностыя
ў дыктатуру каронавірусу
З каранцінам Эўропа перайшла на лад жыцьця
які я вяду ўжо досыць даўно
але цяпер гэта мяне чамусьці ня цешыць
я не хачу мець з Эўропай нічога супольнага
пагатоў нечага настолькі інтымнага як інфэкцыя
але здаю сабе справу што мы з Эўропай
яе аднолькава заслужылі
16.03.
*
Дзякуючы каронавірусу
мы ўсе сапатысты
маска навушнікі акуляры
магчыма варта падумаць пра адмысловы шлем
як у амэрыканцаў у Іраку
на поўную ўрубіць System of a Down
Горад нагадвае начны Руген
пасьля адплыцьця апошняга парому
Дык вось значыць аказваецца
можна жыць без піўка ў барах
без забітых машынамі вуліц
без ажыятажу ў крамах
На халеру вам тая свабода
калі ня ведаеце куды яе ўсунуць
Брытанскі япі
баючыся за сваё жыцьцё да ўсёру
гістэрычна крычыць на п’янага азіята
што перабег яму дарогу да касы
ў пустой краме
Where is your mask?
Where is your mask?
Заўжды зайздросьціў тым
хто дажылі да зьдзяйсьненьня сваёй мары
Ужо не зайздрошчу
Сямёрка на лбе ў пустога трамвая
ператвараецца ў пытальнік
наконт сэнсу яго існаваньня
17.03.
Раўнапраўе
Пішу на кампутары верш
жонка насупраць на швейнай машынцы
шые рэспіратарную маску
17.03.
*
Прыйшоў з вуліцы
кінуўся да кампутара цюкаць верш
забыў памыць рукі
17.03.
*
Каранцін вызваліў нас ад усіх абавязкаў
і даў нам столькі часу колькі нам трэба
выключна пад каханьне —
шчодры грант
пад цалкам бязмэтны праект асуджаны на няўдачу
18.03.
*
Пандэмія, вялікая зьнішчальніца ілюзій —
ілюзіі рэвалюцыі
(навошта яна ў часе катастрофы?)
каханьня
(гэтая самая простая)
індывідуальнасьці
(калі ўсё чалавецтва разам
атрымала па мордзе й згубіла твар —
ну якая ўжо розьніца,
хто там пад маскай?)
і нават антрапацэну —
плянэта так лёгка вылюднела!
Надышоў час усеагульнага retreat’у, адасабленьня,
ад-людненасьці, ад-чалавечваньня.
І галоўнае — якая цішыня!
Усе ўрэшце сьціхлі!
Нібыта і праўда паразумнелі!
Настала штосьці накшталт
усеагульнага саторы
зьнік страх з будучыні
(якая нахер будучыня?)
і падарожжаў
(якія нахер падарожжы?)
праясьніліся пэрспэктывы
і нават пад адной на ўсіх коўдрай
стала лягчэй дыхаць —
прынамсі я ўзьняўшыся на гару
пачытаць і папісаць паэзію
выдыхаю ўголас не ад намогі
а ад палёгкі
Паўмесяц толькі ўсьміхаецца
скрозь свой вечны рэсьпіратар
19.03.
*
Павязка адмяняе акуляры
яны ўсё адно пацеюць
і места ў іх і бязь іх выглядае аднолькава
расплывіста
лепш бадзяцца ўсьляпую
У школе нас вучылі што неяк так дзейнічае
вадародная бомба
на вуліцах хіба толькі наркоты
вар’яты
узломшчыкі машын
турысты й турысткі ў пошуках халяўнага сэксу
прыбіральшчыкі
і дысідэнты
раней яны шукалі філязофскі камень
цяпер займаюцца джогінгам
Многім з нас будзе не ставаць каранціну
прынамсі таму
што ён падараваў нам
паўночную белую ноч
сярод белага дня
21.-22.03.
*
Я даўно ня быў у Карэлічах
таму лёс не дачакаўшыся майго вяртаньня
сам зрабіў мне падарунак
і стварыў мне на некалькі тыдняў Карэлічы з Прагі
Я яму ўдзячны
спадзяюся што наступнымі будуць
Вэнэцыя Бўэнас-Айрэс Кіёто
Лхаса і Бэнарэс
Карэлічы могуць быць паўсюль
23.-25.03.
На Ветрніку
Л. М.
Трэба было зноў закахацца
каб упершыню за дваццаць гадоў
пераадолеўшы страх
урэшце-такі завітаць у мясьціны дзе мы пазнаёміліся
і некалькі гадоў жылі разам
цікава было назіраць
як вызвалены ад аброці конь падсьвядомасьці
пад тую самую музыку ў навушніках
усьляпую нясе мяне па тых самых сьцежках
ні разу не памыліўшыся
быццам зараз можна апусьціць руку ў кішэню
і намацаць там ключ ад нашага пакою
быццам я толькі выйшаў на паўгадзінкі як звычайна затарыцца ў «Біллу»
цераз Бржэўнаўскі сад міма бэнзакалонкі і інтэрнату «Гвезда»
а вярнуўся праз дваццаць гадоў
у нейкую дзіўную паралельную рэчаіснасьць
што невядома адкуль там узялася
Жыцьцё нагадвае інкскае кіпу
на кароткай дужа кароткай асноўнай так званай чырвонай нітцы
правісаюць даўжэзныя вязанкі ўспамінаў
дзе ўсё ўлічана да апошняга ймгненьня
23.03.
*
How thoughtful of you!
Ты зноў выйшла замуж зьмяніла прозьвішча але захавала
тыя самыя ініцыялы
каб я мог па-ранейшаму прысьвячаць свае вершы
нібыта ўсё той жа дзяўчыне
23.03.
*
...а як апошнюю ўмоўнасьць
скасавалі дні тыдня
Пара якая для адных ёсьць перадышкай
анамаліяй
для іншых — кульмінацыя існаваньня
На рацэ спыніўся рух галераў
гандаль чужаземнымі рабамі
прыкаванымі вачыма да краявідаў
бязьдзетная выспа сумуе
як іржавы авіяносец
пасьля атакі невідочнага
боскага ветру
27.03.