Успаміны музейнага прывіда. Частка другая

сучасная беларуская проза, аўтабіяграфічная, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Як бліны

Мне мама сказала: «Калі апавядаеш пра музей, трэба апавядаць і пра экспанаты».

Такім чынам — пераключаюся з людзей на экспанаты. І на тое, як экспанаты для музея Багдановіча здабывалі.

Вось гісторыя пра тое, як здабылі аўтограф верша Наталлі Арсенневай «Устань, пясняр!».

Перадгісторыя такая: на першым паверсе Музея Максіма Багдановіча, дзе цяпер праходзяць літаратурныя імпрэзы, меркавалася зрабіць экспазіцыю, прысвечаную паэтам «багдановічаўскай школы». Канцэпцыю пачалі распрацоўваць і экспанаты пачалі збіраць.

Восенню 1990 года па просьбе Алеся Бяляцкага я напісала ліст Наталлі Арсеневай. Лісты я пісала спачатку ў чарнавым выглядзе ў адмысловым шэрым працоўным сшытку. Шэры сшытак захаваўся, ён і цяпер у мяне. Вось тэкст:

«Шаноўная спадарыня Наталля, да Вас звяртаецца супрацоўніца Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Качаткова Паўліна. Наш дырэктар, Алесь Бяляцкі, ужо пісаў Вам, Вашы адказы захоўваюцца ў нашых фондах. Экспазіцыя першага паверху музея будзе прысвечаная паэтам чыстае красы, паэтам, творчасць якіх блізкая па духу паэзіі Максіма Багдановіча. Спадарыня Наталля, у нас ёсць нумар „Беларускай газеты“ ад 24 траўня 1942 года з Вашым вершам „Устань, пясняр!“. У кнізе „Між берагамі“ яго няма, а мы вельмі хацелі б мець аўтограф гэтага верша для экспазіцыі першага паверха, калі не будзе гэта для Вас лішнім клопатам. Я падаю тэкст верша так, як ён друкаваўся ў „Беларускай газеце“.»

Наталля Арсеннева адказала, перапісала тэкст верша сваёй рукой. А ў лісце напісала, што сам верш яна не памятае, б ў той час «пякла вершы, як бліны». Адказ Наталлі Арсенневай таксама мусіць быць недзе ў фондах.

Госць з міжчасся

10 красавіка 2020 года 55 гадоў споўнілася б Сержуку Вітушку (1965-2012) — кіраўніку суполкі «Талака».

У 1985-1986 гадах у Беларусі ўзнік шэраг нацыянальна-арыентаваных нефармальных аб’яднанняў: «Талака» (Менск і Гомель), «Замчышча» (Рагачоў), «Поўня» (Светлагорск), «Повязь» (Ворша), «Паходня» (Гродна), «Узгор’е» (Віцебск), «Край» (Брэст), «Рунь» (Ліда), «Маладзік» (Полацк). Іх удзельнікі займаліся асветніцкай, гістарычна-рэстаўрацыйнай дзейнасцю, адраджалі нацыянальныя святы, арганізоўвалі краязнаўчыя экспедыцыі, літаратурныя вечарыны, збіралі подпісы за адукацыю на беларускай мове.

Створаная ў 1985 годзе ў Менску «Талака» была самай колькаснай суполкай. З яе лідарам Сержуком Вітушкам мы пазнаёміліся летам 1986 года на раскопках Дамініканскага касцёлу ў Менску.

У цэнтры горада на рагу Інтэрнацыянальнай і Энгельса, за плотам будоўлі Палаца рэспублікі археолагі даследвалі падмуркаў касцёла 17-га стагоддзя. Кіраваў раскопкамі Зянон Пазняк — на той час супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР.

Я ўладкавалася ў архітэктурна-археалагічны атрад «Верхні горад» у чэрвені 1986 і працавала штодня. Па суботах з’яўляліся талакоўцы на чале з Вітушкам.

Раскоп у цэнтры Менска быў як партал у іншы час — праз друз і разбітую цэглу мы паглыбляліся ў мінуўшчыну, знаходзілі рэшткі папярэдняй цывілізацыі. Фрагменты паліхромнай кафлі з выявай ці то цмока, ці то Пагоні. Мы дакапалі да пахаванняў у сутарэннях, дзе ляжалі былыя жыхары горада. Блакітныя пацеркі былі ў адной са спарахнелых трунаў.

І на гэтай мяжы часоў і эпох — Сяржук Вітушка, светлы чалавек быццам бы не з нашага (тады 20-га стагоддзя). Шмат хто казаў: «Падобны да Максіма Багдановіча».

А ў 1991 годзе Сяржук Вітушка па запрашэнні Алеся Бяляцкага прыйшоў на працу ў філію Літаратурнага музея Максіма Багдановіча — у «Беларускую хатку» на завулку Рабкораўскім.

Экспазіцыя «Беларускай хаткі» была прысвечаная шасці месяцам жыцця Максіма Багдановіча ў прыфрантавым Менску ў 1916-1917 годзе — кароткая сустрэча з Беларуссю, праца на яе карысць і провады ў Ялту насустрач смерці. Быў у «Беларускай хатцы» і мемарыяльны пакой Максіма Багдановіча, адноўлены па ўспамінах Зоські Верас, якая мела ўнікальную памяць. У доме, дзе Максім Багдановіч напісаў верш «Пагоня», рабілася ўсё, каб перадаць атмасферу 1916-1917 года — нават шпалеры па старым узоры надрукавалі на фабрыцы.

У філіі музея дзейнічаў лялечны тэатр «Батлейка», як напамін пра мару Максіма Багдановіча ўдзельнічаць у батлеечным спектаклі і вандраваць з ім па Беларусі. Мара Максіма Багдановіча не здзейснілася, а ў «Беларускай хатцы» да ад’езду ў Вільню ладзіў батлеечныя спектаклі Сяржук Вітушка.

І зноў — міжчассе: адноўлены дом пачатку 20-га стагоддзя, батлейка, Сяржук, падобны да Максіма Багдановіча. Пераступіш праз музейны парог і не разумеш, у якім ты часе.

У «Беларускай хатцы» зладзіў Сяржук і вяселле з віленкай Людвікай Кардзіс.

У 2008 годзе ў Вільні ў Доме правоў чалавека па ідэі Сяргея Дубаўца я дапамагала Сяржуку разбіраць яго архіў. Сяржук ужо не бачыў, хвароба адняла зрок.

Мы сядзелі на другім паверсе на Латака 3 у Вільні перад скрынямі, з якіх я дасталавала тэксты і фотаздымкі. Тэксты зачытвала, фотаздымкі апісвала, а Сяржук аднаўляў у памяці, што гэта.

«Дзіўна, — сказаў тады Сяржук Вітушка, — я — гісторык па адукацыі, нас вучылі архівазнаўству. Чаму я адразу не ўпарадкаваў свой аріхіў?»

Але ўпарадкванне і асэнсаванне ўласных архіваў — справа не маладосці, на гэта ёсць сталы ўзрост, да якога Сяржук Вітушка не дажыў.

Зосьчын бэз і Максімава пальма

У музеі Максіма Багдановіча верылі, што з дапамогай раслін можна аднавіць сувязь часоў: з’яднаць мінулае з сучаснасцю, а калі пашанцуе, і з будучыняй.

Пра гэта адкрыта не гаварылі, але з дзеянняў так выглядала.

Восенню 1992 года на завулку Рабкораўскім каля філіі музея Багдановіча «Беларуская хатка» пасадзілі бэз, які рос каля Лясной хаткі Зоські Верас цягам яе жыцця ў Вільні. Музейныя супрацоўніцы выкапалі яго з дазволу Зоські Верас і прывезлі ў Менск, калі не было яшчэ мяжы паміж Беларуссю і Літвой.

Белы бэз.

Пакуль На завулку Рабкораўскім ішло будаўніцтва і падрыхтоўка экспазіцыі, бэз рос на Алтайскай у садзе Наталлі Мазоўкі, супрацоўніцы Музея гісторыі Беларускай літаратуры.

Восеню 1992 года мы з Едрусем Акуліным, які быў загадчыкам філіі «Беларуская хатка», выкапалі бэз на Алтайскай і павезлі спачатку на 20 аўтобусе, а пасля на метро на Рабкораўскі. Едрусь пасадзіў без мяне — за домам, калі службовага выхаду.

А ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча на Траецкім ёсць пальма.

Напачатку 1991 года, яшчэ да адкрыцця музея, драўляная кадка з пальмай стаяла на першым паверсе ў кабінеце, дзе я працавала. Перад адкрыццём музея пальму перанеслі ў фае. Гісторыю пра пальму ўключылі ў першы музейны экскурс.

Экскурсію ў апошняй, пятай зале, якая мела назву «Няздзейснены задумы і смерць паэта», пасля аповеду пра гадзіннік, які адлічыў апошнія хвіліны жыцця паэта, я заканчвала словамі: «А яшчэ ў нас у музеі ёсць экспанат. Ён жывы. Гэта пальма, якую даследчык беларускай літаратуры Вячаслаў Пятровіч Рагойша прывёз з далёкай Ялты ад дому, дзе паміраў Максіма Багдановіч. Пальму вы можаце пабачыць, яна ў фае».

І дзеці беглі па лесвіцы глядзець пальму.

Цяпер пальмы ў музее няма, яна загінула, а яе сёстры па-ранейшаму жывуць у літаратуразнаўцы Вячаслава Пятровіча Рагойшы.

Бібліяполія

Лістапад 1992 года я праводзіла ў глыбокім задуменні.

Мая сяброўка Алена ў снежні выходзіла замуж, мне трэба было высяляцца з кватэры на Ілімскай, дзе я ў яе жыла, і думаць: што далей.

У лістападзе я пісала апавяданне «Белая поўня», там пераказвалася легенда пра гадаванне Цмока з чорнага пеўня ў гарадскіх умовах. Легенду я вычытала ў кнізе бацькі Багдановіча «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў». Шмат хто апрацоўваў гэтую легенду пасля. Але не гадаванне Цмока было галоўным: найбольш мне хацелася з дапамогай мастацкіх сродкаў перадаць атмасферу няўдалага святкавання Новага 1991 года ў адным з катэджаў Дому творчасці «Іслач».

Тэкст я пісала на працы. У музеі Багдановіча ў той час на арэндзе была газета «Свабода», яе выдавец Павел Жук яшчэ прыдумаў незалежны тэлеканал ММ4. Паша мне прапанаваў зрабіць аўтарскую праграму для тэлеканала. Прапанаваў, відаць, каб развесяліць.

І я паралельна з «Белай поўняй» пачала працу над сцэнаром.

Прыдумала, што праграма мусіла быць пра кнігі. Назву шукала па слоўніку слоў замежнага паходжання. Знайшла вельмі прыгожае «Бібліяполія» — кнігараспаўсюд.

Сцэнар першай праграму вырашыла прысвяціць каталіцкаму часопісу «Хрысціянская думка», які толькі што адрадзілі. Часопіс пачаў выходзіць, рыхтаваўся да друку, а пасля складзіраваўся ў нас у музеі. Я была кшталтам сакратара — дасылала часопіс па пошце людзям.

Узяла я свой працоўны сшытак, у клетачку, і пачала пісаць.

Варыянтаў сцэнару пачатку праграмы было два — і ўсе павінны былі быць знятыя ў мястэчку Краснае Маладзечанскага раёну.

Першы варыянт: камера здымае знізу, прыступкі, прыступкі і вось гмах касцёлу на горцы — арганы гучаць, выплывае часопіс.

Другі быў такі: склеп на каталіцкіх могілках і часопіс выплываў ужо са склепу, а я тлумачыла, што адраджаюцца цяпер выданні, якія лічыліся памерлымі за савецкім часам.

З гэтым сцэнаром Паша Жук адправіў мяне да рэжысёра Віктара Аслюка. Мы сустрэліся каля кінастудыі на станцыі метро «Маскоўская». І ўсё. Працягу ў Бібліяполіі не было.

Апавяданне «Белая поўня» у 1993 годзе Барыс Пятровіч надрукаваў у «ЛіМе». Але нічога з таго, што тычылася святкавання ў «Іслачы», не ўвайшло ў друкаваны твор.

Самае галоўнае заўсёды застаецца па-за кадрам.

Эмілія Плятар у Ракуцёўшчыне

У траўні 1993 года мы, супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча, паехалі ў этнаграфічную экспедыцыю па ваколіцах Ракуцёўшчыны.

Мэта экспедыцыі — збор экспанатаў для філіі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне. Пачала аднаўляцца сядзіба Лычкоўскіх, у якой у 1911 годзе на запрашэнне братоў Луцкевічаў гасцяваў Максім Багдановіч. Пасля археалагічных раскопак на былых падмурках рэканструявалі дамок арандатара і гумно.

У сядзібным доме апошняе лета жыла сям’я Уладзіміра Грышаля — сына арандатараў Лычкоўскіх, які ў дзяцінстве сябраваў з Лявонам Луцкевічам, сынам Антона Луцкевіча. За сядзібай Грышалю будавалі цагляны дом, які ў асноўных рысах паўтараў сядзібу. Пасярэдзіне падворка расла акацыя, якая засталася яшчэ з часоў Лычкоўскіх.

Мы, музейныя супрацоўнікі, на час экспедыцыі жылі ў адноўленым дамку арандатара — там не было яшчэ экспазіцыі.

Неяк ранкам выходжу з вёдрамі з дамка арандатара і іду па ваду да студні. Бачу, што пасярэдзіне двара гаспадар сядзібы Уладзімір Грышаль эмацыйна размаўляе з мужчынам прыкладна свайго ўзросту. Ці то абмяркоўваюць нешта, ці то сварацца — не разабраць.

І раптам Грышаль фактычна выкрыквае да суразмоўцы:

— А ты знаеш Эмілію Плятар?
— Знаю, — хутка і рашуча адказвае яго госць.
— І хто яна?
— Эмілія Плятар — герой! Палкоўнік!

І раптам, выцягнуўшыся каля акацыі, як на ўроку літаратуры, пачынае чытаць верш на польскай мове. Гэта верш Адама Міцкевіча «Смерць палкоўніка», напісаны ў 1832 годзе, які быў у праграме пачатковых польскіх школ.

Верш пра Эмілію Плятар — бліскаўка культуры.

Андрэй Грышаль сказаў, што гэта прыходзіў яго аднакласнік.

Верш «Смерць палкоўніка» ёсць і ў беларускіх перакладах. Адзін — пераклад Кастуся Цвіркі, другі пераклад, больш сучасны, зрабіла Інэса Кур’ян.

Каляды, 1993 год

Вырашылі ў музеі адзначыць Каляды на ўзор тых, што адзначала беларуская інтэлігенцыя напачатку 20-га стагоддзя: з Батлейкай, народнай музыкай. Алесь Бяляцкі сказаў, што запросім не толькі музейных супрацоўнікаў з сем’ямі, але і «сяброў музея». «Сябры музея» — гэта журналісты, бізнесоўцы, мастакі, літаратары.

Зрабілі запрашэнні — запрашальнікі, за ўзор узялі калядную паштоўку пачатку 20-га стагоддзя: дзяўчынка трымае маленькую ялінку. Далей тэкст запрашэння з імёнамі і цытата з калядкі: «Прыехала Каляда ўвечары, прывезла пірагі ў рэшаце». Звярсталі і раздрукавалі запрашальнікі ў рэдакцыі газеты «Свабода» — тая выехала ўжо з музея і была на вуліцы Іванаўская. Запрашальнікі раздалі і пачалі рыхтавацца.

Застаецца пару дзён да Калядаў. Я дзяжурная, а гэта значыць, што прыходжу на працу да 9-й раніцы, а не да 10-й, адпускаю вартаўніка, адчыняю экспазіцыю і пасля пачынаю адчыняць дзверы астатнім супрацоўнікам. Музей адчыняецца для наведвальнікаў а 10-й. Раніца халодная. На дварэ сапраўдная завіруха і вецер. Прыходзяць нашы наглядчыцы і кажуць, што вонку мерзнуць дзеці з настаўніцай. Прыехалі з вёскі. Экскурсія без запісу.

Нашы наглядчыцы — гэта Ірына Паўлаўна (між іншым, з выдатным веданнем польскай мовы) і Мая Антонаўна, з веданнем мовы глухіх. Разумныя, добрыя і з досведам. Адчынілі музей, запусцілі дзяцей. Экскурсію я пачала раней, хвілін за дваццаць да дзясятай. Дзеці былі спакойныя, пахла ад іх вясковай хатай і печкай.

Толькі мы падыйшлі да стэнда з рушніком, які вышывала маці паэта Марыя Апанасаўна, як дзверы рыпнулі, і ў замкнёнай экспазіцыйнай прасторы з’явіўся новы водар — не таннай мужчынскай парфумы. Зрабілася непамысна, бо гэта ўсё яшчэ да адкрыцця музея, і наведнікаў быць не можа. Чалавек быў у мяне за спіной, і я не магла зразумець, хто гэта. Круціцца і паварочвацца не магла падчас экскурсіі.

Так мы дайшлі да другой залы «Старая Беларусь». І тут раздаўся голас: «Усё, у мяне больш няма часу. Я тут прывёз вам на Каляды...»

Гэта быў бізнесовец Алесь Гуркоў. Прывёз на Каляды тры мяхі цукерак. Вельмі шмат. Іх раздавалі пасля дзецям, якія добра чыталі вершы на конкурсе.

І госці прыйшлі на Каляды — супрацоўнікі газеты «Свабода» з рэдактарам Ігарам Герменчуком, Адам Глобус. І Батлейка была, паказваў яе навуковы супрацоўнік музея Мікола Трус.

Людаблюда

Вясной 1997 года паэт Анатоль Сыс перадаў у Літаратурны музей Максіма Багдановіча вялікае парцалянавае блюда 19-га стагоддзя.

Менавіта перадаў, а не прадаў. Паэт Анатоль Сыс сквапным не быў.

Часта бываў у музеі. У тым жа 1997 годзе была ў музеі Максіма Багдановіча паэтычная вечарына Сыса. А тады ўжо не надта ахвотна такія ладзілі, бо ён быў непрадказальны.

Прынёс Сыс у музей блюда. Белае, пашарпанае, з пяшчотнымі кветкамі ў аблямоўцы.

Супрацоўнікі музея разглядалі блюда на першым паверсе ў навукова-экспазіцыйным аддзеле.

Узяла яго ў рукі Люда Жалязняк, сакратарка музейная, якая цяпер у Беластоку жыве. Анатоль Сыс паглядзеў на Люду Жалязняк і сказаў: «Людаблюда».

У красавіку 2010-га, калі з Міколам Ваўранюком рабілі фільм «Сыс пра Сыса» з удзелам Сяргея Сыса, вельмі ўразілі школьныя сшыткі Анатоля Сыса. У хаце ў Гарошкаве іх паказала Тамара — сястра. Такія ахайныя сшыткі — з роўнымі палямі каралавага колеру, з роўным почаркам, з падкрэсліваннем каляровымі стрыжнямі, з роўнымі абзацамі, без перакрэсліванняў — як на выставу. І ўсе, усе сшыткі такія.

Знаёмства ў оперы

Зноў музейная гісторыя, але — на мяжы з турэмнай.

1997 год. Красавік. Працаваць у музеі нам заставалася крыху больш за год, але мы пра тое не здагадваліся.

Дырэктар музея Алесь Бяляцкі паклікаў мяне ў краму на Камуністычную — набыць прадукты для перадачы затрыманым.

У краме на Камуністычнай сала ляжала ў зашклённых прылаўках — белыя з чырвонымі палоскамі брусы. Яшчэ там быў кафетэрый з добрай кавай і круглымі высокімі столікамі, каля якіх можна было стаяць.

Калі Бяляцкі набываў сала для затрыманых, у краму зайшоў рэдактар газеты «Свабода» Ігар Гермянчук у светла-бежавым плашчы. Ён быў рады нас бачыць, спытаў, што мы робім і навошта нам столькі сала — на той час карціна з закупкай сала была нязвыклая.

Гермянчук сказаў, што акурат здаў у амбасадзе пашпарт на візу, а цяпер — заехаў выпіць кавы.

Мы пайшлі ў музей. Сала рэзалі ў маім працоўным кабінеце — на першым паверсе, другія дзверы злева ад чорнага ўвахода.

На Нямізе селі на аўтобус і паехалі на вуліцу Акрэсціна.

Алесь Бяляцкі сказаў мне, што я вязу перадачу для Барыса Ханонавіча Хамайды. Я спытала: хто гэта? Ён адказаў, што гэта вельмі добры чалавек з Віцебску, у Менску яго затрымалі, а мне галоўнае не забыцца і правільна сказаць імя і прозвішча, калі буду перадаваць перадачу.

Я ехала і, як у анекдоце пра мыла, паўтарала: «Хамайда Барыс Ханонавіч, Хамайда Барыс Ханонавіч».

На Акрэсціна атрымалася нечаканасць: не ўсё было так, як уяўлялася — прыехалі і перадалі. Не. Нас запрасіў да сябе ў кабінет начальнік. Быў ён у шэрым швэдры, размову пачаў так: «Што новага ў музеі, ці ёсць змены ў экспазіцыі?» Бяляцкі сказаў, што ў музеі Багдановіча экспазіцыя сталая, зменаў няма.

Начальнік спытаў у мяне, адкуль я ведаю Хамайду Барыса Ханонавіча: ён жа з Віцебску, а я з Менску. «Дзе вы пазнаёміліся?» Я адказала: «У оперы». Перадачы прынялі.

Адкрыццё

У сакавіку-красавіку 1997 года мы рыхтавалі выставу «Браты Багдановічы», прысвечаную Вадзіму і Льву — старэйшаму і малодшаму братам Максіма.

Экспанаты для выставы былі з дзвюх крыніцаў — з музея Багдановіча і з архіва «Літаратуры і мастацтва». З архіва была перададзеная на час выставы і разрыўная куля, якою падчас Брусілаўскага прарыву быў паранены ў нагу Леў Багдановіч.

Мікола Трус хадзіў працаваць у архіў і прынёс адтуль перапіску Льва Багдановіча маскоўскага перыяду — час вучобы ва ўніверсітэце. Гэтыя паходы ў архіў былі не толькі да выставы: копіі і фотаздымкі рэчаў рабіліся для архіўных сшыткаў.

Я чытала копіі лістоў, адрасаваных Льву, і на адным з канвертаў пабачыла знаёмы почырк, пра які падчас экскурсій было прынята казаць «дробны, бісерны» — быў такі ўстойлівы выраз. «Бісерны» — не па-беларуску зусім, але так казалі пра почырк Максіма Багдановіча.

І тут я бачу яго на канверце, адрасаваным Льву на Яраслаўскі адрас. Напісана, што Леў не жыве цяпер у Яраслаўлі, і пераадрасацыя на Маскву.

Я знайшла аўтограф Багдановіча! Невядомы! Іх жа так мала.

Найперш паказала Міколу Трусу, а пасля бегала па музею і ўсім паказвала аўтограф на копіі ліста.

Напрыканцы працоўнага дня заехаў да нас супрацоўнік адной камерцыйнай арганізацыі, якая раней здымала ў нас ў музеі памяшканне, і запытаўся:

— Што новага?
— Я знайшла новы, невядомы аўтограф Багдановіча!
— Які?

Я распавяла.

— А навошта ён?

Я сказала, што гэта рэдкасць, што аўтографаў Багдановіча зусім мала, што архіў паэта знік падчас Другой сусветнай вайны, і што кожнае слова, напісанае рукой паэта...

— Што з ім рабіць?
— Гэта ж адкрыццё!
— Якое адкрыццё? — смяяўся мой суразмоўца. Ён быў хімік, кандыдат навук.

А я не разумела, што ёсць іншыя сістэмы ведаў, дзе каштоўнасць трох радкоў, напісаных рукой паэта, можа выклікаць сумнеў.

Майка, я цябе знаю

Звальняліся мы з музея Максіма Багдановіча ў жніўні 1998-га года. Мяне сваім загадам дырэктара звольніў Алесь Бяляцкі, а яго звольніў Хадкевіч Леанід Тарасавіч — дырэктар Аб’яднання літаратурных музеяў.

Бяляцкі троху адгаворваў мяне ад звальнення. Сяджу ў яго ў кабінеце на канапе, а ён: «Ну, куды ты пойдзеш, што ты там рабіць будзеш?» «А тут што я рабіць буду? Кажуць, што хутка ў кабінетах прымусяць вешаць партрэты Лукашэнкі. Пад партрэтам Лукашэнкі я працаваць не буду».

На той момант пад дахам музея ўжо дзейнічала праваабарончая арганізацыя «Вясна-96», ужо дапамагалі палітычным вязням, ужо быў атрыманы першы ліст з камеры смяротнікаў ад Івана Фаміна. І для «Вясны» я зрабіла нешта да таго часу, насіла перадачы на Акрэсціна, складала на музейным кампутары спісы затрыманых. Падрыхтавала самы першы матэрыял пра «Вясну-96» для шырокай грамадскасці.

У газеце «Навіны» («Свабода») надрукавалі інтэрв’ю з Бяляцкім, якое называлася «Мы аказваем рэальную дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій». «Будзе „Вясне“ піяр», — сказаў рэдактар газеты Ігар Гермянчук.

Нумар выйшаў 9 чэрвеня 1998 года. У жніўні мы звальняліся.

Алена Лапцёнак запыталася, што падараваць на развітанне, я ёй адказала: «Майку з выявай Адама Ягоравіча Багдановіча».

Нам замовілі майкі.

Развітваліся на другім паверсе музея ў экскурсійна-масавым аддзеле. На стале — ежа і букеты флоксаў.

Прыйшоў Едрусь Акулін, ён працаваў тады загадчыкам «Беларускай хаткі». Акулін зайшоў, паглядзеў на флоксы і сказаў: «Нябожчыкам пахне».

Што нам жадалі ў музеі на развітанне — не памятаю. Ці назаўсёды праводзілі — таксама не памятаю.

Памятаю, што мы сфатаграфаваліся ў майках з выявамі: я — Адама Багдановіча, а ў Бяляцкага, здаецца, была маці Максіма Марыя Апанасаўна. Фатаграфаваліся на лесвіцы каля пачатку экспазіцыі, на фоне жырандолі «Вянок». Фатаздымкі ў мяне былі, а цяпер няма — не захаваліся.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Сон, варыянт другі, — на экспазіцыі ўсё як раней, але людзі на фатаздымках рухаюцца, старонкі кніг варушацца, і дзіўны ветрык, невядома адкуль, а экскурсантаў няма, усё, што я гавару — я гавару сама сабе.

Літаратары ў выглядзе статуй у чалавечы рост, з чорна-шэрага пластыліну. Рухаліся з цяжкасцю. Вачніцы пустыя. Складкі на адзенні, як штрыхі, нанесеныя ножыкам. Ледзь перасоўваючыся, яны абменьваліся кнігамі. Цяжкія пластылінавыя кнігі выгіналіся і мяліся пры дакрананні. І ўсе кнігі — закрытыя, загорнутыя, назваў — не прачытаць.

— На марозе, ды з ветрыкам, заснеш толькі так, — Лёшка Лайзан бярэ першую бітку. — Летась на Вынгапуры рэлейную вышку ставілі. Ну выпілі, вядома, каб сувязь добрай была. Мароз таксама за сорак. Выйшаў я папаліць, і тут жа, стоячы, заснуў. Чую, ляпае хтосьці па твары. Спрабую павекі раздзерці, а яны не раздзіраюцца. І галава як здзервянела.

Казанне святар пачаў з таго, што дэпартамент маёмасці хоча адабраць будынак, і прапанаваў памаліцца за «правительство Москвы и департамент имущества».