На адну запалку

паэзія, вершы, беларуская мова

мынямы

І

табе дадзены рукі і вочы і рыбіны вусны
а з моваў сусьветных усе не твае
ты ня маеш магчымасьці на’т мацюгнуцца
калі на душы так пагана і гнюсна
бо банальнага каб тваю маць не стае

толькі прыкра куточкамі рота варушыш
і рукамі шалёна паветра сячэш
я сяджу анямелы напружваю вушы
і ніводнага слова прамовіць ня мушу
гавары-не маўчы-гавары яшчэ

ІІ

усё радзей даводзіцца чуць
галасы
часьцей праглядаю
запісы
у пракруставым прастакутніку
фэйсбучнага чату

дзіўна
дэльфіны для зносін ужываюць эхалякацыю
пацукі размаўляюць на ультрагукавай частаце
а людзі губляюць чалавечую мову
цяпер кандова
прамаўляць словы
— прабач не магу размаўляць
напішы калі ласка пазьней
набірае муж паведамленьне жонцы
што сядзіць у суседнім пакоі

нас часьцей атачаюць машыны
яны робяць каву і гатуюць абед
мыюць посуд і пераць бялізну
ходзяць па крамах

— даруй суседзе
не чакай мяне ўвечары
тут такі форс-мажор
лядоўня не заказала прадукты
і трэба шукаць нумар дастаўкі
тэліць чакаць калі прывязуць заказ
карацей часу бракуе катастрафічна
да сувязі
сьпішамся заўтра


на адну запалку

я напраўду ня думаў нічога падпальваць
проста люблю дым гэтых серных палачак
гэтак будзеш апраўдвацца калі згарыць паўквартала

памятаеш чатырнаццаць гадоў
у суседнім двары на траіх пляшка чарліка
потым шпурляем запалкі ў паветра
а яны як ракеты ўзьлятаюць і падаюць долу
адна за другою покуль пудэлка ня стане парожнім

можна было б параўнаць чалавека з запалкай
але гэта банальна
да прыкладу ты
мог бы стаць някепскім музыкам
табе нават свяціла кансэрваторыя
але кон разьлічыў іначай

цяпер табе трыццаць пяць
ты лысы азызлы й жывеш з бацькамі
працуеш у нейкім ДК і штопятніцы йдзеш у той самы двор
і куляючы шклянку лічыш
першая другая трэцяя чатырнаццатая дваццаць восьмая
і апошняя трыццаць шостая
зьнікае ў прыцемках


дуда

у лесе на ўскраіне горада
зычна грае дуда
вецер нясе
яе голас жывічны
і рукі мае як ліповае лісьце
трапечуць сугучна
ейнаму ўзьнёсламу сьпеву
аблокі спыняюцца ў небе
сонца заходнае сьвеціць ярчэй
пунсовага неба гарыць барада
гарэлка вантробу мяхоў пячэ
грае дуда

дзесьці едуць машыны
кладуць асфальт
забіваюць палі
гудуць самалёты
людзі плятуцца з крамаў
цягнучы торбы торбаў
пятніца субота нядзеля
і зваротна пятніца
штотыдзень адна і тая ж бяда
але грае дуда

чуе Бог
чуе неба
птушкі і дрэвы
трава і вада
як грае дуда


ураджай!

пішаш верш
падбіраючы словы
як сьлівы ў спустошаным садзе
стрэсеныя паненскай рукою восені
кідаючы ў кошык
напітыя ўежныя і прыгожыя
а дзе ж іншыя дзе яны
восамі едзеныя
вусенямі сьвідраваныя
падбрадзілыя
гнілабокія
і які
ураджай будзе
у будучым годзе
памятай
найжывешае ў плодзе
костка

дзяды

уночы нехта пагрукаў у вакно
— хто там?
цішыня
— хто там я пытаюся?
няма адказу
адсланіў штору
нікога
паклаўся ў ложак
але заснуць ня змог
хто гэта быў?
я ня ведаю
і ня памятаю
а яны ведаюць
і моўчкі назіраюць за мной


ковенскі хорар

тут балтыйская соль
расчыненая ў волкім булёне паветра
коле ноздры й мігдаліны
разьядае зрэнкі
прыхадням-gudis’ам
якія акупавалі горад
і сноўдаюць тут і там
па бясконцых пагорках
гатэлях гандлёвых цэнтрах
музэях касьцёлах
халодныя сьцены
змрочныя вежы
нібы з пагардай гавораць
вы чужыя
горад вітаўта ніколі ня быў
і ня будзе вашым
žmugas ведае слова Kaunas
žmugas славіць герб Výtis
žmugas кладзецца ў ложак апоўначы
а тымчасам па вуліцах і падворках
ашалела носіцца здань Vytautas'а
апараная кіпнем ковенскага паветра

***

раней з паштовай скрыні выпырхвалі
прастакутныя белыя галубы лістоў
рознакаляровыя калядныя качкі паштовак
цяжкія ад свінца арлы газэтаў

цяпер з-пад прыадчыненага вечка
вывальваюцца павы сьмецьця
пярэстыя сьмярдзючыя каталёгі зьніжак
вокны і дзьверы вокны і дзьверы
рэклямных праспэктаў

капэрты прылятаюць зрэдзьчас
дый тое збольшага афіцыйныя
бяздушныя безаблічныя
фактычна таксама сьмецьце

як штодня не праводзіць чыстку
дык зграя такіх падлаедаў
з часам можа праглынуць
каго заўгодна


як сустракаць новы год

наперад таго
як сустрэць новы год
падрыхтуйся як сьлед
пагаліся
адлучы TV і PC
прыгатуй гарачае
пару салатак
падрыхтуй бутэрброды
гарэлку
нарэзку
сыр
потым сядай у скрыню
і сьпяваючы мантры і модлы
засынай
каб прачнуцца ў наступным стагодзьдзі
і сказаць сабе
добрай раніцы
Лама

галава-прымач

штораніцы мая галава
нагадвае сапсаваны савецкі прымач
адкуль гучыць мільён галасоў
нібы рэпартажы з гарачых кропак
стогны і крыкі параненых
вайна на радыёхвалях
у маёй чарапной каробцы
змагаюцца розум і страх
як восы кружляюць і джгаюць
успаміны грахі
мой прымальны трывач
дакладней прымач мой трывае пакуль
бах!
шэрае рэчыва
ляціць ува ўсе бакі

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

звяжуць рукі за спінаю, і, невядома чаму,
на пытанне імя ты адкажаш: марыся
дадасі, што язэп сышоў яшчэ год таму —
не паверыў, што сын ад святога з’явіўся;
і цябе забяруць на малочна-чырвоным аўто,
бо такую адну пакідаць небяспечна…

на канапе сядзеў японец у акулярах
(не ўпэўнены, што японец,
ніколі не ўмеў адрозніваць
азіятаў) і ў масцы.
дык вось, ён зірнуў на мяне
вачыма Сіро Ісіі,
маўляў, смелы, халера, —
на калідор, без маскі.

я тралейбус
і ты тралейбус
ён навёў на мяне палец
але я шчасьлівы тралейбус
а ты не
бо ня ведаеш што шчасьлівы
а калі й так дык ня ведаеш
што тралейбус
а я ведаю

ты спытала: ці чуў я пра бутан —
адзіную ў свеце краіну,
дзе ёсць міністэрства шчасця