Чорная котка ў цемры... ёсць

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Віктар Марціновіч. Ноч (Мінск, Кнігазбор, 2018)

Усе сюжэты постапакаліптычных фільмаў, якія я бачыла ў 90-х мінулага стагоддзя, будуюцца бадай што аднолькава: мужык (крутасць розная, ад валодання зброяй і гары цягліцаў да афігеннага розуму, які можа праявіцца не адразу) раптоўна знаходзіць сабе мэту ў выглядзе ці то жанчыны (калі не, то яна далучыцца пазней і будзе дадатковым бонусам), ці то пэўнага скарбу (свабода, новая зямля, чароўная вавёрка з арэшкамі — няважна) і пачынае рухацца да яе. У дарозе да яго прыбіваецца (альбо адразу выпраўляецца з ім) нешта слабое, што трэба ратаваць: дзіця, жанчына (яна ж потым бонус), дзедка, бабка, сабачка, котка ці ўсё разам. Потым, праўда, застанецца хтосьці адзін, з кім герою можна жыць у шчаслівай будучыні, ці загінуць усе, калі мэта — далёкая жанчына (да яе пажадана прыйсці аднаму, каб ніхто не замінаў радавацца сустрэчы). У падарожжы мужык сутыкаецца з рознымі істотамі, якіх уражвае сваёй крутасцю ці перамагае, часам быццам бы выпадкова, пару разоў ён злёгку абламаецца і праз гэта нешта страціць, але вінаваціць будзе сябе, бо занадта сумленны і адказны, маральна пакутаваць і шмат разважаць пра тое, што было б, калі б ён зрабіў іначай.

У новым рамане «Ноч» ажно тры аўтары. Першы — наш герой — рабіў запісы ў сшыткі. Іх пазней набыў у старызніцкай краме Саціш Сівачарыяр (ён другі), які пераклаў беларускі тэкст на ангельскую. Трэці — уласна Віктар Марціновіч, які з ангельскай перакладаў зноў на беларускую. Мне тут адразу прыгадалася показка пра тое, што, калі песеньку пра яблыньку, якая цвіце, перакласці на японскую, а потым з японскай на мову арыгіналу, то атрымаем песеньку пра вішаньку. Таму як чытач я дапускаю, што ў арыгінале, створаным першым аўтарам, было штосьці трошку іншае, а складанасці перакладу для Саціша і Віктара адыгралі-такі сваю ролю і адпаведна адбіліся на канчатковай версіі тэкста — той, якая трапіла ўжо да нас. У тым, што складанасці былі і Саціш у тэксце пагарэзіў, я не сумняюся: у сабачкі, напрыклад, «поўсць чэшацца», згадваецца назва паселішча, «якая гучала па-індуісцку: «Элеватары», і яшчэ шмат рознай моўнай драбязы, пра якую індус Саціш мог і не ведаць, кшталту «зрабіў дзве ін’екцыі ў тканіны вакол меркаванага адрэзу» (можа, калі б ін’екцыі рабіліся у тканкі, сабачка і жывы застаўся б, а так... шкада зверыка).

Што ж такое гэтыя тры сшыткі, якія склаліся ў новы раман Віктара Марціновіча? Запісы героя, што згадвае сваё падарожжа, ці гульца ў чарговы кампутарны квэст? Ці, можа, не самога геймера, а персанажа гульні?

Са мной можна пагаджацца ці не пагаджацца, але я вось так «дэшыфравала гэтую прыпавесць нанава і самастойна» (я ведаю, што трэба пісаць «нанова», але ў мяне рука не падымаецца правіць цытаты).

Спачатку падаецца, што кніга — гэта яшчэ адзін аповед пра нашую змрочную будучыню. Па ўсёй планеце знікае электрычнасць, і горад, дзе жыве наш герой, апынаецца ў зімовай цемры лістападаўскай ночы, бо як ні дзіўна, але час таксама спыняецца, праўда, часткова: усе з’явы, звязаныя з надвор’ем, засталіся ў тым стане, у якім іх заспеў блэкаўт, — такі своеасаблівы «Дзень Сурка», толькі для ўсіх жывых істот і па-беларуску, таму ноч.

Наш герой жыве з сабуляй (сабачка-дзевачка) Гердай, ледзь не адзінай жывёлкай у горадзе, бо ўсіх катоў і сабак ужо паспелі адлавіць і з’есці. З Гердай ён і выправіцца потым у падарожжа, каб знайсці сваю каханую — яна перад блэкаўтам сустракала світанак у Сарангоце.

Жыць без ацяплення і святла ў горадзе, дзе пануе ноч з вечнай тэмпературай каля нуля і не працуе нічога з таго, што мае патрэбу ў электрычнасці — а гэта ў наш час бадай што ўсё, — сапраўды страшна. Але мяне даволі хутка апаноўваюць сумневы.

Вось, напрыклад, размова нашага героя з Доктарам:

«— Людзі мруць ад простай ангіны, антыбіётыкаў не засталося, грошы на медыцыну ў Бурмістра ёсць, але купіць лекі няма ў каго, шахцёры абшарылі ўсе навакольныя базы Белфармацыі. Бінты яшчэ так-сяк навучыліся рабіць без электрычнасці, але як і з чаго вырабіць інсулін?
— Але вось што цікава, — сказаў ён, падумаўшы, — цяжкіх хваробаў зрабілася меней, я не памятаю, калі ў мінулы раз дыягнаставаў пухліну.
— Ну ёсць добрае і ў дрэнным, — паспрабаваў я выкруціць на пазітыў.
— Праўда ў тым, што да пухлінаў ніхто проста не дажывае, — развёў ён рукамі. — Трэба мець добрае здароўе, каб памерці ад пухліны ў 70. Зараз усе жывуць да 50, — ён зыркнуў на мой твар, каб ацаніць узрост і зразумець, ці напружыць мяне такое назіранне. — А калі казаць пра добрае ў дрэнным, дык гэта тое, што я за апошнія суткі прыняў дзесяць родаў. Я ў гэтай тваёй Алексіевіч чытаў, што ў вайну людзі зацята кахаліся. Дык зараз — тое самае. Навокал цемра і холад, а ў кожнай сям’і па пяць дзетак. І чым карміць будуць, ці падумалі? Калі ўсе вайсковыя кансервы ды стратэгічныя запасы пасканчаюцца?»

У словах Доктара ўжо ёсць пэўная статыстыка: даўно без пухлінаў, усе жывуць да 50, у кожнай сям’і па пяць дзетак — назіранні не аднага году, нават калі дзеткі пайшлі ва ўсіх двайнятамі.

Дык адкуль у нашага героя вітамінкі, жменьку якіх ён з’ядае пасля абеду літаральна на пару абзацаў вышэй, бо без вітамінак «у любога жыхара цёмнай пары хутка павылазяць зубы праз цынгу». Але пра тое, што нехта хварэе на цынгу згадак няма, затое людзі мруць ад простай ангіны, бо няма антыбіётыкаў. Вось толькі антыбіётыкі не ядуць кожны дзень жменькамі, а вырабляюць іх тыя ж заводы, якія робяць вітамінкі. Мне тут могуць нагадаць пра стратэгічныя запасы, але ж вітамінкі. Жменькамі. І не скончыліся.

Далей будзе папяровая мапа «Карта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», на якой шахцёр пазначыць тыя мясціны, дзе ён быў у час цемры: «Сталіца Беларускай ССР, горад-герой Мінск быў раскрэслены рукой шахцёра на шматлікія кавалачкі гарадоў-дзяржаваў. Большыя з іх, такія як "Матрыярхат Зялёны Луг", былі падпісаныя поўнымі словамі. Меншыя, як "Груш.", ці "Пушк." — дробненькімі абрэвіятуркамі. Справа ад "Груш." было "Каралеўства Цэнтр", направа і ніжэй — "Інстытут Культуры", форма дзяржаўнасці якога не была вызначаная, што трэба было разумець як панаванне анархіі ды бандытызму. За каралеўствам Цэнтр расплылася падобная да амёбы плямка. Унутры яе былі накрышаныя драбнюткія літары, з якіх, склаўшы ў словы, я распазнаў: "Гадзіннікавы завод. Моўнае гета"».

І гэта яшчэ не ўсё, што паказаў шахцёр на тэрыторыі Мінска. Які пазначаны на мапе ўсёй рэспублікі. Папяровай мапе з савецкіх часоў. Якіх жа яна была памераў? Аўтар кнігі робіць заўвагу, што «маштаб карты не дазваляў падпісаць хаця б якія мінскія вуліцы». Мне падаецца, больш слушнай была б думка, што маштаб і ўзрост карты не дазвалялі падпісаць там нават гарадскія раёны.

Варта згадаць аднаго цікавага персанажа — Рэйтана. Ён даволі хутка (на сёмым дзясятку старонак) памрэ, але паспее даць некалькі падказак і герою, і мне як чытачу. У так званым «светлым» жыцці «Рэйтан ствараў лічбавы свет. Адукацыя — фізмат, таму адказваў не за дызайнерскую, а за лічбавую частку. Быў паважаным і заможным. Задаваў законы, паводле якіх жылі мільёны геймераў, ствараў для іх «ландшафты» і «ўзроўні».

Ён жа першы ў апошняй сваёй размове з героем выказвае думку пра тое, што «першасным тут магло стаць Зацямненне. Калі растлумачыць яго, зробіцца зразумелым і астатняе. Напрыклад, чаму вуглевадароды перасталі рэагаваць на агонь, а порах, вугаль і драўніна захавалі свае ўласцівасці».

Тут мне чамусьці прыгадаўся фільм «Thank You for Smoking»:
«— Цыгарэты ў космасе?
— Гэта апошні рубеж.
— А яны не выбухнуць з гэтым кіслародам?
— Напэўна. Але гэта можна вырашыць. Адзін радок дыялога...»

Менавіта дзякуючы такому радку глядач (чытач) не павінен здзіўляцца і задаваць няёмкія пытанні, адказы на якія ёсць хіба што ў аўтара і застаюцца па-за кадрам.

І ўжо пасля смерці той самы Рэйтан адмысловым чынам падкажа нашаму герою кнігу, дзе згадваюцца тыя пачваркі, якіх баяцца яго сучаснікі.

Дарэчы, сам герой — Кнігар у «светлым» жыцці даволі лёгка адрозніваў тэксты, створаныя штучным інтэлектам ад напісаных чалавекам, і яму «дастаткова дзесяці хвілін размовы, каб зразумець, якія кнігі чалавек чытаў, якія не прачытае ніколі і за параду якіх будзе вельмі ўдзячны», — вось вам і адмысловая ўласцівасць, якая часам уражвае іншых персанажаў і дапамагае герою разумець, з кім яму даводзіцца мець справу. Асабіста мяне Кнігар уразіў яшчэ надзвычай добрым зрокам і рознабаковымі ведамі. Пагадзіцеся, пры дрэнным асвятленні пазнаць у разарванай ушчэнт птушцы галку і разгледзець у вуху візаві дыямент у паўтара караты здолее не кожны. («Паўтара караты? Як у яго мочка не адарвецца?» — гэта ж іронія? Праўда, аўтар? Паўтара караты — гэта 0,3 грама, мы ж памятаем... Ці не?)

Кнігар збіраецца ў дарогу. Што браць з сабою, яму падказвае той самы шахцёр, які распісаў мапу:
1) цёплая вопратка;
2) шмат цынку;
3) зброя;
4) мапа.
Ежа і пітво не трэба, бо «за сценкай гэтага болей, чым тут». Але наш герой ідзе не адзін, а з сабуляй, таму бярэ кансервы для яе, прыхоплівае для сябе віскі, ежу і кнігу (падказка ад Рэйтана). Зброі ў яго няма, адмовіцца ён і ад прапановы яе набыць, калі будзе выходзіць за межы сваёй Грушаўкі. Звычайны такі квэст: герой пачынае шлях з мінімальным наборам патрэбных ці непатрэбных рэчаў, колькасць якіх зададзеная ў праграме гульні, бо іначай яна проста не пачнецца.

Змены надвор’я, якое, памятаем, захоўваецца такім, як яго заспеў блэкаўт, і ступені натуральнага асвятлення могуць выступаць прыкметай таго, што Кнігар перайшоў на чарговы ўзровень.

У тым, што гэта ўсё ж такі гульня ці іншая віртуальнасць кшталту той, што была ў «Матрыцы», канчаткова мяне запэўнілі коні і свінні, што жывуць і гадуюцца на ферме, гаспадар якой гуляецца ў дзікае паляванне (наш аўтар вельмі любіць творы Караткевіча і згадвае іх не аднойчы). Тое, што свінні ядуць ў тым ліку мяса, я ведаю. Праблема з харчаваннем можа быць у коней, бо трава, зерне і т.п. — гэта неўзнаўляльныя рэсурсы ва ўмовах каля нуля ў цемры, а колькі трэба ежы коням, я таксама ведаю. Ну і рахіт, як і цынгу ў людзей (вітаміны мне падаліся непераканаўчымі), зноў-такі ніхто не адмяняў. Пра эвалюцыю, хай і паскораную, казаць не выпадае, бо сабуля-то жывая са «светлых» часоў. Між іншага, калі паелі нават катоў і сабак, якім цудам засталіся коні і свінні?

Дарэчы, пра «Матрыцу». Чорная котка з гэтага фільма ўрачыста каўкала мне ў «Ночы» даволі часта. Я проста спынюся на некаторых эпізодах, дзе котчына сапрана я чула асабліва моцна.

Эпізод першы. Насамоны і Грыбкі. Дэжавю — сказала я не раз і не два, пакуль чытала пра прыгоды Кнігара ў гэтым гурковым месцы.

Фраза першая: «Я, незадаволена пакракваючы, зняў з плячэй пляцак, засунуў руку глыбока ў ягонае нутро, доўга рыўся там, нібы ў мяне засталося літаральна некалькі батарэек».

Праз тры старонкі фраза другая: «Я, незадаволена пакракваючы, зняў з плячэй пляцак, засунуў руку глыбока ў ягонае нутро, доўга рыўся там, нібыта ў мяне засталося літаральна некалькі цынкаў».

Яшчэ праз сем фраза трэцяя: «Я вырашыў не задаваць пытанняў і, незадаволена пакракваючы, засунуў руку глыбока ў нутро заплечніка, доўга рыўся там, быццам у мяне засталося літаральна некалькі батарэек».

Гэта спадзяванні на дрэнную памяць ці чарговы закід на тое, што перад чытачом апісанне кампутарнага квэсту?

Вяселле, якое ў Насамонах ўжо «рытуал», адкінула мяне ў фільм «Waterworld» далёкага 1995 года, а дакладней у эпізод на Атоле з гэтага фільма. Тыя ж прапановы з паляпшэннем генафонду мясцовых жыхароў, і герой таксама адмаўляецца. Я так разумею, таксама першы з усіх наведвальнікаў Атола. Вядома, насамонаўцы не самі рытуал прыдумалі, іх «Аракул навучыў», але майму дэжавю, шчыра кажучы, такое тлумачэнне, нават з улікам мясцовага каларыту, не вельмі дапамагло.

І пра генафонд... хачу спытацца ў аўтара: колькі разоў у Насамонах ладзіцца так званае вяселле з адной і той жа нявестай?

Эпізод другі. Шынок «Айцец Дажджу» і Самуэль-Міша. Тут ужо ледзь не ў кожным абзацы можна прачытаць: «Гэта гульня, калі ты яшчэ не зразумеў!» — і чорная котка выводзіць рулады на пару з аўтарам.

Не ведаю, што хацеў сказаць аўтар (і які з трох), бо ён сам тут увесь час танчыць вакол дэжавю, але сцэна са стронгай перанесла мяне ў рэстаран з «Матрыцы», дзе падавалі шыкоўны стэйк падчас сустрэчы з агентам Смітам — ахоўнай праграмай. У «Ночы» гэта ўжо будзе штучны інтэлект, што не здзіўляе: як-ніяк 40 гадоў эвалюцыі (калі верыць Вікіпедыі і аўтару, блэкаўт адбыўся ў 2039-м) — і ўся размова Кнігара з Самуэлем-Мішам круціцца вакол асноўных правілаў, па якіх працуе (ці не працуе) квэст.

Вось што мяне насамрэч здзівіла, дык гэта фраза: «У мой нос настойліва пралез пах рукалы, базіліка, лімона ды іншых цудаў, якія абсалютна, зусім, ніяк не магчымыя ў гэтым свеце». Ніяк не магу ўцяміць, чым рукала і базілік (ды па вялікім рахунку і лімон) адрозніваюцца ад мяты і бабовых, наяўнасць якіх у цемры яшчэ ў самым пачатку падарожжа Кнігара зусім не бянтэжыла.

Эпізод трэці. Горад Святла і Света Пшонка. Першай гасцінна раскрывае абдымкі нашаму герою гарадская каналізацыя, яна ж па сумяшчальніцтве нібыта і VIP-могілкі. Пры гэтым чорная котка муркае мне ў вуха: першае, што бачыць Адысей з «Воднага свету» на Атоле, — балота, якое і каналізацыя, і могілкі, і месца пакарання. А ў Кнігара падчас размовы на мытні пра гарадскі карнавал свае асацыяцыі — ён згадвае Насамоны з іх вяселлем.

Дама карнавалу Света Пшонка — апошняя з «галерэі жанчын, з якімі дарога спрабавала пакласці ў ложак» героя. Я паспрабавала згадаць тую «галерэю»: Касандра ў Грушаўцы, насамонаўская нявеста, Света і... усё. Жанчын у кнізе, вядома, больш, але... Няўжо нехта застаўся па-за кадрам ці гэта цяжкасці перакладу?

У жоўтым адзенні, з жоўтым імем, вельмі падобная на каханую Кнігара, дзяўчына ладзіць яму экскурсію па горадзе і тлумачыць, як яго жыхары здолелі дасягнуць такога дабрабыту ў час цемры, а на развітанне дорыць бурштынавыя каралі. Сюжэт, па якім героя выбіраюць на дзень «каралём», выконваюць усе яго жаданні, а потым спрабуюць прынесці ў ахвяру, а ён нечакана ратуецца, бо ў яго закахалася мясцовая жанчына, якая раскрывае яму ўсе асаблівасці і сакрэты жыцця абарыгенаў і дапамагае потым збегчы, паюзаны таксама не раз і не два. Ну, будзем лічыць адмысловую гару штампаў і сюжэтаў з фільмаў мінулага стагоддзя задумкай аўтара, тым больш што яго іронія мне часам нават падабаецца («ку» на Элеватарах мне, напрыклад, падалося забаўным).

Наш Кнігар рушыць далей. Ён дабярэцца да ракі, знойдзе там човен і Самуэля-Мішу, які чарговы раз растлумачыць, што адбылося ў свеце, і там жа — о цуд! — адбудзецца размова па тэлефоне з каханай:

«— Прывіт. Як ты дазваніўся? Як гэта агулам магчыма?
— Я дазваніўся? — перапытаў аўтаматычна.
— У старога бедака ля храма Калі зляцеў ланцуг з ровара. Ён прыхіліўся да колішняй тэлефоннай будкі і спрабаваў паправіцца. Я падышла дапамагчы, перапэцкалася ў мазут. І тут у будцы затрэнькаў тэлефон. Як ты прабіўся? Чаму тэлефонная сувязь працуе?
Побач з такім родным голасам чулася старэчае шамканне. Чалавек гаварыў, быццам бы падняўшы кончык языка да гары.
— Дзед кажа, што гэтыя тэлефоны ставілі яшчэ англічане. І яны не былі ва ўжытку з 1940-х гадоў».

Пасля гэтага дыялогу чорная котачка з «Матрыцы» мяўкнула мне на развітанне і пайшла ў цемру маёй памяці, памахваючы хвастом.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Прыемная вокладка, акуратная вёрстка і iдэальны тэкст, створаны майстрам, — нiчога не хочацца дадаваць, нiчога лiшняга. Такі iдэальны, што я забыла пра яго, як толькi перагарнула апошнюю старонку.

Для чаго ў рэпартажы трэба журналіст, я ведаю. Навошта ён у аповесці, калі ёсць апавядальнік, — не разумею. Але каго толькі ў той аповесці няма!

Ці спадзяваўся Міхаіл Афанасьевіч, што гадоў праз восемдзесят яго раман стане той самай крыніцай, якой для яго быў у свой час «Фаўст» Гётэ? Ці думаў, што да «Майстра і Маргарыты» пойдзе чарада беларускіх літаратараў, якія будуць цягнуць з яго ўласнае натхненне і вобразы, хто кубачкамі, а хто і вядзерцамі?

Памятаем: усе праблемы, комплексы, псiхозы, сэксуальныя ўпадабаннi i поспех — вынiк таго, што вы атрымалi цi не атрымалi ў дзяцiнстве, у прыватнасцi ад бацькоў. Тым больш асаблiва напружвацца не давядзецца: аўтар гэтых амаль мемуараў ужо ўсё патлумачыў i расклаў-пераклаў па палiчках. Сам сабе псiхолаг, ага. Цiкавая i сумная гiсторыя перакладчыка фiльмаў i ўласнага жыцця, дзе больш за ўсё мне шкада чамусьцi Камiлу.