Зь “люстраных” вершаў

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

ЖАБАВОКІ

Упоўдне рысы барзюкі
Сьвярбяху ў напе а крыўляху,
Сычаша птах, і мертвакі
Ўва горбех верашчаху.

„Гатуйся, сыне,—Жабавок
Зь Дзюбдзюбам, драпны а кусьлівы!
Час, дабы зь піхваў ты валок
Свой Крывасек жлухлівы!“

Узяўшы ў пясьць вяшчарны меч,
Шманаў ваяр зьмяюку там і
Сям, ажна сам пачаўша цеч
Размысьляй па Тамтаме.

Стаяў ён расьпярэджан се,
А тут ня ў знакі—чуйны скокі!
З дубровы сам сябе нясе
Пачмурны Жабавокі!

Іду на вы! Галоў далоў
Жалудны меч баржджэй стрыгаша!
Страхот гатоў—і стрымгалоў
Дамоў асілак бяша.

„Дзе Жабавокі? Убіен?
Падзі да рук мая, о чада!
О, жарсны дзень! О, гласны дзень!“
Пяе зрадзіцель рада.

Упоўдне рысы барзюкі
Сьвярбяху ў напе а крыўляху,
Сычаша птах, і мертвакі
Ўва горбех верашчаху.

ПРА МАРЖА І ЦЕСЬЛЯРА

Палала сонца над вадой
Так зырка, як магло,
І хвалі морскія пад ім
Зіхцелі, быццам шкло—
У сонца лепшага ўначы
Занятку не было.

Тым часам месяц змрочна зьзяў,
Бо думкі быў такой,
Што сонцу тут няма чаго
Рабіць начной парой.
„Прыйсьці ды сапсаваць мне баль—
Нішто сабе герой!“

Вада вільготная была,
Ад сушы ўсохла суша.
У небе хмарак не плыло—
Іх не было таму што.
А што да птушак угары—
Ня лётала там птушак.

Морж зь Цесьляром па беразе
Ішлі непадалёк
І наракалі голасна,
Што ўкол адзін пясок:
„Хай бы яго куды яшчэ
Хто-небудзь адвалок!“

„Сем пакаёвак зь мётламі
Паўгода тут калі б
Мялі,“ Морж прапаноўвае,
„Што скажаш—падмялі б?“
„Наўрад ці,“ адказаў Цясьляр,
Стаіўшы горкі ўсхліп.

„О вустрыцы,“ гукае Морж,
„Мы клічам вас з сабой!
Хадзем, размову завядзем
Пад шапаткі прыбой.
Па дзьве рукі ў нас—чатырох
Нам хопіць з галавой!“

Старая Вустрыца тады
Як на Маржа зірне,
Ды як закруціць галавой,
Як падміргне: не-не,
Маўляў, няма дурных ісьці—
Мне лепей тут, на дне.

Дзьве пары юных вустрыцаў
Тут выявілі шустрасьць:
Сьвяточны ў іх настрой і строй,
Абутак неба люстрыць—
Што дзіўна, бо ніякіх ног
Няма спрадвеку ў вустрыц,—

І шусь на пляж, за імі зноў
Такі ж прыблізна шэраг,
І так далей—і ўсё мажней
Здаюцца па памерах:
Усе выскокваюць з вады
Ды сунуцца на бераг.

Морж адмахалі зь Цесьляром
Яшчэ вярсту ці колькі,
А потым селі адпачыць
На камень невысокі—
А побач вустрыцы ў радку
Чакалі, рукі ў бокі.

„Пара,“ тут кажа Морж, „прыйшла
Пагутарыць нарэшце
Пра ўсё: капусту й каралёў,
Аб сургучы й агрэсьце,
Ці можа мора закіпець,
Сьвіньня—на неба ўлезьці“.

„Чакайце!“, вустрыцы ў адказ,
„Аддыхаемся перш мы—
Таўстухаў многа сярод нас,
Хадзіць нязвыклых пешшу!
„Нам не гарыць!“, сказаў Цясьляр,
Чым вустрыцаў пацешыў.

„Нам хлеба бохан,“ кажа Морж,
„Спатрэбіцца ды перац,
Ды воцту лыжачку ці дзьве
Ня шкодзіла б адмераць.
Як адпачылі, вустрычкі—
Пачнем ужо вячэраць“.

Сьсінелі з жаху вустрыцы:
„Пасьля такога шэсьця,
Пасьля ўсёй вашай дабрыні—
Нас нельга ўзяць і зьесьці!“
„Прыгожы від,“ на гэта Морж,
„І рамантычны дзесьці.

Як добра з вамі вечарком,
Як вы нам да спадобы!“
На што Цясьляр яму сказаў:
„Дай хлеба, цьвердалобы!
Я ўжо ня першы раз кажу—
Пяюць мае вантробы!“

„Падступны хітрык,“ кажа Морж,
„Няёмка неяк аж.
Яны ж за намі пехатой
Пратупалі ўвесь пляж!
На што Цясьляр сказаў адно:
„Танчэй лепш масла маж!“

„Шкада да сьлёз,“ прызнаўся Морж,
„Мне небарак-малюскаў,“
І пад уздыхі аддзяліў
Тлусьцейшых ад малюцькаў,
І твар насоўкай прыкрываў,
Калі іх з плачам лускаў.

„О вустрыцы,“ сказаў Цясьляр,
„Паклон за таварыства!
Па хатах?“ Вустрыц не чуваць
У цішыні ўрачыстай.
Ня дзіва, бо Цясьляр з Маржом
Зьніштожылі ўсіх чыста!

*
Узімку сьнег пакрыў зямлю,
А я табе адной пяю.

Увесну, як прачнецца гай,
Мне патлумачыць песьню дай.

Улетку будзе дзень даўгі—
Напруж над песьняю мазгі.

А ўвосень, як зь нябёс палье,
Пайдзі і занатуй яе.

Я ліст даслаў да морскіх рыб
З пытаньнем, ці яны маглі б.

Малыя рыбы тут жа мне
На гэта адпісалі: „Не“.

Адказ гучаў прыблізна так:
„Даруйце, пане, аніяк“.

Я напісаў ім допіс зноў,
Дзе раіў пазьбягаць адмоў.

З насьмешкай рыбы мне ў адказ:
„Што за настрой паганы ў вас!“

Пішы ім раз, пішы ім два:
А ім хоць не расьці трава.

Узяў я імбрык, што памерам
Адпавядаў маім намерам.

Мой дух бадай што скочыў вонкі:
Набраў я імбрык ля калёнкі.

Тут падыходзіць хтось нягеглы
І кажа: „Рыбкі спаць палеглі“.

А я яму без эківокаў
„Дык пабудзі іх!“ прагалёкаў.

Гучала гэта ясна й суха:
Я ўзяў ды крыкнуў проста ў вуха.

Ды ён быў стойкі і трывушчы.
Сказаў ён: „Не гарлайце ў вушы!“

Ды ён трывушчы быў і стойкі:
„Я пабудзіў бы іх, вось толькі—“

Тады гляйсар я ўзяў з паліцы,
Каб рыб самому дабудзіцца.

Яны ж на ключ замкнулі дзьверы!
Я біў абенаж, біў аберуч,

І ўрэшце выбухнуў: „Ах, так!“,
За дужку ўзяўшыся, аднак—

СТАРЫ ЖАБРАК

Скажу, як ёсьць, хоць не мастак
Я ў сьпеў зьнітоўваць словы:
Сядзеў адзін стары жабрак
На весьнічках вясковых.
Спытаўся я: „Ты хто й як так,
Што ты такі жывучы?“
Працёк, нібы вада ў друшляк,
Адказ яго мне ў вушы:

„А так ды сяк: падсьцерагу
Дзе мятліка ў пшаніцы
Й прадам, запёкшы ў пірагу,
На вуліцы ў сталіцы.
Што б даў за мятліка марак
Пры шторме ў акіяне!
Так і жыву“, сказаў жабрак,
„Падайце грошык, пане“.

Ды я ня ўчуў, бо прыдумляў,
Як вус змачыць у зелень,
І каб вахляр яго хаваў,
Як вочы б хто казеліў.
Таму яшчэ раз я прароў
Старому жабраку:
„З чаго ты, дзеду, жыў-здароў?“
І даў па чарапку.

Салодка прасьпяваў дзядок:
„Мне шмат шляхоў вядома.
Знайду ў гарах рачны выток—
Спалю дазваньня ўмомант.
Здаю згарэлае багно
Для вырабу алею:
Хай грош ці два, ды ўсё адно
Штось зарабіць здалею“.

Ды я ня чуў яго зусім,
Бо разважаў аб цесьце:
Ці можна распанець на ім,
Калі штодзённа есьці?
Таму затрос дзядка я зноў,
Пакуль ня стаў ён сіні.
„З чаго жывеш ты,“ я зароў,
„Цябе сказаць прасілі!“

А дзедка: „Вочы ад траскі
Шукаю на балоце—
Зь іх гузікі на пінжакі
Раблю ў начной самоце.
І іх я не збываю з рук
За талеры й дукаты,
А прадаю па дзевяць штук
За медны грош шчарбаты.

А так—рулет знайду ў зямлі,
Злаўлю дзе крабаў колькі,
Наткнуся дзе-нідзе ў быльлі
На колы ад двухколкі,
І гэтак (падміргнуў жабрак)
Жыву ўжо шмат гадоў я.
Падайце—вып’ю на шастак
За вашае здароўе!“

Тут я пачуў дзядка, бо плян
Якраз ствараць даканчваў,
Як мост іржавых збавіць плям
Ільга віном гарачым.
Дзядку падзякаваў, як мог,
Ды не за шчырасьць слоў я—
Хутчэй за тое, што дзядок
Так зычыў мне здароўя.

Цяпер, калі ў віры турбот
У клей я пальцы ўклейваю,
Або ўтрапёна ў правы бот
Ступню ўпіхаю левую,
Ці на нагу мне ці куды
Штось цяжкае ўпадзе,
Я ўспомню, плачучы, тады
Дзядка ласкавага заўжды,
Чый рот з-пад белай барады
Штось мармытаў, нібы туды
Набраў ён цеста ці вады,
Чый позірк, як агонь, руды
Шмат бачыў гора і бяды—
Дзед, хоць і быў немалады,
Меў немаўлячыя глузды
І роў, як бык, ад шалу, ды
Разгойдваўся туды-сюды,
Калі той даўняй серады
На весьнічках сядзеў.

*
Увага! Алеся гаворыць да Люстра:
„Маю пастанову выконвайце шустра!
Склікайце ўсіх дамаў, зьвяроў, кавалераў
На сьвята ў кампаніі трох каралеваў!“

Частунак дармовы, ласункаў багата:
Суп будзе з катом, і з мышамі—гарбата.
Алеся залатвіла ўсё адмыслова—
Вітайма яе тройчы трыццацьразова!

„Насельнікі Люстра, да рэдкага шчасьця
Са мною спазнацца—гайда далучацца!
Ня часта даецца такі прывілей вам—
Складзеце ж кампанію тром каралевам!“

Напоўнеце шклянкі атрамантам, півам,
Пяском ці кудзеляй—што больш да душы вам.
Вітайце Алесю ўсе адначасова
Па дзевяць разоў дзевяностаразова!

*
„Рыбу трэба злавіць“.
Гэта лёгка, яе і дзіцятка вам зловіць.
„Рыбаку заплаціць“.
Гэта лёгка, на гэта й паўгроша вам хопіць.

„Зараз рыбу згатуй!“
Гэта лёгка, хвіліны якой будзе досыць.
„А цяпер—сэрвіруй!“
Гэта лёгка, бо рыбу ўжо можна прыносіць.

„Дык на стол падавай!“
Гэта лёгка, у місе ж вам—не на патэльні.
„Ну дык вечка здымай!“
А вось зь вечкам штось дзеецца дзіўнае вельмі,

Бо прыліпла, як клей—
Не магу аніяк зразумець, у чым цымус.
Што ж, скажэце, лягчэй:
Зварушыць тое вечка ці вырушыць рыбус?

Купляйце беларускае выданьне “На тым баку Люстра” тут: https://www.amazon.com/baku-Liustra-shto-napatkala-Alesiu/dp/1782011498/

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

«Калі я быў Прывід зусім малады,
хлапчук зь мяне ўдаўся зухвалы!
Усе на слупах мы сядзелі тады,
нам лусьцікі з маслам да чаю заўжды —
хоць сьвята, хоць ноч — падавалі».

Пераклад:
Макс Шчур

Сьпярша ты пішаш фразу,
шынкуеш на шматкі;
зьмяшай іх, каб парадак быў
шматкоў абы-які:
лягічнай пасьлядоўнасьці
ня мусяць мець радкі.

Пераклад:
Макс Шчур

Мой язык, мая кроў да апошняй часьціны створаныя з тутэйшага паветра,
зямлі,
я народжаны тут ад бацькоў народжаных тут ад
іхных бацькоў і гэтак далей,
сёньня мне трыццаць сем, я здаровы як вол, я пачынаю сьпеў
і спадзяюся да сьмерці не перастаць.

Пераклад:
Макс Шчур

Бяздоннае яйка ты велікоднае – ну ты й бясформавая
я ведаю, што ты добрая
але мяне добрыя жанчыны не прыкалваюць
я люблю сук і праяваў
а перадусім дзеля іхнае языкатасьці
але ж ты – ну ўвасабленьне сьвятасьці
-
золатка, ня трэба ўсё так сур'ёзна ўспрымаць
запрашаю цябе на сенажаць
мужчынам галовы сьцінаць