Паважаная Ганна Янкута!
Прачытаў Вашую бліскучую рэцэнзію на свой пераклад Бонды і пачарпнуў зь яе нечакана шмат — прынамсі, як мне здалося, яўна болей, чым Вы з згаданага перакладу. Напрыклад, што «...прадуктыўнае спалучэнне сэксу і філасофіі ацаніў у „Філасофіі ў будуары“ яшчэ маркіз дэ Сад, а з таго часу ўцякло ўжо нямала вады і нямала было зроблена ў гэтым кірунку». Даведаўся сёе-тое пра сюррэалізм: «Тут як з сюррэалізмам: тое, што было новым у Францыі ў 1920-х гадах, у Чэхіі ўвайшло ў моду толькі ў сярэдзіне стагоддзя — але пра першую свежасць гаварыць тут не выпадае». Дагэтуль я быў дрэнна інфармаваны і наіўна лічыў, што чэхаславацкая сюррэалістычная суполка ўзьнікла ў 1934 годзе і ад пачатку актыўна супрацоўнічала з францускай, што яшчэ да таго ў Чэхаславаччыне ўзьнік вельмі блізкі да сюррэалізму самастойны (Вашай спэцыфічнай мовай кажучы — «першай сьвежасьці») кірунак «паэтызм». Але цяпер дзякуючы Вам карціна разьвіцьця эўрапейскай літаратуры мне цалкам ясная.
Дзякую Вам таксама (у тым ліку ад імя рэдактараў кнігі) за ці не сынтаксічны разбор асобных фразаў і за шчырасьць, зь якой Вы выяўляеце ўласны творчы тэмпэрамэнт (цікава толькі, адкуль у Вас столькі праведнага абурэньня?): «Гледзячы на важкую таміну (няўжо ж пазайздросьцілі мне, «сіраціне»?) „Запрашэння на вячэру“, на месцы якой магла быць... ну, дапусцім, любімая мной „Вайна з саламандрамі“ Карэла Чапэка, я чарговы раз пачынала лаяцца на адсутнасць у нас хоць якіх выдавецкіх праграм па выданні замежнай літаратуры, у выніку чаго выбар твораў для перакладу ўвесь час кладзецца на саміх перакладчыкаў, якія радасна кіруюцца прыватнымі зацікаўленнямі...»
Вось жа, ажно на лаянку мы з Бонды Вас правакуем (хаця хто насамрэч каго — яшчэ пытаньне). Выглядае, што я сапраўды ўдала выбраў ня толькі аўтара, але і творы, раз так хутка (і паўгода не прайшло ад выданьня) пачалі адгукацца любыя майму сэрцу аматары «прыгожага пісьменства» й «Бальшой Ліціратуры» (што б яны сабе пад гэтым ні ўяўлялі). Вядома, я мог бы зрабіць дзеля Вас адхіленьне ў бок бліжэйшай Вам бэлетрыстыкі, якой і ў Бонды навалам, але чамусьці ня стаў. Скажыце шчыра: няўжо Вы думаеце, што я такі наіўны і рабіў пераклад каб заслужыць Вашыя камплімэнты, перадумовай якіх, баюся, была б Вашая папярэдняя ўхвала выбару кнігі, аўтара, а хутчэй за ўсё й кандыдатуры перакладчыка? Запэўніваю Вас, што якраз наадварот.
Такім чынам, я рады, што «блудны сын» Бонды заканамерна выканаў тут ролю лякмусавай паперчыны ці там чырвонай анучы, як заўгодна. Яшчэ толькі спытаю: дык чым, па-Вашаму, павінны «радасна кіравацца» перакладчыкі, калі ня ўласнымі зацікаўленьнямі? Нейчай замовай? «Праграмай»? Якую створыце Вы? На падставе чаго — эксклюзіўнага патэнта на неаспрэчнасьць ды (як можа камусьці здацца паводле імпазантнага і, не ўтаю, імпануючага сьпісу перакладзеных Вамі аўтараў) на ўсёведаньне? Што ж, стварайце сабе — толькі, па-першае, пакіньце надзею, што ўсе пагалоўна чытачы й перакладчыкі будуць Вашаю праграмаю (ці густамі, то бок, уласна, такімі ж прыватнымі зацікаўленьнямі) кіравацца, а па-другое — ну не судзіце пра кнігі і аўтараў легкадумна, толькі на падставе дзесьці хай сабе легкадумнага, дзесьці проста крышку складанага сынтаксісу (так, у арыгінале досыць стыхійнага, бо аўтар дбаў сапраўды крыху пра іншае) ці там адной фразы, зь якой Вы, не зразумеўшы кантэксту, робіце выснову пра «пазёрства» — гэта ня вартае Вашай выкшталцонай адукацыі як мінімум. Калі гэта Вам не пад сілу (а я так ня думаю) — ну што ж, тады пішыце выключна пра тое, што блізкае Вам і з чым Вы добра абазнаныя, то бок пра ўсё Разумнае, Добрае, Вечнае, Цікавае й Прыгожае ў Вашым разуменьні гэтых словаў.
Але найболей мне ў Вас, прызнаюся, спадабаўся вось гэты пасаж, які насамрэч робіць гонар такой добра выхаванай паненцы (не хачу казаць «дэвотцы» — але пашукайце слова ў Сёмухі, ня я яго прыдумаў, ёсьць яно і ў расейскай, хаця створаны ад яго паводле чэскага ўзору прыметнік я ня буду бараніць зь пенай у рота, як, зрэшты, і нішто ў гэтым поўным сумневаў сьвеце): «У гэтай кампаніі, як на мяне, не хапае толькі аднаго — якога-небудзь п’янага маргінала, які ў самы адказны момант залезе на стол і пачне дэкламаваць непрыстойныя куплеты, перамяжаючы іх уласнымі філасофскімі сентэнцыямі.»
Дзякуй Вам за гэтую вельмі непавярхоўную характарыстыку кнігі й яе аўтара, папраўдзе вартую азначэньня «рэцэнзія». Хоць гаворка тут нібыта пра нейкага там Бонды, які Вас ня ўразіў (і ўразіць, падазраю, ня мог, бо яўна не дасягае мысьлярскага ўзроўню Эйн Рэнд), але «нешта мне падказвае», што Вы тут дзеліцеся з намі сваімі цнатлівымі ўявамі пра самога перакладчыка («непрыстойныя куплеты» неяк наводзяць мяне на гэтую думку). Што ж, можа быць, я ў Вашым складаным вытанчаным сьвеце і які-небудзь п’яны маргінал, але ж на стол Ваш (амбон, п’едэстал, катэдру), божа барані, па цукерку ня лезу (дэклямуйце на ўласным стале што Вам падабаецца), як і за стол, дый «запрашэньня на вячэру» не чакаю — дай Вам бог здароўя і шчасьця. Вядома, і я мог бы вылаяцца, напрыклад, з прычыны наступнага Вашага роздуму, праўдзівага ўзору бездакорнага сынтаксісу й адначасова бездакорнай адсутнасьці зьместу: «Нешта мне падказвае, што калі сярод тых, хто ўжо прачытаў кнігу „Запрашэнне на вячэру“ ці мае пра яе добрае ўяўленне (каторы з двух выпадкаў Ваш?), зрабіць апытанне „Ці спадабалася вам гэтая кніга?“, вынікі могуць аказацца самымі нечаканымі. А таму я не рызыкну раіць камусьці гэтую кнігу альбо, наадварот, адгаворваць ад яе чытання», — натуральна, мог бы, калі б усё гэта не было вартае самае большае ўсьмешкі. Зрэшты, і Вам зычу часьцей усьміхацца, а ня лаяцца. Ну а «рызыкаваць адгаворваць» кагосьці ад чытаньня беларускіх кніжак, сапраўды, лепш пачынаць не раней, чым па незьлічоную колькасьць іхных асобнікаў выстраяцца бясконцыя чэргі.
Посьпехаў Вам на Вашай дзялянцы, як і нам — на нашай, «прыватнай і маргінальнай». Як казаў адзін усясьветна вядомы паэт, «хай квітнеюць сто кветак». Толькі не заганяйце нікога ў цяпліцу, зрабіце ласку.
З шчырай павагай да Вашага перакладчыцкага таленту, хай яна Вам і без патрэбы —
Макс Шчур
Дадатак:
*
Паколькі гэта была кароткамэтражка
якую паказвалі пасьля кіначасопісу перад галоўным фільмам
то й мяне яна не прамінула
Гэта была высокамастацкая стужка
пра хараство чэскай мовы
тэкст чытаў Карэл Гэгр
а напісаў Карэл Чапэк
Ува ўнівэрсытэце
я вымушана быў азнаёміўся з гэтым тэкстам, дзеля іспытаў
але ж любы ад яго можа толькі праблявацца
Сярод цэлай сотні іншых ананізмаў
ёсьць там і пасаж
пра "пісьменьніка" (sic!), што ў першую чаргу творыць мову
дзеля дабра ўсяго народу
Ну, тады мне вельмі цікава
хто аднойчы абвесьціць мяне
"творцам мовы"
*
Зрабеце мне ласку, мілыя
не забывайцеся культываваць чэскую мову
такім жа паскудзтвам, як я
Мова гэтая ніколі мне не служыла
ніколі не дапамагла
празь яе я быў вымушаны напісаць
процьму паганых вершаў
таму што іначай папросту не выходзіла
Гэтая мова створаная
хутчэй для асьлінага ёкату
у яе жахлівы сынтаксіс
мінімальныя выразовыя здольнасьці
ня кажучы пра пунктуацыю
якая ёсьць папросту невыноснай
і скоцкай
Гэта я хачу перадаць спадарыні Элішцы Краснагорскай і спадару Чапэку
якія абагаўлялі гэтыя зжоўклыя сальныя скваркі
нашай матчынай мовы
настолькі, што імі ажно душыліся
а потым плявузгалі пра сваю ўзьнёслую ролю
Эган Бонды
Яшчэ для зацікаўленых: «Дзёньнік дзяўчыны, што шукае Эгана Бонды» ў перакладзе Яна Максімюка