Святы Похер, або Прыпеўкі з часоў каранціну

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

перанос

што рабіць з чорнай дзіркаю часу,
што нядаўна адкрылася?
жыццё перанеслася на
неазначаны тэрмін.

адчуванне горшае за думкі ў галаве смяротніка:
той прынамсі ведае чаго чакаць.

вырашыў зрабіць тое,
чаго даўно не рабіў —
палез па асадку,
адшукаў паперу:
часу ж хапае,
каб напісаць вершык,
нават раман у вершах.

штосьці няўцямна мармыча гадзіннік,
гудзе вентыляцыя,
едуць машыны,
экскаватар капае яміну,
будуецца мост.

сяджу нешта крэмзаю,
сёрбаю з рыльца бяздоннае пляшкі,
пазіраю на чорную дзірку часу ў вакне.

18.03.2020

з часоў каранціну

аднойчы я сядзеў у кабінеце
і ледзь не пляваў у столь
людзей было менш, чым пасля НГ.
я ўстаў і прайшоўся ад сцяны да сцяны,
потым вызірнуў за дзверы.
на канапе сядзеў японец у акулярах
(не ўпэўнены, што японец,
ніколі не ўмеў адрозніваць
азіятаў) і ў масцы.
дык вось, ён зірнуў на мяне
вачыма Сіро Ісіі,
маўляў, смелы, халера, —
на калідор, без маскі.
я зачыніў дзверы
і скалануўся,
нібы бервяно,
над якім ставяць чарговы дослед
супрацоўнікі атраду 731.

18.03.2020

***

ці знаў хто з вас, браткі,
самага народнага беларускага святога
з грэцкімі каранямі?
яго завуць Святы Похер,
скарочана — Ай Похер.
ён ратуе беларусаў
у самых непрадказальных
сітуацыях,
варта толькі выгукнуць:
— Ай Похер.
і ўсё становіцца на свае месцы.
— хутка цэны наверх папаўзуць!
— Ай Похер!...
— у Беларусі выявілі каронавірус!!
— Ай Похер!...
— у крамах бракуе прадуктаў
— Ай Похер!...
— заробак не плацяць паўгода!
— Ай Похер!...
святы, якому не ставяць храмаў,
не ўзносяць модлы,
сапраўдны народны
Святы Похер.

20.03.2020

COVID19

вясна маладая імператрыца
шыбуе па вулцы
у зыркай кароне
і ад яе ня ўкрыцца
гэты агонь засціць вочы
ад яго займае дых
а паненка рагоча
і скідвае парчовую мантыю
агаляючы татуіроўку
COVID19

25.03.2020

***

галоўнае не звар’яцець,
галоўнае — не звар’яцець.
— галоўнае — не звар’яцець!
Паўтараў ён, нібы замову
што́ можа быць страшней за смерць?
што, можа быць страшней за смерць?
што можа быць, страшней за смерць...
што можа быць?!
а на дварэ пагода
вясна сёлета цёплая...
а налета?
што будзе налета?
лепей не думаць,
лепей дома сядзець.
не хадзіць на канцэрты,
у спартзал, паліклініку, краму
на працу, у адпачынак...
о, адпачынак,
так, узяць адпачынак — і!..
не, нікуды не ехаць,
не плысці і не ляцець,
вар’яцець, вар’яцець, вар’яцець...

17.03.2020

Прыпеўкі з часоў каранціну

*
Буржуй, ты не прыжджэш антракту!
Ратунак наш — гарэлка, лазня, трактар!

*
Ляцім у саўну, як у вырай —
Не страшны нам каронавірус!

*
Гэй, бацька, не баішся абдрыстацца,
Калі падхопіш COVID19?

*
Не выбухне ніколі наш рэактар —
Глыні з бутэлькі — і гайда на трактар!

*
Народ падзе ад пошасці й знямогі,
Але сустрэне свята Перамогі!

*
Хоць высадзі ты ў кожнай краме дзверы —
Усім не стане туалетнае паперы!

*
Сядай на трактар, гэй, паехалі ў мястэчка,
Там, кажуць, у цане сягоння грэчка!

30.03.2020

стан рэчаў

я клаў на камуніста беларусі
літаратуру і мастацтва ў шапіку
газетным

засцярога

яны кахаліся ў ардынатарскай на канапе,
калі аддзяленне гуло ад храпу.
кахаліся ў апусцелай палаце,
на дабітай савецкай тахце ў інтэрнаце;
у начной электрычцы на мулкай лаўцы,
у гаражы і бацькоўскай хаце;
у прылазніку, ў садзе, ў аўсе і ў жыце,
у зліву пад дрэвам і на’т на іспыце.
і ўвесь час яна папярэджвала: «калі ласка,
засцерагайся. ніякага сексу без маскі!»

пра бабулю

спачатку яно трымцела
пасля наструнілася
і пачало выгінацца
ўва сне бабульчына цела.
заварушыліся вусны,
сталі шаптаць ашалела:
«ОООООООЙ! Як хораша!
Яшчэ, давай, яшчэ, яшчэ!
Ну яшчэ трошкі...»
потым пальцы пайшлі вандраваць
па міжножжы...
старая жыла сама
без дзяцей,
без вачэй,
без вушэй.
адно сацыяльная работніца
наведвала яе час ад часу.
і аднойчы, пачуўшы з пакою
дзіўныя гукі,
задумалася: «Жывая...»

25.03.2020

***

Бабуля ляжыць на ложку
І матляе нагой.
А калісьці яна казала ўнукам
Не матляйце нагамі — не гушкайце чорцікаў.
Бабуля паўдня спіць
Паўдня гушкае чорцікаў

бабуля калькулятар

усё жыццё
калі мераць меркаю дантавай
бабуля прарабіла бухгалтарам-калькулятарам
і ў другім жыцці не думае спыняцца
штодзённа займаецца калькуляцыяй

бабуля ўжо многа гадоў нічога не бачыць
але штомесяц 17-га чысла
яна доўга стаіць ля вакна круціць
у руках купюры якія прынесла паштарка
бабуля лічыць
доўга абмацваючы кожную паперку
практыкуецца каб бачыць рукамі
на дзявятым дзясятку
бабуля лічыць
колькі дзён ёй адпушчана
гаворыць што надакучыла
бабуля лічыць
кожную больку і сутаргу
але ненавідзіць таблеткі
бабуля лічыць
кожны крок па кватэры
але за кожным разам ступае
як мага асцярожней
каб крый божа не згубіць шлях

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Хай бясспрэчна, што Грант — крэатыву гарант,
не суцішыцца ўнутраны троль.
Ты прабач, Паліглот, што твой сын — ідыёт:
за метал яму ўмерці дазволь!

Асцярожна жыві, кожны дзень як іспыт ці экзамен,
Каляровыя пазлы жыццёвай запечанай смальты
Раздае табе доля, нібы прадавачка ў краме,
А ўзамен патрабуе штодзённага зграбнага сальта.

на задні двор грузавік падвозіць
мёртвую флору і фаўну
кіроўца апусьціўшы акенца
страляе недапалкам у патыліцу ночы

прапаную вам паставіць падабайку на месцы нашай сустрэчы бо тут у хуткім часе з’явіцца аўтазапраўка і будзе позна