Poeta fit, non nascitur

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

“Як мне пісаць у рыфму,
каб стаў зь мяне паэт?
Ты мне казаў, што «сам парыў –
праява ўзьнёслых мэт»!
І «іншым разам» не кажы!
Лепш зараз, тэт-а-тэт!”

Стары ўсьміхнуўся ўнуку,
учуўшы, што малеча
зьвярнуўся гэтак да яго
імпэтавамаўленча:
“Унучак – не хухры-мухры:
ён і куе, і плешча!”

“Раней, чым стаць паэтам –
да школы дарасьці!
Але ж, калі ўжо маеш
ты столькі дурасьці,
засвой спачатку правіла
аб сутаргавасьці.

Сьпярша ты пішаш фразу,
шынкуеш на шматкі;
зьмяшай іх, каб парадак быў
шматкоў абы-які:
лягічнай пасьлядоўнасьці
ня мусяць мець радкі.

Каб іншым спадабацца,
на памяць вызубры:
пісаць абстракцыі заўжды
зь вялікай літары!
«Краса, Дабро ці Ісьціна» –
вось шлях у рытары.

Калі б ты стаў апісваць
абрысы, колер, гук,
то ўсё праз намінку кажы,
ня ўпрост – карысны трук.
Крывы пагляд на сьвет – адна з
паэзіі зарук!”

“Ці варта апісаць мне
з баранінай пірог
як «кучаравых статкаў сон,
заключаны ў астрог
пшанічны»?” “Так, падобны стыль
адпавядаць бы мог.

А пэўныя з эпітэтаў
да ўсіх пасуюць слоў,
яны як соус соевы:
пад птушку, рыбу, плоў,
«самотны, дзікі, скрушны» – іх
каб ты паўсюль уплёў”.
   
“А можна мне, о, можна мне
ўзяць жменю гэтых слоў:
«Самотны дзікі чалавек
па скрушнай пампе йшоў»?”
“Не, надта ты сьпяшаесься
прыходзіць да высноў.

Эпітэты – як перац:
узмоцняць смак пісьма
і сьліну пусьцяць, калі хто
глынае сухама,
а вось калі перапярчыць –
то толку ўжо няма!

І ўрэшце, да структуры:
лепш чытача ты не ін-
фармуй зашмат, хай дойдзе сам
да зьместу ахінеі –
наконт сюжэту ты цямні
й наконт самой ідэі. 

Каб нэрвы чытача падверг
выпрабаваньню ты,
ніякіх месцаў, дат, імён
і іншае лухты:
на працягу паэмы ўсёй –
паболей цемнаты!

Памеры свайго твора
ты вызнач насамперш
(набіўкі як ня знойдзеш –
пазычаным наб'еш),
а вось Страфу з Сэнсацыяй
ў канцы падаць найлепш!”

“Скажы ж ты мне, дзядуля,
што за Сэнсацыя?
Каб слова хто ўжываў вось так,
мог чуць наўрад ці я.
Ці лепей прыклад прывядзі –
Exempli gratiâ”.

Зірнуў дзядок маркотна
на сад вячэрні, дзе
расінкі шчэ мігцелі
ў сутоньні дзе-нідзе:
“Схадзіў бы ты ў Адэлфі,
«Красуню» паглядзеў.

Прыдумаў назву Бусіко –
там, па тэорыі,
Жыцьцё ёсьць Спазм, а Містыка –
пасыл Гісторыі.
Другой такой Сэнсацыі
няма між творамі!

Дакуль зіхціць фантазія –
бярыся за пісьмо...”
“А там маю паэзію
мы ў друк, бадай, дамо?
Шрыфт залаты на вокладцы,
у duodecimo!”

Дзед з пыхаю ўсьміхнуўся
(каб мог, схапіў бы ўнук
атрамант у яго, пяро
і прамакатку з рук) –
але ж прыкметна зьмізарнеў,
падумаўшы пра друк.

 

Заўвагі

Poeta fit, non nascitur – паэтам робяцца, не нараджаюцца (лац.)
Exempli gratiâ – напрыклад (лац.)
Адэлфі – тэатр у аднайменным лонданскім квартале.
“Красуня” (“The Colleen Bawn”) – папулярная ў свой час мэлядрама ірляндзкага драматурга Даена Бусіко.
Duodecimo – невялікі клясычны кніжны фармат (лац.)

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

«Калі я быў Прывід зусім малады,
хлапчук зь мяне ўдаўся зухвалы!
Усе на слупах мы сядзелі тады,
нам лусьцікі з маслам да чаю заўжды —
хоць сьвята, хоць ноч — падавалі».

Пераклад:
Макс Шчур

Упоўдне рысы барзюкі
Сьвярбяху ў напе а крыўляху,
Сычаша птах, і мертвакі
Ўва горбех верашчаху.

Пераклад:
Макс Шчур

«Чарапаха! Ці
даўно ўжо неба копціш?»,
пытае вулкан.

Пераклад:
Макс Шчур

У адной праскай мясной краме
на рагу дзьвюх вуліц Старога Места
рэзьнік аднаго дня забіў
шырокай крывавай сякерай цурбан
потым надзеў парасячую галаву зь вітрыны
замкнуў краму
і з голасным рохканьнем
зьнік у кірунку Голэшавіц