Рэвалюцыйныя хокку

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

Гэты дзень і наступная ноч

1.

Сёньня я ішоў на Вацлаўскую плошчу
ў белым капелюшы й цёмна-сіняй вышыванцы
колерах маёй улюбёнай нацыянальнай зборнай ЗША па хакеі
з гітарай у футарале замест клюшкі

2.

Прага сёньня гэта такое невялікае беларускае мястэчка
з насельніцтвам каля тысячы чалавек
выбары адбыліся мэрам абралі Ціханоўскую
яна набрала крышку менш за 97 адсоткаў
вакол цэнтральнай плошчы езьдзілі машыны й сыгналілі ад радасьці
мы пашумелі пасьпявалі й пайшлі на піва

3.

Там мы глядзелі й слухалі па мабільных тэлефонах
так званы раят-порн зь вялікага горада
які нам здавалася павінен знаходзіцца недзе побач
самае большае кілямэтрах у пяці
мы шкадавалі пратэстоўцаў і спачувалі ім
некаторыя разбаўлялі сьлязамі піва
нават яшчэ да таго як прыйшлі паведамленьні пра ахвяры

4.

Тым ня менш і надалей панавала атмасфэра карнавальнай ночы
гэтак напэўна сьвяткуюць новы год у краінах гарачай паўднёвай паўкулі
дзе-небудзь у Лацінскай Амэрыцы
выпускаюць на вуліцы столькі ж паліцыянтаў у шлемах
паляць сьвечкі
да таго ж я пазнаёміўся з красуняй негрыцянкай
усё гэта здавалася нерэальным
як у клясыкаў магічнага рэалізму
якім дыктатуры таксама не давалі спакою

5.

А раніцай мы ўведалі што ахвяр як бы й не было
толькі ў нас ад хваляваньня пайшла кроў носам
і што ўсім насамрэч на адлегласьці кіравалі мы самі
па тэлефоне
і мы ж пастаўлялі карнікам сьветлашумавыя гранаты
Дзякуючы іх зьмесьціву й фэерычнаму грукату
мы і насамрэч былі фізычна прысутныя ў тую ноч
у вялікім суседнім горадзе
хоць самі пра гэта і не здагадваліся

6.

Толькі пасьля абеду другога дня неба ўжо ня вытрымала
і выбухнула навальніцай
гэткім міражом учорашняй ночы
з грукатам грымотаў і ліўневымі вадамётамі
а тым часам у суседні вялікі горад
абыходнымі шляхамі дварамі
вярталася папярэдняя ноч

9.-11.08.

***

Рэвалюцыя гэта мастацтва
Гайнэ перад амбасадай
Празрыстая тыбэцкая урна
Адкрыцьцё выставы ў Рудальфінуме
Кузьміч на праспэкце
Раніцай крывя з носу
Час у кватэры спыніўся
Сьвечкі за Бэйрут
Чакана-нечаканыя сустрэчы ў цэнтры
Узяцьце Нацыянальнай бібліятэкі адным чалавекам
Чайны рытуал у кітайскім стылі
Найшчадрэйшая ў жыцьці міласьціна кульгаваму бяздомнаму
Мазалі на нагах і на пальцах рук
Падбітае вока бацькі
Маці ў белым у ланцугу салідарнасьці
Сонца апускаецца марцыпанавай вішанкай у ружовае жэле
Доктар Зло адлятае ў бел-чырвона-белай ракеце Пэтржынскай вежы
Й забірае з сабою дваццаць шэсьць гадоў жыцьця
Раптоўнае адчуваньне восені
Гэтак мелюць жаронцы Дао памалу але няўхільна
Гэтак і мы прыйшлі ў гэты сьвет
Гэтак і мы зь яго сыдзем

14.-16.08.

Battle of Britain

А. В. Івачову

І сапраўды Аляксандр Віктаравіч
ідзе Вайна Народная
для беларусаў айчынная
тады як для мяне гэткая ня менш айчынная Battle of Britain
недзе высока па-над морам

Вы там на паветранай перадавой
твар у твар з фашыстоўскай навалай
змагаецеся гінеце трапляеце ў палон да гестапа

а да нас сюды даносяцца толькі водгукі выбухаў і матораў
мы тут у глыбокім тыле толькі адсочваем варожыя эскадрыльлі
вылічваем шпіёнаў
зьбіраем ахвяраваньні
дэшыфруем Энігмы
пішам улёткі
прымаем параненых
вядзем перамовы з хаўрусьнікамі
муштруем навабранцаў
адліваем кулі

самі схаваныя ў бамбасховішчах
хаця і там нас часам бамбіць няхіла
і тады мы ходзім усё гэта абмяркоўваць у пабы
тушачы півам унутраныя пажары

у кожным разе ніхто з нас ніводны брытанец
не стаіць убаку
апроч здрайцаў

а калі мы крыху падпіваем
то ціха падпяваем Вам нашым героям
God Save The Queen
from the fascist regime

18.-20.08.

***

Прыдуманая мною Беларусь гэта Шэрлак Холмс
якога сам аўтар кінуў у Райхенбахскі вадаспад
але вымушаны быў па шматлікіх просьбах публікі
ўваскрасіць
як напісаў у аднайменным вершы Борхэс
гэта значыць уваскрасіць па просьбах Ягонай Вялікасьці
Народа

18.-20.08.

***

Зямля без радзімы проста плянэта
дзіцячы дом з выгодамі але не бацькоўскі

жыцьцё без радзімы і яе людзей проста жыцьцё
мо і ня горшае але дакладна ня лепшае

мова бяз слова «радзіма» пазбаўляецца пафасу
але траціць сваю чарадзейную міфатворчую здольнасьць

компас бяз полюсаў прыцягненьня ня компас
і нікому не пакажа дарогі

гэта кажу вам я
эмігрант і касмапаліт

14.09.

***

Марыне Г.

Дзень няўклюдна пералазіць паркан гістарычных шпіляў

каб папрасіць прытулку ў лепшых мясьцінах

тым часам на далёкім усходзе

дачку сябра трымаюць чацьвёрты дзень у камэры

за тое што яна ня хоча прызнаваць ягонай рацыі

наагул рацыі ніякіх ужо бацькоў ці бацькаў

а за гэта ў нашых краях па традыцыі пагражае крымінальная адказнасьць

бо сапраўды што будуць рабіць усе гэтыя няшчасныя самазваныя каралі ліры

калі іхныя дочкі пашлюць іх у сраку

на каго будуць замахвацца гумавымі дубцамі тамамі заканадаўчых актаў

прымушаць да звычайнага жаночага шчасьця

патрыярхат у крызісе па абодва бакі акіяну

кароль голы і ўсім відаць што гэта не каралева

бедная мая трубадурачка

пацярпі бачыш яны ўжо выміраюць

27.09.

Рэвалюцыйныя хокку

465.

У гэтыя дні
аблочны чай набыў смак
белага віна

466.

Прыліў і адліў
людзкіх хваль адчувае
далёкі Месяц

470.

Паэт у краіне —
канарэйка ў шахце,
бязьмен свабоды

478.

Гуляў у баскет —
сінь пляцоўкі, сінь неба —
згадаў Юрася

493.

Трэція ўгодкі
саторы: цэлы дзень пра-
маніфэставаў

509.

Змагаюся ўсьцяж
з транспарантам, нібыта
зь ветразем матрос

510.

Дэмакратыю
баронім удвух: я і
цюцька-беларус

511.

Кладуся спаць каб
заўтра мог ненавідзець
з новаю сілай

512.

Рэвалюцыя:
перамогі чакае
нямыты посуд

513.

Хтось штурмуе Менск
Я — нацыянальную
бібліятэку

514.

Без інтэрнэту:
на паўдня адчуй сябе
на бацькаўшчыне

515.

«Жыве Беларусь!»,
голуб за маім вакном
пачынае дзень

516.

Тыдзень не кахаў
нікога бо занадта
радзіму любіў

518.

«...сто дваццаць вязьняў
дворык пяць на шэсьць мэтраў...»
У чайнай людна

519.

Замест карніка
толькі што ледзь не адгроб
пізьдзючы алкаш

520.

Пражыў у Празе
дваццаць гадоў без вайны:
удзячны цуду

521.

Навучы мяне
баскетболу й адвазе,
Аляксандар Куль

522.

Ня даць павуку
зноў загінуць пад душам:
досыць ахвяраў

538.

Рэвалюцыя:
нажы затупіліся —
месяц бяз сушы

542.

Бачу што Будда
нядаўна куплены мной —
з тварам Латушкі

545.

Сава ў няволі
ўвасабляе ўсіх соваў
Я — беларусаў

546.

Перапісваю
адрасы палітвязьняў:
чыстыя танка

549.

Слова «Беларусь»
цяпер чуваць у пабах
раз на гадзіну

555.

За перамогу
рэвалюцыі даў бы
усіх Гедройцаў

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Волас — медны дрот,
роўна ўкладзены, як у
трансфарматары

Лёс нейкіх папер, пры ўсёй павазе да іх —
зусім ня тое, што мусіць звацца трагедыяй.
Калі лёс рукапісаў успрымаецца як трагедыя —
значыць, яны пісаліся дарма

Так льга нязмушана і спрытна,
бяздумна рыфмаваць далей,
але навошта.

наўпроставая трансьляцыя з Бастыліі
паседжаньне Цэнтральнай Вертухайскай Камісіі
старшынюе камэндантша нежнай крэпасьці
на разагрэве з дакладамі выступаюць прадольныя кожнай зь вежаў
паводле іх тэмпэратура агулам па зоне нармальная
ад зэкаў паступіла столькі і столькі подпісаў
за вылучэньне такіх і такіх аўтарытэтаў на пасаду сматрашчага