Андрэй Адамовіч. «Песня пра Цімура». Кніга першая. Янушкевіч, 2019.
Час татальнага ўладарання тэлевізара ў Беларусі прамінуў пасля з’яўлення сацсетак. Аднак беларускую літаратуру ён дагнаў толькі цяпер — такое першае ўражанне ўзнікае пры чытанні кнігі Андрэя Адамовіча «Песня пра Цімура».
Старанна выседжаныя гэгі «Камедзі-клаба», вінтажна-нафталінныя жарты Клуба вясёлых і знаходлівых, натужны закадравы смех сіткомаў — усё гэта ляціць на чытача, як пасажыры з перапоўненага аўтобуса.
Што праўда, беларускай прозе заўжды «бракавала» смеху, гумару, іроніі — Андрэй Мрый з ягоным «Самсонам Самасуем», Янка Брыль з «Ніжнімі Байдунамі» ды з апошніх аўтараў хіба што Павел Касцюкевіч...
«Песня пра Цімура» дасць ім усім фору па колькасці жартаў. Аўтар строчыць імі, не раўнуючы, як тая Ганька-кулямётчыца па белых, толькі паспяваючы мяняць стужкі ў сваім кулямёце. Дальбог, мог бы часам і адпачываць, даючы сабе самому і чытачу крыху хапануць свежага паветра. Іначай ствараецца ўражанне, што аўтар сам не ўпэўнены ў якасці свайго гумару, таму імкнецца ўзяць колькасцю.
Асноўнай мішэнню для кпінаў і сарказму Андрэя Адамовіча становяцца ягоныя калегі па літаратарскім цэху. Сам аўтар заяўляў у інтэрв’ю, што ўсе падзеі ў кнізе прыдуманыя, а імёны персанажам ён даваў у працоўным парадку, каб не блытаць. А потым вырашыў пакінуць, але — без усялякай крыўды для іншых.
І ў гэта без ваганняў верыш, асабліва калі чытаеш наступны пасаж пра літаратара ды цырульніка Сяргея Календу і літаратара ды блогера Андруся Горвата:
«Сяргей быў фрыкам адносна бясшкодным, мала зацікаўленым ва ўласнай прамоцыі, задавальненне ён атрымліваў ад самога факта напісання. Цяпер ён стрыг бараду іншаму беларускаму пісьменніку Андрусю Горвату, які прыехаў у Варшаву выступіць у Беларускім доме. Говарт акурат дбаў пра прамоцыю, таму не мог прыйсці на імпрэзу з барадой, якая не выглядала б, як барада механізатара чацвёртага разраду. Пакуль цырульнік шчыраваў, Горват выдаляў акаўнт у фэйсбуку — ліквідаваў старонку ён як найменей тры разы на месяц.
— Ведаеш, Андрусь, як палякі называюць тваю кнігу? — запытаў Календа.
— Не, — адказаў пісьменнік.
— Гаўна кавалак, — сказаў Календа і засмяяўся. — Сто злотых з цябе. Гэта са зніжкай ужо. От!
Горват не засмяяўся, хаця Календа не хацеў яго пакрыўдзіць, проста перарабіў адзін з жартаў пісьменніка і думаў, што атрымалася няблага. Але Горват выйшаў з салона незадаволены халодным прыёмам і коштамі. Ён быў пісьменнікам да болю ў скронях самазакаханым. Гэтая любоў напаўняла ўсю прастору ягоных тэкстаў па самую юшку.
Таму збоку яго проза падавалася пуставатай. Аднак калі чытач знаходзіў у сабе першасныя сілы пасмяяцца з аднаго і таго ж жарту пяцьсот разоў ды знайсці ў гэтым анекдоце тонкі гумар і разнастайнасць думак, разгледзець у гэтай забаўцы адгалоскі антычнага тэатра і пачаць задаволена падхіхікваць, калі гэты чытач крыху гвалціў сябе і адшукваў у героі Андруся далікатную фігуру ў крохкім шалупінні пад бязлітасным промнем святла сярод халоднай чужой прасторы.
Такі чытач, такі чытач ператвараўся ў фаната і мог з памадай на вуснах пераконваць у геніяльнасці Горвата, яго недаацэненасці і выкшталцонай арганізацыі структуры Горватавай прозы нават выпадковага дэмбеля ў плацкартным вагоне».
Кожная фанатка творчасці Горвата пацвердзіць, што гэты пасаж — толькі аўтарская выдумка і хлусня, а толькі потым пойдзе выдрапваць яму вочы...
У бліскучай рэцэнзіі Насты Грышчук на «Песню пра Цімура» згадваюцца разнастайныя літаратурныя крыніцы, з якіх аўтар чэрпаў натхненне — і «Дэкамерон», і «Песня пра Гільгамеша»... Не згадваецца хіба што самая відавочная — паэма (!) Мікалая Гогаля «Мёртвыя душы». Менавіта адтуль жыўцом узяты капітан Капейкін, які (у творы Адамовіча) прыехаў у Варшаву ў пошуках таямнічага Цімура Хоміча.
Быццам Чычыкаў у Гогаля, капітан Капейкін у Адамовіча гасцюе то ў аднаго, то ў другога прадстаўніка беларускай культуры. І кожнага з гэтых літаратараў, кінематаграфістаў, мастакоў, музыкаў аўтар паказвае такім жа нікчэмным, як і нядошлы капітан Капейкін з беларускага КДБ:
«— Закон мастацкага жыцця нумар чатыры, — Танька выявілася гаркавай. — Дзе нарадзіўся, там і квіток узяў, каб эміграваць у адзін з цэнтраў мастацкага жыцця.
— Тут і прыкладаць нічога не трэба, — сказала Ліза. — узяць хаця б вас. Учора лён часалі, сёння — мастакі-канцэптуалісты. Хаця лепш бы наадварот. Прынамсі, для маіх вачэй /.../».
Адзіная эпічная фігура ў рамане — Цімур Хоміч. Дый тое ён з’яўляецца толькі ў расповедах іншых. І гучаць гэтыя расповеды быццам скандынаўскія сагі або расейскія быліны:
«Шэф-кухарка, якую звалі Васіліса Віктараўна, устала з піўнога кега і закруціла рукавы.
— Вось што я скажу табе, пясняр ты зямлі беларускай, зараз я ўдару цябе справа, і маліся, каб я схібіла і трапіла ў скрыні з сасіскамі ў цябе за спінаю, інакш тваё цела, дадзенае табе эвалюцыяй, трапіць у смажанкі, унесеныя ў наша меню галоўным тэхнолагам, — так трапна сказаўшы, яна замахнулася і ўдарыла Хоміча з правай.
Калі дым асеў, Віктараўна зразумела, што Цімур застаўся стаяць на сваіх дваіх ды заняў баксёрскую стойку».
Пры ўсёй парадыйнасці стылю Цімур Хоміч выглядае ў аўтара сапраўды як эпічная істота. Адамовіч пакідае свайго персанажа ў станоўчых героях нават пасля таго, як Хоміч крадзе ў каханкі грошы, каб разам з сябрам А. І. Бацкелем паехаць у Польшчу на закупы сандалавага паркету...
Апошнія старонкі кнігі настолькі рэзка кантрастуюць з усім астатнім тэкстам, быццам аўтару нарэшце надакучыла насіць маску Арлекіна (і дзякуй богу!). Гутарка Цімура Хоміча і А. І. Бацкеля (як і ўсе астатнія гісторыі — узгаданая іншым персанажам, Віталём Рыжковым) пра смерць гучыць трагічным дысанансам, які надае глыбіню ўсяму астатняму тэксту. Толькі тады мы разумеем, што прысутнічалі на хаўтурах па нікчэмным і пустым пакаленні літаратараў.
Зрэшты, Андрэй Адамовіч пагражае напісаць працяг «Песні пра Цімура», і напрыканцы томіка нават пазначана «Канец першай кнігі». Ці адбудзецца там адраджэнне памерлых — пабачым.