1. Præludium
Augustus —
месяц
названы імем імпэратара
каб уславіць здабыцьцё ім перамогі над зямлёю эгіпэцкай
краінаю чорнай таемнай
тугім зьмяіным кублом
цудатворцаў мудрацоў і астралёгаў
мяккім і блытаным
нерасплеценым
расьцятым халодным лязом рымскага меча
ці
проста
каб моцаю імені перамяніць шосты на восьмы
перамогу на шчаснасьць
сьмерць на жыцьцё
жвір на гліну
тлушч на здор
марна
ужо восьмы
на поўдні зімовы
на поўначы летні
месяц астатні
ільвіны жніўны хлебны
месяц глебы беднай спусташонай уласнаю плоднасьцю
сьмяротны
сярповы
пыльны
хворы
месяц абезгалоўленага калосься
непрытульны як попел
ветрам па гонях гнаны
2. Dux (Thesis)
Лепей менш.
Яно не пяе
Ня кажа.
Проста сабою самім
Гэта сьведчыць:
Лепш менш.
Ягоны сьвет раскладаецца
З цэлага да зразумелага.
Ягоны сьвет робіцца бачны злушчваньнем.
Целы вылузваюцца з апраткі.
Адзежа ацярэблівае апратку.
Словы ацярэбліваюць.
У ягоным сьвеце
Ўсё вымяраецца мізарненьнем.
Тут жоўклага ’шчэ багата.
Гэта кепска.
Але такое багацьце значыць
Што іншых колераў мала.
Гэтым яно прыймальнае.
Бо лепш менш.
Тут шмат доўгага.
Гэта значыць
Што бракуе сярэдняга і малога.
Добра.
Бо лепш менш.
(Потым
Калі сьсячэцца даўгое
Будзе яшчэ ляпей:
Бо меней заўсёды лепш.)
Сухога таксама досыць.
Празь яго вобмаль мяккага й здатнага большаць.
Лепш менш.
Друзлае тут пакрысе аблязае з танкога.
Так лепш.
Хутка й лепшага мае зрабіцца менш.
Тады застанецца зусім адно
Яно.
Худое.
Не зусім нічога:
Нерухомае неадступнае адніманьне.
Зьмяншэньне.
Схудненьнем
Скіраванае ў небыць.
У нішто
Якое
Ніколі ня зробіцца цэлым.
Бо лепш менш.
3. Contrsubject (Antithesis)
Патроху, па кроку, па цалі, ня цэлячы сьсюль нікуды,
Прастора разгортваецца, паглыбляецца пульсам хваляў
Калёраў густых, цьмяна-цёплых, зрэдзь рэзкіх, як хвасткі боль ад
Заяркага промня сьвятла проста ў ёмішчы воч у ночы
Цямрэчы, у невідавочнасьці целаў; рэчаў і гукаў рухі
Хаваючы, плыткімі фарбамі рэхаў малюючы формы й
Прадметы, і гэтымі плынямі фарбаў фармуючы вобраз
Тутэйшага, пены няпэўнае поўнага сьвету — гэтак
Прастора сябе разнасьцежвае ўсюль, дзе ёй льга знайсьці бы
Хоць люз, хоць бы вузкі лаз, здатны быць годным прыймом для хваляў
Калёраў празрыстых, распушчаных і легкадумных нібы,
Ці ўладных, загуслых і быццам застуджаных нечым; для плыняў
Імклівых і млявых, слабых і напятых, залежна ад формы ценяў
Схаваных, нябачных, адно іхным рухам зьяўленых целаў —
Сьляпая прастора сябе вытлумачвае гэтым рухам,
Глухая прастора сябе спазнае гэтых фарбаў рэхам,
Пярэбрахам хваляў напружаньня і распушчэньня, чэрга-
мі тонаў, што розна пульсуюць, ствараючы выгляд формы
Ў пустэчы, у якой непалічаная колькасьць рэчаў ёсьць ад-
начасна крыніцаю колераў і перашкодай іх руху прэч, а-
ле як?
— Лёгка-лёгка, марудна, паволі
Тонкім пылам, якім залатое
Тчэцца ў ценкую тканку, ў фіранку
з косак сонца,
Рассыпаных густа
Па пляскатай дрыготкай прасторы,
І, ’бы ў першую сераду посту
цёплай купкаю попел,
Кладзецца наўпрост у
Прамяністую мякаць азону;
Сінім дымам, алейна-вільготным
і дзіравым,
Каторым у лютую сьпёку
Аддзяляецца мяса ад костак,
Быццам студзень, зь іх споўзшы апоўдні,
і расьцекшыся;
Цёмна-брунатных
Цяжкіх кропель балючым крапленьнем па сьвята
Баваўнянай бялюткай паверхні,
і па верхнім слаі
Ссохлай глебы,
Збыт напятай, нацягнутай гвалтам
На каменную кулю, сям-там трупехлай,
як скура
Вечным крыкам зьнявечанай поўні —
Барабаннымі, ’бы наўмысьля запаволена-
моцнымі
ўдарамі
пульсу
стуль,
спадыспаду,
з-пад скуры навонкі,
з вачніцаў у скроні,
Заглушаючы й блытаючы ўсё наўкол,
аж пакуль су-
адносіны жоўтага,
сіняга,
цёмнарудога
Не сфармуюць адказу:
«Як? — Пахка».
Глухая і невідушчая, ім створаная прастора
Купаецца ў фарбах і гуках — у спалучэньнях тонаў,
Адценьняў і ценяў паху, які ў ёй стварае ўсё, проч
Уласна сябе самога (гэтак
У іншым сьвеце вачам не відно сьвятло, хоць
Той сьвет яму тлом, ён ім бачны скрозь —
Ад вяршалін дрэў да ў гной утаптаных кветак).
4. Interludium
Слуп сьцябліны
абсечаны
высахлы
ўтыркаўся ў бледна-чорную сьветліню
роўна разьлітую ўсюль
ён меў падабенства з калюмнай
што не трымае нічога апроч пустаты
пазбаўленая капітэлі гзымсу столі
і апраўданьня
бо ня неба ж ён нёс напраўду?
неба адсутнічала
цемра
забруджаная сьвятлом
ператвораная ў каламуць
не зазнавала ані перашкоды заміны ўціску
ніякай мяжы
ніякага неба
трымаць не было чаго
ўсё бесьперашкодна выпетрылася
беспрацоўны
цяпер проста стаўбур
на тле гэтай убогай блякласьці —
вяршыняй далёка ў нікуды
слуп разбуранай
бяз сьценаў бяз даху бяз бога
былой бажніцы
адзін
сам-насам
нешта на тле нічога
часам вецер
сухое сьцябло звыкла хіліцца
за ім
на цёмным ва ўсе бакі прасьцягу
паўсюль
тысячы тысяч аднолькавых сухіх сьцяблін так сама
кожная паасобку
кожная ў сваю чаргу
даўна нічым ня злучаныя
хіба пылам
далавах
5. Synthesis
За дзесяць хвіляў да поўні,
За восем крокаў да цемры,
За шэсьць прыступак да мёртвай сасьмяглай цішы
Худое білася з пахам,
Асьцягла й гучна.
Абое мадзелі ў крыку
На тле пажоўклае нематы
Травы, што сьніла зяблыя сны на сохлай блоні
Ў чаканьні вады і сонца,
Нябачная ў змроку.
Худое — галізнай костак, пах — чвэнтам
Будзілі асьцё, і асьцё безуважна, моўчкі,
Скрозь смагу і сон глядзела,
Як пах хвастае худое —
яму ў худым бо бракуе тхненьня;
Як ізь зьдзекам худое сіпіць:
«Давай, пакажы свае рэбры
Мне!»;
Як кожнае з двух пнецца ўбачыць паніклы, прыніжаны твар другога:
Худое — гнілыя, пакрытыя тлушчам косткі ў паху,
А пах — ледзь чутнае, вартае жалю тхненьне з худога;
Як прагнуць абое адкрыць у іншым мізэрнага хлуса, здрайцу,
І гвалтам выціснуць:
«Так, я такое сама, як ты, толькі горай» —
Зь ягоных скрыўленых крыўдай вуснаў;
Насыціцца выглядам ганьбы, нацешыцца перамогай.
Стамлёная сушай, амаль нежывая
Трава безуважна слухала шум тузаніны ўнізе,
Між жоўклых сьцяблін, між засохлых рэштак палёўкі,
Цярпліва чакаючы
Трохі сонца, дажджу й спакою.
Тады сярод ночы,
Ступаючы хутка
Па высахлай блоні,
Па жухлым асьці і пыле, спакойна,
Вялікі Яднаўца
Прыйшоў, расклаў вогнішча,
Згатаваў ваду, працягнуў руку
І ўкінуў у кіпень разам
Пах і худое,
Што, віскнуўшы наастачу, абое
Сталіся ў момант
Чырвоныя і нямыя.
Аднаго нешырокага гэсту
Рукі, бестурботнай і моцнай,
Аказалася досыць, каб паяднаць у шкарлаце і моўчы
Гэтых, што марна змагаліся за адзіноту
Цягам цэлай ночы. Цяпер,
Дачакаўшы сьвятла
Агню, трава пазірала маўклівым вугольлем на чоп з вадой,
У якой, ужо стылай,
Два тугія чырвоныя камячкі
Пакрысе асядалі на дно,
Раскладаючыся,
Раскладаючыся,
Раскладаючыся.
Яны зьнікнуць бязь сьледу,
Без азнакі і памяці. Болей
Немым крыкам ня зганьбіць ніхто
Немасьць ціхай, у цемры нявіднай
Блоні, не парушыць спакою,
Не скране недарэчнай турботай,
Не адцягне ад пільнага, важнага,
Вечнага клопату — выжыць,
Ацалець, слухаць смагу, чакаць на золак.
Больш ніхто не стурбуе зьнішчонай агнём травы:
З-пад астылага прыску паўстане такая сама —
Маўклівая, ніцая, пыльная. Пільная ў справе
Свайго начнога чуваньня. Й ва ўсім
Панавацьмуць нанова
Чаканыя доўга
Ціша, лад і парадак.
6. Postludium
не сьпісаўшы асадак
плоймы
загадак не разгадаўшы
ў прыску
сьпячы аладак не пасьпеўшы
да ўсяго спазьніўшыся
нічога ня ўбачыўшы
пасьля
калі больш няма што збаёдаць згубіць змарнаваць
я выходжу пасьля
пустое
поўнае попелу поле
нічога ня здарыцца па-за мною тут
можна марудзіць колькі заўгодна брысьці
стаяць уголас дзячыць агню
без агню ці прадзёрся б праз зарасьці
ці наважыўся б таптаць ламаць плесьці
цяпер вольны
сум агортвае мяне
чаму
правы той, хто патрапіў выжыць
у доўгім часе паміж
ночай і ’шчэ ледзь бачным сьвітаньнем змушаны быць
хаця кім
ранейшага не вярнуць не дачакацца новага
я карыстаюся тым што засьпеў
попелам
бот уцісквае падэшву
глыбока ўсёю вагою цела
глыбока каб аніякі вецер
адняўшы
я аглядаю знаёмы рысунак рэфлектара
цені разорак
бясьпечныя ўтульныя
колцы
лініі
сьляды рамонту
і марка
ад мяне толькі памер нагі
самота
прага застацца
XI.2019 — 2.II.2020,
’N.’