Кот Базыль

сучасная беларуская проза, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Базыль жыве ў хаце, што месціцца ў канцы вясковай вуліцы, і кожнай раніцы ходзіць лавіць мышэй на Дабранскую гару. Насамрэч гэта ніякая не гара, а парослы пустазеллем пагорак са старой ліпай на вершаку. Летам на пагорку стагуюць сена, таму там і развялося шмат палёвак.

Апоўдні, змарыўшыся, кот узбіраецца на ліпу і ўважліва глядзіць на далягляд. Там, на даляглядзе, — вясковая дарога, густы алешнік і высокае бясхмарнае неба. Кот заплюшчвае вочы і адразу ж занурваецца ў чуйны каціны сон. Базылю сніцца гаспадыня, якая доіць у прыцемку хлява карову Зорку, і слых Базылю поўніць звон малака ў даёнцы. Калі ж ён ізноў расплюшчвае жоўтыя зекры, дык заўважае аблачынку пылу на даляглядзе. Гэта гоняць статак з пашы. Кот збягае па стаўбуры на зямлю і спехам, узняўшы хвост дудою, шыбуе дахаты.

Каля хаты яго сустракае шчанюк па мянушцы Гультай. Увесну гаспадыня прынесла яго з суседняй вёскі, і цяпер ён дзень пры дні гойсае па двары, змагаецца са скочкамі, перабіраючы зубамі поўсць, ды брэша на суседскага ката. Шчанюк прыязна віхляе хвастом, ды кату не да яго. Базыль прагне пакаштаваць сырадою. Між тым Зорка стаіць ля весніц і йсці ў хлеў не хоча. Рыкае, аддзьмухваецца, матляе гламаздаватай галавой. Чакае гаспадыню, якая павінна даць ёй хлебную скарынку. Нарэшце, цяжка дыхаючы, карова ідзе да вядра з вадой, доўга п’е, і Базыль, чакаючы пачастунку, натхнёна драпае збуцвелы, збіты каровінымі капытамі парог хлява.

І вось цыркае малако у даёнцы, і Базыль з Гультаём, сеўшы ля парогу, закаханымі вачыма ўглядаюцца ў прыцемак хлява.

— Стой ты! — выдыхае гаспадыня. Базыль прыгінаецца, зводзіць назад вушы, а зразумеўшы, што гаспадыня сярдуе не на яго, а на карову, выпростваецца і пераступае з лапкі на лапку.

У паветры п’янка пахне малаком. Гаспадыня, з даёнкай у руцэ, выходзіць з хлява, і Базыль з вяканнем кідаецца ёй пад ногі.

— Ды пачакай ты! — незадаволена кажа гаспадыня, цяпер ужо кату, і пляскае малака ў чаропку.

Базылю б пачакаць, калі пасудзіна напоўніцца пеністай смакошай, але чакаць не выпадае. Ён торкаецца пад струмень, і малако ліецца на голаў. Кот лыкае смакошу на паўсагнутых лапах, трасучы вушамі, і, толькі выжлукціўшы палову чаропкі, прысядае, абхапіўшы хвастом правы бок.

Непадалёк гучна хлебча сырадой Гультай. Базыль ужо агораў сваю порцыю, а цюлік усё яшчэ б’е языком, і кот раўніва думае: ці не налівае гаспадыня Гультаю больш, чым яму?

Даўшы рады малаку, кот са шчанюком, пазіраючы адно на другога, аблізваюцца. Гэта ў іх своеасаблівае спаборніцтва: хто смачней аблізнецца. Але куды там Гультаю супраць Базыля. У шчанюка адно кончык языка вытыркаецца, а ў ката язык аж да прыплюшчанага вока дастае. Урэшце Гультай пачынае лавіць мух ротам, а Базыль па-ранейшаму аблізваецца, дэманструючы, што віславухі дуронік яму ў гэтай справе не раўня.

Пасля абеду Базыль любіць памыць пысу ды паляжаць у цяньку. Вось і цяпер ладкуецца пад хатай і ад душы, выпрастаўшы лапы, пацягваецца.

Базыля адразу ж агортвае сон, як заўсёды неглыбокі і чуйны. Таму і вушы Базылёвы злёгку варушацца, слухаючы — ці не ціўкне дзе ўвішны верабей і ці не заскрабуць між паленаў мышы. Нечакана Гультай заліваецца вісклівым брэхам, і Базыль спрасонку джгае на касцёр бярозавых дроў.

Па агароджы, ступаючы лапамі па вострых штыкецінах, ідзе суседскі кот Марцін. Базыль з ім часцяком б’ецца: на мінулым тыдні раздзёр суседу правае вуха. Марцін шчанюка, вядома, не баіцца, аднак на ўсялякі выпадак скача з агароджы і хаваецца ў лапушыстай капусце. Базыль таксама скача на зямлю і задаволена пазяхае. Можна было б паляжаць у цяньку, ды тут з хаты выходзіць гаспадар — саракагадовы мужчына з віслымі вусамі і чырвоным ад загару плехам. Прыпаліўшы цыгарку, ён выцягвае з-пад страхі вуду, і кот, адчуўшы на канцы шурпатага языка смак свежай рыбы, бяжыць да весніц і заклапочана трэцца вусамі аб шулу. Апрача ката, каровы і шчанюка ў гаспадара ёсць яшчэ певень і тузін курэй. Пеўня клічуць Петраком, і ён таксама стаіць каля весніц, незадаволена трасучы віслым грэбнем і злёгку надзьмуўшыся. Петрака гаспадар на рыбалку ніколі не бярэ, вось пяюн і надзьмуў грудзіну.

Праз хвіліну Базыль ужо бяжыць, раз-пораз азіраючыся, па вясковай вуліцы, у канцы якой шамаціць аерам і млява плёскае хваляй вялікае возера. Кот упадабаў бегаць на рыбалку не проста так. Гаспадар, калі чапляецца невялічкая рыбка, кідае яе свайму гадаванцу. А рыбу Базыль любіць нават больш за сырадой.

Ступіўшы на прыбярэжны пясок, кот з нецярплівасцю круціць хвастом, але гаспадар закідваць вуду не спяшаецца: доўга, адным пальцам, поркаецца ў бляшанцы, шукаючы прыдатнага чарвяка. Урэшце чарвяк з кароткім ціўканнем пляскае ў возера, і вочы каціныя апаноўвае плавок, які калышацца на неспакойнай вадзе. Зроблены ён з віннага корка і працяты даўгім пяром, якое згубіў на двары Пятрок.

Кот неадрыўна, наструненымі вачыма, зыркае на пяро. Чакае, калі яно тузанецца. Але пяро не варушыцца: толькі раз крутнулася, калі яго зачапіла вадамерка.

Гаспадар таксама пільна глядзіць на ваду. Хоча, каб на кручок патрапіла вялікая рыбіна. А Базыль наадварот — чакае маленькага печкура. Бо толькі імі гаспадар і частуе свайго ўлюбёнца. Буйную ж рыбу — платвіц ды акунёў — шпурляе ў поліэтыленавай вядро, якое прыхапіў з дому.

Нечакана пяро тузанулася, і Базыль баднуў рыбака ў бок. Маўляў, цягні хутчэй. Рыбак, аднак, не варушыцца. «Нейкая драбната ўзялася», — мармыча, чухае скронь, і толькі тады тузае вудзільна.

На лёсцы матляецца малюпасенькі пячкур, і Базыль з адчаем у голасе мяўкае.
— Ну на табе ўжо, на...

Базыль есць рыбку з прагавітым адчаем, завярнуўшы галаву, ды так, што тая глядзіць у неба, і адначасова, адным вокам, паглядае на плавок, які паспеў ужо плюхнуцца ў ваду. А раптам яшчэ адзін пячкур торкне? Праглынуўшы смакоцце, кот аблізвае вусы і зноўку таропіць вочы на плавок. Новыя печкуры, аднак, не бяруцца, і Базыль, змучыўшыся іх чакаць, вырашае памыць, як гэта робяць каты, пысу, але так і застывае з узнятай лапай. Плавок рэзка ідзе пад ваду, і ў паветры бліскае луской вялікая плотка.

— Грамаў на дзвесце пацягне, — прамаўляе гаспадар, узважваючы рыбіну на далоні.

Праз пару хвілін узялася яшчэ адна плотка, праўда, меншая па памерах, а неўзабаве на лёсцы затрымцеў, злавесна натапырыўшы калючкі, зеленаваты джгір. Зняўшы яго з кручка, гаспадар хвілю маракуе, куды яго кідаць — у вядро ці кату, — і кідае ў вядро.

— Удавішся якой калючкай, — чуе Базыль і глытае сліну. Мінулым разам ён з’еў такога ж калючага джгіра і не падавіўся.

У вядры, напалову напоўненым вадой, плёскае рыба. Кот асцярожна ідзе да вядра, становіцца на яго пярэднімі лапамі, і гаспадар, павярнуўшы галаву, пагрозліва ківае пальцам.

— Толькі паглядзець хацеў, — збіраўся сказаць Базыль на сваёй кацінай мове, ды тут над вадой мільгае штосьці цёмнае і гучна плюхаецца ў возера. Кот з перапуду сігае пад бліжэйшы куст.

— Такі падлешчык сарваўся! — голас гаспадара пакрыўджана дрыжыць.

Базыль вылазіць з-пад куста і, каб супакоіць рыбака, трэцца вусамі аб ягоную спіну.

— Суніміся... не да цябе, — рыбак рашуча адпіхвае гадаванца.

Пакрыўдзіўшыся, кот точыць кіпцюры аб стаўбур пахілай вярбы, ды тут у траву ляціць пячкурык, і Базыль, забыўшыся на крыўды, падхоплівае рыбку на зуб.

З рыбалкі вяртаюцца адвячоркам. Пятрок, як заўсёды, чакае іх каля весніц і радасна гарлае на ўсю вёску.

Гаспадар не паспявае прачыніць дзверы, як кот імклівым ценем праслізгвае між ягоных ног. Такою парою Базыль не надта любіць сядзець у хаце, але тут брындаць па двары не выпадае: гаспадыня зараз будзе чысціць рыбу і кіне яму рыбнае ашмоцце.

— Ну, ці шмат налавіў? — пытаецца гаспадыня.
— Крыху ёсць, — адказвае гаспадар, паставіўшы на стол вядзерца з рыбай, — юшка атрымаецца, і на смажонку хопіць.
— А на падлогу вядро нельга паставіць? Абавязкова трэба на стол усперці, — гаспадыня, мяркуючы па голасу, не ў гуморы.
— Базыль пад нагамі круціцца, у вядро палезе.
— А навошта ты яго ў хату пусціў? — наракае гаспадыня.

Кот бяжыць у святліцу і праз дзвярную пройму зазірае ў кухню.

Учора вусаты свавольнік убіўся ў місу са смятанай — вось гаспадыня з таго часу і незадаволеная. Потым тую смятану шчанюку аддалі. Аблізваўся не горай за ката. А Базыль тым часам пад ганкам хаваўся. Летам ён там наогул начуе, балазе, гаспадар зрабіў яму ляжанку са старой ватоўкі.

Тым часам гаспадыня з гучным шоргатам, прыбіраючы цэўкай рукі валасы з лабаціны, чысціць рыбу. З-пад нажа разлятаецца срэбная луска, і адна лусачка прыліпае да Базылёвага носа. Кот крадком падыходзіць да гаспадыні, чапляецца кіпцюрамі за край стала.

— Прэч адсюль! — кажа гаспадыня і, выцягнуўшы з платвіцы пухір, кідае на падлогу.

Пухір покае на зубах, і Базыль чарговым разам пераконваецца, што рыба — самае смачнае едзіва ў свеце.

... Базыль цэлую гадзіну сядзеў каля печы ды чакаў, калі сасмажыцца рыба. Яму звычайна даставаліся храбусткія галовы. Але надарылася нечаканае. Гаспадыня сабрала недаедкі ў газеціну, панесла на двор, і хаця Базыль з немым вяканнем кідаўся ёй пад ногі, высыпала іх у сабачую чаропку.

Гультай захрабусцеў смажанымі галовамі. Кот паспрабаваў да яго наблізіцца, і шчанюк стоена гыркнуў.

«Рыбу мы з гаспадаром лавілі, а Гультай умінае. Ды так, што аж вушы трасуцца», — падумаў Базыль, паглядаючы на шчанюка і, узняўшы хвост, па старой завядзёнцы пачаў тачыць кіпцюры на падгнілых, зялёных на доле штыкецінах.

Наплыў лёгкі змрок, падзьмула халадком, і з-за Дабранскай гары выплыла вялізная поўня. Гультай, убачыўшы поўню, здушана, з падвываннем дзяўкнуў. Кудлаты дуронік, падобна, нават не ведае, што такое поўня, маракуючы, што ўдзень яна хаваецца за Дабранскай гарой, і толькі ўвечары выбіраецца са свайго сховішча. Між тым Базыль кожнага дня завітвае на гару і ведае: там пачынаецца роўнае поле, дзе пасвяць каровы, і поўні там няма дзе схавацца.

Базыль скача на касцёр бярозавых дроў, які падпірае хату, а потым на пакрыты збуцвелай дранкай дах. Хуценька ўзбіраецца на вільчак і адтуль, з верхавіны, паглядае на поўню. Яна сёння як ніколі вялікая і чырванаватая з водцені. У хляве з шумам адчмыхваецца, а потым рыкае Зорка; абуджаны Пятрок клякоча на седале; трывожна, падскакваючы адразу на чатырох лапах, брэша Гультай. Маўляў, злазь, а то звалішся. Базыль, аднак, у ягоны бок нават не глядзіць. Сядзіць, наструнены, нібы чакаючы чагосьці, а калі жоўты дыск поўні перасякае імклівы цень, прыціскае галаву і заводзіць назад трапяткія вушы. У небе з’явіліся першыя кажаны. У Базыля ёсць мара: злапаць хоць бы аднаго з іх. Кату здаецца, што гэта мышы, але з крыламі. Яны і пішчаць як мышы. Ды як зловіш. Кажаны імклівыя, як маланка. І калі пралятаюць перад кацінай пысай, Базыль нават не паспявае ўзняць лапу.

На поўню наплывае начная хмара і робіцца зусім цёмна. Толькі кусты парэчак, якія растуць пад вакном, яшчэ свецяцца: гэта гаспадары глядзяць тэлевізар. Пазяхнуўшы, Базыль спускаецца долу. Каля ганку стаіць прыхінутая да сцяны вуда. Кот мацае яе лапай. «Ці пойдзем заўтра на рыбу?» — думае Базыль. На жаль, гаспадар ходзіць на рыбалку раз на тыдзень, у нядзелю, дый тое калі добрае надвор’е. «Мог бы я ўпраўляцца з вудай, хадзіў бы на возера кожны дзень», — з гэтаю думкаю Базыль лезе пад ганак, і шчанюк кароткім дзяўканнем жадае яму добрай ночы.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

— Ваня, — паўтарыла Ніна Захараўна тым насцярожлівым голасам, якім будзяць спячых.
Сэрца боўтнулася ў грудзіне, балюча сцялася, і слых напоўніўся густым і аднастайным звонам.

Афрыканец пазяхнуў, шырока разявіўшы дзюбу, і прыслухаўся. Сініцы, што жылі паблізу, не ціўкалі. Паляцелі ласавацца салам. Афрыканец спехам вылез з дупла.

— На марозе, ды з ветрыкам, заснеш толькі так, — Лёшка Лайзан бярэ першую бітку. — Летась на Вынгапуры рэлейную вышку ставілі. Ну выпілі, вядома, каб сувязь добрай была. Мароз таксама за сорак. Выйшаў я папаліць, і тут жа, стоячы, заснуў. Чую, ляпае хтосьці па твары. Спрабую павекі раздзерці, а яны не раздзіраюцца. І галава як здзервянела.

Яна павярнулася спінай да дожджыку і стаяла так, заплюшчыўшы вочы і трымаючы на далонях грудзі — нібыта прапаноўваючы іх свайму адбітку ў люстры, што вісела на сцяне.