Ода сектанцкай беларушчыне

крытыка, беларуская мова

(рэцэнзія са спойлерам)

Раман Валера Гапеева “Ноч цмока” паспеў сабраць ужо з паўтузіна ўхвальных водгукаў і рэцэнзіяў, а таксама атрымаў прэмію “Залаты апостраф”.

Дарма казаць, што вострасюжэтную літаратуру любяць амаль усе, а “Ноч цмока” абяцае чытачу яшчэ ў анатацыі: “Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…”

Абяцае — і не падманвае: ёсць тут і эротыка, і містыка, і дэтэктыў. І нават усё дзеянне чытач бачыць вачыма маладога следчага пракуратуры Васіля Шайбака — колішняга жыхара вялікага горада, які пераехаў у малалюдны райцэнтр.

Штодзённае жыццё беларускай правінцыі — адзін з моцных бакоў рамана: аўтар разгортвае панараму беспрасветнага жыцця, з якога выйсце — або ў крымінал, або ў амаралку… Жонка забівае мужа касой пасля чарговай спробы згвалтавання, непаўналетнюю дзяўчынку маці ўцягнула ў прастытуцыю і .г.д.

Падобныя моманты можна было б спісаць на прафесійную дзейнасць Васіля Шайбака: следчы пракуратуры па сваёй працы вымушаны бачыць самыя непрывабныя бакі жыцця. Але і па-за крыміналам жыццё ў правінцыі далёкае ад вясёлкавых перспектываў. Прыкладам гэтага можа быць сакратарка Зіначка, чый муж з’ехаў у Расію на заробкі і фактычна жыве на дзве сям’і. Калі жонка пачынае яго падчас прыезду (пасля трохмесячнай працоўнай вахты) прасіць аб хатніх справах, муж пагражае застацца жыць у Маскве, пакінуўшы жонку і дваіх дзяцей.

Альбо вось такая размова Шайбака з міліцыянтам Тумарам:

“— Што тут казаць? У мяне тры магазіны на сельсавет. Учора палучка была ў калгасе — і ва ўсе тры магазіны прыперлі таннага чарніла — ажно пяці гатункаў! А каўбаса ў адным толькі была, два гатункі, пяльменяў не было… От так… А яшчэ сшыткі вэксальныя заводзяць…
— Гэта якія? — не зразумеў я.
— Ды такія, — Тумар зморшчыўся, бы ад кіслага, загаварыў з выразным раздражненнем: — Пазычаюць чарніла і гарэлку мужыкам прадаўцы, у сшыткі запісваюць. А ўчора ішлі мужыкі з палучкай і палову за даўгі аддавалі. А жанкі ля магазінаў каравулілі. Тры бойкі, адна свайму галаву цаглінай рассекла…”

Пазітывіст у глыбіні маёй душы адзначае гэтыя рысы правінцыйнага бытавання і трыумфальна крычыць: “Ці ж варта пасля гэтага дзівіцца, што ў такіх умовах сярод людзей жывуць самыя розныя містычныя веранні, прымхі і забабоны?”

Аднак я адкажу яму: рана радуешся — гэтыя прымхі жылі тут спрадвек і нікуды не знікалі. Прыкладам гэтаму — цётка Сонька, якая ўсё жыццё была камуністкай і савецкім работнікам (“— І білет свой парцейны нікому не здавала і з партыі не выходзіла! — з гонарам хутка перапыніла мяне цётка”), але пры гэтым шчыра верыць у вядзьмацкую сілу мясцовага знахара Змітра, які лекаваў яе жывёлу, ды іншую падобную магію:

“А хіба калі я ў партыю ўступіла, дык Зміцер перастаў ведзьмаком быць? Якая яму розніца: я парційная ці не? Ён ведзьмаком быў, ім і заставаўся. І карова мая не глядзела на мой парцейны білет, як захварэла. Лекам тым, ці ёсць розніца, з чыіх рук у каравячы рот ліцца: з парцейных ці з непарцейных? Ці камуністка я, ці ў Бога веру — Богу ўсё роўна, ён быў, і будзе. Так і Зміцеру: хай бы ўсё сяло парцейным стала, яго сілу які чалавек адбярэ?”

Але найбольш загадак і містыкі збіраецца вакол аматараў фальклору, якіх узначальвае прафесар Алесь Федарук. І тут мы падыходзім да самага “палітычнага” моманту рамана — погляду на Беларушчыну.

У “Ночы цмока” беларушчына прадстаўленая дзвюма ўмоўнымі групамі — адна пад кіраўніцтвам ужо згаданага Федарука, а ў другую ўваходзіць каханка галоўнага героя Надзея і яе стрыечны брат Сяргей.

Надзея — былая настаўніца гісторыі, якую са школы выжылі даносамі і цкаваннем за “няправільнае” выкладанне свайго прадмета: “Пагоня”, Касцюшка і г.д. У выніку экс-настаўніца пайшла ў бізнес — стала “тарбэшніцай”-гандляркай. Сяргей — былы незалежны журналіст, які таксама застаўся без працы за свае погляды, апазіцыйныя для цяперашняй улады, таму асвоіў працу зваршчыка. Абодва персанажы, паказаныя аўтарам, займаліся асветай, інфармаваннем — і зазналі паразу ў сваёй дзейнасці.

Гурток Федарука — гэта зусім іншы кшталт беларушчыны. Невялікае кола аматараў фальклору, куды закрыты доступ пабочным асобам, дзе ўсе трымаюцца адно аднаго, даючы згуртаваны адпор усялякай вонкавай пагрозе. Што бачым? “Ордэн мечаносцаў”, пра які марыў Зянон Пазняк? Не! Перад чытачом — тыповая секта. І нездарма адзіным чалавекам, якога гэтае вузкае кола прымае да сябе, становіцца Насця Грыцук — лесбіянка і дачка ведзьмака. Жанчына з такімі характарыстыкамі не можа не стаць “вырадкам” ні ў вёсцы, дзе яна расла, ні ў невялікім райцэнтры, дзе працуе. Ахвяра атачэння трапляе ў секту Федарука, а потым па-сапраўднаму гіне (уласна яе смерць і расследуе Васіль Шайбак).

Федарук — гэта літаратурны тып звар’яцелага прафесара, але не дзівака Паганэля, а якога-небудзь Рабура-заваёўніка. У сваім вузкім коле ён рыхтуе лепшую будучыню для Беларусі (як ён бачыць гэтую “лепшую будучыню”), ажыўляючы старадаўнія міфы — пра Цмока і Яшчура. Секта Федарука ўсур’ёз успрымае наказ сучаснай паэткі Марыі Мартысевіч: “Нарадзі прэзідэнта” — і адраджае даўнія вераванні менавіта для гэтай мэты.

Зрэшты, вобраз Федарука аўтару, на маю думку, не вельмі ўдаўся. Кіраўнік секты, як вядома, асоба моцная і харызматычная, чаго ў прафесару не адчуваецца. Да таго ж, наўрад ці кіраўнік секты сеў бы размаўляць са следчым і адкрываць яму ўсе свае задумы (як адбываецца ў развязцы) — нават пры поўнай упэўненасці, што гэты следчы ніяк не зможа выкарыстаць пачутае: яму ніхто не паверыць. Больш лагічна з боку Федарука было б паслаць да следчага кагосьці з “шасцёрак”, каб прамацаць або заблытаць следства.

Аднак Федарук сам ідзе на размову са следчым і адкрывае яму ўсе карты: паводле абраду яны нарадзілі “Цмока”, якому наканавана апекавацца дзяржавай. Гапееў прапаноўвае версію таго, чаму прафесар ідзе на такі крок: пакуль ён загаворвае зубы следчаму, жонка навукоўца ўцякае з дзіцем-“Цмокам” у невядомым кірунку. Аднак пры гэтым аўтар сам сабе і пярэчыць, згадваючы, што “яйка, знесенае чорным пеўнем, трэба тры гады насіць мужчыну пад пахай” — то бок, “дзіця да трох гадоў павінна расці пад наглядам мужчыны, сям’і”. (Вылучэнне маё. — Р. Х.) Такім чынам, дзіця нібыта павінна расці пад наглядам мужчыны, а сам згаданы мужчына тым часам рызыкуе сваёй свабодай і можа быць адлучаны ад дзіцяці на невядомы тэрмін… Нестыковачка, якая не бянтэжыць ні аўтара, ні яго персанажа!

Магчыма, не бянтэжыць яна іх таму, што сектанцкая беларушчына Федарука ў “Ночы цмока” не выглядае такой лузерскай, як беларушчына Надзеі і Сяргея. Секта не зазнала паразы — наадварот, яна атрымала свой сімвал, дзіця-Цмока, ёй (секце) нічога не пагражае, яе чальцы засталіся пры ранейшых працах і пасадах.

У інтэрнэце ўжо выказваліся прапановы, быццам трэба зняць фільм паводле “Ночы цмока”. Спадзяюся, што фільм, які прапагандуе беларушчыну як занятак вузкай секты фанатыкаў, якія хочуць прыйсці і звонку навязаць усім навокал свой лад жыцця, усё ж такі не пабачыць свет.

Раман В. Гапеева "Ноч цмока" электроннай кнігай: https://kniharnia.by/catalog/suchasnaya_proza/noch_tsmoka/

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

На карысць аўтаркі сведчыць тое, што празмерна на сваім пісьменніцтве яна не зацыкліваецца, уласнае эга гэтым статусам не вельмі цешыць...

Ні аўтар, ні яго прыхільнікі не хаваюць, што зладзілі кампанію пад умоўным лозунгам «Галасуй за хрысціянскі раман». І для мяне менавіта гэтая перамога — найлепшы аргумент супраць усялякіх «прэмій чытацкіх сімпатыяў» у Беларусі.

З усіх частак рамана менавіта біблейская пакідае найбольш нудлівае ўражанне. Напэўна, гэта павінна быць сінонімам філасафічнасці і глыбокага роздуму.

Адзіны персанаж, ад якога не чакаеш развіцця характару, — гэта сабака Жулік. Затое ён і не падманвае: гэта адзін з сімпатычных і выпісаных з любоўю персанажаў "Сядзібы".