Кватэра № 0 (заканчэнне)

сучасная беларуская проза, аўтабіяграфічная, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Частка трэцяя. Лядоўня ў кватэры № 0

Белая лядоўня літоўскай фірмы «Снайге».

Некалі, пад настрой, на ёй змясцілі пераводныя малюнкі — матылі, жукі, стрылаткі. З часам выявы інсектаў абляцелі — фрагментамі. Асабліва пацярпелі стрылаткі — іх тонкія лапкі ды тулавы амаль знікілі, засталіся пункцірныя кропкі на белай паверхні.

З 1985 года лядоўня стаяла ў кватэры, дзе дзяўчына жыла разам з сяброўкай. Сяброўка выйшла замуж. Дзяўчына выехала, а пасля даведалася, што лядоўню муж сяброўкі прадае. Купіла лядоўню з напаўсцёртымі матылямі, стрылаткамі ды жукамі. Купіла, бо не хацела, каб лядоўня, якая рытмічна гула па начах, перайшла ў чужыя рукі.

Дзяўчыне даводзілася спаць на кухні побач з лядоўняй, ёй падабаўся гул і гук, з якой лядоўня марозіла, уключалася і выключалася. Гук лядоўні супакойваў. Дзяўчына забрала лядоўню з сабой у новае жыццё. Як тое, што суцяшае.

Лядоўню перавозіў кіроўца з прозвішчам Бабло — не з мянушкай, а па пашпарце. Бабло дапамог не толькі перавезці, але і выгрузіць і зацягнуць лядоўню на першы паверх.

— Толькі не кажыце нікому, дзе я цяпер жыву, — папрасіла дзяўчына.
— Чаму? — запытаўся ён у дзвярах. І адразу ж супакоіў:
— Добра, не скажу.

Пры гэтым так загадкава ўсміхаўся, як усміхаюцца былыя вяскоўцы — не зразумела, што чалавек думае. А калі зразумеш, то ўсё — ужо позна.

Лядоўня пераехала на новае месца. Цяпер пад падлогай грукацела метро, а ў кватэры над метро — лядоўня «Снайге».

Кухня, стол. Над сталом лямачка ў чырвоным плафоне.... Яе можна паварочваць ва ўсе бакі — як зручна.

Дзяўчына на кухні за сталом. Бярэ з лядоўні лімон з цукрам. У лядоўні загараецца лямпачка.

Люты. Першы паверх. Грукнула ў шыбу. Вільготна ляснула і расцяклося. Цемра за вакном. толькі цьмяны ліхтарык зверху — ля ўваходу ў пад’езд.

Бліскучая слоць на шкле. Крышталікі снегу ў святле ліхтара над пад’ездам.

Дзяўчына зразумела — аб шыбу разбілася снежка. Лютаўскі снег траціў сваю зімовую структуру: быў яшчэ ў буйных крышталях, але неўзабаве мусіў ператварыцца ў слоць, пасля ў ваду, і потым — у туман. Знікне туман, застанецца празрыстая ўрачыстасць.

Сплывала снежка на шкле — разбіты срэбны шарык зімы.

У двары цёмна, на кухні светла, зразумець, хто там — цяжка. Шэрая постаць. Чалавек.

Пабачыў дзяўчыну, узрадваўся, пачаў махаць рукамі — паказваў, каб адчыніла пад’езд, бо там кодавы замок — трэба ведаць спалучэнне лічбаў.

Дзяўчына адчыніла. У яе быў сябра, які любіў спрачацца з мінскімі помнікамі пісьменнікам, асабліва з адным — падобным на Фантамаса. Але гэтым разам прыйшоў не ён. Прыйшоў іншы добры сябра, амаль сваяк, прынёс 50 даляраў. На гэтыя грошы трэба было набыць прадукты і рэчы, а пасля зрабіць перадачу чалавеку, які знаходзіўся ў Следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Дзяўчына грошы ўзяла, але як рабіць перадачы — не ведала. Што адбываецца ў спратах Валадаркі — не ўяўляла. Гэта быў іншы свет, які не меў нічога супольнага з яе ўяўленнем пра жыццё і людзей.

Дзяўчына праводзіла свайго вечаровага госця. Выйшла з ім у двор. Друзлы снег... лютаўская слота.

Усё ў двары было пампезным: высокія аркі з брамамі — спалучэнне сталі і чугуна — стойкі, рамкі, сталёвыя дзіды, а аздабленне — завітушкі, чугуннае ліццё.

Дзяўчына падумала, што квадрат двара з брамамі пад уплывам злой волі мог ператварыцца і ў пастку ў цэнтры горада, у якую можна загнаць шмат людзей. Замкнуць браму і паставіць ахову. А з вуліцы — нічога не відаць.

У двары і без таго ставілі аўтобусы з АМАПам, — таксама не відаць звонку. АМАПаўцы ўжо зранку сядзелі ў аўтобусах і гулялі ў карты, чакаючы свайго часу.

Люты. 1997 год. Метамарфозы снегу і лёду.

Адліга. Плошча Свабоды. Лёд ператвараўся ў ваду, сплываў пад асфальтам па старым бруку з Верхняга гораду да Свіслачы.

Тое, што ўзімку было моцным, гладкім, коўзкім і цвёрдым, ператваралася ў ваду. Белае ператваралася ў шэрае, шэрае — у бясколерную празрыстасць. Халодная слоць уздымалася туманам.

Туман ахінуў Плошчу Свабоды. Дзяўчына пайшла паглядзець, як трэба рабіць перадачу ў спраты Валадаркі.

Людзі з вялікімі абшарпанымі торбамі зварочвалі з праспекта Францыска Скарыны на вуліцу Валадарскага. Неслі перадачы.

Чарга да вакенца.

Каля вакенца ў сцяне адбываецца дзея: жанчына сталага ўзросту перадае для сына вялікі цэлафанавы мех добрых цыгарэт, змацаваных гумкамі, каб не паламаліся, — у пачках перадаваць нельга. І яшчэ большы празрысты мех з ліставой гарбатай:

— Хай чыфірыць сабе на здароўя, — гаворыць яна і, задаволеная, сыходзіць. Не драматызуе.

Маладазіца ў вакенцы перадач усе рэчы перабірае, прадукты ўзважвае і закідвае ў адмысловыя мяхі, які пасля развязуць па камерах.

Адна жанчына з чаргі просіць, каб прынялі газет з красвордамі і анекдотамі.

— Вазьміце, калі ласка, красворды, дэградуюць жа там хлопцы.
— Не дэградуюць, — адказваюць з акенца, — будуць чытаць тое, што мы даем. У іх там тэлевізары стаяць.

Газеты з анекдотамі не прымаюць, не прымаюць і адзенне колеру «хакі» — гэта колер ахоўнікаў. Заношаная і рваная бялізна не прымаецца:
— Яны скажуць, што гэта не іхняе, маўляў, гэта мы падмянілі новае за старое.

Прымаюць перадачу ў старой жанчыны. Адзін батон аказаўся лішнім. Пераважыў 5 кілаграм.

— Батон, вазьміце батон, — нясецца над чаргой рэзкі крык з плачам, — хай паесць батону. У яго сёння дзень народзінаў!
— У іх дзень народзінаў 12 разоў на год, — адказваюць з вакенца. — Як бацькі прыйдуць, адразу дзень народзінаў.

Батон не прымаюць.

— У дзяцінстве батонамі трэба было карміць і казкі добрыя расказваць, — гаворыць нехта з чаргі, вельмі ціха, як бы сам сабе.

Чаканне.
Цяжка вытлумачальны стан ў тоўстых мурах.
Ціск.
Аб’ява пра тое, што дазвол на перадачы можна падпісаць ў начальніка ўстановы.

Гэты замак з вежамі і мурамі пасярод Мінску — установа? Установа, у якой ёсць начальнік? Валадар цемры і муроў. Як можа выглядаць начальнік установы? Як сатана, які ў душу? Чым ён там займаецца ў спратах Валадаркі? Дзе кабінет яго? У вежы? Паглядзець бы на яго.

У слове СУМленне адчуваецца сум.
Адчуванне страты: у адзін момант чалавек стаў недасягальным, нібыта памёр. Але ён жывы.
Мур. Паміж зняволенымі — і воляй.

«Няма нічога страшнейшага за сам страх», сцвярджаў Луцый Аней Сенека, рымскі філосаф-стоік. Страх мае адценні: ад самага слабага страху да жаху. Нават у старажытнагрэчаскай міфалогіі адрознівалі двух багоў: адзін — Фобас, бог Страху; другі — Дэймас, бог Жаху. А яшчэ быў бог лесу Пан, які мог наганяць на людзей невытлумачальны жах, калі чалавек уцякаў, не разбіраючы дарогі — адсюль «паніка». Напалоханымі людзьмі лягчэй кіраваць. Але ўлада, якая абапіраецца на страх, няўстойлівая, бо страх — пачуццё невыноснае.

Вяртанне ў кватэру.
Трывожны сон.
Трызненне праз сон.

Перад вакном хістаюцца цені — размытыя, нерэальныя. Не цень ад дрэва, а згустак. У вакне брунатныя згусткі, абрысы. Ад якіх сыходзіць пагроза. Як размытыя фарбы, але не на шкле, а ў паветры. Быццам нехта мазануў фарбай у паветры, а яно так і засталося ў паветры палоскай. І хістаюцца злёгку за вакном, у час світання.

Вісяць у вялікім старым вакне — займаюць усю прастору акна.
Страшнае, жудаснае, незразумелае, расплывістае. Без пэўнай формы.
Адчуванні жудасці.
Як у густым тумане на гары.

Ці ў тумане на Плошчы Свабоды, калі міліцыяты ў доўгіх плашчах цягнуць ў машыны маладых людзей, якія ўпіраюцца і не хочуць ісці.

Менавіта з гэтай сітуацыі вылучаецца формула: «Без падпарадкавання няма ўлады». «Ёсць падпарадкаванне — ёсць улада».

У зграях пацукоў, як і ў супольнасці людзей, дзейнічае выразная іерархія. У пацукоў ёсць важакі і тыя, хто падпарадкоўваецца. Калі важак падыходзіць да любога з пацукоў і прымае пагрозлівую паставу, то пацук мусіць прыняць позу падпарадкавання — прыпасці ўсім целам да зямлі. Пры гэтым у важака ўздымаецца поўсць на шыі — раздзімаецца «каўнер». Пераканаўшыся ў сваёй поўнай уладзе, важак адыходзіць, цалкам задаволены.

Пачуццё камфорту і бяспекі ў зграі наўпрост залежыць ад ступені блізкасці да важака зграі. Пацукі-прыстасаванцы люта б’юцца паміж сабой за права быць бліжэй да важака.

А можна і не баяцца.

Навукоўцы-этолагі, якія вывучаюць жыццё і паводзіны жывёл у прыродных умовах, заўважылі, што ў пацучыных зграях часам з’яўляюцца пацукі-дысідэнты. Яны не рэагуюць на позу пагрозы паставай падпарадкавання, як ні раздзьмувае важак свой «каўнер».

Калі ў зграі з’яўляецца шмат дысідэнтаў, то сэрца важака не вытрымлівае, і ён гіне ад інфаркту. Так адбываецца змена важака ў пацучынай зграі.

Пра гэта пісаў Конрад Лорэнц (1903 — 1989), нобелеўскі лаўэрэат, адзін з заснавальнікаў эталогіі — навукі пра паводзіны жывёлаў.

Частка чацвёртая. Гатэль «Цішыня»

Дні ўспамінаў — трапляеш то ў цемру, то ў туман.

З’яўляюцца размытыя абрысы-прывіды, набываюць форму, рэзкасць і яскравасць.

На старых фотаздымках пазнаеш сябе па адзенні, па адмысловых гузіках на паліто. І, як на эксгумацыі, — паводле абутку. Прасцей пазнаць іншых — не сябе. Прыкладам, па гальштуках палітыкаў на фотаздымках можна вызначыць год.

Чалавек не бачыць сябе збоку, адбітак у люстэрку ці ў вітрынах — гэта не тое.

«Валадарка» — не толькі турма ў Менску. Памяць — валадарка часу і лёсу, валадарка ракі, асфальту і гранітных берагоў.

Праца ў музеі дае эфект: перастаеш заўважаць свoй час. Жывеш у 1997 годзе, а выставу робіш пра 1917 — і знаходзішся там, не ў сваім часе.

Ні для сябе, ні для іншага. А для самоты, якая спалучае светлы сум і адзіноту.

Патанаеш у часе, і з гэтай мутнай цёмнай глыбіні выплывае рознае — бурбалкі паветра з дна, рэчы, фрагменты чагосьці ці кагосьці.

Фотаздымак: Свіслач у тумане, Траецкае прадмесце, вуліца Багдановіча, з аднаго боку АМАП у шлемах, насупраць людзі са сцягамі.

Качкі ў Свіслачы. Вясна ці восень? Красавік ці лістапад?

На асфальце расколіны, шчыліны, якія заварожваюць.

Травень, 1997 год — свежае лісце на дрэвах ў скверыку ля помніка лётчыку-герою Грыцаўцу і зялёна-смарагдавая трава на газонах.

Вільготна і ў горадзе, і ў кватэры на першым паверсе.

Уначы і пад раніцу выразна адчуваецца вібрацыя ад важкіх цягнікоў метро, якія грукочуць пад зямлёй.

Паклееныя напрыканцы восені шпалеры набрынялі і пачалі спаўзаць са сценаў.
Паўзлі, як цяжкія шэрыя вусені.

Шоргаты і гукі пры адліпанні, як пры ператрусе, быццам нехта нябачны халоднай рукою сцягвае долу волкія шпалеры са сцяны — шукае схаваныя таемныя запісы — сведчанні віны.

У гуках адліпання чуюцца сцішаныя начныя галасы — некалькі чалавек гавораць паміж сабой — знайшлі ці не знайшлі тое, што шукалі? Не разабраць словаў у гэтым шолаху-шэпце. Тым часам нябачныя суразмоўцы пераходзяць да наступнай палоскі шпалераў.

Настрой змяняўся па некалькі разоў на дзень.
Балелі зубы. На працы параілі платную стаматалогію на праспекце Машэрава. Трэба паспець да адпачынку — ехаць за мяжу з зубным болем і анальгінам па ўсіх кішэнях не варта.

Першы раз лячыла зубы з анестэзіяй. Першы раз трапілася доктарка з лёгкай мяккай рукой. Першы раз спраўдзілася абяцанне, якое звычайна — хлусня: «Вы нічога не адчуеце!» Сапраўды, нічога не адчула.

— Як у вас так атрымлівецца? — запытала ў доктаркі.
— Я з дзяцінства марыла лячыць зубы людзям!

Адыходзіла «замарозка». Пасля анестэзіі трывожны сон: прыйшлі беларускія літаратары 20-х — 30-х гадоў, героі выставы «Покліч» з Музея Гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску.

Літаратары ў выглядзе статуй у чалавечы рост, з чорна-шэрага пластыліну. Рухаліся з цяжкасцю. Вачніцы пустыя. Складкі на адзенні, як штрыхі, нанесеныя ножыкам. Ледзь перасоўваючыся, яны абменьваліся кнігамі. Цяжкія пластылінавыя кнігі выгіналіся і мяліся пры дакрананні. І ўсе кнігі — закрытыя, загорнутыя, назваў — не прачытаць.

Зубы ўжо не балелі, але трывога нарастала.

Па вечарах прыходзіў Сябра-мастак, паказваў свае малюнкі — бясконцую серыю — секс з Сяброўкай. Інтымныя часткі цела — сінія і зялёныя — намаляваныя дасканала і падрабязна, але разам з тым абагульнена і ўмоўна, як знакі і сімвалы прынтоў для тканіны.

Разглядалі малюнкі пад ліхтарамі на вуліцы Леніна, на бульвары каля помніка лётчыку Сяргею Грыцаўцу — герою вайны ў Іспаніі і канфлікта на Халхін-Голе. 16 верасня ў 1939 года вінтом самалёта баявога таварыша лётчыку-герою адцяла галаву на вайсковым аэрадроме ў Балбасава. Трагедыя ў святле газавых ліхтароў і вогнішчаў, якія запалілі па пасадачнай паласе замест пражэктараў. Пахавалі лётчыка не на могілках, а каля аэрадрома. Герой загінуў знянацку.

Гісторыя пра лётчыкаў выглядае як біблейская — анёлы ляцелі па небе напачатку вялікай вайны, не было для іх нідзе перашкодаў. На зямлі гарэлі вогнішчы і газавыя ліхтары — святло здрадлівае, рухомае. Герой не робіць памылкі пры пасадцы, ён толькі хоча дапамагчы таварышу, але вінт самалёта адсякае яму галаву. 17-га верасня газеты паведамляюць не пра смерць героя, а пра ўз’яднане Беларусі — Усходняй і Заходняй.

Сіне-зялёныя малюнкі Сябра-мастак забраў з сабой — у тэчцы. У яго такіх шмат. Малюе ён і сябе, але чорным.

Пад раніцу прачнулася нібыта ад раптоўняга дакранання.
Ускочыла — нікога не было, толькі шпалеры спаўзлі яшчэ ў адным месцы, дзе да таго трымаліся моцна.

У пакоі адчуваўся пах тытуню.
Ключ ва ўваходных дзвярах хістаўся, быццам бы толькі што нехта выйшаў і зачыніў дзверы за сабой.
Нікога няма.

Зранку шкло ў гадзінніку «Луч» з сярэдзіны запацела — не зразумець, каторая гадзіна. Рушнікі мокрыя, усё, што трэба высушыць — не сохне.

Сабралася ў вандроўку.
Ключы ад кватэры аддала Сяброўцы з сіне-зялёных малюнкаў. А Сябар падараваў перад дарогай двухтомнік Томаса Мана «Іосіф і яго браты». З сабою ўзяла першы том на 10 дзён адпачыку.

Вандроўка ў Балгарыю, туды — цягніком, вяртацца — аўтобусам. У турагенцтве спыталі, дзе яна хоча жыць — у прыватным катэджы ў гаспадыні ці ў гатэлі са сняданкам. Абрала гатэль.

З Мінску ў балгарскае мястэчка Прыморска выехала група колькасьцю ў 8-м чалавек: жанчыны і адзін пяцігадовы хлопчык, сын гандляркі дзіцячым абуткам з «Дынама». Не сезон.

У мястэчка Прыморска толькі-толькі пачыналі ездзіць турысты, раней гэтая зона была забароненай. Побач — былая летняя рэзідэнцыя камуністычнага лідара Балгарыі Тодара Жыўкава.

Паўвыспа.
Левы бераг — глыбокая сіняя вада, хвалі з белай пенай. Выразны гул хваляў.
Правы бераг — вада блакітная, лагодная, — неглыбокая.
Гатэль толькі адзін — шматпавярховік з бледна-блакітным надпісам «Тишина».

У першы дзень адпачынку плавала ў халодным моры.
Холад хваляў даходзіў да сэрца, працінаў да костак, цёмная вада прадказвала балючыя змены.

Выходзіла на сняданак — была зусім адна ў вялікай рэстарацыі, у стылі 70-х — згадка пра краіны Варшаўскай дамовы. Сняданак — чорныя аліўкі, яйка, каўбаса, гарбата на зёлках. Супрацоўнікі гатэля назіралі збоку.

Больш людзей у гатэлі «Тишина» не было — адна.

Чытала на сёмым паверсе кнігу Тамаса Мана і час ад часу прыслухоўвалася — ці жывуць тут людзі. Не, не было.

Выправілася на шпацыр, з мястэчка пайшла па беразе мора да былой рэзідэнцыі «Перла» Тодара Жыўкава —на той частцы паўвыспы, дзе вада ў моры цёмна-сіняя, глыбокая, халодная.

Дзьмуў вецер. Спачатку бераг быў роўны і пусты, пасля натрапіла на рэшткі агароджы з калючым дротам, яшчэ далей — на паўразбураны ўмацаваны дот, яго ўжо заносіла пяском.

Рухнула камуністычная сістэма, і яе закінутыя матэрыяльны часткі выглядалі рэшткамі цывілізацыі, якая знікае.

Пачатак чэрвеня 1997 года, ня так і шмат часу мінула ад адхілення ад улады (у лістападзе 1989-га) і арышту (у 1990-м) Тодара Жыўкава, але цяпер ужо толькі заставалася ўяўляць, як выглядала і як было абаронена ягонае лецішча, месца адпачынку і моцы пры былых валадарах.

Мора.
Бухта.
Белага колеру дом.
Тэраса з аркамі.
Трава праз пліткі.
Леташняе лісце на прыступках.
Зачыненыя дзверы.
Моцныя сцены, мала вокнаў.
Лёгка ператварыць будынак у цалкам закрыты куб.
Абарончае збудаванне.
Шурпатая тынкоўка.
Неба яскрава сіняе, ультрамарын.
Вечназялёныя туі ля рэзідэнцыі.
Празрыстая вада перасыпае дробныя каляровыя каменьчыкі.

Села на камень ля бухты, апусціла ногі ў ваду.
Марская змяя праслізнула па пальцах, напалохала, прымусіла хутка прыбраць ногі з вады — пазбавіла супакою.

На адваротным шляху вырашыла пазагараць, расклала рушнік, лягла, слухала вецер і хвалі.

Але і тут не было супакою, падышоў чалавек і ўлёгся зусім побач. Балгарын, гаварыў па-расейску. Сказаў, што прыехаў з Сафіі адпачываць разам з сям’ёй, пасля неяк дзіўна ўтаропіўся і вымавіў:
— Так не трэба насіць?
— Што?

Ён паказаў на вуха — там было адразу дзве завушніцы — срэбнае кола і залаты матыль.

— Чаму?
— Не трэба так два металы розныя.
— А што здарыцца?
—Нешта кепска.
—А што? Усё, што заўгодна. А дзе ты жывеш?
— У гатэлі «Тишина». А Вы ў госці да мяне сабраліся?

У адказ пахітаў галавою, і не зразумела — «так» ці «не» азначала тое хітанне.

Увечары чытала кнігу і пачула ўнізе нейкія спрэчкі і валтузню.
Глянула з балкона — чалавек з Сафіі рваўся ў гатэль, ахова не пускала, ён нешта тумачыў, але марна.

Неўзабаве з жанчынамі з Мінску паехалі ў Стамбул. Палова групы. Гандлярка абуткам пакінула сына на суседак і ехала, каб закупіцца абуткам.

Ехалі з расейскімі турысткамі з Пецярбургу. У чатыры раніцы ўвайшлі ў перапоўнены аўтобус, сонныя расейскія турысткі варушыліся ў цемры і абураліся:
— Адкуль столькі людзей? А аўтобусе і так месцаў няма! І ўсе ў Турцыю едуць!
— І едзем мы туды на ПМЖ, а — рэзка адказала гандлярка абуткам.

У Стамбуле турысткі з Пецярбургу канчаткова прачнуліся і пачалі спачувальна распытваць:
— Ці праўда, што ў Беларусі на мітынгах людзей збіваюць?

Стамбул уразіў стракатасцю, гоманам, шматлюднасцю.

Усіх павезлі ў Цыстэрну Базіліку — старажытнае вадасховішча Канстанцінопаля, падземны палац з вадой, збудаваны грэкамі. У сутарэннях пад горадам захоўвалася вада на выпадак засухі ці вайны.

Па каменных прыступках група спусцілася з тлумнага гораду ў волкае і гулкае сутарэнне.
Вільгаць, нязвыклыя гукі, рэха.
Адчуванне вялікага гораду над галавой.
Іншасвет.
Ііншачас.

Кроплі зрываюцца са скляпенняў.
Кроплі разбіваюцца аб ваду, зліваюцца з паверхняй вады.
Кроплі — на галаву турыстам.

Драўляныя масткі — пад масткамі вада.
Калоны падсвечаныя пражэктарамі.
Скляпенні Цыстэрны Базілікі падтрымліваюцца 336-цю калонамі — 12 шэрагаў па 28 калон 8-метровай вышыні.

Пад масткамі прасвечваюцца пліткі падлогі, залітыя вадой, а ў вадзе рыбы з чырвонымі вачыма.

Медуза Гаргона — валадарка Цыстэрны. На дзвюх калонах перавернутыя выявы Медузы — галава ў адной павернутая на бок, у другой уніз.
Дакранулася да твару перавернутай галавы Медузы, загадала жаданне — «Каб усе былі жывыя».

Вярнуліся ў Прыморску. Даведаліся, што пяцігадовы сын гандляркі абуткам кожны дзень сам смажыў сабе рыбу на электрычнай плітцы.

Сонца грэла, вада ў моры пацяплела.
У гатэль «Тишина» заехалі біёлагі з розных краінаў — удзельнікі міжнароднага сімпозіўма. І ў «Тишине» зрабілася людна.

З Мінска прыехаў аўтобус з новымі турыстамі. Кіроўцы паплавалі ў пацяплелым моры і забралі групу дамоў.

Дарогай у аўтобусе гучала песня грыпу Фрыстайл: «В шумном зале ресторана, Средь веселья и обмана — пристань загулявшего поэта. Возле столика напротив ты сидишь вполоборота. Вся в луче ночного света».

Гандлярка абуткам хадзіла па праходзе з бутэлькай канька «Пліска» , налівала ўсім ахвотным і крычала «Кайф!». Хадзіла, пакуль не звалілася, сын пачаў яе церабіць і цягуць на заднія сядушкі — спаць.

Доўга ехалі — праз Румынію, Заходнюю Украіну, начавалі ў Івана-Франкоўскай вобласці.
Цешылася — наперадзе дом, сустрэча з сябрамі. Хацела запрасіць іх у госці.

У Мінску на досвітку аўтобус спыніўся ля помніка Грыцаўца на вуліцы Леніна — і адразу з’ехаў.
Памахала ўслед.
Пайшла ў арку.

З сабой прывезла 2 пляшкі каньяка «Пліска» і 2 бутэлькі белага віна.

Частка пятая. Да вялікай вады

Летам прывіды ў Мінску знікаюць праз недахоп вільгаці ў паветры. Горача і суха — няма вялікай ракі.
Летам горад ратуе дождж. Вада з неба. Неба пацямнее, збяруцца хмары. Халодны і празрысты, як прывід, дождж, абрынецца на горад.

Слова ёсць такое — «лунуць». Знікнуць.
Але амаль заўсёды застаецца след.

Прывіды ў камяніцах туляцца да сценаў і зліваюцца з імі.
Прывід —камяк вільгаці.
Старыя сцены — старыя прывіды. Новыя сцены — прывіды новыя.

Калі прачнуцца пасля трох гадзін ночы, прыслухацца, прынюхацца, выпрастаць руку з-пад коўдры, то можна адчуць тых, хто жыў тут да цябе. Калі толькі жыў, калі ты не першы на гэтым месцы.

Руйнуюцца сцены, прывіды знікаюць. І хто цяпер згадае, дзе ў Мінску быў гатэль «Парыж»?
Прывіды з гатэльных нумароў разляцеліся па скрыжаваннях.
Няма памяшкання, няма прывідаў.

Дзяўчыны жыла ў кватэры ў доме, які стаяў на месцы гатэлю «Парыж» на скрыжаванні праспекта Скарыны і вуліцы Леніна.

1997 год.

Вечарамі ў кінатэатры «Цэнтральны» праходзілі дыскатэкі. Столікі з ежай і алкаголем. Пад столлю ў цемры круціўся люстраны шар, білася музыка ў сценах «Цэнтральнага». Адбіткі люстранога шара — бліскучае срэбра на тварах наведнікаў. Круціўся шар, раскідваў водбліскі. Цені мітусіліся на сценах.

Па суботах дыскатэкі адбываліся і ў цэнтры горада, на Кастрычніцкай Плошчы — усю ноч да рання.
Карнавал.

Ужо мінулі два рэферэндумы.
Але заставаліся ілюзіі.

На рэферэндуме 1995 года Дзяўчына была назіральніцай у пасёлку Прывольны пры Магілёўскай шашы. У Прывольным усё было ў яблыневай квецені. Да ўчастку для галасавання вяла прысада з яблыняў. Над участкам зранку, удзень і нават увечары 14 траўня лунаў сцяг, бел-чырвона белы. Сцяг сярод ружовай яблыневай квецені.

Той дзень быў цёплым. Бліжэй да апоўначы, калі вынікі былі прыблізна зразумелыя, Дзяўчына выйшла, прайшла сярод яблыняў да чырвонага Альфа-Рамеа, на якім прыехаў яе забіраць знаёмы прадпрымальнік.

Плюхнулася на сядушку, а ён сказаў: «Ну што, пра.. лі краіну!»

Далей давялося жыць у краіне, якая зрабілася іншай.

Летам 1997 года Дзяўчына атрымала замову ад прыватнага выдавецтва на кнігу «Як выжыць у сучаснай турме».

Сядзельцаў, якія былі гатовыя падзяліцца правіламі жыцця за кратамі, хапала. І тых, якія сядзелі яшчэ да Незалежнасці — па ўсім СССР.

Дзяўчына пайшла на Залатую Горку. Там жыў Дрофа.
Аголены па пояс, увесь у татуіроўках, варыў грыбны суп і кампот. У вялізных рондлях. У яго двухпакаёвай кватэры сядзелі алкаголікі, якія чакалі, калі ўсё зварыцца.

— Аказваеце сацыяльную дапамогу? — спытала Дзяўчына.
— Так, — адказаў ён.

Яго маці была настаўніца.

— Грыбы ў лесе назбіраў. А ягады на дачах узяў «без спросу».

Ён апавядаў пра далёкія савецкія зоны, дзе выдавалі ім «зайчевые полушубки» і «зайчевые сапожки».

Дзяўчына падумала, што несправядліва будзе, калі ў кнізе не будзе пра жанчын. Спытала ў Дрофы, ці ведае ён жанчын, якія не супраць падзяліцца досведам жыця за кратамі.
— Прывядзіце Крысу! — загадаў Дрофа.
І тыя, хто чакаў супу, пабеглі ў бок Вайсковых могілак.

І вось ужо вядуць Крысу (Ларысу), якая абапіраецца на мыліцу. Яе падрымліваюць з двух бакоў.

— Яна на могілках жабруе каля царквы Аляксандра Неўскага, — патлумачыў Дрофа. — Пакуль сядзела, сястра прадала кватэру. Ларыса цяпер жыве ў падвале.

Ларыса распавяла, як пасадзілі яе за тое, што ўдарыла нажом мужчыну, які з непавагай ставіўся да яе. А жыла яна да гэтага на Берасцянскай, была салісткай у ВІА. На зоне з ёю спрабавалі пазнаёміцца лесбіянкі, падсоўвалі ёй у швейную машынку цыдулкі з прапановамі.

— А што Вы ім адказалі?
— Адказала: «Я друзей на зоне не ищу!»

***

Тым часам жыццё ішло сваёй чарадою. У вазоне, які стаяў ў Дзяўчыны на лядоўні, заквітнела белая амазонская лілея — Эўхарыс (Eucharis). Дзяўчына ведала: гэтыя кветкі з’яўляліся кожны раз, калі даводзілася пераязджаць. Так і цяпер.

— Былі Улазіны, а цяпер Вылазіны, — сказала Сяброўка, бландынка з тварам адсутным, як у гіпсавай фізкультурніцы ў парку.
Знайшла магчымасць завітаць познім вечарам, зазірнула з тортам «Мінскім».

Акно без фіранак ярка свяцілася ў цемры.
Абажур на кухні знялі.
Лямпачка, адна лямпачка давала зыркае неабароненае святло.

Зруйнаваны побыт. Перасунутыя са звыклых месцаў рэчы.

Торт з грыбочкамі на стол — адсунуты, перасунуты: на ім стаялі, калі здымалі абажур.

Дэмантавалі белую кухню «Хозяюшка», адключылі і вымылі лядоўню з выявамі матыляў і стрылатак.

Пачалі есці торт «Мінскі» з гарбатай. Апошні вечар у кватэры.

— Я распавяду вам гісторыю, — сказала Дзяўчына. — Гісторыю пра камяніцы, людзей і сяброўства. У горадзе быў доктар, ён жыў у двухпавярховым асабняку ў стылі мадэрн. Доктар меў маладую жонку, яе звалі Паліна Антонаўна. У 70-я гады Паліна Антонаўна хадзіла да маёй бабулі ў госці, дарыла мне дарэвалюцыйныя цацкі, цацачны посуд, цацачную мэблю і плюшавага Мішку, набітага пілавіннем. Вельмі вялікі і цяжкі Мішка. І цвёрды. Мы з сяброўкамі апраналі яго ў мае дзіцячыя апраткі — паўзуны, сукенкі, нагавіцы. Ён рабіўся падобны да дзіцяці. Лапы ў яго можна было прыводзіць у любы стан — ён мог і сядзець, і стаяць. Аднойчы, бліжэй да восені, калі Паліна Антонаўна была ў гасцях, прыйшлі да нас два сталыя мужчыны пілаваць дровы. А яна пазнала іх і сказала, што падчас акупацыі яны мелі папулярную кавярню ў цэнтры горада. Кампаньёны: разам асуджаныя пасля вайны, разам паехалі на поўнач валіць лес. У будынку, дзе была кавярня, зрабілі музей. Паліна Антонаўна часта прыходзіла, калі прасавалі ў доме пасцельную бялізну, а на вуліцы ліў дождж. Так і запомнілася — круглы стол, на якім бабуля прасуе бялізну, дождж за вакном, аповеды, якія слухаюцца так, каб пасля забыць. Пах гарачага праса, вільготны з адценнем пральнага парашку. І гісторыі, якія можна слухаць, а можна не.

Кухня з зыркай лямпачкай і цемрай у голым вакне выглядала, як сцэна.

— І вось яшчэ адна гісторыя, — сказала Дзяўчына. — Пра ўладу і партакрата. Гэта было даўно, у 50-я гады. Гісторыя апаведзеная чалавекам, бацька якога быў тады ў партыйным кіраўніцтве. Адзін з сакратароў гаркама партыі з выніку ўнутрыпартыйных гульняў быў паніжаны да больш дробнай пасады. А да гэтага, падчас дэманстрацый на пралетарскіх святах 7-га лістапада і 1-га траўня, ён стаяў на плошчы разам з іншым начальствам і вітаў працоўныя масы, якія праходзілі міма трыбуны. Пасля таго, як яго панізілі, яго ўжо не запрашалі стаяць на трыбуне. І давялося яму падчас дэманстрацыі прайсці ў калоне разам працоўнымі масамі. Пасля дэманстрацыі ён прыйшоў дадому і застрэліўся. Ён не застрэліўся тады, калі яго панізілі. А толькі пасля таго, як прайшоў у калоне міма трыбуны. Перамена ролі зрабілся для яго шокам. Адчуваў сябе наверсе, а раптам апынуўся там, дзе і тыя, кім ён кіраваў. А былыя калегі-і-кіраўнікі — па-ранейшаму на трыбуне! А ён у іншым месцы, скінуты з п’едэсталу. Відавочнасць: вось ён стаяў і яго віталі, а вось — ён ідзе ў калоне і сам махае рукой. Ён не эліта, ён — маса. Усё, канец жыцця.

Крэмавыя грыбочкі на торце «Мінскі» — не толькі прыгожыя, але і смачныя.

Кватэра, у якой жыла Дзяўчына, была ліквіднай — яе лёгка было прадаць. Там зрабілі кавярню «Утопія» — аформленую пад «савецкае настальжы». Партрэты Гагарына, выява першаня спадарожніка, газета «Правда».

Бутэлькі з густымі прывабнымі сіропамі розных колераў: мятны (зялёны), малінавы, лімонны, какосавы (белы), карамельны (брунатны), вішнёвы, шакаладны, дынны (жоўты).

—Ці можна з’есці ў вас марозіва?
— Неее, — у расцяжку адказала дзяўчын за стойкай, — у нас нічога нельга.
— ???
— Толькі кава і гарбата. Можна з сіропам.

Набярэжная Свіслачы. Граніт. Шэрая шурапатасць. Непразрыстая вада.

Ёсць такое слова — «лунуць».
Лунуць — знікнуць бяз следу.
Аднак след застаецца, і застаюцца цені на шэрых шурпатых сценах.
Перад дажджом моцна пахнуць кветкі на клумбах, а ў кватэрах абуджаюцца прывіды.
Дзяўчына пакінула горад і паехала да вялікай вады.
Але цень разгубленай Дзяўчыны не пакіне горад.

***

Лепель — горад з вялікім возерам ў самым цэнтры, якое так і называецца: Лепельскае.
Параходзік «Фартуна». Дамкі на беразе возера з прычаламі, на якіх навязананыя чаўны.

Касцёл святога Казіміра ў стылі класіцызму, набажэнствы аднавіліся ў 1993 годзе.
Драўляная царква 1844 года.
Гарадская забудова канца 19-га — пачатку 20-га стагоддзя, з чырвонай цэглы.

Надпісы па-беларуску: кнігарня і нават бюро рытуальных паслугаў аформлены на беларускай мове.
Вельмі прыгожыя людзі з блакітнымі празрыстымі вачыма.
На гербе Лепеля — Пагоня.
А яшчэ ў Лепелі ёсць чыгуначны тупік — канец дарогі.

Горад, дзе добра сустрэць старасць.

— Вы прыехалі, а Цмок у возер здох, аж да Полацку смярдзела, — распавяла бабуля ў Лепелі. — Быў, жыў, пакуль не здох.

***

Дзяўчына набывала крэйду. Адзін белы кавалак, каб пасвянціць яго на Свяце Трох Каралёў у касцёле Святога Казіміра і напісаць на дзвярах свайго новага дому С+М+В і год.

— Як вам яе... Як лепей даць? — прадавачка бярэ крэйду, як батон у краме — асцярожна, цэлафанам.
— А што?
— Вы яе есці не будзеце?
— Не.
— А ведаеце, бяруць есці.
— І шмат такіх?
— Хапае. Белую крэйду ў асноўным для гэтага і бяруць.
— Хто бярэ?
— Шмат хто. Дзецям бяруць. Жанчына адна прыходзіць сталага ўзросту. Кажа, што з дзяцінства спажывае.
— Так і кажа?
— Так, і просіць, каб не краналі крэйду рукамі. Бярэ скрынку за раз. І твар у яе белы, як крэйда.

***

А зараз сінопсіс: тэкст пра Мінск у часе паміж двума аўтарытарнымі рэжымамі. Кароткі час. Разбураны Берлінскі мур, распалася і савецкая імперыя. Рухнула сістэма. Кватэры, якія савецкія спецслужбы выкарыстоўвалі для сустрэч куратараў з агентамі, пачалі часткова прадаваць. Кватэры месціліся звычайна альбо на першым павесе (першая ад уваходу), альбо на апошнім, каб можна было прайсці праз гарышча з іншага будынку. У адну такую кватэру трапляе гераіня. Кватэра на праспекце — на той час гэта праспект імя Францыска Скарыны. Рэшткі і сведчанні былой эпохі не адразу прыкметныя, яны губляюцца сярод пераробак пазнейшых часоў. Сталінскі ампір, пабудаваныя палоннымі дамы з цэглы, абпаленай вайной. Прывіды, трывожнае пачуццё.

***

— А яшчэ я магу распавесці гісторыю пра здраду, — сказала Дзяўчына.
— Здрады не існуе, — адказала Сяброўка, — ёсць няспраўджаныя чаканні.

Снежань 2014 — люты 2019 года

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Алесь Бяляцкі сказаў мне, што я вязу перадачу для Барыса Ханонавіча Хамайды. Я спытала: хто гэта? Ён адказаў, што гэта вельмі добры чалавек з Віцебску, у Менску яго затрымалі, а мне галоўнае не забыцца і правільна сказаць імя і прозвішча, калі буду перадаваць перадачу. Я ехала і, як у анекдоце пра мыла, паўтарала: «Хамайда Барыс Ханонавіч, Хамайда Барыс Ханонавіч».

Сон, варыянт другі, — на экспазіцыі ўсё як раней, але людзі на фатаздымках рухаюцца, старонкі кніг варушацца, і дзіўны ветрык, невядома адкуль, а экскурсантаў няма, усё, што я гавару — я гавару сама сабе.

— На марозе, ды з ветрыкам, заснеш толькі так, — Лёшка Лайзан бярэ першую бітку. — Летась на Вынгапуры рэлейную вышку ставілі. Ну выпілі, вядома, каб сувязь добрай была. Мароз таксама за сорак. Выйшаў я папаліць, і тут жа, стоячы, заснуў. Чую, ляпае хтосьці па твары. Спрабую павекі раздзерці, а яны не раздзіраюцца. І галава як здзервянела.

Толькі беларусы з усіх курсантаў вучэбкі не трымаліся разам. Калі ўсіх астатніх родная мова аб’ядноўвала, то для беларусаў яна існавала дзесьці асобна, у іншым вымярэнні, не была нечым жыццёва неабходным. Алег Чарняк трымаўся разам са стаўрапольскай кампаніяй, Ігар Спаткай далучыўся да масквічоў, Васіль Пятровіч пасябраваў з рускімі хлопцамі з Улан-Удэ.