Тварам да “Люстра”

эсэістыка, беларуская мова

*
Белая пешка (Алеся) пачынае й выйграе за адзінаццаць хадоў.

Ужо гэтая першая, нібыта жартаўлівая фраза ёсьць насамрэч выклікам. Як перамагчы ў гульні, ідучы толькі проста, прасьцей не бывае, наперад, у фэрзі-Каралевы, аналягічна таму, як ідзе сам па сабе час? Партыя, у якой можа перамагчы дзіця. Якое не абавязкова ведае правілы гульні, законы люстранога сьвету – яно перамагае тым, што проста ідзе далей. Наіўна і пры гэтым мужна. Магчыма, сакрэт перамогі ў тым, што яна менавіта белая (сымбаль дабрыні), а яшчэ ў тым, што яна пачынае – то бок не стаіць на месцы. Ня столькі яна падпарадкоўваецца правілам, колькі правілы самі ўрэшце “кладуцца пад яе”. Вядома, гэтую гульню наўмысна прыдумаў прыхільны да пешкі Дэміюрг-аўтар. У нелюстраным сьвеце – усё наадварот. Але ён прыдумаў яе ў тым ліку як сымбаль таго, што пры жаданьні ўсё магчыма. Нават ува ўмовах жорсткіх, тысячагадовых шахматных правілаў.

*
Чырвоная Каралева зьнікае на h5. Пры гэтым яна перасякае палову шахматнай дошкі і запыняецца на самым яе краі. Далей яна “ня можа”, пры ўсёй ейнай усемагутнасьці. Ейны сьвет (ці сусьвет) таксама абмежаваны чымсьці. Што, калі б яна працягвала “зьнікаць” далей? Вылецела б з дошкі? Калі б ейная хуткасьць перавысіла “хуткасьць сьвятла”, максымальна магчымую паводле законаў гульні-сусьвету? Натуральна, тады яна болей не вярнулася б. А чырвонай пешкі, якая б магла, як Алеся, ператварыцца ў новую Чырвоную Каралеву, у яе ўжо няма. Другой рэінкарнацыі ня будзе. Таму Чырвоная Каралева запыняецца на самым краі ўласнага “Нішто”, каб пасьля вярнуцца ў гульню напрыканцы. Гэтак жа “суп”, у які ўрэшце нібыта “незваротна” трапляе Белая Каралева, насамрэч знаходзіцца на самым краі гульнявога поля, на а6. Толькі на дошцы ільга быць рэальным.

*
Сярод сустрэтых Алесяю пэрсанажаў “рэальнымі” (то бок прысутнымі на дошцы) ёсьць толькі некалькі. Пры гэтым Чырвоны Кароль нерухома “сьпіць” у самым цэнтры (на e4) і сьніць усё, што адбываецца навокал – а ў канцы, так і не прачнуўшыся, атрымлівае ад Каралевы Алесі мат. Апроч яго, рэальныя пэрсанажы – дзьве Каралевы, два Вершнікі і Белы Кароль. Усіх астатніх – за выключэньнем Тамтарама або Цімтарама, якія ў сьпісе фігур пазначаныя як белыя туры, але пра гэта пазьней – на дошцы ўжо няма. Яны прысутныя ў лепшым выпадку як успаміны, як здані, духі памерлых, ахвяры папярэдняй гульні.

Няма на дошцы чырвоных пешак Лілеі Тыгравай, Ружы, Гвазьдзікоў і старэнькага Люгаша, няма белых пешак Рамонкаў, няма белых (але ані чырвоных) пешак-вустрыц – іх зьелі Цясьляр і Морж, то бок чырвоныя конь і слон, самі ўжо прысутныя толькі як успамін адной зь белых тураў. Няма чырвонага слана Крумкачыны, якога спалохаліся абедзьве белыя туры-Тарамы (намёк на так званы “відэлец” альбо зьвязку?). Няма чырвонай туры Яўпата Няўпада: усё-ткі зваліўся з самага краю дошкі? – і нават усёй сілаю ўсіх чырвоных і белых фігураў (гэта акурат Белы Кароль мкнецца паслаць яму на дапамогу сваіх мітычных “жаўнераў”, якіх у яго таксама ўжо даўно няма) “яйка” ня здолелі падняць, вярнуць назад у гульню. Няма другой чырвонай туры, Льва: сцэна ягонай нібыта бойкі зь белым канём Аднарогам, якога таксама няма – суцэльны ўспамін пра нейкую даўнюю гістарычную падзею на матывы старажытнай песенькі, нездарма ў ёй выступаюць старасьвецкія вястуны (няісныя белыя пешкі Заязь і Шампавал, прывіды Цудазем’я). Безыменнага Аленяняці, яшчэ адной белай пешкі, таксама няма на дошцы – Алеся сустракае яго на d3, перад тым як трапіць да Тарамаў – пры гэтым сама яна поля d3 фактычна не дакранаецца, пераскоквае яго (“забываецца на сваё імя”, робіцца “нікім” – то бок як быццам сама зьнікае на момант з дошкі й завісае ў паветры, “нідзе”, пры гэтым аднак застаючыся часткай гульні). Белыя сланы Авечка й Стары Жабрак прысутныя таксама эфэмэрна: адна як Алесіна прымха, рэінкарнацыя Белай Каралевы, другі – як герой песьні-ўспаміну свайго колішняга “суседа” Белага Вершніка. Белая пешка Лілейка, месца якой займае Алеся – “яшчэ не дарасла да гульні” (хоць нейкая кволая надзея). Адным словам, дошка – суцэльныя могілкі пабітых (забітых) фігураў. Ці – сон, у якім галоўную гераіню наведваюць памерлыя, якіх у гэтым сьне так цяжка адрозьніць ад жывых.

Толькі яшчэ на f1 стаіць крыху занядбаная белая тура, якая паводле сьпісу дзейных асобаў павінна быць або Цімтарамам, або Тамтарамам. Каторым зь іх? Але ж ці ёсьць розьніца, калі яны аднолькавыя, блізьнюкі? З увагі на тое, што песьню-ўспамін пра зьнішчэньне Маржом і Цесьляром вустрыц выконвае Цімтарам, захаванаю белай турой мог бы быць якраз ён. Але ён стаіць зусім ня там, дзе сустракаецца з абодвума братамі Алеся (на с4) – ягоныя хады ў запісе партыі не абгавораныя, а Алеся-пешка зусім ня можа пайсьці на самую заднюю лінію белых – толькі пасьля таго, як станецца Каралевай. Калі б белая тура не стаяла там, дзе стаіць, мату Чырвонаму Каралю ў канцы не было б, ён мог бы “прачнуцца” і зьесьці непрыкрытага Белага Вершніка на f5. Такім чынам, Цімтарам знаходзіцца як бы па-за гульнёй, у “афсайдзе”, чакаючы ад Каралевы Алесі “пасу”. Рэальнай сустрэчы між імі не адбываецца, толькі ўяўная.

Вяртаючыся ў момант часовага Алесінага “зьнікненьня” (“скачка”), на d3: усе сустрэтыя ў цягніку Алесяю пэрсанажы ня маюць статусу фігураў ці пешак і належаць да нейкага суцэльна іншага, “паралельнага” сьвету. У гэтым сьвеце, трэба адзначыць, іх нечувана шмат, “поўны цягнік”, і ўсе яны падобныя да людзей. Фактычна, d3 – самае населенае месца Люстра, поўнае ня толькі пасажыраў (Казёл, Спадар у белым, Кандуктар), але й жамяры (Камар і г.д.). У пэўным сэнсе, усе яны рэальнейшыя за астатніх пэрсанажаў кніжкі. Ня выключана, што гэта вакно ў сьвет будучыні, сьвет дарослых, дзе і з самой Алесяю абыходзяцца, як з дарослай (а ня пешкай). Сьвет грошай, дзе ўсё каштуе “тысячу дукатаў”, дзе насельнікі думаюць хорам, дзе кантралююць квіткі й да якога належыць сам аўтар у сваёй сур’ёзнай іпастасі матэматыка (адзін з галасоў у вагоне можа належаць якраз яму). Тэарэтычна, Алеся магла б была САМА пайсьці d2 – d3, то бок абраць другі, ня меней абсурдны сьвет – аднак ёй надта ж карціць «у Каралевы», спраўдзіць сваю мару, таму яна й абірае рызыкоўны «скачок». «Дарослы» сьвет у цягніку заканчваецца разам зь нечаканым ударам ад штуршка – і Алеся зноў апынаецца ў лесе (у «дзіцячым» сьвеце мары) у таварыстве аднаго толькі Камара – самага нячутнага, нябачнага й нязначнага ў “дарослым” сьвеце, які на дошцы робіцца “памерам з курыцу”. І апошнія стануць першымі: адзін з законаў як шахматнай гульні, так люстранога сьвету.

*
Люстра, у прынцыпе – найлепшы сымбаль, ды папросту “жывое” ўвасабленьне дыялектыкі: усё там “такое ж і не такое” адначасова. Але ад адной толькі перастаноўкі апазыцый месцамі (лева – права, уніз – угару) самі па сабе правілы не памяняюцца: гэта аўтар прымушае іх памяняцца, дастасоўваючы перавернутыя прасторавыя законы да часу, прычыннасьці й г.д.

Яшчэ адна сувязь між шахматамі й люстрам: расстаноўка фігураў у шахматах менавіта люстраная. Але пазнаць гэта можна паводле адзінай прыкметы, а менавіта знаходжаньня фэрзя (Каралевы): у белых яна зьлева, у чорных (чырвоных) справа. Вось і ўсё, што трэба для ўзьнікненьня “адваротнага парадку”: адзінае адрозьненьне (скажам, адна храмасома ў ДНК). Самі па сабе шахматныя клеткі на абедзьвюх паловах дошкі ня маюць люстранога ўпарадкаваньня. Толькі фігуры – тыя, што рухаюцца. Жывуць.

Тут варта нагадаць, што люстраное ўпарадкаваньне вядомае таксама пад словам «сымэтрыя» і сапраўды ўласьцівае толькі жывым арганізмам: левы бок цела «люструе» правы й г.д. Але рана ці позна чалавек «абірае» свой бок, сваю паўкулю мозгу: робіцца ляўшом ці праўшом, фізыкам ці лірыкам... Здаецца, Кэрал (сам фізык і лірык у адным) супраць гэтага падзелу на Люстра-Нялюстра: у дачыненьні да Люстранога сьвету нашая рэальнасьць ёсьць таксама ўсяго толькі адлюстраваньнем, адбіткам, а зусім ня чымсьці першасным і самадастатковым. І Люстра, і Нялюстра – аднолькава рэальныя. Нездарма кожнай фігуры патрэбная пара, кожнай пары свой супернік... У гэтым ужо пачынае чуцца штосьці піфагарэйскае.

*
Такім чынам, «жывых» фігур на дошцы застаецца няшмат. Што адбываецца зь імі пасьля заканчэньня гульні, пасьля фінальнага мату Чырвонаму Каралю-сьнічу? Яны назаўжды застываюць на сваіх месцах. Ператвараюцца ў помнікі сабе самім. З наведнікаў могілак – у іх «жыхароў». Настае «энэргетычная», «цеплавая сьмерць» шахматнага сусьвету. І вось тады прыходзіць час няісных, міталягічных фігур-зданяў. Іхныя духі, у адрозьненьне ад духаў «жывых», працягваюць бадзяцца па дошцы ці лунаць па-над ёю – разам з духам маленькай Алесі-пешкі, якой таксама ўжо няма, замест яе цяпер на дошцы стаіць яшчэ адна белая каралева, якая перамагла – і дабалявала, «дагулялася». Гэтак жа сямі-васьмігадовая Эліс Лідэл працягвае «блукаць» у кнігах Кэрала – «у два разы сапраўднейшая», як кажа Заязь, толькі цяпер ужо за сапраўдную дарослую жанчыну, у якую вырасла. То бок – неўміручая.   

*
Лічыцца, што ўвасабленьнем самога Кэрала ў «Люстры» ёсьць дзіўнаваты Белы Вершнік. Пры гэтым увасабленьне апавядальніка – бясспрэчна Чырвоны Кароль, які ўсю гульню сьпіць «у гушчы падзей», пасярэдзіне дошкі, і атрымлівае ў канцы мат. Мяне заўжды крыху бянтэжыла гэтая сытуацыя й заўжды цікавіў адказ на пытаньне (ня менш важнае за «галоўнае» пытаньне ў канцы кніжкі): каторы ж з герояў «сапраўдны» Кэрал? Той, што несупынна «падае з каня на галаву» й выдумляе свае вар'яцкія «навінкі», улучна зь бязглуздымі песенькамі кшталту «Вочы ад траскі» – або той, які стварае вакол сябе ўяўны казачны сьвет і якому дастаткова «прачнуцца» (перастаць сьніць), каб усё ў гэтым сьвеце, улучна з самой Алесяй, «згасла, як тая сьвечка»?

Насамрэч, гэтыя пэрсанажы не такія адрозныя – дакладней, не такія далёкія. Гульню яны заканчваюць, стоячы на суседніх клетках: Вершнік на f5, Кароль (па-ранейшаму) на е4. Бліжэй да Караля ўжо ніхто не стаіць. Кароль ужо атрымаў мат, гульня скончылася, і ўсё-ткі ў яго тэарэтычна застаецца магчымасьць апошняга «самурайскага» ходу, самагубчай «помсты» – узяць Вершніка на f5, каб самому быць тут жа зьедзенаму турою-Цімтарамам, сымбалем вар’яцтва; то бок зацягнуць Вершніка ў нябыт разам з сабой. Кэрал-пісьменьнік (які апавядае нам, то бок сучасны Кэрал – Чырвоны Кароль, што не падабаецца Алесі, бо гучна храпе й выглядае неахайна) і Кэрал-баечнік (які вусна апавядаў казку рэальнай Эліс Лідэл, узьнёслы й рамантычны Белы Вершнік) тады загінулі б разам, у братэрскіх абдымках, сымбалічна ўзьяднаўшыся ў адной мёртвай асобе. Аднак абодва яны, згодна з правіламі, застаюцца стаяць на дошцы побач, наўскос, нібы цураючыся адзін аднаго й затойваючы тую сувязь, якая ўсё яшчэ існуе між імі, але з гадамі нібыта страцілася. Чаму? Бо Алеся-Эліс перастала бачыць у Кэралу рыцара, як у дзяцінстве, і цяпер ён сам у сябе ўваччу больш падобны да «жабрака духу», Чырвонага Караля. Абодва назаўжды застаюцца рознымі фігурамі-асобамі, падзеленымі часам – нягледзячы на ўсю блізкасьць.

*
У адным з інтэрвію Хульё Картасар кажа, што спрабаваў “напісаць раман, у якім псыхалягічныя элемэнты не стаяць на першым пляне, а пэрсанажы знаходзяцца пад уладай нечага, што я назваў “фігурай” або канстэляцыяй, і дзейнічаюць, ня ведаючы, што імі рухаюць іншыя сілы”. (Гаворка ідзе пра “62. Мадэль для зборкі”.) Правобразам такога раману (задоўга да “Уліса”) ёсьць нішто іншае, як “На тым баку Люстра” Кэрала. З той розьніцай, што Картасараў намер цалкам сур’ёзны, тады як Кэралаў – хутчэй жартаўлівы. Але і ў жарце, як вядома, ёсьць доля жарту. У пэўным сэнсе, і Кэралавы пэрсанажы падпарадкоўваюцца агульнай “фігуры ці канстэляцыі”, то бок пазыцыі на дошцы, і таксама “дзейнічаюць, ня ведаючы, што імі рухаюць іншыя сілы” (адна з гэтых сілаў, несумненна – сама мова). Гэта і стварае адчуваньне пэўнага фаталізму ў іхных паводзінах, пэўнай амаль дзіцячай (!) прымітыўнасьці іхных матывацый.

Так, але гэта зусім ня значыць, што ў Кэрала няма “псыхалягічных элемэнтаў”: яны, безумоўна, займаюць другі плян у параўнаньні зь лягічнымі й моўнымі парадоксамі, і тым ня менш ня толькі Алеся, але і ўсе Кэралавы пэрсанажы – вельмі жывыя, а не схематычныя (у адрозьненьне ад самой дзеі). Іхныя эмацыйныя рэакцыі на самыя розныя сытуацыі, на рэплікі іншых пэрсанажаў і г.д. прапісаныя Кэралам надзвычай дакладна, папросту па-майстэрску. Вядома, ім уласьцівая пэўная “марыянэткавая” гістэрычнасьць, раздражнёнасьць, рэзкія перамены настрою й г.д. – і ўсё-ткі ўсё гэта па-свойму матываванае й абгрунтаванае, гэтак жа як самі пэрсанажы – досыць рэалістычныя, а некаторыя (як Люгаш) відавочна маюць сапраўдных, а не абстрактных прататыпаў.

Возьмем, прыкладам, двух шляхціцаў-рыцараў, Льва і Аднарога, што не падзялілі чужую карону (некаторыя бачаць у іхным суперніцтве – зрэшты, як і ў выбары Кэралам колеру шахматных фігураў, які мы ў перакладзе захавалі – водгук грамадзянскай “вайны Ружаў” у XV стагодзьдзі): наколькі ж яны паводле сваёй натуры (і перадусім паводле сваёй мовы) далёкія ад “мітычных стварэньняў”! Абодва грубыя, недалёкія (Алеся для іх – расьліна, выкапень, “Страшыдла”), брудныя, фанабэрыстыя, амаральныя (“вось зараз было б файна пабіцца за карону!”), сварлівыя, сквапныя – сапраўдныя зьвяры, нездарма іх баіцца “сам” слабы Белы Кароль. “Бароны-рабаўнікі”, гэткі правобраз вулічных гангстэраў сучаснасьці, што занялі іхнае месца пасьля таго, як месьцічы (буржуа) “выгналі” фэадалаў. І гэта яны яшчэ стомленыя бойкай, таму ў іхных паводзінах прабіваецца-такі штосьці людзкае. (Параўнайма іх з вобразам разьюшанай Княгіні ў “Алесіных прыгодах”.)

З той жа “опэры” – яшчэ адзін шляхціц, Яўпат Няўпад, што ганарыцца сваім “імем” і сяброўствам з каралём, бо ганарыцца чымсьці яшчэ ў яго няма ніякіх падстаў – ягонае “гістарычнае значэньне” палягае выключна ў займанай ім абсурднай пасадзе “на муры”, якая відавочна яму не адпавядае. (Яўны аналяг Няўпада – адстаўны ваяка Вусень з “Алесіных прыгодаў”.) Невуцтва Яўпада выплывае зь ягоных “знаўскіх” тлумачэньняў “Жабавокага”, як і зь няўменьня лічыць; адсутнасьць густу – з дэклямаванай ім нібыта гераічнай, а насамрэч бюракратычнай бязглуздай “паэзіі”; фанабэрыя – з таго, як ён разьвітваецца з Алесяю (адным пальцам), прызнаючы, што ўсе “людзі паспалітыя” для яго – на адзін твар.            

Да ваякаў (з адзіным адрозьненьнем: трыма рознымі літарамі на каўнерах замест пагонаў) падобныя і “школьнікі-пераросткі” Тамтарам зь Цімтарамам, што мысьляць закасьцянелымі гатовымі формуламі (“Не сьмяшы! – І наадварот!”), а пабіцца (на дуэлі) гатовыя з-за любой драбязы – аднак як толькі справа даходзіць да бойкі, яны раптоўна прыкідваюцца хворымі, а ўрэшце “мужна” ўцякаюць ад крумкача. Падобныя пэрсанажы (ці хутчэй сам факт іхнай настолькі яскравай прысутнасьці ўва ўяўленьні Кэрала – наўрад ці ён пазычыў гэтых Фальстафаў у Шэксьпіра) выстаўляюць Брытанскую імпэрыю ў ейную славутую віктарыянскую пару ня ў самым прывабным сьвятле. І ўсё-ткі, бадай, толькі ў Брытанскай імпэрыі (ну вядома ж, нельга ня ўлічваць папярэднікаў – Сўіфта, Стэрна, Ліра) мог у той час зьявіцца такі свайго кшталту “ніцшэанскі” (не)дзіцячы пісьменьнік, які ад самага пачатку ставіў сваёй мэтай “псаваць” дзяцей (параўнайма з “Наадварот” Гюйсманса), а не выхоўваць зь іх стандартных паслухмяных дарослых.

*
Дробная дэталь: Белы Вершнік апавядае Алесі, як ён быў прыдумаў сабе шлем у выглядзе кулька для цукерак, уваліўся ў яго, пасьля чаго шлем на галаву (разам з самім Вершнікам) надзеў “іншы белы вершнік” – які, паводле сьпісу фігураў (а белых вершнікаў усяго два), ёсьць ня кім іншым, як Аднарогам! Беламу Вершніку давялося адбівацца ад яго нагамі й доўга вылазіць з кулька – аднак можна ўявіць сабе, што зь ім здарылася нешта нашмат горшае, пра што ён ня кажа Алесі: мітычны Аднарог мог, ня ведаючы гэтага, прапхнуць яго сваім доўгім і вострым рогам. “Вельмі неабачліва надзяваць шлем зь іншым вершнікам усярэдзіне” – калі быць поўным параноікам, можна ўчуць у гэтым і намёк на сэкс у часе цяжарнасьці – ці наагул на сэкс з жанчынай у рэпрадукцыйным веку, які прыводзіць да зьяўленьня дзіцяці. “Я вылазіў доўгія гадзіны – як бліскавіца...” Гм, сапраўды, “Люстра” – кніга для дарослых. Ці прынамсі для дарослых, якія дарослымі быць ня хочуць. 

*
Уступны верш “Люстра” насамрэч не такі пэсымістычны, як здаецца (ці, прынамсі, раней здавалася мне). Ну так, усё вакол ня тое, зіма, крызіс сярэдняга (ці, паводле тагачасных мерак, ужо ўласна старэчага) веку, “шчасьлівых летніх дзён” няма, з нагоды чаго гучыць мэлянхалічны ўздых – і тым ня менш, аўтар упэўнены ў сабе і ў посьпеху сваёй новай кніжкі (вядома ж, пасьля посьпеху першай), як і ў тым, што Эліс яе прачытае і нават упадабае. Прадчуваньне сьмерці Кэрал трапна параўноўвае зь дзіцячым прадчуваньнем хуткага “адбою”, ужываючы дзеяслоў “to fret” – сьмерць яго не палохае, не жахае, а ўсяго толькі дражніць, цьвеліць, выклікае непрыемныя пачуцьці; стаічна ўсьведамляючы яе непазьбежнасьць, ён “капрызьнічае”, як дзіця, дурэе, выдурняецца. Пры гэтым ён перакананы, што гэтыя літаратурныя капрызы здольныя адагнаць думку аб сьмерці (калі не зусім яе перамагчы, няхай суб’ектыўна), і мае рацыю.

*
З аднаго Кэралаўскага вобразу – а менавіта вобразу Авечкі, якая нібыта “вяслуе” ў чоўне, вяжучы на сьпіцах – фактычна выходзіць усё маё разуменьне таго, што такое паэзія, і ў прыватнасьці – мэтафара. Гэта, бадай, самы магічны – гэткі “кінэматаграфічны” – вобраз у абедзьвюх кніжках пра Алесю. Усе астатнія пераўтварэньні ў Кэрала – не мэтафары, а хутчэй адвольныя мэтамарфозы, у якіх, апрача нястрогай лёгікі сну, няма нейкай нутраной неабходнасьці, аб’ектыўнай заканамернасьці.

*
Па шчырасьці, ніякага зьдзіўленьня Кэралава захапленьне сямі-васьмігадовай Алесяй у мяне не выклікае. Раней выклікала, з увагай на ўсялякія вульгарныя й бульварныя пэдафільныя імплікацыі, якія мяне ў прынцыпе не цікавяць. Я зразумеў прычыну ягонай апантанасьці гэтай дзяўчынкай толькі пару гадоў таму – пасьля таго, як у Прагу прыехалі мае беларускія сябры, муж з жонкай, разам з васьмігадовай дачкой і яшчэ дзьвюма ейнымі сяброўкамі-аднагодкамі. Разам мы выйшлі прагуляцца па горадзе – зусім кэралаўская сытуацыя. Ніколі дагэтуль я, як той Аднарог, не размаўляў з жывым дзіцём у гэтым веку, пагатоў з трыма. Гэта было штосьці фантастычнае. Перадусім, гэта і сапраўды той век, калі дзіця ня толькі ўжо спрабуе сьвядома (і галоўнае – праўдападобна!) хлусіць, але й пачынае разумець дарослы гумар (!) – “дарослы” ня ў сэнсе пахабны, натуральна, а менавіта кэралаўскі, які ёсьць чымсьці сярэднім між ангельскім сухім гумарам і францускім (перадусім моўным) эспрытам. Разумець тут значыць “спрабаваць самастойна яго аналізаваць”. Калі ўсё, што вы кажаце меншым дзецям, тыя збольшага прымаюць “на веру” абсалютна бяздумна, то гадоў зь сямі-васьмі яны ўжо маюць сякі-такі досьвед, каб супаставіць сказанае вамі з уласнымі думкамі, як мінімум – з сказаным кімсьці яшчэ (як увесь час і робіць у казцы Алеся, згадваючы свае кніжкі, выхавацельку й г.д.). То бок апроч уласна фантазіі (якая актыўная й раней, на стадыі гэткага стыхійнага сюррэалізму) да мысьленьня ў дзяцей надзвычай актыўна далучаецца памяць (!). Разуменьне гумару ў такім веку ўсё яшчэ патрабуе ад дзіцяці значных інтэлектуальных высілкаў, якія пазьней, так бы мовіць, аўтаматызуюцца – а ўжо ў пераходны пэрыяд, пад уплывам гармонаў, дзіця гатовае рагатаць (і плакаць) з чаго-заўгодна, нават з рэчаў у прынцыпе нясьмешных (і нетрагічных) – часам вельмі няшчыра. Сем-восем гадоў – гэта сапраўды тая мяжа між дзіцём і дарослым, знойдзеная Кэралам – натуральна, мяжа мэнтальная, а не фізыялягічная. У гэтым веку дзіця ўвесь час вагаецца, хістаецца на гэтай мяжы туды-сюды, як Яўпат Няўпад на муры ці Стары жабрак на весьнічках – то яно па-даросламу разумее, што вы жартуеце, і шчыра сьмяецца – то зусім па-дзіцячы дае веры самым абсурдным цьверджаньням, якія гучаць “па-даросламу”, нібы вартыя даверу – то спрабуе ставіць пад сумнеў вашыя словы з дапамогай самай нечаканай і часам недарэчнай інфармацыі, тут жа знойдзенай ім у памяці (сапраўды, настолькі яшчэ “новай”, што забыцьцё ўласнага імені не павінна ствараць для дзіцяці вялікай праблемы). Адным словам, мы можам на ўласныя вушы чуць і на ўласныя вочы назіраць... – што? Слушна: нараджэньне Абстрактнага мысьленьня. Ці Лёгасу (Таго, які нібыта быў “на пачатку”). Таго самага (трансцэндэнтальнага) суб’екту, гегелеўскага Абсалютнага духу й г.д. (Сама па сабе Асоба дзіцяці канчаткова сфармуецца пазьней, у той жа пераходны пэрыяд – але нельга ж адмаўляць, што фармаваньне мысьленьня ёсьць адным з найважнейшых складнікаў гэтага працэсу.) І гэта сапраўдны, боскі цуд, калі ўзяць да ўвагі, што ён адбываецца далёка не ўва ўсіх створаных чалавекам культурах – толькі ў тых, у якіх дзеці ў гэтым веку ходзяць у школу, а не на працу ці на паляваньне, дзе вучацца не самастойна мысьліць, а ўсяго толькі фізычна (а ў выніку і мэнтальна) імітаваць дарослых. Гэта ўзрост, у якім полавае дасьпяваньне “чалавечанятаў” генэтычна затарможваецца (іначай пераходны пэрыяд мог бы спакойна наставаць гадкоў на пяць раней, параўнальна як у жывёлы) – гэта значыць, цела расьце павальней, затое пачынае літаральна шалёным тэмпам разьвівацца мозг. (Гэта я ня так даўно чуў у дакумэнталцы Бі-Бі-Сі “Г’юман бады”. А вось сьвядома выкарыстоўваць свой і чужы досьвед у якасьці аргумэнту навучыўся нашмат раней – у тых жа гадоў сем-восем – гэтак жа як і разумець значэньне саміх па сабе аргумэнтаў і практычныя наступствы спрэчак.) Натуральна, асаблівае стаўленьне ў гэтым веку ў дзяцей да мовы – калі дагэтуль яны робяць такія мілыя й сьмешныя памылкі, то цяпер спрабуюць гаварыць слушна, па-даросламу, і як вынік па-даросламу гучаць іхныя разважаньні. Расьце іхны так званы слоўнікавы запас, яны хочуць ведаць сапраўдныя значэньні ня чутых раней словаў – заўважце, наколькі дакладна й “рэалістычна” ўсё гэта апісанае ў Кэрала на прыкладзе Алесі. Няма ніякага сумневу, што Кэрала, як матэматыка й лёгіка, ня мог не прыцягваць гэты пераломны этап у мэнтальнай эвалюцыі дзіцяці, вывучаючы які можна шмат чаго зразумець пра мысьленьне як такое. Пра тое, што яшчэ яго прыцягвала ці не прыцягвала, я, як усяго толькі перакладнік, меркаваць не бяруся.
           
2016 г.

Першае беларускае кніжнае выданьне “На тым баку Люстра” Л. Кэрала з клясычнымі ілюстрацыямі Дж. Тэніэла можна набыць тут: https://www.amazon.com/baku-Liustra-shto-napatkala-Alesiu/dp/1782011498/

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Сваёй ляканічнасьцю хокку нагадвае афарызм. Хаця ляканічна сфармуляваную ў афарызьме думку можна разьвесьці на цэлы абзац, усё-ткі клясычная — я б сказаў «каліграфічная» ці «мнэманічная» — яе форма менавіта такая, а ня іншая. Гэта як фармулёўка якога-небудзь матэматычнага ці фізычнага закону: яе можна бясконца ўдакладняць, але сутнасьці (якая так ці йначай мусіць быць зразумелай кожнаму школьніку) гэта ўжо ня зьменіць.

Вядома, ня ўсе з нашых варыянтаў і калямбураў урэшце трапілі ў канчатковую вэрсію, таму што самыя дасьціпныя зь іх былі папросту не для друку.

Пераклад:
Макс Шчур

Ніхто болей не гарантуе творцы, што наступная генэрацыя будзе лічыць ягоны твор вартым ці зразумелым. Праз гэта творца ня можа ня прагнуць як мага хутчэйшага посьпеху, пры ўсёй небясьпецы, якую гэтая прага нясе для ягонай унутранай цэласнасьці.

Пераклад:
Макс Шчур

Калі вам пагана, ня трэба казаць гэтага чытачу. Пакіньце сваю гаротнасьць пры сабе.