Welcome to Belarus, René Magritte!

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Ілля Сін. LIBIDO (Мінск, Кнігазбор, 2018)

Начытаўшыся водгукаў пра «LIBIDO» Іллі Сіна, падумала, што гэтую кніжку мне варта прамінуць. Пагатоў, што літаратарскія вычварэнні з біблейскімі (гэтым разам з евангельскімі) і антыўтапічнымі варыяцыямі на тэму «як страшна жыць у Беларусі» надакучылі і, акрамя рэакцыі: «Шо, апяць?!» — як у таго ваўка з мульціка, больш нічога ўжо не выклікаюць. Аднак, ці то настрой быў такі, ці то чарговы водгук пазабавіў, вырашыла краем вока глянуць, што ж за «LIBIDO» там такое ў Сіна. Паглядзела. Дачытвала з шырока расплюшчанымі вачыма.

Пасля першых 30 старонак падумалася, што гэты змрочна-вясёлы і дзіўны калаж выдатна глядзеўся б фільмам, прычым мультыплікацыйным і толькі пластылінавым, кшталту тых, што ствараў Гары Бардзін. Потым пабачыла, што пра пластылін думала не адна я: «Ліхтарны слуп ёй падаецца зробленым з плястыліну. Як, зрэшты, і асфальт пад нагамі, якому цяпер яна можа надаваць прывабную форму, націскаючы мыском свайго бота. Твар міліцыянэра — таксама з плястыліну, варта дакрануцца да яго, каб гэта зразумець».

Дарэчы, «LIBIDO» Іллі Сіна насамрэч варта не чытаць, а глядзець.

Зараз сапраўдныя мастацтвазнаўцы могуць хіхікаць і кідаць у мяне няпарныя пантофлікі (пажадана ружовыя, так), якіх у дастатковай колькасці можна назбіраць па творы, але... Хто ў кубафутурыстычную прастору Казіміра Малевіча закінуў персанажаў сюррэаліста Рэнэ Магрыта, той Сін.

Атрымалася страшна і весела. Хаця, магчыма, я памыляюся, і Малевіч ні пры чым, а ўсіх персанажаў Ілля Сін проста час ад часу выганяе на вуліцы «Імперыі святла» (L’Empire des lumieres) таго ж Магрыта, колеры якіх вельмі нагадваюць суворую, з дзясяткамі адценняў шэрага беларускую літаратурную рэчаіснасць. Спадар Сін не пашкадаваў нават курыцу з «Варыяцыі смутку» (Variante de la Tristesse). Падазраю, што яна не вельмі хацела ўдзельнічаць ва ўсім гэтым і занадта моцна супраціўлялася... Па вялікім рахунку не так ужо і важна. Толькі, гледзячы на Феміду перад Палацам культуры: «Хай у правай яе руцэ будзе меч, а левая хай трымае вырачаную на сьмерць курыцу», — я рагатала, што дурная.

Зрэшты, дзеля высокага мастацтва і стварэння калажу з назвай «LIBIDO» пацярпелі не толькі птушкі Магрыта, але і творы нашых сучасных літаратараў:

«Але самае цікавае ў сьне — гэта сьмерць. Падзеньне з хмарачоса, лабавое сутыкненьне на матацыкле, мернае і, відавочна, незваротнае апусканьне ў водную бездань. Бясплённая барацьба, адчуваньне адчаю, канвульсіі...

Марыя любіць паміраць, у яе гэта атрымліваецца вельмі часта — і, здараецца, даволі вынаходліва. Сьмерць хоць ненадоўга абуджае замарожаныя нэрвовыя клеткі. Сьмерць падаецца ёй найлепшым атракцыёнам у жыцьці».

Хто не згадаў пры гэтым Уладзіміра Садоўскага з яго «Залежнасцю», той Садоўскага і не чытаў. А вось бурнае мінулае Марыі, галоўнай гераіні «LIBIDO», дазваляе ёй пабыць і наведніцай «Watch». Чаму б і не? У 2017-м была папулярнай шведская тэма, у 2018-м — смерць з фантазіяй. Ідэі проста лётаюць у паветры — застаецца толькі руку працягнуць і за хвост ухапіць.

Раздаўшы ўсім фонавым персанажам баршчу дзеля ўзмацнення мясцовага каларыту, аўтар шчодра аздабляе прастору — для мяне яна будзе ўсё ж такі а-ля Казімір Малевіч — традыцыйнымі сюррэалістычнымі фішкамі: лужыны-калюжыны, вочы, люстэркі і ўсё тое, на чым і ў чым можна пабачыць адбітак свой ці каго-чаго іншага. Галоўнае — не згубіцца ў гэтай прыгажосці і заўважыць тое, праз што нам паказваюць іншую рэальнасць: не лепшую, проста альтэрнатыўную.

Відавочна, самыя вялікія такія «люстэркі» стаяць у храме ў старажытнарускім стылі — там можна пабачыць і збянтэжанага гандлем у татавым доме Хрыста (праўда, пару тысяч гадоў таму ён быў больш пераканаўчым), і закінутую ўсімі драўляную царкву, дзе «ўзносяць свае малітвы толькі кажаны ды мышы — разам са сьвятымі», і хатку, якую наведвае ў сваім сненні Марыя, і школу, дзе збіраецца «Міжнародны грамадзкі фонд абсалютнага небыцьця».

А вось яшчэ «люстэрка» з таго ж храма — дробненькае, але не менш цікавае: «Брат Зосіма калісьці працаваў ды-джэем, і ягоным улюбёным стылем быў тэхна. Ён і дасюль ня страціў любові да рытму, але — Божай ласкай — навучыўся адчуваць яго значна танчэй. Яму ўжо ня трэба гучнасьці і насычанасьці. Болей за тое, яму ўжо ня трэба нават музыкі» — «Кіруе ўсім [Міжнародным грамадскім фондам абсалютнага небыцця. — К. Б.] прыземісты хлопец гадоў трыццаці, у акулярах і з паўкруглай залысінай. Пакуль на яго не сышло прасьвятленьне, ён быў ды-джэем на мясцовай FM-станцыі. Ён прызвычаіўся, што кожнае ягонае слова выслухоўваюць вельмі ўважліва. Марыя гэтак і робіць — ці, прынамсі, стараецца. Яна слухае ня словы, але ягоны голас — глыбокі, з аксамітным тэмбрам, грунтоўны і пераканаўчы».

Пра чараду адбіткаў з тых «люстэркаў», што схаваныя ля ракі, не казаў хіба што лянівы: Марыя з рамана — Марыя Егіпецкая ў пары з Зосімам (ці Зосімамі, бо тут нават імёны не мяняліся ці, магчыма, Зосіма і сам «люстэрка»), — таму разглядайце іх без мяне.

Я пакажу толькі тыя, што спадабаліся мне і за якімі я пабачыла ў тым ліку ўсмешку Рэнэ Магрыта:

«Ён прыціскае яе да сябе — пра што можна меркаваць па ейным напускным узьвізгваньні — затым, напэўна, садзіць на калені. Далей працяжныя пацалункі, час ад часу яны перапыняюцца ўзаемнымі камплімэнтамі: бусечка, мілашка, осьлік, сам ты осьлік». (Гэта сняжана Міла і Дзіма.) — «Ён прыціскае яе да сябе, садзіць на калені, праводзіць рукою па ейным твары. Марыя абдымае яго, адчуваючы, як у нетрах цела нараджаецца хай цьмянае, але ўсё ж такое доўгачаканае жаданьне. Ён працягвае гаварыць і ў ложку, ужо пасьля таго, як Марыя атрымала свой першы за апошнія пяць гадоў аргазм». (Марыя і Сяргей.)

«Калі тры дні таму ў яе кватэры раптам раздаўся званок, Марыя ажно схамянулася. Такое здаралася і раней: суседзі заходзілі каб пазычыць пласкагубцы альбо на пляшку, цыганы зьбіралі „на апэрацыю сыну“, абаяльныя і гладка паголеныя мужчыны пры гальштуках прапаноўвалі наборы посуду. Кожнага разу ўнутры Марыі раптам успыхвала надзея. Нешта абавязкова валілася з рук — як быццам яе нехта прыгадваў». (З’яўленне Здыхліка.) — «Знаёмства падаецца яму кароткім наборам немудрагелістых захадаў. Усё як у кіно. Ён вітаецца, тлумачыць прычыну свайго зьяўленьня. Напрыклад, пазычыць солі. Альбо гаечны ключ. Альбо перапіс насельніцтва. Альбо, можа, адразу прызнацца, што ён Арфэй, які прыбыў да сваёй Эўрыдыкі?» (Думкі Іншага.)

«У гэты момант Марыя кажа: я — сон. Я зусім сон. Альбо, дакладней, сьненьне, бо маецца на ўвазе ня зьява, але вязкі, павольны працэс. Нібы сочыва пакрысе выплёскваецца з-пад накрыўкі цуда-гаршчочка, прымушаючы ўсіх навакольных мух замерці ў экстазе блаславёнай сьмерці» — «Адну зь іх, найноўшай мадэлі, калегі (як людзі спрактыкаваныя, яны нешта падазравалі) падаравалі яму [Іншаму. — К. Б.] на саракагадовы юбілей. Але ён выліў яе зьмесьціва ва ўнітаз пасьля першай жа размовы».

І ў зусім дробненькае, але ўсё ж такі «люстэрка» гляньце самі: птушкі Толіка — ружы Марыі.

Пасляслоўе. На стварэнне гэтага тэксту мяне натхнілі Казімір Малевіч («Дама на прыпынку трамвая», «Дама каля афішнага слупа», «Авіятар») і Рэнэ Магрыт, у прыватнасці яго Cosmogonie Elementaire, Le Double secret, Variante de la Tristesse, Le Bouquet tout fait, Le regard intérieur, L’Empire des lumieres, Le Plaisir — Jeune fille mangeant un oiseau, L’Assassin menace, Ceci n’est pas une pomme, La Force de l’habitude, La Naissance de l’idole, La Philosophie dans le boudoir, La Reponse imprevue, La Belle captive, Nocturne, Le Modele rouge, Le Miroir magique і інш.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Асабіста мяне Кнігар уразіў яшчэ надзвычай добрым зрокам і рознабаковымі ведамі. Пагадзіцеся, пры дрэнным асвятленні пазнаць у разарванай ушчэнт птушцы галку і разгледзець у вуху візаві дыямент у паўтара караты здолее не кожны. («Паўтара караты? Як у яго мочка не адарвецца?» — гэта ж іронія? Праўда, аўтар? Паўтара караты — гэта 0,3 грама, мы ж памятаем... Ці не?)

Памятаем: усе праблемы, комплексы, псiхозы, сэксуальныя ўпадабаннi i поспех — вынiк таго, што вы атрымалi цi не атрымалi ў дзяцiнстве, у прыватнасцi ад бацькоў. Тым больш асаблiва напружвацца не давядзецца: аўтар гэтых амаль мемуараў ужо ўсё патлумачыў i расклаў-пераклаў па палiчках. Сам сабе псiхолаг, ага. Цiкавая i сумная гiсторыя перакладчыка фiльмаў i ўласнага жыцця, дзе больш за ўсё мне шкада чамусьцi Камiлу.

Ці варта весціся на вялікую колькасць геалакацыяў? Чым адрозніваецца сэкс у Берліне ад сэксу ў Мінску? Колерам фіранак ды мовай партнёра? А гвалт у пячоры ад гвалту ў кватэры? Тэмпературай паветра і колькасцю мэблі? Але, калі не змяніць дэкарацыю, глядач (чытач) засумуе.

Прыемная вокладка, акуратная вёрстка і iдэальны тэкст, створаны майстрам, — нiчога не хочацца дадаваць, нiчога лiшняга. Такі iдэальны, што я забыла пра яго, як толькi перагарнула апошнюю старонку.