Шматабяцальнае расчараваньне

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

Алесь Плотка. «Лотас на асфальце». Кіеў, «Люта справа», 2020, 186 с.

Паверым назьве кнігі і паспрабуем адразу ж сесьці ў позу лотаса. Ня так даўно ў буддысцкім каноне (Сам’юта Нікая, 1.60) мне трапіўся кароткі верш з палійскай назвай Kavisutta, якому прынамсі дзьве тысячы гадоў. «Kavi» перакладаецца як «паэт» — пад гэтай назвай, «Паэт», сутра і вядомая. Чытаем (з дапамогаю двух ангельскіх перакладаў):

«Што ёсьць апорай вершаў?
У чым яны ўвасабляюцца?
Ад чаго яны залежаць?
Што ляжыць у падмурку вершаў?»

«Памер ёсьць апорай вершаў.
Вершы ўвасабляюцца ў складах.
Залежаць яны ад найменьняў.
У падмурку вершаў ляжыць паэт».

Даволі такая немудрагелістая паэтыка з даволі нечаканым фіналам, які, пагадзіцеся, «дастаўляе». Сапраўды, паэзіі без паэта не бывае, творца — гэта тое, што папярэднічае твору, і калі за тэкстам няма вартай (моцнай, цікавай, неардынарнай) асобы, то сам тэкст практычна ніколі не бывае вартым. Колькі б нас сафісты ад постмадэрнізму ні пераконвалі ў адваротным.

Гэта дазваляе нам зрабіць папярэднюю выснову, што другая паэтычная кніга Алеся Плоткі вартая ўвагі ўжо таму, што вартая ўвагі асоба яе аўтара. Плотка, як і ягоны дамінуючы лірычны герой, постаць сапраўды неардынарная, якая выклікае ў кагосьці захапленьне, у кагосьці алергію і заіканьне: гомельскі сэлф-мэйд мэн, вундэркінд тэррыбль, хранічны «нефер», мэдыяактывіст, культуртрэгер-валацуга і прочая...

Праз гэта ўсё аўтар кнігі як чалавек мне сымпатычны. А вось што да ягонай паэзіі, то аднесьці сябе да ліку яе заўзятараў я ўсё яшчэ не магу. Чаму — паспрабуем у гэтым разабрацца з дапамогаю палійскага канону.

«Залежаць яны ад найменьняў»

Асоба аўтара — толькі адна зь перадумоў добрай паэзіі, самой па сабе яе недастаткова. Вершы — гэта і сапраўды найменьні, то бок словы, словы і яшчэ раз словы. Часам нават нічога, апроч словаў.

У Плоткі са словамі ўсё ў парадку. Аж залішне. Калі вы чалавек зь ягоным нефармальскім бэкграўндам, то бок з асяродзьдзя, вядомага сваімі разнастайнымі слэнгамі (музычным, наркаманскім і інш.), абвандравалі паўсьвету, пажылі ў пары-тройцы краін, вывучалі некалькі замежных моў, ды яшчэ ў дадатак прачыталі колькі разумных кніг і мільён пастоў у сацсетках, то з такой біяграфіяй вы папросту ня можаце не абрасьці за гады літаральна тонамі словаў, пэўны адсотак зь якіх будуць складаць у тым ліку беларускія, літаратурныя і гутарковыя, трасянкавыя і дыялектныя. (Іншы параіў бы з такім багажом пісаць прозу — і я раіў. Пакуль безвынікова.)

Агулам кажучы, паэзія Плоткі ёсьць насамрэч шматмоўнай і шматкодавай — настолькі, што часам ператвараецца ў макаранічную, парадуючы сама сябе, быццам імкнецца ўцюхаць чытачу гэтую самую «касмапалітычнасьць» як сваю галоўную вартасьць:

«У салодкіх снах архетыпічных
Б’е шкло счарсцвелы круасан.
Рональд Макдональд на абліччы,
Ў душы — скрываўлены Майдан.

Ахматаўскім сіроткам новым
Каму гешэфт, каму шорт-ліст,
Каму — ірландскі з кока-колай,
Каму — шматок душы ў лэнд-ліз

(...)

Ляцяць аскепкі, рэжуць пальцы,
Сіроткі мажуцца ў крыві,
Дыджэй постпанкам душыць маці,
Такая, сука, сэ ля ві.». (#юнгбелліт, 2016, с. 38)

Але гэта яшчэ паўбяды, бо гэта ўсё-ткі ня поза, а сапраўднае адлюстраваньне месца(ў) і часу, у якіх знаходзіцца аўтар, а таксама ў пэўнай ступені — ягонага бурлівага маладога ўзросту. Хто як ня я сам любіў у свой час пазлоўжываць іншамоўнымі цытатамі ці зрыфмаваць міжсобку словы замежнага паходжаньня! Гэта ўсё нармалёвыя прыкметы росту, галоўнае — абы быў нейкі рост. Дык вось калі параўноўваць «Лотас» зь першай Плоткавай кнігай «Байсан», то росту чыста паэтычнага мы на першы погляд амаль не заўважым. Толькі калі возьмем добрую лупу і будзем загадзя ведаць, дзе гэты рост шукаць.

Атрымліваецца, такім чынам, што і саміх па сабе словаў яшчэ недастаткова — іх трэба ўмець нейкім чынам арганізоўваць у нешта, што называецца вершамі. Гэта ўласна і называецца паэтычным майстэрствам.

«Вершы ўвасабляюцца ў складах»

Асноўным прынцыпам арганізацыі словаў у вершы зьяўляецца ў Плоткі рыфма, «бессмысленная і беспашчадная» — ці, як ён сам кажа, «сылябатоніка», скарочана «сілАба». (Ад лацінскага «склад», ага.) Нічога асабістага — гэта да сёньня выпадак 90 адсоткаў нашых аўтараў («ахматаўскіх сіроткаў новых») і 99 адсоткаў нашых аўтараў-пачаткоўцаў. Тут мы сапраўды нашчадкі, з аднаго боку, традыцыі ўсходніх суседзяў, з другога — эпохі рамантызму, дзе рыфмаваная лірыка (першапачаткова песенная) стала сынонімам паэзіі як такой і адсунула ўсё астатняе (часта нерыфмаванае, кніжнае і ненароднае) на другі плян. (Зрэшты, рыфмаванай ёсьць перадусім аўтарская — а не народная — лірыка эпохі рамантызму, якая з часам падмяніла сабою народную, але тут не пра тое.) То бок постмадэрн постмадэрнам, а зарыфмаваць два словы паэт у нас далжон умець, а то пацаны ва дварэ і братаны па цэху яго не паймут, а кампазытары дык і наагул на музыку не пакладут. А Плотка да ўсяго яшчэ і аўтар песенных тэкстаў...

У сэнсе рыфмоўкі аўтар «Лотаса» стараецца зрабіць свой стыль пісьма крышку больш культываваным у параўнаньні з «Байсанам» і не рыфмаваць (ці, прынамсі, не заўжды рыфмаваць) два першыя-лепшыя словы з аднолькавымі граматычнымі парамэтрамі: то бок ён пачаў кіравацца агульнакарысным прынцыпам «Рыфмуеш — то ўжо рыфмуй, як чалавек». Ягонае сымпатычнае памкненьне пазьбегнуць зануднай дакладнай рыфмы, аднак, часта прыводзіць да рыфмы зусім не дакладнай, а дакладней зусім ня рыфмы, у лепшым выпадку да асанансу («кулі — пануем», «тамы — ў дым», «чужыя — з імем», «гарадоў — кон», «вяртаем — сплавіць»), і ў выніку граматычная рыфма вяртаецца на белым кані паўсюль, дзе трэба і ня трэба:

«новы дзень прынясе
(...)
новыя думкі
сумныя думкі
поўныя клункі
набітыя шлункі
зніжкі на труны і падарункі
скотаў што чысцяць у парадных фарсункі
bot’аў што чысцяць ў фэйсбуку каменты
ўродаў што лыгаюць зранку не фанту
ўпотай па першай другую смялей
бог жа нам радзіць літвін будзьма гэй
о я прайшоў другую вейшнорскую
мне без чаргі цыгарэтку заморскую
гарбату з цытрынай і папяльнічку
я буду паліць
напалмам
усіх вас...» (ND, 2017, с. 71)

Такі сабе рэпчык. Але галоўнае ўсё ж ня якасьць рыфмоўкі, а перадусім яе функцыя. Калі рыфма ёсьць умоўным (хай сабе рэдзенькім) цэмэнтам гэтай паэзіі, то паводле якога прынцыпу падбіраюцца цагліны («склады» ці дакладней «складнікі») і якая ёсьць іхная сэнсавая вага? Старадаўнія інкі, як вядома, будавалі свае архітэктурныя шэдэўры без ужываньня цэмэнту, але камні былі апрацаваныя так дакладна і прылягалі настолькі шчыльна, што між імі немагчыма было ўсунуць лязо нажа. У гэтым сэнсе «Лотас на асфальце» стварае адчуваньне поўнай панкаўскай не(д)апрацаванасьці: месцазнаходжаньне асобных радкоў і лексэмаў часта не абумоўленае ніякай лягічнай ці эстэтычнай неабходнасьцю, апроч усё той жа рыфмоўкі — часам гэта проста абрыўкі нейкіх фраз, рэплік і ідыёмаў, якія трапілі ў верш амаль выпадкова, разам з рытмам колаў цягніка ці трамвая. На першы погляд «сьцяна як сьцяна», але з-пад рэдзенькай тынкоўкі і яскравай афарбоўкі вытыркаецца «ўсякая ўсячына», накіданая туды аўтарам замест цаглін-ідэяў з мэтай запоўніць дзіры, прарэхі і адтуліны творчага працэсу.

Квінтэсэнцыяй Плоткавай паэтыкі мне ўяўляецца верш «Жнівень» (2018, с. 116):

«жнівень — мой брацік, кудлаты й пыхаты,
ранак нам бу́хае ў кубкі жэньшэнь,
жнівень — апошні самотны заўзятар,
ісціна-серп для маіх фабержэ.
сонны гаёвы туманным праспектам
ловіць надзею (скрозь пальцы пясок),
спальвае горад бухі архітэктар,
паліць на бары раптоўны прарок.
потым — буйны план, мы едзем папуткай,
драйвер маўклівы падпальвае ствол.
усе мы забітыя ў самакрутку:
думак інспектар і дзеянняў прол.
восень — люстэрка задняга віду,
братка, а што там, які там пейзаж?
тэксты не вераць ў жыццё пасля ліду,
мы — верым толькі ў прапіты карт-бланш.
жнівень — мой брацік, кудлаты й пыхаты,
андраш, які добра знае жыццё.
шлях ад радзільні да дзюбкі лапаты
гэта не болей чым богавы сцёб.
восень — люстэрка задняга віду,
брацік мой — подлы, зухвалы сэнсэй.
перад трагедыяй убачыць так крыўдна,
што
Objectsinmirrorarecloserthanthey...»

У часы маёй маладосьці такая тэхніка пісьма называлася «наборы», па-ангельску anything goes. Тут табе і прол, і гаёвы, і андраш (па-чэску — «чалавек з андэрграўнду»), і сэнсэй, і ўсім гэтым разам — сярпом (па-чэску «жнівень» будзе «српэн», ага) па фабэржэ... Пішацца такой тэхнікай лёгка, чытаецца — ... Магчыма, гэта варта адразу слухаць пад музыку? Чаму тады было не паберагчы паперу?

Нядзіва, што такім хаатычным (ок, «складана-(не)ўпарадкаваным») спосабам пісьма цяжкавата апавесьці нешта меней-болей уцямнае і неаўтыстычнае — таму аўтар заканамерна адмаўляецца ад рыфмоўкі ў вершах апавядальнага ладу. (Гл. большасьць вершаў аддзелу «Дэфенестрацыя».) І гэта безумоўна ідзе на карысьць Плоткавай паэзіі, прымушае яе гучаць больш сучасна, амаль «па-эўрапейску».

«Памер ёсьць апорай вершаў»

Плотка любіць падкрэсьліваць, што для яго як для чалавека з музычнымі схільнасьцямі ў вершах важны рытм — аднак паэзія ўсё ж не папулярная музыка, і рытмічны малюнак у паэзіі можа быць нашмат цікавейшы, калі не трымацца толькі стандартных «сылябатанічных» памераў, а паспрабаваць пісаць вольным вершам. Дый нават калі трымацца...

Але ў нашых мэтах будзе больш карысна зразумець тут слова «памер» у сэнсе «велічыня». Дзіўная заканамернасьць: чым менш шматслоўныя Плоткавы вершы, тым больш яны ўдалыя ў параўнаньні з доўгімі рыфмаванымі палотнамі.

Прывык

Дзе б ты ні лёг спаць,
Ты заўжды прачынаешся ў цягніку «Гомель — Чарнiгаў»,
Ім трэба твае дакументы,
А ты — у самым цікавым месцы самай цікавай кнігі.
І з кім бы ты ні лёг разам,
Ты заўжды прачынаешся побач з той,
Цокат чыіх абцасаў
Не падобны на навакольнае блядаўё.
І што б ні выпісаў табе доктар,
Без кавы, віна і хлеба ты не бачыш сябе ў жывых.
П’еш.
За ўвесь гэты мордар.
Любiш яго.
Прывык.

26.07.2015

ДАО BY

Калі ехаць — дык толькі на ўсход,
Каб тануць у прамянях сонца і думаць,
Як усё-ткі краіне пад белымі крыламі
Не хапае балансу, уласна, белага.
Аж муляе вока.

Усё тут гарманічна:
Партнёрства — усходняе, бабло — заходняе,
Цэнтрал стабільна ўладзімірскі,
Сэрца тваё паўднёвае,
А вецер, адпаведна цэнтралу, — северный.

І твае мілыя землякі-бульбаэльфы:
У бардачку — карта паляка, на антэне — трыкалор.
Падносячы да іх компас, ведай,
Ён лясне ад гэтай энергетыкі.
Дао — гэта картопля без каларадаў.

8.9.2016, m. n. s. k. — Homieĺ

love is...

бывае, людзі жывуць,
быццам горная рака.
а бываюць людзі,
як розныя бакі аднаго радка.
яны заўжды побач,
але паміж імі прорва,
і пунктуацыі горыч,
і працяжнік, які трымаюць ля горла
яны адно аднаму:
хто першы схапіўся,
той і вядзе
рэй.
і быццам двухручную пілу
цягаюць з краю ў край,
так яно весялей.
і калі пабачыш іх наперадзе,
то лепей перайсці на іншы бок вуліцы,
ці нават перабегчы перад трамваем,
бо ад такіх рэ-дактароў, як ты,
застаюцца толькі плямы на асфальце,
якія яны горнай вадой замываюць.

не замінай ім.

19.10.2017, m. n. s. k.

Жалуды

мы больш не шукаем агульных знаёмых
і для сустрэч не шукаем нагод
мы болей не парымся дзе мы і хто мы
які гэта горад які сёння год
мы больш не шукаем супольнага шчасця
агульнай бывае толькі бяда
абагульненні прымусяць упасці
святая самота — надзейны радар
нас болей не цягне гуляць па карнізах
цяпер не істотна дзе верх а дзе ніз
у спісе кантактаў самотнік-правізар
і словы якім не патрэбны бязвіз
мы больш не шукаем агульных знаёмых
зласліўцаў забылі даўно пагатоў
камічная карма кармічная кома
адны ў гэтым лесе як цені дубоў

12.08.2018, Homieĺ

белая пятніца

абняць цябе
і прыбраць крохі са стала
вось новы дзень
загадкавы і шэры
падбіць жыццёвы
прывідны баланс
і выйсці з дома
проста ў стратасферу
сустрэць сваіх:
ляноту з парай рыфм
і пераксціцца
вуліц скрыжаваннем
ўзяць каву
без вяршкоў без понту
і без стыгм
звычайна гэта
называецца каханнем

23.11.2018, Praha

Гэтыя вершы (нягледзячы на традыцыйныя траблы з рыфмаваньнем «рыфм-стыгм» і «скрыжаваньнем-каханьнем» і інш.) — удачы, але ўдачы рэдкія: настолькі, што яны ажно нейкія «мала плоткаўскія». Як усякі добры верш, іх немагчыма да канца рацыянальна патлумачыць, але відавочная тэндэнцыя, на маю думку, у тым, што ў гэтых вершах настрой і падыход аўтара менш «разухабіста-сцэнічны», і больш мэдытатыўны, інтраспэктыўны. Няма звычайнага расьцяканьня мысьляю па дрэве, адпаведна меншая верагоднасьць, што аўтар пасьпее зрабіць нейкі «ляп». (Але і з гэтага правіла «памер = настрой» ёсьць выключэньні.) Ён нічога нікому ў іх не даказвае — бо нічога нікому даказваць і ня трэба. «Лірычнага зараду» перад іхным напісаньнем меней, затое ён відавочна б’е ў яблычак.

Калі б я складаў Плоткаву кнігу, я б пакінуў у ёй толькі падобныя невялікія па аб’ёме вершы, не даўжэйшыя за старонку — тады кніга скарацілася б як мінімум на палову і стала б як мінімум удвая лепшай, бо і тут памер (ён жа аб’ём) не ідзе на карысьць. Няспыннае млынарскае кола рыфмоўкі папросту нанесла на старонкі кнігі багата пены, і сама кніга набрыняла рыфмаванай «вадою» — такі, бадай, мой канчатковы вырак «Лотасу».

Вядома, такім як я толькі дай скампанаваць чужую кнігу. Як бы зрабіў я: меней-болей удалыя вершы «старога», байсанскага стылю (напісаныя збольшага ў 2016-17 гг.) можна было выдаць асобна ад навейшых — скажам, пад назвай «Repeat», паводле аднаго зь вершаў, бо яны ўласна і ёсьць паўтораньнем-працягам першай кнігі. Тым часам вершы апошніх двух гадоў варта было найперш падзяліць на «байсанскія» і «небайсанскія», першыя сьмела адкінуць (бо якраз яны ўтвараюць у кнізе асноўны баляст, «даніну мінуўшчыне»), а другія пакінуць для кнігі будучай.

Але тут мне лёгка запярэчыць, маўляў, чыя б карова мычала: мая ўласная кніга паэзіі «Раньні збор», напісаная між 20-цю і 30-цю гадамі веку, мела ўсе тыя ж заганы (і вартасьці, з дазволу сказаць), што і «Лотас на асфальце». І ў маім выпадку ў большасьці зь іх была вінаватая сакральна-рытуальная прыхільнасьць да «сілабы» і рыфмоўкі. І мне было боязна выкінуць з кнігі сёй-той зь вершаў і перавесьці яе з катэгорыі «паэтычнай суммы» ў катэгорыю звычайнай «паэтычнай нізкі». Канец канцоў, склалася так, што і мая кніга была «тамвыдавам». Усё гэта міжволі змушае мяне сымпатызаваць з аўтарам «Лотаса», у тым ліку і зь ягонымі памылкамі — ня толькі паэтычнымі, але нават артаграфічнымі (такімі як «Панізоў’е»!).

Плотку ўжо, мякка кажучы, за 30. Я вельмі спадзяюся, што пара паэтычнага вучнёўства і кіданьня пантовымі славесамі для яго з гэтай кнігай скончылася. Далей усё будзе больш сур’ёзна, больш востра і больш сярдзіта. Намёкаў на гэта ў «Лотасе» болей чым дастаткова.

Але пры ўсім гэтым — ці мне ж не разумець, наколькі самім паэтам дарагія менавіта іхныя раньнія кнігі? Таму, бадай, і нам, чытачам, варта навучыцца іх любіць, нягледзячы на ўсе іхныя недахопы. Бо, канец канцоў — «У падмурку вершаў ляжыць паэт». Жывы, сапраўдны, супярэчлівы і непаўторны. І я веру, што пасьля таго, як Плотка выдасьць свае «дарослыя» кнігі, напісаныя ўжо сталым майстрам, мы яшчэ будзем заднім чыслом зачытвацца «вучнёўскім» «Лотасам на асфальце». (Як ужо сёньня рэкамэндуе рабіць Кацярына Барысенка.)

Але гэтыя кнігі яшчэ трэба напісаць.

«Двигаться дальше — как страшно двигаться дальше».

8-9.02.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Гэтаму герою не бракуе стылю, густу, мужчынскага шарму, жыцьцёвага досьведу, шчырасьці, ведаў і здольнасьці да іх арыгінальнай інтэрпрэтацыі, — чаго яму бракуе, дык гэта самакрытыкі. Аўтар ну так ужо імкнецца выклікаць да яго/сябе, адыходзячага з сцэны белага й пухнатага старога Акелы, спачуваньне чытача, што ў выніку выклікае хутчэй спачуваньне да ягонага/свайго антыпода — маладога кар’ерыста Імбрыка.

Няўдалая мэтафара заўжды рызыкуе стаць «тыграбатонам», таму, калі імі злоўжываць, тэкст ператвараецца ў заапякарню. Што ў прынцыпе адрозьнівае няўдалую мэтафару ад удалай? Першай уласьцівыя дзьве рэчы: павярхоўнасьць (непрадуманасьць) і нефункцыянальнасьць (мэтафара дзеля мэтафары, адсутнасьць асаблівага сэнсу ў яе ўжываньні).

У пэўным сэнсе, першая частка «Францішак: словы за вакном» усё яшчэ належыць паводле свайго духу да «Хвілінкі» першай, гедройцаўскай. А вось другая частка, «Эва Дамініка: лінія фронту» — належыць ужо да другой, прынцыпова іншай «Хвілінкі».

«Сьняжаны», паводле Садоўскага, патрэбныя для таго, каб «зрабіць падводку (няўдалую) да трагедыі былой порнаактрысы»! Смачны выраз, пагадзіцеся, пасьля якога перад вачыма паўстае ну чыстая мэлядрама, якой кніга Сіна, на шчасьце, ня ёсьць, як ня ёсьць ні кібэрпанкам, ні фантастыкай. Кніга Сіна — філязофскі раман, які называецца, калі нехта не заўважыў, «Лібіда», і «прыцягнутая за вушы» тэма цялеснай блізкасьці, плоці, сэксу й г. д. у ім адна з цэнтральных.