Сяргей Вайніцкі

Нарадзіўся, жыве і працуе ў Менску. Студэнт аддзяленьня філязофіі і літаратуры Беларускага Калегіюму ад 2015 году і па сёньня. Пачаў пісаць у 2016-м. Аўтар некалькіх празаічных і паэтычных тэкстаў, зь якіх адзін надрукаваны ў часопісе Калегіюму «Паміж» #11 (эсэй «Мармур»), другі — у часопісе «Дзеяслоў» #95 (эсэй «Ліхтар»), а эсэй «Paris delenda est» i вершаваная «Моўча» — у электронным часопісе «Абдзіраловіч».

«Што я, народ, мушу?» — стаіць пытаньне. Быць прагматычным. Гэтым можна падсумаваць усё сказанае, нічым ня схібіўшы проці зьместу.

Слуп сьцябліны
абсечаны
высахлы
ўтыркаўся ў бледна-чорную сьветліню
роўна разьлітую ўсюль
ён меў падабенства з калюмнай
што не трымае нічога апроч пустаты
пазбаўленая капітэлі гзымсу столі
і апраўданьня

У маленькай крамцы, дзе заўжды ё’ ўсё й нават болей,
ты купляеш адзін і той глазураваны сырок і жменю печыва,
часам — бутэльку вады (малую, каб лёгка несьці, а мусіў бы большую —
то было б, як тады, насампраўдзе)