Сутра вясновага абвастрэньня

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

*

Дні спакою
што адрозьніваюцца
толькі вынікамі
хакейных матчаў

Цішыня:
шум мора?
кампутара?
далёкай магістралі?

Час ад часу толькі
пстрыкае пальцамі
гадзіньнік

*

Месяц зімовай раніцы
як пазногцік дачушкі

На пустой дзіцячай пляцоўцы
вецер гушкаецца на арэлях

*

Хутка Каляды:
мігатлівыя ашыйнікі ўжо ня толькі на сабаках,
але й на дрэвах.

Трамваі прыкідваюцца турыстамі,
асьвятляючы полыскамі старыя будынкі.

Прайсьціся ў цэнтры гораду
пры канцы году
па чорнай сырой зямлі —
як зазірнуць у раньнюю вясну.

Змацаваць яшчэ адной ніткай
сфастрыгаваныя мастамі паловы места.

Натрапіць на антыфашысцкую дэманстрацыю
з бубнамі, паліцыяй, тэлевізіяй,
і схавацца ад сораму за сябе ў падземны супэрмаркет.

Набыць падарункаў,
зноў выйсьці на паверхню
й не знайсьці
ні паліцыі, ні тэлевізіі,
ні антыфашыстаў.

Толькі ў паветры
засяроджанае маўчаньне
гісторыі.

*

Буйны
як даўно не выціраны пыл
знадворку падае сьнег
У доме насустрач яму
прыцягненае вышынёй
падымаецца полымя сьвечак
на Буддавым алтары

*

Канец зімы! Дамы насьпех
глынаюць сонца нашча,
і cьліна капае са стрэх,
нібы з сабачых пашчаў.

Ад мокрых вуліцаў сьвятло
ярчэйшае, чым летам.
Зімы — нібыта не было...
Мо, і ня будзе? Дзе там...

Чытаньне ў чаёўні

Туды

На пэўнай адлегласьці ад дома
сьвядомасьць заўжды пераключаецца
на іншы рэжым: болей дэмакратычны

Тым часам сабаку на шворцы
наадварот
свабода напэўна здаецца большай
побач з гаспадаром

Прагна ўдыхаю пахі вуліцы,
нібы не адчуваў іх сто гадоў:
водар з адкрытага вакна пральні
смурод алькаголю

Марыхуаны ў паветры
яўна болей, чым кіслароду

Як мошкі над кошыкам гнілой садавіны —
у сьвятле пражэктараў
чайкі над нацыянальным тэатрам

Назад

Сьвяточныя аздобы
робяць усе вітрыны
аднолькава нецікавымі

Дагэтуль яны былі нецікавыя
па-рознаму

На памятным месцы
шкляныя падсьвечнікі бязь сьвечак
стаяць нібы пустыя бутэлькі
пасьля рытуальнай папойкі
футбольных фанатаў

*

Жанчына на ходніку ўвечары
за два дні да новага году
на мыліцах, мая аднагодка
ахайна апранутая
гаворыць павольна, зьлёгку заікаючыся:
«Ня ведаеце, дзе тут танны гостэл?
Я не тутэйшая, з Жыжкава
рэчы пакінула ў гатэлі ў Міхлях
але сёньня ў іх там няма месцаў
бачыце я інвалід зь дзяцінства
цяпер вось сышла з дому
ад выхавацелькі
пасьля сьмерці бацькоў
яе прызначылі маёй апякункай
атрымлівае на мяне дапамогу
я сама жыву з пэнсіі
восем тысяч на месяц
вы ж разумееце
гэта менш за мінімальны заробак
але да яе не вярнуся
мне яна не патрэбная
я ёй верыла дурніца
а цяпер мая кватэра належыць ёй
ня ведаю што цяпер рабіць
Ня ведаеце, дзе тут танны гостэл?»

Я ня ведаю, дзе тут танны гостэл
гэта цэнтар гораду тут няма танных гостэлаў
ня ведаю што ёй цяпер рабіць
ня ведаю што мне зь ёю рабіць
ужо цёмна
яна заходзіць у рэстарацыю ў прыбіральню
я пазіраю нейкі час ёй наўздагон
потым паварочваюся і іду дахаты
да дачкі і жонкі
дарогу мне перабягае маленькая мышка
з разгону плюхаецца з ходніку ў лужыну
я нахіляюся каб дапамагчы ёй вылезьці
але яна сама выскоквае й кідаецца ад мяне на ўцёкі

Новы год

Узрушаныя як падчас акупацыі
ўсе раптам вывалілі на вуліцы
і ходзяць туды-сюды ня цямячы
дзе танкі? хаця стрэлы нібыта ўжо чуюцца

А-а —
гэта ў кагосьці яшчэ да дванаццатай
здарылася заўчасная фэервэркавая эякуляцыя
ці мо палюцыя

На Карлавым мосьце адны кітайцы і
гучыць адна расейская мова

Плямы на ходніку: блявота?
Ранавата...
Няўжо сьнег?

Роўна а дванаццатай
пад гукі фэервэрку
і гадзіньніку ў тэлевізары
аднекуль чуецца жаночы крык:
«Ратуйце!»
Падае мэбля
страсаюцца сьцены

Я выбягаю на лесьвіцу
мітушуся то ўгару то ўніз
не разумеючы каго ратаваць
неўзабаве выяўляецца
што паверхам вышэй
у кватэры што здаецца турыстам
нейкая каза гадоў дваццаці
зь невядомай краіны
лямантуе
не «Ратуйце!», а
нешта накшталт

«Ну і хуй зь ім!
Хуй зь ім, з Новым годам!
Які ты мне сапсаваў, скаціна!
(гэта ейнаму хлопцу,
таксама яшчэ сысунку,
што нэрвова курыць на лесьвіцы
толькі без цыгарэты
бо курыць на лесьвіцы нельга)
Скаціна!
Сапсаваў мне Новы год!
Я яго можна сказаць цэлы год чакала!
А ён! Ненавіджу! Аааа!» —
і хуяк крэслам аб падлогу

Я пагаджаюся зь дзяўчынай:
сапраўды, хуй зь ім, з Новым годам,
і па шчырасьці зайздрошчу ейнаму хлопцу:
гэта ж трэба ўмець
настолькі камусьці сапсаваць Новы год
што гэты хтосьці гатовы ледзьве не выскачыць з вакна
папярэдне расхуярыўшы ў чужой хаце нятанную турыстычную мэблю!

Хаця я ўжо здагадваюся як ён гэта зрабіў:
у яго таксама здарылася заўчасная эякуляцыя
ён на радасьцях паблытаў свой чэлес з бутэлькай шампанскага
і роўна а дванаццатай
кончыў проста ў салат
ягоныя спэрматазоіды выскачылі зь яго ў 2017-м
а прызямліліся ўжо ў 2018-м
Ну што ж, тады: з Новым годам!
І галоўнае — смачна есьці!

Кастрычніцкай рэвалюцыі ІІ

Новы часопіс, пах фарбы... рамонту
на Кавалёўцы, «зара» дзевяностых...
З вокнаў відаць, як у стане дрымотным
Мухавец ледзь выпаўзае з-пад моста.

Сэнс пераезду мы потым ацэнім:
тут будуць мюзіклы, тут будуць драмы!
Не прадчуваем пакуль ні хера мы.
Хто мы такія? Рабочыя сцэны.

Хто б нам сказаў, што гадочкаў праз дваццаць
з нас пяцярых тут адзін застанецца —
во дзе з такога маглі б насьмяяцца!
Новы пачатак! Выдатнае месца!

Мары, ідэі! Ажно ідэалы!
Жыць для каханьня, кахаць для краіны!
Нізкі паэзіі спаць не давалі!
Сёньня ад нас засталіся руіны.

Мы аказаліся ёй без патрэбы,
гэтай краіне — ні ў ёй, ні ў замежжы.
Быць патрыётам РБ, ці Эрэба?
Неяк з узростам другі ўсё бліжэйшы.

Памяці Э. Б.

Дзе б ні йшоў —
міма манашак, што ўзімку
апранаюцца пад мусульманак
міма люстра ў гімнастычнай залі
што з усяе моцы намагаецца не парушаць прапорцый
рэальнасьці, каб ня даць упасьці дзецям,
міма ракі, плынь якой намагаюцца спыніць грудзямі
тысячы кнігавак, адзіных намесьніц сьнегу —
паўсюль трапляю ў твае сьляды,
сам ня ведаючы пра гэта.
(«Мы жывем у Празе — гэта там
дзе аднойчы зьявіцца бог сам».)
У маім пляцаку твая кніга,
якой ужо палова стагодзьдзя
і якая ўжо на дзесяць гадоў перажыла цябе,
і з маім сябрам-тэрапэўтам
(«Няхай мяне не разумеюць псыхіятры,
я п’ю, каб зьнішчыць жах, а не каб іх разьятрыць»)
мы цытуем адзін аднаму твае вершы
(я — «Эпітафію»:
«Насраць на сьмерць, жыцьцёвы вынік —
тут пахаваны Фішэр, Збынек»)
і рагочам.
Ці гэта тое, што называецца неўміручасьцю — ісьці
наперадзе кагосьці, як гімалайскі шэрпа,
і, магчыма, яшчэ пры жыцьці чуць далёка ўнізе
ягонае зайздроснае перарывістае дыханьне?

Гішпанскі

Доўгія сукенкі танцоўшчыц флямэнка
ўтрапёна замятаюць рэчку перад шлюзам
за якім чакае параплаў
як бык у загоне чакае карыды
З параплаву выскоквае мой знаёмы
гішпанскі саксафаніст
гэтак жа як выскоквалі з трамваяў у 20-х гадах
махае мне рукой
і кіруецца дадому

*

Галоўны чыгуначны вакзал у Празе
нягледзячы на ўсе рэканструкцыі
і праз дваццаць гадоў выглядае ўвесну
дакладна гэтак сама як тады
калі я ўбачыў яго ўпершыню:
як сынонім свабоды

О, сябры мае,
бяздомныя алькаголікі
нявыспаныя панкі
цёмнаскурыя наркаманы
дробныя злодзеі
жабракі й прастытуты абодвух палоў
вы нікуды не падзеліся
і зусім не зьмяніліся
вас толькі абражае ідыёцкі кніжны супэрмаркет
што стаіць цяпер там, дзе раней погляд не сустракаў перашкод
і бачыў вакзал наскрозь:
як плошчу вашай свабоды

Убачыўшы маё прыстойнае паліто
купленае зь літаратурнай прэміі
вы ня можаце зразумець
куды я ўласна тады падзеўся
дзе быў увесь гэты час
чым займаюся
і наагул чаму я не адзін з вас
якім хацеў быў дваццаць гадоў таму —
выбачайце, я і сам гэтага не разумею
таму не магу вам патлумачыць
магу толькі паспрабаваць ад вас адкупіцца
драбязой, вінаватай усьмешкай і гэтым вершам

Мастак

Тому Кнапу

Дваццацігадовы, хударлявы, амаль кволы, абы-як апрануты,
з хваравіта зіхоткімі вачыма, нястрыжанымі валасамі
і інстынктыўным адчуваньнем уласнага таленту,
захмялеўшы ад піва, з запалам апавядае пра свае вынаходкі.

Раптоўна я ўсьведамляю, што быў у ягоным веку
акурат такі самы, таксама ўцякаў ад нуднае рэчаіснасьці,
хіба што не ў прыдуманыя ім і аднекуль знаёмыя мне пакоі,
і не ўва ўласную майстэрню, а празь мяжу,

і гэтак жа апавядаў пра сябе з наіўнай шчырай усьмешкай,
толькі ня чэскім сюррэлістам, як ён, а чэскім паліцыянтам,
і не пра какетлівыя жахі свайго ўяўленьня, а пра вар’яцтвы сваёй краіны,
і паліцыянты, як і сюррэалісты, ня верылі мне праз маю маладосьць.

*

Сьнег цяпер значыць толькі пачатак зімы і канец —
сьнег, зімовае сонца, што нам прасьвяціла дзяцінства,
пакідае сапраўднаму сонцу адказнасьць зіхцець.
Тым ня менш, мы сьпяшаемся зноў да яго прычасьціцца,

хоць між першым прышэсьцем яго і прышэсьцем другім
за пахмурныя тысячагодзьдзі мы страцілі веру,
але сёньня — пяем яму гімн, бо чакае за ім
толькі радасьць, адліга, цяпло і бязьмежжа плэнэру.

*
Я. Шванкмаеру

У першы цёплы дзень
дрылем зрабіць сьцяне
прышчэпку ад пустэчы

Нацягваць на сьпіне гравюры цеціву
зноў і зноў
укладаючы туды тую самую стралу-шрубок
мэціць ува ўласнае вока
нарэшце трапіць

толькі тады
сесьці
і дзевяць хвілін глядзець у сьценку
чакаючы землятрусу

Потым устаць і напісаць верш
тым самым алоўкам якім
рабіў на сьцяне пазнакі
падчас вымярэньня

*
Паўлу К., на 100 г. БНР

Лекар, настаўнік, сьвятар...
І ўсё-ткі самая чалавечая прафэсія —
гісторык
бо толькі чалавек так шануе мёртвых
што захоўвае памяць пра іхнае непрацяглае існаваньне
тысячагодзьдзямі

Нас вучылі Гісторыі паводле мапаў —
ейных аўтапартрэтаў выкананых крывёю —
дакладней паводле іхных рэпрадукцый у падручніку
па выжываньні ў зямным ляндшафце

але ўвесь час забываліся нагадаць
што пад газэтнай абгорткай
пад пластом засохлае геральдычнай чырвані
пад урадлівай — ці неўрадлівай — глебай
схаваны сапраўдны шэдэўр
наш адзіны скарб —
белы грунт нязгаснае сьветліні
чалавечых жыцьцяў

*

Жыцьцё — там дзе цёпла
цёмна і мокра
як у гэты дажджлівы красавіцкі дзень
калі выходзіш адкрываць вусьці
вядомых вуліц
На працягу года
трава і лісьце больш ня будуць такія
па-ірляндзку зялёныя як сёньня
на фоне неба колеру майго ўлюбёнага
ў дзяцінстве флямастэра —
шэрага

Ноч вядзьмарак

Магчыма, гэта старасьць,
калі цягне ў квартал шпіталяў,
навукі і сьмерці,
зь зялёнымі крыжыкамі фармацый
замест шыльдаў шынкоў.

Шыбы сьлязяцца
ад ветру й вечаровага сонца.

Яшчэ пяць гадоў таму
такі вечар пасярэдзіне горада
здаўся б мне сынонімам шчасьця
і я абавязкова б яго адзначыў.

Сёньня я іду на дзявочыя вячоркі
сьпяваць сутры падобныя да калыханак
або расейскіх рэвалюцыйных песень.

Падчас мэдытацыі чуваць усё навокал:
гаротныя ўздыхі машын,
расейскую — зноў жа — лаянку,
акорды піяніна пад рукою дзіцяці,
шоргат пяску пад сабачаю лапкай,
ляскат лесьвіцы пад дзюбамі дзятлаў-абцасаў.

Пакуль мэдытуеш, гледзячы ў твар сьмерці,
вершы пішуцца самі.

Урэшце, дзэн-чарадзейка
грукае драўляным веерам па падлозе
як хакейны брамнік, адлічваючы апошнія сэкунды
гульні ў бальшыні.

Вядзьмаркі разьлятаюцца, я сыходжу пешкі.
Мне трэба напісаць гэты верш.
На шчасьце, тут за рогам — нечакана блізка —
кавярня паэтаў.

Выглядае, што сёньня ўвечары
я тут адзіны паэт —
як заўсёды.

Сутра вясновага абвастрэньня

1.

Я заўсёды мэдытаваў —

асабліва плённа апошнія дзевяць гадоў, як Бадхідхарма
толькі не перад мурам а перад люстрам
з келіхам віна й цыгарэтай
захапляўся сабою, уласным лёсам і геніем
часьцей за ўсё ў вершаванай форме

Цяпер я мэдытую зь імбрыкам японскай гарбаты
і захапляюся Буддам, ягоным лёсам і геніем
адмовіўшыся ад віна, цыгарэт і вершаванай формы

Самы найлепшы паэт не здаецца мне вартым нападабненьня

Карціны на сьценах кавярні зьмяняюцца з хуткасьцю
краявідаў у прастакутных вокнах вагону
а я пралятаю міма іх не падымаючы сракі
з крэсла ля свайго ўлюбёнага століка

Зьмяняюцца толькі наркатычныя рэчывы
й летазьлічэньне
рытуал застаецца той самы

2.

Чаёўні ў гэтым горадзе
не зьмяніліся зь дзевяностых
я не любіў іх тады й не люблю цяпер
іхных укураных тынэйджэраў
зь вечнымі таямнічымі ўсьмешкамі ідыётаў
іхны нібыта містычны паўзмрок
у якім не відаць літар
іхны нібыта ўсходні
гэта значыць залішне ўсходні інтэр’ер
іхныя залішне мяккія падушкі
залішне гарачую ваду для матэ
апроч якога я тады нічога ня піў
і якога яны так і не навучыліся гатаваць
ані вымаўляць
іхны саладжавы мыльны пах
гэтую крыкастую афтальмалягічную шыльду
якую ні з чым ня зблытаць

Схаваныя ў сутарэньнях
яны нагадваюць гэткія інтэлектуальныя бардэлі
для сарамлівых ананістаў духу
а я заўжды быў хутчэй бессаромны
ці прынамсі заўжды пра сябе так думаў
таму і сёньня я аддаю перавагу
звычайным кавярням і барам
дзе мне прасьцей сустрэць братоў і сясьцёр па духу
у самых розных ступенях цьвярозасьці

3.

На вуліцах — чэргі па марозіва
нібы па квіткі на модны заежджы гурт
з тупаватаю назвай «Лета»
або па хлеб напярэдадні рэвалюцыі
На сонцы зьзяюць вузкія лякіраваныя чаравікі
аўтамабіляў мінуўшчыны
дзе кожны турыст можа адчуць сябе Папялушкай
Дзеці, загнаныя ў клеткі,
нагадваюць глядыятараў на арэне
пад наглядам строгіх судзьдзяў, мамаў і татаў,
і любым коштам імкнуцца выжыць

А ў рэшце сьвету тым часам праблемы
ракеты падаюць і нахабна не выбухаюць
штучны інтэлект наступае на пяткі няштучнаму
Маркс сьвяткуе 200-я народзіны
столькі ўсяго дзеецца на паверхні плянэты
падпарадкаванай і акупаванай чалавецтвам
фэйсбук покаецца па швах ад жарсьцяў

Паліцэйскі шрубалёт у небе
прымушае ўсіх нас пачаргова
задзіраць галовы
з прафэсійнасьцю лялькавода

4.

Дастаткова павярнуць мапу горада іншым бокам —
і цэнтар застаецца ўбаку, трапляеш
у ціхі квартал ёгаў, факіраў, даосаў,
дзе кветкі на дрэвах — вымачаныя ў чырвоным віне белыя сурвэткі,
дзе ўсё побач, раддом стаіць насупраць дурдома,
дзе яшчэ пяць гадоў таму жыў мой добры сябар.

Падчас мэдытацыі ціха, толькі нашыя целы
патрэскваюць, бы сьвечкі, і калі як сьлед услухацца, можна
пачуць у цішыні водгук шуму нядаўняга дажджу.

5.

Часам вяртаесься ўва ўспамін
пажадана дзіцячы
нібыта ў нядаўна прысьнёны сон
і пачынаеш «сьніць» яго зноў з таго месца
дзе калісьці скончыў
дзе рэальнасьці ўжо не хапіла ўяўленьня
заглыбляесься зноў у дэталі
пазнаеш у сабе тыя ж самыя пачуцьці й страхі
зьвязаныя з архетыпальнымі водарамі й смакамі
напрыклад з пахам цыгарэт у бабулінай купальні
ці смакам мокрага ад баршчу хлеба ў дзіцячым садку
дзівісься бясконцасьці
магчымых камбінацый шэрых клетак
і іхнай здольнасьці дурыць мільярды галоваў
усё новымі (забытымі старымі) казкамі
якія здаюцца табе зь векам усё прыгажэйшымі
асабліва між чацьвёртай і пятай гадзінамі дня

6.

Новая адзінка вымярэньня часу:
ад галеньня да галеньня
(адпавядае прыблізна тыдню)

Навошта лічыць яшчэ й дні?
Навошта сачыць за сонцам неадчэпна,
нібы турэмшчыкі за вязьнем?
Адчапіцеся вы ўжо ад яго, сьляпні.

Нездарма цывілізацыі з дакладным календаром
практыкавалі й практыкуюць чалавечыя ахвяры

Увечары над галавою лунае Месяц —
найлепшы храномэтар
на сотні тысячаў кілямэтраў навокал

Час, гэты фэтыш заходняй цывілізацыі
ў якой усё ўлічана да найменшай долі сэкунды
гэты найвялікшы ў сьвеце сымулякр
такі ж эфэмэрны як грошы —

як літара альбо слова, ён азначае
роўна столькі, колькі мы хочам, каб ён азначаў
Ён «страшны» роўна настолькі,
наколькі мы яго баімся

Вечнасьць, як і свабода —
гэта толькі адчуваньне,
па-за адчуваньнем (думкаю Будды)
няма ні вечнасьці, ні свабоды,
або яшчэ лепей:
каб спазнаць свабоду і вечнасьць,
іх трэба ўмець адчуць

7.

Сёньня поўня
я рады ёй, як у дзяцінстве —
вялікаму німбу Будды:
настолькі, што і яе таксама
мне хочацца намаляваць
і расфарбаваць жоўтым.

Што рабіць самотнаму ў такі дзень,
каб ён застаўся сьвяточным?
Чытаць Гегеля й Догэна,
гатаваць ежу,
думаць пра любімых жанчын.

8.

Пакуль я ўсё гэта пісаў, у склепе
вада з прарванай трубы падмыла падмуркі
ня столькі дома, колькі мяне самога,
і цяпер вільгаць памалу зьядае мае архівы,
што столькі гадоў спакойна праляжалі на вёсцы:
юначыя вершы, любоўныя лісты, нататнікі, дзёньнікі падарожжаў,
нядзейныя дакумэнты, старыя фатаздымкі, непатрэбныя сувэніры,
а таксама рэшту выданьня маёй паэтычнай кніжкі —

карацей, як сказаў кагадзе мой сябар,
«і ў нашым лесе пачалі высякаць дрэвы»;
маё дасье пачалі па частках выдаляць з усясьветнае картатэкі:
часу мала таго, што ён зьнішчыў папярэдняе жыцьцё,
цяпер ён спрабуе зьнішчыць успаміны аб ім.

Усяго два гады таму ў такой сытуёвіне
я, напэўна, звар’яцеў бы ад гора
й шкадаваньня сябе самога,
а таксама параўнаў бы здарэньне
самае меншае з агнявіцай, якая
высадзілася на мыс(к)ах маіх ног,
каб аднойчы памалу падабрацца
да самага сэрца й г. д.

Сёньня я ня толькі нічога не шкадую
(мы жывем так блізка да ракі,
што рана ці позна гэта мусіла здарыцца),
але й не зусім пэўны, хто той чалавек,
якога я нібыта мушу шкадаваць.

Шкадаваць сябе ранейшага?
Яго хутка ўжо год як няма.
Сябе цяперашняга?
Але я ня маю адчуваньня, быццам нешта страціў.
Маю хіба ўсьведамленьне, але не адчуваньне.

Лёс нейкіх папер, пры ўсёй павазе да іх —
зусім ня тое, што мусіць звацца трагедыяй.
Калі лёс рукапісаў успрымаецца як трагедыя —
значыць, яны пісаліся дарма,
і іхны аўтар нічога не зразумеў
ні тады, ні пасьля.

Лёс папер не нагода для жалобы,
у лешым выпадку гэта нагода для верша —
магчыма, для лепшага верша,
які мог бы напісаць нехта іншы;
напрыклад — я сам, ранейшы,
але не напішу:

мне дастаткова гэтага,
як дастаткова
гарбаты бяз цукру
ці супу бяз мяса.

9.

У маладосьці я быў Гамлетам
біўся на шпагах з Лаэртамі
запіваў іхную кроў белым віном
кахаў Афэлек
думаў быць ці ня быць

Сёньня я — невядома хто
б’юся голымі рукамі з самім сабою
запіваю свой пот зялёнай гарбатай
закаханы ў дачушку
і ня думаю ёсьць я ці не

10.

Сьпярша на сьцяне вісела
вялізная гравюра Шванкмаера
тыдні два

Пасьля — нейкі час нічога
Толькі шрубок

Потым яго каб не пуставаў
занялі крыху меншым каляжам
праз адсутнасьць лепшага — уласным

Цяпер на ім вісіць
невялічкая каліграфія,
падараваная аўтаркай,
два японскія ерогліфы:

«пустая»
«рука»

Дао ў мініятуры

11.

Жанчыны ў лёгкіх строях
нібыта зь іншай эпохі

Тры тыдні без супольнае мэдытацыі
з чарадзейкамі
толькі з сваімі дзяўчатамі:
дачкою і жонкай

Цяпер памалу
няўпэўнена
нібы пасьля раненьня
ўваходжу з сваім нізкім голасам
у плынь жаночага сьпеву сутраў
і паступова ў ёй распускаюся

праўдзівы распусьнік

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Павіс лапкамі
дагары павук: кінуў
якар у нябыт

Цёмныя часы Dark Ages
гучыць як назва кампутарнай гульні ці сэрыялу

дзе нехта змарнаваў цэлае жыцьцё на пакрыёмае змаганьне з драконам
а нехта ахвяраваў у гэтым змаганьні жыцьцё адразу
пайшоў ва-банк і прайграў спадзеючыся што выйграюць іншыя

Так льга нязмушана і спрытна,
бяздумна рыфмаваць далей,
але навошта.

Волас — медны дрот,
роўна ўкладзены, як у
трансфарматары