Валер Гапееў. Пазл. Мінск, Галіяфы, 2018.
«— А ў чым быў сэнс майго жыцця?
— Памятаеш, цябе ў кавярні папрасілі соль перадаць за суседні столік?
— Памятаю. Ну і што?
— Во-ось!»
Ледзь не пад самы Новы год «Галіяфы» выдалі новы раман «Пазл», які літаральна лёг падарункам пад елачку для аматараў прозы Валера Гапеева. Нават вокладка кнігі атрымалася святочная: зіхаціць-пераліваецца на ёй, нібы каляровыя агеньчыкі ў цемры, парэзаная на кавалачкі ці то карціна, ці то фотакартка.
Прыкладна з такіх кавалачкаў і будзе складацца гісторыя Віктара Анішчука, сын якога цяжка захварэе праз недагляд медыкаў у ваенкамаце і ў войску. Чым скончацца для ўсіх пошукі Віктарам справядлівасці?
«Што чалавек у сістэме? Жывёлінка дрыжачая ці права мае на свой суд, калі сляпыя і глухія суд дзяржаўны, суд людскі і суд Божы?» Намёк выдавецтва «Галіяфы» на сувязь аўтара рамана з Фёдарам Міхайлавічам Дастаеўскім можна лічыць небеспадстаўным, але хай пошукамі гэтай сувязі зоймуцца іншыя.
У мяне свая, не менш відавочная, на маю думку, версія літаратурных сувязяў.
Ці спадзяваўся Міхаіл Афанасьевіч, што гадоў праз восемдзесят яго раман стане той самай крыніцай, якой для яго быў у свой час «Фаўст» Гётэ? Ці думаў, што да «Майстра і Маргарыты» пойдзе чарада беларускіх літаратараў, якія будуць цягнуць з яго ўласнае натхненне і вобразы, хто кубачкамі, а хто і вядзерцамі?
Валеру Гапееву хапіла нават не кубачка — кропель, якія зіхацелі вясёлкай на вадзе. Ганначка! Памятаеце, тая самая Ганначка, якая ўжо купіла алей, і не толькі купіла, але нават і разліла. І раман «Пазл» — гэта насамрэч гісторыя пра набыццё і разліццё алею. Вось цікава, ці адчуваў сябе аўтар Воландам? А калі адчуваў, ці не спалохаўся такога падабенства? Бо іначай як патлумачыць буйныя кроплі вады ў той самай бутэльцы з алеем ад булгакаўскай Ганначкі? Яны кругленькія, прыгожа плывуць-апускаюцца на донца...
Першай такой кропляй вады для мяне стаў фрагмент «Ніначка, 25 гадоў назад». Менавіта тут з’яўляюцца могілкі — месца, дзе адбываюцца самыя значныя, паворатныя падзеі ў рамане, і галоўны яго герой — Віктар. І ў гэтым жа кавалачку агульнай карціны, якую імкнецца стварыць аўтар, вымалёўваецца віна Віктара: праз яго Ніначцы давялося рабіць аборт. Пакуль чытала кнігу, думала: а без яе, без віны, ніяк? Віктар шукае адказ на пытанне: чаму так здарылася менавіта з ім? І прыгадвае гэтую сваю віну 25-гадовай даўніны. Усё нібыта правільна, усё так, але... Калі ўжо столькі разоў у кнізе паўтараецца, што так званы лёс — усяго толькі збег абставін і ад чалавека па вялікім рахунку мала што залежыць, дык, можа, варта было б застацца паслядоўным і не ператвараць першым фрагментам аповед у расплату за віну? Хаця... бабуля-знахарка, месца на могілках, дзе пахаваны той забіты зародак разам з фотакарткай Віктара, дзяўчынка-вар’ятка і «гульні ў пясочак» павінны надаваць раману містычнасці... Ну, можа, і надаюць. Кроплі вады ў алеі бываюць прыгожыя.
Дарэчы, пра прыгожае. Самыя сімпатычныя ў кнізе фрагменты — пра жывёлак: клешч, лось, галубы, вужыха, багоўка, коткі. Напэўна, усе яны — нават клешч і мёртвы голуб — падабаліся і аўтару, і рэдактару. Усе да месца, усе сапраўдныя, жывыя (так, і голуб у тым ліку) — я ў захапленні. Адна толькі котка падалася лішняй кропляй вады ў алеі, — тая, пра якую Мікалай Вашчыла расказваў жонцы. Такое ўражанне, што аўтар яшчэ раз вырашыў патлумачыць, што ж ён хацеў сказаць, каб яго ўжо дакладна кожны чытач зразумеў, калі раптам змудрыўся прапусціць папярэднія тлумачэнні.
А тлумачэнняў — відавочных і не вельмі — тут хапае. Самае яскравае хаваецца ў пачку з цукрам. Менавіта з яго дапамогай тлумачыць Антон журналісту Змітру Карпеку, што такое сістэма:
«Сістэма — пачак з цукрам. Зломіць пальцы і галаву адаб’е. І бяседу нашу знішчыць. А ты во зірні, зірні во сюды! — Антон ужо запусціў пальцы ў цукар, набраў жменю і высыпаў назад: — Бачыш, бачыш, хлопча? У гэтым пачку — асобныя крупінкі? Ага! Дык во, глядзі... — Антон сыпануў са шчопці на стол колькі крупінак. — Ты бачыш? Яны ж лёгенькія паасобку, га? Сыпануць табе на руку — і не заўважыш! Пачкам — забаліць. Цяміш? Глядзі, глядзі, як рассыпаліся. Ага, ратуюцца... А мы от так зараз, ціськ, ціськ!
Антон жоўтым цвёрдым пазногцем вялікага пальца раздушваў на цвёрдай стальніцы крупінкі цукру — і заставалася белая плямачка пылу».
Апантаныя чытачы змогуць — было б жаданне — нават правесці паралель паміж цукрам з пачку і пясочкам з могілак у кішэні Віктара. (Я не апантаная, я проста прыцягнула за вушы.) А вось тое, што ўсе мы — часткі сістэмы, жывем у гэтым «пачку цукру», карыстаемся ім, а абураемся і наракаем на яго толькі тады, калі сістэма нас зачапіла, паказвае ўжо сам аўтар. Адзіны ў рамане, хто выйшаў з гэтай сістэмы, — бадзяк Уладзік, ён сам сабе «Ганначка з алеем», але кошт за выхад занадта высокі, і наўрад ці хто гатовы насамрэч плаціць па такім рахунку.
Яшчэ адно, як па мне, дык відавочнае, але, мабыць, усё ж такі прыхаванае аўтарам тлумачэнне: што такое шчасце, і не проста шчасце, а жаночае. Вось тут феміністкі могуць напружыцца, бо, па-першае, без іх у рамане не абышлося (зараз гэта модна) — і атрымалася забаўна. А па-другое, думка, якая даводзіцца да чытача, прыкладна такая: беларуская (мы ж пра сваіх выключна — так, аўтар?) феміністка застаецца феміністкай раўнютка да таго моманту, пакуль не з’явіцца мужык, прыдатны не толькі для сэксу, але і для жыцця. Прычым для жыцця менавіта з ёй, феміністкай. Як толькі яна гэта разумее, то з ваяўнічай абаронцы жаночых правоў, у тым ліку на вольны сэкс, феміністка ператвараецца ў нечакана ціхую патэнцыйную жонку. Мужык між іншага з’яўляецца адзін і той жа. Трошку пахіхікаўшы з уяўленняў пра жаночае шчасце — а прыкладаў гэтага шчасця ў рамане дастаткова, — задумалася над больш сур’ёзнай праблемай.
Выбар. У кнізе так ці іначай выбіраюць усе і нясуць у выніку адказнасць за свой выбар. І толькі Віктар, вакол якога ўсё і адбываецца, плыве сабе па цячэнню. Ён так і не напісаў заяву ў пракуратуру, сына яго пачалі лячыць таму, што паклапаціўся пра гэта Мікалай Вашчыла (вядома, каб выправіць сітуацыю, але ж Віктар пра тое нічога не ведае, адно што плоціць грошы санітарцы за догляд — сістэма нікуды не падзелася і не змянілася). Так, звальненне з працы, пераезд у вёску — таксама выбар, але наўрад ці пра гэта гаворка ў фінальнай размове з незнаёмым: «Я пайшоў тым шляхам, якім у нас не ходзяць...» Пра што тут? Няўжо пра тое, што Віктар чакае, што перад ім будуць выбачацца, і час ад часу рассыпае пясочак з могілак?
Вось і думаю: ці то Воланд ужо не той, ці то Віктар — занадта булгакаўская Ганначка, хаця так, канешне, і не планавалася.