Навошта выдаваць чарнавік?

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Міхась Зізюк. Планктон (Мінск, Галіяфы, 2017)

Я не хацеў гэта выдаваць, але сябры мяне так прасілі, так прасілі... На пачатку сваёй пісьменніцкай кар’еры Віктар Марціновіч меў рацыю: чарнавікі выдаваць не варта, так. Але мабыць, сябры працягваюць за кожным разам угаворваць яго на такія выданні, а ён не можа ім адмовіць.

Караля робіць світа, а пісьменніка — рэдактар. І карэктар, і вярстальшчык, і яго мосць выдавец... Шкада, што ў нас пра гэта часам забываюць.

Дагэтуль не магу ўцяміць, чаму Міхась Зізюк даў сваёй кнізе назву «Планктон». Там сапраўды ёсць аповесць з такой назвай — пра офісных супрацоўнікаў, пра тое «кто не друг і не враг, а так...», з лесам, выбухам, крывішчай і г.д. Але ж не яна задае тон усёй кнізе, а першая аповесць — «Кароль Капайла і яго атачэнне».

Сметнік, «палігон цвёрдых бытавых адходаў». А на ім жывуць людзі, якія корпаюцца ў смецці, каб здабыць штосьці прыдатнае для спажывання.

Кніга. І я корпаюся ў словах і сказах, спрабуючы зразумець: а навошта яны тут?

Сам расповед вельмі падобны на тутбаеўскі рэпартаж пра жыццё на палігоне «Паўночны» (студзень 2017 г.). Памятаеце, журналіст правёў там дзень ці два і нават начаваў. Цікава было чытаць. Амаль тое ж і ў «Каралі Капайле» з папраўкай на мастацкасць. Толькі ў ролі журналіста выступае бізнесовец Лявон, які апынуўся на сметніку пасля гулянкі з дзвюма прыгожымі дзяўчатамі і шампанскім. А загуляў ён з імі таму, што заспеў жонку з палюбоўнікам маладым. Пакуль гэта чытала, прыгадала польскі фільм «Знахар» — там такі ж пачатак гісторыі. Ну, думаю, вось яно: стане былы бізнесовец каралём сметніку, бо па законах жанру і «Знахара» памяць пра тое, хто ён, мужык страціць павінен, але ж навыкі бізнесоўскія яму выжыць якраз і дапамогуць...

Аблом: «І раптам думка, вострая і хуткая, як маланка, працяла яго. А няхай будзе як будзе, няхай яна пакруціцца там, паспрабуе, як гэты хлеб здабываецца. Ён жа знікне на нейкі час, проста знікне і ўсё, потым вырашыць, што з ёю рабіць. За які тыдзень з бізнесам нічога не зробіцца, за гэты час ніхто і нічога не зменіць, а ёй будзе нясоладка». Мужык, аказваецца, пры памяці і па сваёй волі застаецца на палігоне (вядома, мясцовым ён у гэтым не прызнаецца). На жаль, у Лявона толькі роля тутбаеўскага журналіста.

Для чаго ў рэпартажы трэба журналіст, я ведаю. Навошта ён у аповесці, калі ёсць апавядальнік, — не разумею. Але каго толькі ў той аповесці няма! І пастаянныя жыхары, кожны са сваёй дарогай на сметнік. І бандыты ў чорных акулярах, з каменнымі тварамі — «яны выглядалі нейкімі тэрмінатарамі з галівудскага блакбастара». І амапаўцы. І нават натоўп, які збіраецца забіць Збаўцу. (Міхаіл Афанасьевіч, прывітанне! Шмат Вы шораху нарабілі са сваім «ММ» у сучаснай літаратуры.) А... і грошы, дыпламат грошай! Куды ж без іх? Адным словам, усяго патроху: папера, бутэлька, пакецік, недагрызак — і вось ужо цэлы сметнік, ой, аповесць.

Другая аповесць «Мурзікава дарога» распавядае пра сабачку Мурзіка, які шукае сваіх гаспадароў пасля эвакуацыі, калі выбухнуў Чарнобыль. Страшна, цяжкі шлях, сабачка, якога павінна быць шкада, але... зусім не па-сабачаму размаўляе з жывёламі той Мурзік. І думкі ў яго не зусім сабачыя. І людзі, з якімі той сабачка сустракаецца, распавядаюць яму пра сваё жыццё, як таму журналісту. Хаця, мабыць, сабачка і насамрэч незвычайны: «Абнюхаўшы сучку, ён даведаўся, што яна ўжо два гады жыве з гэтым пастухом, які пасе калгасных кароў...» Экстрасэнс, не менш!

Ну вось як, рэдактар? Як??

Чаму звычайная вясковая жанчына, даярка, раззлаваная на сваю карову, не хоча яе мяняць, бо «у Лісы добрыя надоі а малако высокай тлустасці»? Чаму амаль усе збольшага станоўчыя героі у гэтай кнізе гавораць лозунгамі і штампамі, і нават ваўкалак Нічыпар пачынае шабаш са справаздачы?

«А мужчына-ваўкалак трасянуў галавою і прамовіў:
— Вітаю шаноўны ведзьмакоўскі сход. Бачу, што амаль усе сабраліся. Спадзяюся, што сёння добра пагуляем, і я, Нічыпар, аб’яўляю наш чарговы штогадовы баль адкрытым.
У адказ зборышча адазвалася свістам, выцём і галёканнем. Нічыпар падняў руку, каб усе сцішыліся:
— Пачнём з нашай звычайный справаздачы...»

Здавалася б, містычная аповесць, але і там лозунгі і выхаваўчыя высновы для маладога пакалення. У далёкім 1988-м мне класны кіраўнік за нейкія там заслугі ці то перад школай, ці то перад класам уручыў кніжку — зборнік мастацкай публіцыстыкі з пранікнёнай назвай «Здравствуй, товарищ!». Ну вось па стылістыцы адзін у адзін!

Яшчэ адна кніжка майго дзяцінства — «Редкие и исчезающие животные. По страницам Красной книги СССР» Ігара Сасноўскага. Харошая, пра жывёлак розных. У кожным артыкуле пазначаныя вага жывёлкі, даўжыня цела, хваста, рагоў (калі ёсць), прыкладная колькасць асобін і г.д. Ёсць і лірычныя адступленні кшталту «когда я работал в Московском зоопарке...». Пра гэтую кніжку мне нагадалі нарысы Міхася Зізюка ў другой частцы «Планктону». І я не пра змест, я пра стыль. Але ж «Планктон» не справачнае выданне і, напэўна, павінен адрознівацца ад кнігі Сасноўскага не толькі зместам...

Ёсць тэксты, з якіх, як ні вычварайся, цукерку не зробіш. Кніга «Планктон» — харошы чарнавік, яго трэба толькі пачысціць ад слоўнага смецця. Хаця я б яшчэ і падзяліла — і былі б гэта дзве абсалютна розныя каробкі з цукеркамі асарці, і называлася б адна з іх «Кароль Капайла»... Але пакуль маем тое, што маем.

Нехта можа спытацца, якім месцам тут Віктар Марціновіч. Адказваю: ён тут прыкладна так да месца, як і Збаўца з натоўпам у «Каралі Капайле».

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Ці спадзяваўся Міхаіл Афанасьевіч, што гадоў праз восемдзесят яго раман стане той самай крыніцай, якой для яго быў у свой час «Фаўст» Гётэ? Ці думаў, што да «Майстра і Маргарыты» пойдзе чарада беларускіх літаратараў, якія будуць цягнуць з яго ўласнае натхненне і вобразы, хто кубачкамі, а хто і вядзерцамі?

Ці варта весціся на вялікую колькасць геалакацыяў? Чым адрозніваецца сэкс у Берліне ад сэксу ў Мінску? Колерам фіранак ды мовай партнёра? А гвалт у пячоры ад гвалту ў кватэры? Тэмпературай паветра і колькасцю мэблі? Але, калі не змяніць дэкарацыю, глядач (чытач) засумуе.

Прыемная вокладка, акуратная вёрстка і iдэальны тэкст, створаны майстрам, — нiчога не хочацца дадаваць, нiчога лiшняга. Такі iдэальны, што я забыла пра яго, як толькi перагарнула апошнюю старонку.

Памятаем: усе праблемы, комплексы, псiхозы, сэксуальныя ўпадабаннi i поспех — вынiк таго, што вы атрымалi цi не атрымалi ў дзяцiнстве, у прыватнасцi ад бацькоў. Тым больш асаблiва напружвацца не давядзецца: аўтар гэтых амаль мемуараў ужо ўсё патлумачыў i расклаў-пераклаў па палiчках. Сам сабе псiхолаг, ага. Цiкавая i сумная гiсторыя перакладчыка фiльмаў i ўласнага жыцця, дзе больш за ўсё мне шкада чамусьцi Камiлу.