Макс Шчур. Кiнараман (Логвiнаў, 2019)
«Калi фiльм цi кнiга „ўганяюць у сон“ — для мяне гэта ёсць доказам iх вартасцi, а не наадварот» (с. 192)
Хуценька-хуценька! Праходзiм, не затрымлiваемся! Вас многа, наклад невялiкi, я ўвогуле адна! А ўсiм жа трэба!
Дарагiя чытачы i чытачкi! (Ой, якая штучная фiгня, але фемiнiтывы начальства сказала ўжываць, нават аўтар мемуараў доўга тлумачыў, чаму ён не яна.) Мы пачынаем экскурсiю па «Кiнарамане» Макса Шчура.
Заюзаная ў апошнія гады беларускімі літаратарамі схема «тэкст, у якім нехта піша іншы тэкст, — і яшчэ вершыкам пачуцці чытача шліфануць» выкарыстоўваецца тут напоўніцу і можа заблытаць каго заўгодна. Не палохайцеся адразу: зараз усіх скіруем па інтарэсах. (Вось не думала, што давядзецца весці інструктаж па чытанні. Ой, агаварылася — аглядную экскурсію, вядома.) Галоўнае — памятаць, што кожная дробязь мае значэнне і будзе істотнай: мы ўсё ж такі пра мастацтва размаўляем.
I цiха мне! Бо тут жа людзi спяць! Калi пашанцуе, дык прачнуцца ў iншым сваiм жыццi i выйдуць адсюль жывыя i здаровенькiя. Я ў гэтым сумняюся, але раптам...
Калi вам трэба сюжэт, сэкс i прыгожая карцiнка, трымайцеся лiчбаў i курсiву — i вось вам вашае кiна (нацiск стаўце самi). Нумарацыi не палохайцеся: так i задумана — усё на месцы. Гэта даты дзеннiка рэжысёра, яны ж кадры фiльма. Абавязкова зацанiце мантаж на якасць i дадумайце, што з кадраў не трапiла ў стужку.
Звярнiце ўвагу на курсiў. Па-першае, ён прыгожы. Па-другое, гэта ўдалы сродак для перадачы моўнага шуму (кiно ў нас тут гукавое, не абы-што!). Па-трэцяе, вочы — частка мозга, хай напружваюцца пры чытаннi хаця б яны.
На павумнiчаць: не абмiнiце дзве выставы — гэта можа быць важна для кампазiцыi i ўвогуле для разумення таго, што адбываецца ў кiне. З «пасады прыбiральшчыка» проста пахiхiкайце.
Тым, каго ў кнiгах цiкавiць глыбокi цi не вельмi ўнутраны свет персанажаў, раю iсцi па стрэлачках >>. Памятаем: усе праблемы, комплексы, псiхозы, сэксуальныя ўпадабаннi i поспех — вынiк таго, што вы атрымалi цi не атрымалi ў дзяцiнстве, у прыватнасцi ад бацькоў. Тым больш асаблiва напружвацца не давядзецца: аўтар гэтых амаль мемуараў ужо ўсё патлумачыў i расклаў-пераклаў па палiчках. Сам сабе псiхолаг, ага. Цiкавая i сумная гiсторыя перакладчыка фiльмаў i ўласнага жыцця, дзе больш за ўсё мне шкада чамусьцi Камiлу.
Мiж iншага ў спалучэннi з лiчбамi i курсiвам мемуары перакладчыка тлумачаць, чаму «кiна» робiцца менавiта так, бо ён, як i рэжысёр са сваiм дзеннiкам, i Фiл (самы паспяховы з кампанii), i Хрысцiна (таксама зорка), з таго самага кiнаансабля (вельмі хочацца зрабіць тры апошнія літары прапіснымі, але трымаюся) iмя Эндзi Уорхала, якi на момант напiсання дзённiка паспеў развалiцца.
«Большая палова» i «страха нашага ўнiверу» бянтэжаць толькi мяне, як i згаданая перакладчыкам паслядоўнасць кадраў у фiльме «Марозка».
Куды вы там сунеце нос? Навошта тут цытаты, афарызмы ды iншая драбяза? Не чапайце рукамi! Гэта важная частка экспазiцыi, iлюстрацыi, якiя дапамагаюць разумець, што адбываецца ў кнiзе. Вам не дапамагаюць? Тады проста чытайце вумныя думкi разумных людзей. Iх — цытаты, не людзей — можна нават вешаць сабе на сценачку (у ФБ), будзе прыгожа, як i тут.
Калi вы ўжо так зацiкавiлiся цытатамi, прыгледзьцеся да запiсаў двайнiка Эгана Бонды, ён жа Шэрыф (чаму Шэрыф — патлумачана таксама). Вельмi каларытны персанаж (дробязі! Памятаем пра іх), падабаецца рэжысёру, а Фiл увогуле дастае сяброў, цытуючы Шэрыфа. Будзьце як Фiл, бо Хрысцiны з вас, мабыць, не атрымаецца, а перакладчык змудрыўся памерці. Нібыта нечакана, але намёкаў, што так і будзе, па тэксце можна назбіраць, як па артхаўсным фільме.
І нарэшце аўтар (глядзіце: там так і пазначана). Калі вы, як і я, разбіраецеся ў кіно на ўзроўні «падабаецца — не падабаецца», але вашых агульных ведаў хапае, каб адрозіць зусім дрэнь ад твора мастацтва, вам сюды. Пасля прачытання будзеце ў стане падтрымаць гутарку пра гісторыю кіно на прыстойным узроўні і патлумачыць, што і чаму адбываецца ў паралельных частках гэтай кнігі. Удалае спалучэнне іроніі, занудства і гульні слоў — з’ява даволі рэдкая (усе займаюцца, не ва ўсіх атрымліваецца), таму не прапусціце. Урыўкі пра літаратуру — асобнае задавальненне, якое ў стане атрымаць толькі беларускі чытач(ка). Ладна, варыянт «як ён можа?!» з абурэннем таксама не выключаем.
І на развітанне бонус-парада для тых, хто наважыцца на ўсё, а не толькі на асобныя часткі: чытайце «Кінараман» з алоўкам. Там, на выхадзе, іх раздае Мінор разам з півам. )))