90-я фэрвэл, або 60-я фарэва

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

Зь нізкі «Summer of Love» (2019)

*
Філіжанка
імбрык і тэрмас
бясконца мяняюцца месцамі
на драўлянай дошцы
Эндшпіль аднаго жыцьця

6.06.

*
У адчыненым вакне начны двор
час ад часу мяняе канфігурацыю асьветленых вокнаў
гэтак у калейдаскопе перавальваюцца шкельцы
ці дзіця перавальвае ў роце цукерку

6.06.

Госьць з будучыні

Першыя вершы ў сваім цяперашнім стылі
я нечакана для сябе самога быў напісаў
роўна дваццаць два гады таму ўлетку
падчас паездкі з хорам у Эўропу:
эпічны «Кёльн» у Нямеччыне і лірычны
«Няўклюднай шпуляю старой музычнай скрынкі...»
ў Францыі ў Шовіньі
ў сярэднявечным доме тамтэйшага кюрэ
якога звалі здаецца «пэр Жазэф»
Мы жылі ў яго з нашым піяністам
кюрэ частаваў нас арманьякам з часоў першай сусьветнай
я спаў адзін у шырачэзным дубовым ложку
пры адчыненым вакне
было горача
(адсюль згадка пра «летні вецер»)
на стале ля вакна ляжалі коміксы пра «Лакі Люка» й «Астэрыкса»
і стаяла згаданая музычная скрынка
што грала Моцарта
Гэты верш настолькі нагадвае мой сучасны стыль
што ў мяне нават падазрэньне
ці не надыктаваў мне яго тады хто-небудзь іншы
напрыклад я сам сучасны

6.06.

*
Праз тры тыдні перапынку
на мэдытацыі:
дзяўчынка што за сьценкай развучвае Баха
пасунулася на тры такты наперад

Тым часам некаторыя з нашых сьпеваў
нагадваюць дзіцячыя лічылкі

Сабачыя лапкі на сходнях
як мяцёлкі што ўзьбіваюць
гогаль-могаль майго ўяўленьня

Пустэча прымярае
мае адкладзеныя акуляры

10.06.

*
Разам з вадою ў шлюзе
павольна як труна
апускаецца поўны турыстаў
параплаў
з братэрскай магілы яшчэ нейкі час гучыць
«Дзесяць чэскіх гарадоў
уключаныя ў сьпіс культурнай
спадчыны ЮНЭСКА»
потым настае цішыня
таксама не абы-якая культурная каштоўнасьць

13.06.

Сага Дава

Няпэўная гадзіна сіняга дня
няпэўная пара года
дворык няправільнай геамэтрычнай формы
незразумелая ціша ў цэнтры горада
незразумела якога
і ўрэшце няясна колькі мне гадоў
шэсьць або восем або дваццаць два

рэдзенькая бавоўна аблокаў
зачапілася за невысокі комін

17.06.

Сага Дава ІІ

Няхай найлепшая мантра —
пах сьвежага дрэва, зь якога
зробленыя столікі пад раздрукаваныя сьпевы

Няхай з плыткіх саджанцаў сьвечак
што выплылі ратаваць сьвет
большасьць адразу ж загінула ў ветры

Няхай самыя глыбінныя просьбы
заканчваюцца аднастайна
як зажаваная магнітафонам касэта

Няхай знадворныя цмокі
марна сыгналізуюць каляровымі плаўнікамі
памылку ў пасьлядоўнасьці рытуалу

Але як тым ня менш цудоўна
што пасярод летняй сьпёкі
зь якой большасьць гараджанаў дэзэртавала
ў яшчэ большую паўднёвую сьпёку
нас усё-ткі столькі сышлося
каб пабыць у самоце разам

18.06.

*
Пятнічным вечарам пад адкрытым небам
места ладзіць выставу
сваіх найноўшых генэтычных дасягненьняў

Мяне цікавяць абліччы
незалежна ад макіяжу
ёсьць дзёрзкія няўпэўненыя дурнаватыя
пакутлівыя абыякавыя адухоўленыя
але няма брыдкіх

і ўсё ж праўдзіва
па-чалавечы прыгожыя
толькі нашыя дзяўчаты анархісткі

22.06.

*
Да дэманстрацыі я ня ведаў што чалавечае мора
якое роўнае невялікаму гораду
калі зусім дакладна то майму роднаму гораду
гэтак жа дапамагае ад сьпёкі як і проста мора
у ім нават ня трэба вучыцца плаваць
дастаткова нечакана сустрэць некалькіх знаёмых
што ў сваю чаргу пазнаёмяць цябе з мапай палітычных плыняў
задраць галаву ўбачыць лятак-Іхтыяндра
ісьці па ягоным сьледзе

27.06.

Радыё Двор

нас чуваць у кожным акне
дваццаць чатыры сем
эфэм

Ранішняя праграма
«Радыёпамехі для соняў»:
мілагучная стракатня
птушак касілак адбойных малаткоў дрыляў

Аб адзінаццатай
«У сьвеце жывёлін і няшчасных здарэньняў»:
пакінуты адзін дома дог
дэманструе сваё мастацтва імітаваць сырэну

А першай у часе абеду
пачынаюць сваё шоў комікі Цяп і Ляп
рабочыя што рамантуюць штосьці ў суседнім пад’езьдзе
Шоў складаецца з пошлых анэкдотаў
апошніх паведамленьняў бульварных газэт
і адукацыйнай праграмы «За чысьціню нецэнзурнай мовы»

А чацьвёртай музычная трохгадзінка:
дзяўчынка з кватэры насупраць
у гэтым месяцы
развучвае на акардэоне народную песьню
Wind in the Willows

А сёмай прагноз надвор’я:
калі суседка з вышыні трэцяга паверху
на працягу гадзіны
палівае з шлянгу бадыльле ўнізе
значыць заўтра будзе цэлы дзень дождж

Бліжэй да дванаццатай пачынаецца «Для тых, хто ня сьпіць»
што скончыцца толькі пад раніцу:
групкі турыстаў у вокнах гатэлю насупраць
гамоняць рагочуць крычаць танчаць сьпяваюць ванітуюць ябуцца
ці ўсё гэта разам
бо што б яны ні рабілі лямант прыблізна той самы

Час ад часу ў эфір урываецца або рокат шрубалёта
або званок ці хутчэй амок некаторага з сталых слухачоў
які перакрывае перадачу мацюкамі й ледзь не перадсьмяротным хрыпам
з патрабаваньнем вырубіць музон і ісьці спаць
але ўсё ня так проста

давядзецца як заўжды выклікаць гестапа
каб яно сьпярша вылічыла месцазнаходжаньне радыёстанцыі
і толькі пасьля ўламілася ў пакой
і аштрафавала мужных дывэрсантаў-падпольшчыкаў
якія з усяе моцы змагаюцца з тупой начной маўклінёй
ува ўласных галовах
балбатнёй сваіх геніталій

5.07.

*
Калі з суседняга пагорку
я ўбачыў зялёны схіл Пэтржына
ў сіняй смузе
гэта нагадала мне мой погляд
на крымскую Дземірджы
ў ліпені 90-га года
настолькі што ў мяне сьцяўся страўнік
і закружылася галава
ад уявы што я знаходжуся там
у мінуўшчыне
трапіўшы ў вір часу
адкуль можа й ня быць вяртаньня
хіба што праз вар’ятню

13.07.

Марскі заапарк

а яны й сапраўды існуюць
шляхотныя акулы сябры дзяцінства
дасканала гладкія быццам з той самай гумы
віруюць па коле няспынна
нібы нежывыя карусельныя пудзілы

побач рыбы з пап’е-машэ
памерам з гадавалых дзяцей
лыпаюць бессэнсоўнымі вачыма й ляпаюць вуснамі
сьвятло малюе ерогліфы на паверхні вады
і ў фатакамэрах мабільных тэлефонаў

аднак самае сьмешнае
што і людзі
паназіраўшы нейкі час за марскімі істотамі
пачынаюць паводзіць сябе як яны
бессэнсоўна кружляць па коле
ўдоўж адных і тых жа акварыюмаў
або мітусіцца ў сінім паўзмроку туды-сюды
спрабуючы ў статку такіх як яны самі
зьбянтэжаных разявакаў
пазнаць сваіх страчаных суродзічаў

13.07.

*
Пад Карлштэйнам прадаюць корцік
фэтыш майго дзяцінства
падобны да таго цацачнага
што бацька купіў мне калісьці ў Наваградку
з жалезнымі вусікамі ўніз і ўгару
гэтае падабенства даводзіць мяне да шаленства
выклікаючы ў мяне адчуваньне «корцік»
якога нельга ні з чым зблытаць
і для якога ў маім мозгу існуе напэўна асобнае хімічнае рэчыва
дзякуючы яму я зноў ператвараюся
ў чатырохгадовага хлопчыка
а Карлштэйн —
у Наваградак

15.07.

*
Паўсюль навокал — адны пары й самотныя мужчыны
адзін бомж каля Нацыянальнага тэатру
настойліва лезе ў нагавіцы другому
той як выглядае ня супраць
трэці за гэтым усім назірае
у кожным раёне па сваім вар’яце
што размаўляе ўголас сам з сабой
а вунь і пахавальная працэсія
зь нейкімі тэчкамі
мо бізнэсмэны?
не, гэта толькі акадэмічны хор
увесь апрануты ў чорнае
я сам у такім сьпяваў калісьці даўно
мусульманкі нібы ўцяклі з шпітальнай палаты
апранутыя ў паласатыя халаты
галовы абвязаныя як пасьля апэрацыі
побач з домам дзе нарадзілася чэская фэміністка
вуліца бардэляў
лётаю па горадзе з мабілай
настаўленай на рэжым «у самалёце»
хроніка пікуруюшчага бамбардзіроўшчыка
адчуваю сябе амаль фігурай з карціны Шагала
аблокі ўтвараюць запасны далягляд
як той казаў пахаладаньне ў ліпені адліга
а я вось інтэрнерат ня буду ўключаць
усё заябала пізьдзецнахуйбляць

21.07.

Тур да Пранц

Штогадовыя спаборніцтвы ў трыятлёне
свайго кшталту вайсковыя вучэньні пасярод гораду
на вуліцах намёты санітары збраяношы
душы для хімічнай апрацоўкі параненых і палонных
процьма незразумелай тэхнікі
агромністы фургон тэлебачаньня напэўна гумавы
менавіта там мусіць зьмясьціцца ўся вакольная рэчаіснасьць
п’яная мускулістая салдатня то бок спартаўня ў ласінах
пераможцы з мэдалямі на шыях і фотамадэлямі пад пахай
і пераможаныя —
бамжы на бардзюрах дапіваюць з кінутых пляшак іёнтавыя напоі
бацькі турыстычных сямействаў няўпэўнена хаваюць вочы
рабацягі пакурваюць перад начной зьменай па прыборцы паўсюднага сьмецьця
сваршчыкі на трамвайных рэйках прыкрываюцца жалезнымі шчытамі ад іскраў
хаця здалёк здаецца быццам гэта яны адчынілі пасярод дарогі
дзьверы ў пекла

27.07.

*
Тры дні пасьля адасабленьня
я прыйшоў на мэдытацыю ў Tibet Open House
і там не было нікога
то бок была процьма людзей
з выгляду звычайных yuppi
і нікога з маіх знаёмых
якіх я насамрэч хацеў бачыць
толькі руды кот у адчыненым акне
пазіраў на дождж
я пасядзеў за столікам хвілін пятнаццаць
крыху памок
і сышоў
чым зэканоміў
сьвяшчэнных сто восем крон

7.08.

Prague Pride

Толькі закаханасьць робіць нас праўдзіва прыгожымі
а столькі закаханых абліччаў усіх палоў вякоў і народаў я даўно ўжо ня бачыў
і хаця між імі не было й не магло быць патрэбнага мне твару
я ўсё адно радаваўся разам з усімі і танчыў пад
I don’t wanna be friends
caught in a bad romance
і іншую такую банальную вечную праўду
шкадуючы толькі таго што яшчэ сёньня зноў стану большасьцю
адным з нудных абмежаваных закамплексаваных рацыянальных
карысьлівых правільных манагамных душэўна хворых эротафобаў

10.08.

На Мальвазінках

Праз шэсьць гадоў пасьля здымкаў бук-трэйлера
да беларускага выданьня Эгана Бонды
я замест таго каб у нядзелю пазваніць бацькам
ці схадзіць зь сябрамі на канцэрт
прыйшоў на цьвінтар Мальвазінкі ў адведкі
да сваіх улюбёных тутэйшых мысьляроў і паэтаў
гэтым разам бяз камэры і ўсякіх задніх думак

разам са мною на цьвінтары быў толькі сьляпы дзядзька з кійком
ён па памяці адчыніў весьнічкі й беспамылкова скіраваўся да патрэбнай магілы
яго прывітаў невялічкі стары вартаўнік падобны да Юлія Кіма
які потым узяўся завесьці мяне на месца пахаваньня
аднаго славутага паэта дэкадэнта й гомасэксуаліста
да якога быў яўна неабыякавы
рэшту цікавых мне магілаў я паспрабаваў знайсьці
ў гэтай шматтомнай каменнай энцыкляпэдыі сам
але ў адрозьненьне ад сьляпога дзядзькі безь вялікага посьпеху

і ўрэшце перастаў іх шукаць а проста гартаў вачыма надпісы на шыльдах
і тады мне ня тое што шэсьць гадоў таму стала так утульна
між мёртвых бяз розьніцы ўлюбёных ці неўлюбёных
я падумаў як хораша ім тут усім разам сярод людзей свайго пакаленьня
сьведкам аднаго й таго самага сьвету
як фальшыва выглядаюць пампэзныя надмагільлі так званых знакамітасьцяў
і сьлязьлівыя праявы жалобы
навязаныя мёртвым жывымі якія сваёй безгустоўнасьцю
выстаўляюць іх на пасьмешышча
прымушаючы нібы смуткаваць па сабе саміх

але нябожчыкі насамрэч не смуткуюць бо ведаюць што гэтай зямлі
спатрэбіцца яшчэ безьліч Новакаў Дворжакаў Бухалаў
у якасьці біяпаліва каб ляцець далей разам зь іншымі ў Невядомае
яна сама іх стварыла сама ж і спажыла каб стварыць новых
у хрысьціянаў гэта па-мойму завецца «бог даў — бог узяў»

акурат толькі хрысьціянскія ўкраінскія сьпевы пад гармонік
з-за мура з царквы адвэнтыстаў псавалі мне цішыню і ўсю атмасфэру
у галасах і словах была чуваць залішняя заклапочанасьць сьмерцю
пры гэтым дастаткова адкласьці гармонік адкрыць весьнічкі й зайсьці на цьвінтар
каб убачыць тых каго сьмерць абсалютна ўжо не турбуе
іхныя рэінкарнацыі або нашчадкі да сёньня ходзяць па вакольным сьвеце
пад тымі ж прозьвішчамі з тымі ж тварамі
некаторыя зь іх наведваюць цэрквы некаторыя бардэлі
й нават лянуюцца сюды зазірнуць каб адчуць што такое нірвана

25.08.

Зь нізкі «Рэвалюцыйныя песьні» (2019)

*
Восень: мы выстаўляем напаказ свае масьці
якімі паабрасталі за лета
пірсінгі фенечкі прачытаныя кнігі
пад гэтай новай геральдыкай мы будзем змагацца
з старымі ворагамі:
пахаладаньнем нудотай
пацяпленьнем масавым выміраньнем сыстэмай
адпаведна знакам на скуры і паролю ўваччу
мы займаем свае месцы пад сонцам Дао
на барыкадах чарговай контракультурнай рэвалюцыі
калі я загіну патрабуючы немагчымага лічыце мяне
рэалістам

08.09.

*
Сёньня быў у квартале
каля чыгуначнага вакзалу
які ў свой час мы бачылі штодня
і ў якім праводзілі найбольш часу
нічога там асабліва не зьмянілася
тыя ж крамы той жа дождж
яшчэ й цяпер я адчуў жудасьць гэтага месца
як створанага для нікому не патрэбных людзей
насельнікаў дна ананімнасьці
нядзіва што тут было можна толькі бухаць
дзіва тое што мы тут пасьпявалі апроч бухалава
яшчэ нешта здымаць быць закаханыя
зялёная куля сьветлафора разьбіла трохкутнік натоўпу
я сышоў адтуль зь перакананьнем
што мы тады ўсё зрабілі як трэба
калі ўратавалі свае жыцьці
пераехаўшы ў цэнтар

09.09.

*
Старамодныя шыльды на дзьвярах і брамах
некаторых
кантораў
Джонсан і Джонсан
Новак і сыны
Бюргер — адвакат натарыюс дантыст псыхоляг
пасьля сьмерці гаспадароў
у мэтах эканоміі
можна сьмела пераносіць
на надмагільныя помнікі
а больш сучасныя мэдальныя калодкі
на ляцканах некаторых офісных пад’ездаў
ужо сёньня выглядаюць
як сьцены калюмбарыя

10.09.

*
Формула дзяцінства:
пах смажанай бульбы
і казырок дзядзькавай
міліцэйскай фуражкі
падобнай да вайсковай фуражкі
іншага — гарадзкога — дзядзькі

12.09.

*
Вуліца выцягваецца ўгару як навагодняя елка
крыху зарана але ночы ўжо цёмныя
улады эканомяць на асьвятленьні
ліхтары сяк-так прыкурылі ад жоўтага Месяца
жаданьне схавацца ў сьлімачынай ракавінцы
працы сям’і любімага зь дзяцінства спакою
спаць як у менскім інтэрнаце
і ня бачыць ніякіх рэвалюцый на плошчах

18.09.

*
Пясочны гадзіньнік у нашым знаку
нагадвае келіх на сьцягах гусітаў

тыя дамагаліся права прычашчацца віном
каб магчы піць боскую кроў неўміручасьці

мы дамагаемся права ўжо не на неўміручасьць
а ўсяго на яшчэ трошку
яшчэ пясчынку
часу

20.09.

*
What have the Romans ever done for us?
Monty Python

Я сапраўды думаю
што капіталізм зьнікне як зьнікла Рымская цывілізацыя
не пад набегамі барбараў
а ў выніку таго што ўсе ад яе стаміліся
ад яе оргіяў войнаў палацавых пераваротаў жрацоў глядыятараў клясыкаў
ніхто больш не ўспрымаў сур’ёзна ейных палітыкаў
ніхто больш ня верыў у боскасьць імпэратара
што трымаўся на дзідах легіянэраў
раптоўна сярод рабоў плябеяў пралетарыяў патрыцыяў
распаўсюдзілася новая мода: хрысьціянства
нечуванае дагэтуль вучэньне пра другую шчаку і credo quia absurdum
гэта была свайго кшталту мода на дысідэнцтва
сьмерці бязь веры сталі чамусьці баяцца больш за сьмерць дзеля веры
скарб любові стаў каштоўнейшы за любыя скарбы
а неўзабаве ўжо імпэратар поўз на каленях на дыван да папы
і дасягненьнямі рымскай культуры нахабна карысталіся барбары
вядома пэрыяд даўншыфтынгу зацягнуўся
але быў па-свойму карысны і па-свойму прыўкрасны
калі не лічыць інквізыцыі пошасьцяў несупынных войнаў
і ўсяго што было ўжо пры імпэрыі ў меншым маштабе
хрысьціянству папросту вельмі доўга не было альтэрнатывы
яно было так бы мовіць гістарычнай эўрапейскай формай буддызму
а што яно служыла нягоднікам і нягоднікі на ім нажываліся
дык на чым яны толькі ні нажываліся
аднак я дапускаю што Эўропе ў тупіку так званай Рымскай цывілізацыі
і быў патрэбны нейкі такі кшталт закансэрваванасьці
нейкі такі анабіёз або гібэрнацыя
пэрыяд стабільнасьці або стрыманага разьвіцьця або «ву-вэй» якім і было Сярэднявечча
ці не таму мы звычайна нягледзячы ні на што згадваем яго з такой рамантычнай любоўю
прынамсі ўжо каторы сэзон млеем ад захапленьня «Гульнёю тронаў»
ніводнай сэрыі якой я так і ня бачыў

21.09.

Гарадзкі партызан

Пішу на стужках
побач зь зялёным чаем
чорны атрамант

Усё ў той вечар пачалося з размовы
я зайшоў адліць на невялічкую пустку пасярод горада
заваленую цагельлем і ламаччам
раптам да мяне падбег чорны сабака
якога тут жа гукнуў дзявочы голас
я павітаўся папрасіў прабачэньня што хаваюся ў цемры
маўляў мне трэба было ў суточкі
можна прылашчыць вашага сабаку?
дзяўчынка ў акулярах усьміхнулася
сабаку — сучцы — усяго сем месяцаў
яна да ўсіх такая сяброўская і жвавая
холадна сёньня але на выходных будзе цёпла
усяго вам добрага
я зьдзівіўся што дзяўчо зусім мяне не спалохалася

Першым чынам на паэтычнае чытаньне
У гэтыя дні непадапарадкаваньня
ўсё мяшаецца з усім
усе з усімі
так і павінна быць

Найбольшае ўражаньне на чытаньні пакінула тое
што падчас усёй сустрэчы грала галоўная музычная тэма
з «Тўін Піксу»

У дзяцінстве я любіў кніжку пра Гаўроша
у маім заплечніку замест набояў палатняныя стужкі
каханая іх дбайна скруціла й перацягнула гумкай
мае крывавыя бінты набрынялыя праўдай
мой рэзыстанс
нудоце старэньню нэўрозу

Пад’езды адзін за адным салютуюць мне ліхтарамі
недзе на даляглядзе
шугаюць маланкі паліцэйскіх мігалак

Пражэктар корпаецца ў вецьці дрэва
сваёй штучнай поўняй

Як Джэк Трыбушыльнік
палюю на кожную статую
хвілін дзесяць-пятнаццаць
потым падбіраюся ззаду
накідваю ёй на вочы стужку
й зацягваю

Прафэсійная дэфармацыя:
нават людзі ў цемры здаюцца статуямі
галоўнае не паблытаць

Зрэшты галоўнае адрозьненьне чалавека ад статуі —
агеньчык смартфона

Куды мне да большасьці помнікаў!
Гэта ж волаты чэскай нацыі
усе прынамсі на галаву вышэйшыя за мяне

А вось Карэл Гінэк Маха да мяне зьнізіўся
так блізка да клясыка я яшчэ не бываў
ён глядзіць на мяне са спачуваньнем
суе мне ў нос свой каменны букет
і здаецца хоча пацалаваць у вусны

Мая ўдачлівасьць:
звычайна як толькі я першы раз набліжаюся да статуі
тут жа з-за рогу выяжджае ці выходзіць паліцыя
толькі на Марыянскай плошчы фантан са скульптурай заняты
двума бадзягамі сярэдняга веку з бляшанкамі піва

Найлепшая ахова публічных аб’ектаў —
публіка
ужо тры тысячы гадоў на баку статус-кўо

Ля брытанскай амбасады бюст Ўінстана Чэрчыля
працяты праменьмі камэраў назіраньня
з усіх бакоў як сьвяты Сэбаст’ян

На плошчы пры гатэлі Марыёт на бэтоне валяецца
агромністая статуя малпы з залачонымі яйцамі
шкада што я магу толькі абвязаць яе стужкай
а не падарваць дынамітам

Спартовы азарт расьце ў працэсе
цяпер ужо штурмую статуі
ня дзеля таго каб завязаць ім вочы
а проста дзеля кайфу на іх залезьці

Калісьці ў школе я быў чэмпіёнам па арыентацыйным бегу
сёньня ўначы я школе за гэта ўдзячны
як і карэліцкім дрэвам што вучылі мяне караскацца

а таксама гадам трэніроўкі
ў «Асасін Крыд»

Столькі паліцыянтаў як сёньня ўночы
я не сустракаў за ўсе гады жыцьця ў Празе

некаторыя з аўтаматамі
чакаюць нейкіх футбольных фанатаў з Англіі

Як і не сустракаў столькі перакапаных ходнікаў
акопная вулічная вайна
бег з перашкодамі

Стомлены як сабака ці воўк якога кормяць ногі
а палове на другую заходжу ў бар
якраз пад кватэрай дзе мы жылі дзесяць гадоў таму
паўпусты адчынены да трэцяй ночы
вітаюся з заўсёднікамі плюхаюся — літаральна — на канапу
і не замаўляю кілішку
кілішкі засталіся там у іншым часе
паверхам вышэй

А другой выходжу на пошукі працягу
Урэшце я ведаю што адбываецца ў горадзе
калі я па начах раблю каляжы
і слухаю як па лёдзе коўзаюцца НХЛ-еры —
ні халеры

У сквэрыку сярод дарагой апаратуры
сьпіць чувак і сьніць што вартуе кінапляцоўку
Здымкі пачнуцца раніцай
калі ён убачыць на статуі насупраць надпіс
«Расплюшчыце вочы»

У Беларусі я доўга жыў на вуліцы Кастрычніцкай рэвалюцыі
сёньня ўначы я сам раблю кастрычніцкую рэвалюцыю

Усё як роўна дваццаць адзін год таму
тая ж пустэча тыя ж бамжы тыя ж наркоты тая ж паліцыя той жа холад
той жа адрэналін
але тады я хадзіў па месьце з пачуцьцём госьця
сёньня з пачуцьцём гаспадара
такі сабе Мароз-ваявода

Сам сабе Ахіл
сам сабе Гамэр
Army of me

Загад заканчваць апэрацыю:
у небе над галавою замест сыгнальнай ракеты
чыркае позьняя кастрычніцкая зьнічка

8.10.

*
Я падымаўся па доўгіх сходнях
і з кожным крокам яны ўсё болей нагадвалі мне Парыж
а пасярэдзіне я ўжо быў непасрэдна ў самім Парыжы
калі не памыляюся то ўвосень 68-га года
потым сходні скончыліся я зайшоў у кавярню з кнігамі
і бяз лішніх ваганьняў набыў сабе раман французскага аўтара

11.10.

*
Падзеі гэтых дзён:
па ўсім сьвеце адбываецца кліматычны бунт
Турцыя напала на Заходні Курдыстан
у Беларусі начыста перапісваюць насельніцтва
у сябра нарадзіліся дачушкі-двайняты
у Канадзе адкрыўся сэзон НХЛ
у мяне выходзіць першая кніга постпаэзіі
у Празе ладзіцца фэстываль вясёлых сьветлавых шоу
і разьвітваюцца з народным героем асілкам Карлам Готам
у тым жа будынку дзе празь дзень пачнецца Форум 2000
прысьвечаны трыццатым угодкам Аксамітнай рэвалюцыі

11.10.

*
Да труны Карла Гота стаяць дзьве чаргі
адна доўгая з карламанаў
другая карацейшая зь перасоўных плястыкавых прыбіральняў
людзі з букетамі й агрэсіўнымі поглядамі ўдаюць асабістую страту
празь якую вымагаюць да сябе павагі
цэлае пакаленьне ўрэшце знайшло ў сабе мужнасьць
разьвітацца зь мінулым стагодзьдзем
якое спадзяваймася ніколі ня вернецца

11.10.

*
За апошнія дні
я двойчы ледзь не расплакаўся
першы раз калі мой аднадумца ў Дхарме сказаў
што шануе майстра Ісуса
другі раз сёньня калі бачыў
зь якой самаахвярнасьцю
мае аднадумцы з Extinction Rebellion
перакрылі праскую магістраль

12.10.

*
Павячэраць у самоце
на абрусе які быў на плошчы
гэта як павячэраць разам
з усімі сваімі сябрамі

12.10.

*
Як добра хадзіць па месьце
бяз дзіды й шчыта як у Дона Кіхота
то бок бязь сьцяга й пляката
на якім астатнія здольныя прачытаць толькі адно:
«Прыдурак»

14.10.

*
Дзяўчаты на вуліцах
дзяўчаты ў памяшканьнях
чаму менавіта тыя на вуліцах?
чаму менавіта гэтыя ў памяшканьнях?
чаму тыя збольшага адны
гэтыя збольшага не адны
можа гэтыя прыгажэйшыя?
не
часта наадварот
няма ніякай падставы
абсалютна ніякай падставы
як і ўсяму астатняму
гэтак жа як няма падставы
абсалютна ніякай падставы
каб гэтыя былі на вуліцах
а тыя наадварот у памяшканьнях

17.10.

*
Людзі ў восеньскім парку
выйшлі выгуляць свае фатакамэры
круглая лінза басэйну
спрабуе злавіць у фокус бясколернае неба

Ставок — чыстае напружаньне
між пласьцінамі дна й паверхні
магнітнае поле
што ўтрымлівае ў нерухомасьці
некалькі лісьцікаў

Люстра вады ператварае
вадаспад у кшталт вечнага агню
што абсмальвае камні

У той дзень я знайшоў ля сьметніцы
рыцарскі шчыт

20.10.

Песьня пра Я-вату

За заслонай тут у пабе
нашым гіпстэрскім бярлогу
чуем мы аплядысмэнты
і ня цямім што за нахуй
потым хтось паведамляе
гэта нейкія прыдуркі
сабраліся на сустрэчу
з палітвязьнямі з Расеі
і псуюць нам пасядзелкі
вечарком пасьля работы
абмяркоўваць не даюць нам
асабістыя стасункі
між знаёмымі й сябрамі
замінаюць смакаваць нам
рогат з нашых анэкдотаў
і нагадваюць пра тое
што ёсьць іншыя праблемы
апроч тых што ў нас на працы
Толькі ж нас у пабе болей
нас багемных буржуінаў
чым прыдуркаў за заслонай
і наш хор какафанічны
лепш чуваць у нашым пабе
у прыдуркаў мікрафоны
а ў нас банкаўскія карткі
у прыдуркаў стаж турэмны
а ў нас гіпстэраў звычайны
стаж у фірме прафэсійны
у прыдуркаў дабрачыннасьць
а ў нас голад адчуваньняў
неспатоленая смага
пазнаёміць суразмоўцу
з інфармацыяй апошняй
пра паездку ў Эміраты
ЗША ці Гімалаі
Да зьвязды нам што ня чуе
гурт прыдуркаў палітвязьня
тут мы ўгодкі аксамітнай
рэвалюцыі сьвяткуем
што змагалася за тое
каб мы сёньня тут сядзелі
па-сяброўску гаманілі
правяралі тэлефоны
не зважалі на прыдуркаў
ці на сковыт Грэты Тунбэрг
на блюзьнерствы Пусі Раят
ці разборкі ў Курдыстане
гэта нашае мля права
як свабодных грамадзянаў
мы падаткі заплацілі
і на выбары схадзілі
зараз нашая задача
эканоміку падтрымваць
забясьпечыць перавагу
атлянтычнага альянсу
над дыктатарскім рэжымам
што нам нафту пастаўляе
ад якой нішто ў сусьвеце
нас адмовіцца ня змусіць
гэтаксама як ад мяса
касяка марыхуаны
ці ад дозы рэгулярнай
улюбёнага бухлішка

24.10.

*
Стрэлкі перавялі ўсяго на гадзіну назад
і тут жа дні
пападалі як дамінашкі
панядзелак стаў новай нядзеляй
аўторак панядзелкам
і гэтак далей

Сёньня ў адных дзень аўтамабіліста
у другіх народзіны Сылвіі Плат

У мяне за цэлы месяц
першыя выходныя без палітычных акцый

Цёплы вецер ганяе па вуліцах
сьмецьце
як статак авец сабака

27.10.

«Я хачу быць кавалерыстам»

Паэт Дзьмітрыеў
праездам у Празе
падараваў мне сваю рукатворную кнігу
апавядаў пра Швайцарыю
дзе пазнаёміўся з паэткай Ільмай Ракузай
бачыў аўтаматы П’ера Жаке Дро
і шмат чаго іншага
што пайшло на карысьць ягонаму сэрцу
Швайцарыя была гадоў шэсьць таму
а ён усё пра яе згадваў
седзячы на месцы Швэйка ў рэстарацыі «Ў келіха»
і мне ў той момант так хацелася
каб ён зноў прынамсі раз туды зьезьдзіў

Калі я потым рабіў відэагутарку з паэтам Дзьмітрыевым
ён ад хваляваньня сьпярша нават ня мог гаварыць
патлумачыўшы гэта тым што ня звыклы каб яму задавалі пытаньні
пра ягоную творчасьць

Потым я хацеў пазнаёміць паэта Дзьмітрыева
зь ягоным улюбёным Шванкмаерам
але ён у апошні момант чамусь перадумаў

Сёньня паэт Дзьмітрыеў
выдаліўся з маіх фрэндоў
бо ня змог стрываць прыніжэньня
ў якое я быў вымушаны ткнуць яго носам
паказаўшы што ён не свабодны чалавек
з зорным небам над галавой і крыламі ў душы
як лічыць ён сам
а ўсяго толькі лёкай кодлы бяздарнасьцяў
якія ня вартыя сотай долі ягонага таленту

З гэтай маёй канстатацыяй
душа паэта Дзьмітрыева ня здолела зьмірыцца
тым часам як цела паэта Дзьмітрыева
даўно зьмірылася зь ягонай сытуацыяй
безграшовага генія на другіх ролях
зьмірылася напэўна дзеля сям’і й Янкі-сынкі

падобна ягоны герой Гаспар Гаўзэр
прынц каралеўскай крыві
зьмірыўся з сваім затачэньнем у скляпеньні
а калі трапіў на волю то здольны быў толькі паўтараць
«Я хачу быць кавалерыстам»

хаця прынамсі ў адной сытуацыі
трэба сказаць незадаволенасьць паэта Дзьмітрыева жыцьцём
вырвалася на паверхню ў выглядзе ня самых джэнтльмэнскіх словаў
на адрас жанчыны

Гэта натуральна было непрыгожа
аднак неўзабаве паэт Дзьмітрыеў цалкам самастойна знайшоў іншую
гэтым разам ужо правільную мэту
якую начальства яму зусім не падказвала бо ў яго ж няма начальства
і скіраваў усю сваю фрустрацыю на аднаго з шматлікіх гамафобаў
а заадно й на мяне як на непрыемнага авадня
які гудзе па начах у фэйсбуку

я веру што паэт Дзьмітрыеў ня можа быць благім чалавекам
для гэтага ён занадта добра разьбіраецца ў бэйсболе і любіць дзяцей і сабак
аднак і добрыя людзі калі іх прынізіць і паставіць у сытуацыю парабкаў
не вытрымліваюць напружаньня зазіраючы ў непераадольную бездань
між рэальным і справядлівым

1.11.

Паэтычны транс

На выставе ў кавярні
спадабаліся мне вершы паэткі
зь біяграфіі я даведаўся
што паэтка — мужчына-трансджэндэр

9.11.

*
Дзіцячы кашаль
у акенцы вэнтыляцыйнай шахты
пах прыбіральні ў бабцінай кватэры

ісьці зраньня на дзелавую кансьпірацыйную сходку
апынуцца ў глыбокім дзяцінстве

дарогаю сьпяваць «Город золотой»
і іншыя рэвалюцыйныя калыханкі
з калыскі рэвалюцыі

12.11.

30

1.

Прамовы на масавых мітынгах
нагадваюць кармленьне дэльфінаў
адзін лёзунг налева
другі направа
выбух радасьці з аднаго боку
выбух шчасьця з другога

Так яно несумненна было і 30 гадоў таму

Я сёньня ў цырк на Летнай не пайшоў
замест гэтага варыў суп
з пэкінскай капусты

2.

Няма насамрэч нічога зайздроснага ў тым
каб перажыць найважнейшую падзею свайго жыцьця ў раньняе маладосьці
а пасьля трыццаць гадоў чакаць што яна прынясе нейкія вынікі
гэта тое самае як калі б прыкладам я ўсё жыцьцё
зь пяшчотай згадваў пра сваю эміграцыю як пра нешта эпахальнае
не заўважаючы нічога з таго што адбылося навокал
і ўсё-ткі перажыць найважнейшую падзею свайго жыцьця ў раньняе маладосьці
лепей чым ніколі не перажыць нічога значнага

16-17.11.

*
Падчас мэдытацыі
я пачуў у правым вуху ціхі электронны галасок
крышку падобны да звону цыкадаў
а яшчэ да таго вісклівага гуку зь якім на пачатку дзевяностых
загружаліся з магнітафонных касэтаў кампутарныя гульні
галасок бясконца й манатонна інтанаваў штосьці накшталт «Сутры сэрца»
бясконца назаляў мне згадкай пра Алесіну гутарку з камаром у «На тым баку Люстра»
і гэтак замінаў мне засяродзіцца на пустэчы
хаця напэўна ж спрабаваў наадварот дапамагчы
але хто б ці што б ён ні быў
я ўдзячны яму прынамсі за гэтую занатоўку
хіба толькі калі гэта былі радыёсыгналы то выбачаюся
што катэгарычна адмовіўся іх дэшыфраваць

23.11.

*
Узімку жыву як у Стакгольме:
прачынаюся за дзьве гадзіны да заходу сонца
засынаю за дзьве гадзіны да ўзыходу
такая сабе амаль палярная ноч
толькі бязь сьнегу
яшчэ адна форма настальгіі
па Поўначы

25.11.

*
Такая пара года:
заходжу ў трэцюю кавярню запар
а там гучыць Buena Vista Social Club

26.11.

Падзеі аднаго вечара

У бібліятэцы Вацлава Гавэла
пад плякатам Філянтрапічнага фонду алігарха Бакалы
апавядаюць банальнасьці трыццацігадовай даўніны
накшталт «Народам які не баіцца нельга маніпуляваць»

За рогам паліцыянты арыштоўваюць і высылаюць з краіны афрыканца
пры камэры сьведках і сьвятле амаль кіношнага пражэктара

Побач у кавярні «Новая сцэна» праходзіць сустрэча з тэатраламі

26.11.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Ямамота цудоўна разумеў
што галоўнае апірышча ягонай праяпонскай улады
насамрэч не японцы
а самі абарыгены

тыя гістарычна заўжды хацелі людзьмі звацца
у іхным разуменьні гэта значыла звацца японцамі
са знакам якасьці ці ўжо без
а родныя шаманскія рытуалы былі ім да аднаго месца

а яна хацела акурат таго што і атрымлівала
проста ўвагі
яна верыла што зьвяртацца да кагосьці гэта насамрэч быць зь ім
такі кшталт прафэсійнай дэфармацыі
«у праскай студыі з вамі Вольга Караткевіч»

Волас — медны дрот,
роўна ўкладзены, як у
трансфарматары

У сраку «з Гінзбэргамі разам»
слаў Маялес.
Казаў, ня лезу ў дупу масам,
пры гэтым — лез.

Адно цяпер сказаць магу я,
што супраць мас.
Пісаць для іх — якога хуя?
А Гінзбэрг — клас.