Ганна Севярынец. Дзень святога Патрыка. Мінск, “Регистр”. 2017.
“Штурмуйце будучыні аванпосты!” — заклікаў калісьці малады паэт-узвышэнец Уладзімір Дубоўка.
Але штурм праваліўся. Тых, хто ішоў на штурм гэтых звабных аванпостаў будучыні, заградатрады ў форме НКУС часткова адстралялі, часткова адправілі валіць лес у Сібір або ўдзельнічаць у іншых грандыёзных камуністычных будоўлях.
У камуністычным канцлагеры апынуўся і Дубоўка: прайшоў усе кругі гэтага пекла і вярнуўся жывым…
Зрэшты, вяртанне нават такога волата, як Уладзімір Дубоўка, не вельмі дапамагло беларускай мове: яшчэ ў першай палове ХХІ стагоддзя яе прызналі мёртвай. Апошняя кніга вершаў, выдадзеная на мёртвай мове, не знайшла сваіх пакупнікоў, апошні інтэрнэт-рэсурс на ёй перастаў абнаўляцца таксама ўжо гады таму.
Менавіта такую карціну малюе перад чытачом Ганна Севярынец у сваёй антыўтопіі “Дзень святога Патрыка”.
Адразу адзначым: аўтарцы пашанцавала, што яе заявы пра “мёртвую беларускую мову” не бачыў інтэрнэт-абаронца правоў беларускамоўных Ігар Случак, іначай бы позвы ў суд Севярынец не пазбегла. Праўда, не выключаю, што нават Случак улічыў бы, што перад ім мастацкі твор…
Ігар Случак у гэтай рэцэнзіі ўсплыў нездарма: у кнізе яго няма, але там фігуруе безліч персанажаў, шырока вядомых у беларускім сегменце сацыяльных сетак. У першую чаргу, гэта людзі, так ці іначай звязаныя з літаратурай: Стась Карпаў, Антон Рудак, Віктар Марціновіч, Глеб Лабадзенка… Праўда, усе яны згадваюцца мімаходзь — хтосьці словам, хтосьці працытаваным вершам. Гэтыя персанажы, як і іхны даробак, засталіся там — у часах, калі беларуская мова яшчэ не была мёртвай.
Жыццё пасля смерці… Візіянеры сцвярджаюць, што чалавечая душа пасля смерці ляціць па нейкім калідоры, які заканчваецца бліскучым святлом.
Для беларускай мовы ў “Дні святога Патрыка” гэтае пасмяротнае падарожжа заканчваецца ў сховішчы, дзе галоўная гераіня Марына Дамейка збірае разнастайныя носьбіты інфармацыі па-беларуску — пераважна кнігі. Яна іх каталагізуе, адсейвае, расстаўляе паводле ранжыру. Гэтыя моўна-літаратурныя могілкі абсалютна задавальняюць Дамейку: яна пачуваецца тут маці-гаспадыняй, якая апякуецца сваімі дзецьмі — памерлымі літаратарамі. Яна па-свойму любіць іх, але дзяліцца імі, адпускаць іх на волю, даваць ім жыць самастойна — о, не! Не для таго іх з такой дбайнасцю даглядалі!
Супрацьстаіць Дамейцы іншы персанаж — Багдан Сямёнаў. Калі Дамейка, як квактуха, падграбае ўсе моўна-літаратурныя скарбы пад сябе, то Сямёнаў займае пазіцыю культуртрэгера — імкнецца іх як мага шырэй распаўсюдзіць. У маладосці ён піша па-беларуску вершы, потым удзельнічае ў арганізацыі буму вышымаек, што не вельмі падабаецца Дамейцы: вышымайкі — гэта мода, якая хутка міне, калі за ёй не будзе ісці штосьці больш глыбокае, лічыць яна.
Не вельмі падабаецца Марыне і новая ідэя Сямёнава — практычнае выкарыстанне яе беларускамоўнага некропаля. Сямёнаў карыстаецца напрацоўкамі псіхолагаў і вырашае ўжываць беларускую літаратуру як лекі для нашчадкаў беларусаў: творы ўжо згаданага Дубоўкі, а таксама Кузьмы Чорнага, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча ідуць як пігулкі ад дэпрэсіі ды разлятаюцца як гарачыя піражкі. (Прывітанне Віктару Марціновічу з яго наркатрыпам у выглядзе “Мовы”!) Натуральна, што сам аўтар ідэі няхіла нажываецца на яе практычным увасабленні.
Такім чынам, перад намі два варыянты паводзінаў. Для Дамейкі беларуская мова — гэта нейкая высокая каштоўнасць, якую трэба заперці ў крышталёвую труну і дакранацца толькі рукамі ў белых пальчатках. А Сямёнаў — цынічны непераборлівы дзялок, які не грэбуе нічым у выкарыстанні гэтай самай мовы. Абодва шляхі для беларускай мовы аўтарка бачыць згубнымі, хаця высокадухоўная Дамейка ёй больш сімпатычная за прагматычнага Сямёнава.
Атрымоўваецца змаганне кепскага з яшчэ горшым. Каб не аддаваць нікому з іх перавагі, аўтарка завяршае ўсё Апакаліпсісам — гэтым адным з двух улюбёных фіналаў pulp-fiction (прывесці дзеянне да happy end’у — другой папулярнай развязкі — сюжэт не дазваляе ў прынцыпе).
Як належыць разумнай выпускніцы філфаку, Севярынец добра засвоіла тэорыю літаратуры і ўжывае постмадэрнісцкія прыёмы ў сваім творы: займальная сюжэтная лінія “Дамейка-Сямёнаў-беларуская мова” перыядычна перапыняецца аўтарскімі адступленнямі і развагамі. І гэта акурат той выпадак, які прымушае залезці ў выходныя звесткі кнігі, каб пераканацца: рэдактара ў твора не было. Бо добры рэдактар павыкідаў бы палову гэтых адступленняў за тое, што яны не працуюць на агульнае палатно твору. Развагі пра літаратуру, пра лёсы і творчасць Дубоўкі, Бабарэкі ды іншых — працуюць, а асабістыя ўспаміны — вытыркаюцца недарэчнымі вугламі. (І гэта пры тым, што самі па сабе гэтыя аўтарскія лірычныя адступленні часцяком паказваюць лепшую літаратурную якасць, чым асноўная сюжэтная лінія! І пляваць на тое, што ўсе яны спярша публікаваліся на жаночым партале velvet.by…)
Зрэшты, кнізе не пашчасціла не толькі з рэдактурай, але і з карэктурай, хаця фармальна карэктар у яе ёсць: “Г.С.Багумінская” паведамляецца ў выходных звестках. Але цяжка паверыць у карэктуру, калі на першай жа старонцы тэксту ў трэцім абзацы чытач сустракае недарэчную памылку з коскай (“Напэўна, гэта было правільна: абое толькі што здзейснілі забойства, і яно нейкім чынам звязвала іх нібы, (! — Р.Х.) саўдзельнікаў”). Абдруковак і памылак у кнізе настолькі шмат, што проста хапаешся за галаву і не верыш, што аўтарка кнігі — дасведчаная настаўніца. Асабіста для мяне першае месца занялі старонкі 191-я і 194-я. На 191-й мы чытаем пра фотаальбом з “дзерманцінавай вокладкай”, хаця нават элементарны арфаграфічны слоўнік падкажа слова “дэрмацін” (без аніякага “н” перад “ц”). Дзве памылкі ў адным слове — вышэйшы пілатаж карэктуры!
А фраза на 194-й выглядае так: “У той дзень яны заехалі на Вайсковыя могілкі і пасадзілі на магілцы Чорнага браткоў, якім не знайшлося месца ў балконных кашпо”. Калі чытач падумаў, што гаворка ідзе пра дзеянні пракурора ў 90-я гады мінулага стагоддзя, які прыструніў ашалелых крымінальнікаў-браткоў, то ён памыляецца. Але памыляецца толькі дзякуючы аўтарцы і карэктарцы, якія не здолелі нармальна напісаць і праскланяць беларускую назву кветак — брАткі (назоўны склон), брАткі (вінавальны склон). Такім чынам — “пасадзіць браткі на магілцы”.
Ну, але што з яе возьмеш, з гэтай мёртвай беларускай мовы…