Сабачыя пазлы

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Альгерд Бахарэвіч. Сабакі Эўропы. Логвінаў, 2018.

10-я гады ХХІ стагоддзя ў беларускай літаратуры праходзяць пад знакам двух празаікаў — Альгерда Бахарэвіча і Віктара Марціновіча. Яны існуюць як два бакі аднаго медаля, дапаўняючы адно аднаго, — гэткі своеасаблівы Бахановіч. Альбо Марцірэвіч, калі камусьці падабаецца так.

Адзін з аўтараў стварае моцную фабулу, адчувае Zeitgeist, дух эпохі, але выкладае перад чытачом чарнавік, які патрабуе добрай рэдактуры. Другі старанна працуе са словам, можа 10 старонак апісваць, напрыклад, які-небудзь чарнічнік, але захапляльны сюжэт, які не адпускае чытача, — гэта не ягоная дзялка…

З гэтых двух мог бы атрымацца адзін цікавы аўтар, але… маем тое, што маем. Адзін год чытаем Бахарэвіча, другі — Марціновіча.

У 2017-м свой раман выдаў Альгерд Бахарэвіч, амаль кантрабандай ускочыўшы ў апошні вагон года. Зрэшты, піяр "Сабак Эўропы" ў сацсетках і "сяброўскіх" да аўтара СМІ (напрыклад, на Радыё "Свабода") пачаўся задоўга да таго, як раман быў надрукаваны. (Вяршыняй гэтага піяру, відаць, стала інтэрв'ю, якое рэдактар кнігі ўзяў у аўтара напярэдадні прэзентацыі.)

Што ж маем у выніку? Амаль 900 старонак тэксту, самая тоўстая кніга ў сучаснай беларускай літаратуры. (У анатацыі, размешчанай на апошняй, 896-й (!) старонцы, чытаем: "На больш чым дзевяцістах старонках кнігі…" Але мы не ў Міністэрстве гандлю і падаваць скаргу на падман пакупніка не спяшаемся.)

Шэсць асобных, здавалася б, гісторыяў. У тым сэнсе, што чытаць іх можна як асобныя, так і перакрыжаваныя — пагатоў, персанажы там дзейнічаюць адны і тыя ж, толькі мяняюцца іх імёны (а то і пол) у кожнай частцы ды наперад выплываюць то адны, то другія. Але немагчыма не пабачыць паралеляў у апавядальніку Алегу Алегычу з першай часткі "Мы лёгкія, як папера" і Алегу Іванавічу з пятай часткі "Капсула часу". Такімі ж паралельнымі персанажамі бачацца кот Гофман (трэцяя частка, "Нэандэртальскі лес") і дэтэктыў Тэрэзіюс Скіма (шостая частка, "След"): "Блакітная блюзка з сэленіту сядзела на кашэчым торсе (такія асаблівасці канстытуцыі ў чалавека! — Р.Х.) як быццам другая скура".

Аматары пазлаў маюць вялікае поле для версіяў: хто ж з персанажаў папярэдніх частак з'яўляецца ў тым ці іншым абліччы ў наступных раздзелах?

Не меншую радасць аматарам літаратурных пазлаў прынясуць і спробы адгадваць, хто з тых ці іншых вядомых літаратараў паслужыў аўтару крыніцай натхнення (адвольнага ці адмысловага не так важна). У некаторых выпадках такія паралелі гучаць не на карысць Бахарэвіча.

"Ці ў пустой кватэры ў сьнежні — калі бацькі ў Бэрліне, "Дублінцы" ў цябе на каленях, а ў вачах сьлёзы, і на сэрцы жабка", — піша мінчук Бахарэвіч. А ў адказ яму прыветна махае рукой і падміргвае адэсіт Бабель: "Забудьте на время, что на носу у вас очки, а в душе осень"…

Бахарэвіч — майстар у мастацтве пераймання і гаварэння чужымі галасамі. (І гэта добра адчуваецца не толькі ў алюзіях з іншых аўтараў, але і ў тым, як шчодра ён перасыпае трасянкай мову некаторых персанажаў.) Мабыць, менавіта таму ён так саркастычна ставіцца да тых, хто апрацоўвае такую ж дзялку пераймальніцтва, але робіць гэта менш таленавіта. Найлепшы прыклад — частка "Нэандэртальскі лес", у якой пісьменнік бязлітасна высмейвае ўтапічныя сюжэты беларускай будучыні. Ведаеце, усе гэтыя прапановы "Дайце нам, беларускамоўным, хаця б адзін раён, хоць бы ў Чарнобыльскай зоне, а мы там зладзім такое райскае жыццё, як самі хочам"…

Не, не зладзіце, не будзе ў вас нічога, зласліва адказвае Бахарэвіч. І апісвае, у які змяючнік ператворыцца такое закрытае ад навакольнага свету грамадства на чале з Максімам Крывічанінам. "Крыўя" — востраў, куплены багатым беларусам. На гэты востраў ён прывёз сваіх аднадумцаў, прыхільнікаў Беларушчыны. І толькі пазней яны даведваюцца, што на востраве праводзіліся выпрабаванні і гэтае месца небяспечнае для жыцця.

(Зрэшты, сарказм "беларускай антыўтопіі" саступае жарсці, з якой Бахарэвіч апісвае, напрыклад, пісьменніка Барадаўкіна ў сваіх ранейшых "Дзецях Аліндаркі". Адчуваецца, што апакаліптычныя матывы хвалююць аўтара менш, чым разборкі з літаратурнымі праціўнікамі. )

З усіх частак "Сабак Эўропы" звяртае на сябе ўвагу пятая, "Капсула часу". І не толькі таму, што яна часткова напісаная на выдуманай Бахарэвічам мове — бальбуце (прызнаемся шчыра: мала хто будзе расшыфроўваць гэтыя 14 з паловай старонак). Беларускамоўная палова "Капсулы часу" — бліскучы самадастатковы аповед, у якім няма ніякіх лішніх нагрувашчванняў. У ім яскрава паказаная бесталковасць школьнага жыцця, пабачаная вачыма настаўніка. З аднаго боку — дзеці, якім не патрэбны твой школьны прадмет і якіх трымаюць у школе толькі для таго, каб яны не пайшлі біць шыбы на вуліцы. З другога боку — школьная адміністрацыя, якой патрэбна штосьці гэткае, "крэатыўнае", чым можна паспяхова вылучыцца сярод іншых школаў. Паміж імі — настаўнік, які разумее ўсю бязглуздасць свайго становішча…

Складалася б кніга з такіх трапных незацягнутых аповедаў — выдатны быў бы зборнік!

***

У кнігавыдавецкіх колах ходзяць упартыя чуткі, што аўтар вельмі спяшаўся выдаць "Сабак Эўропы" да заканчэння 2017 года, каб паспець вылучыць кнігу на прэмію Гедройца. Пацвярджае гэтую версію і выданне першых 10 асобнікаў да Новага года, а астатняга накладу — толькі праз паўтара месяца.

Шостая частка, "Сьлед", нясе на сабе якраз след гэтай спешкі — і аўтарскай, і рэдактарскай.

Усё ў гэтай частцы нібыта мусіць зацікавіць чытача: і невядомы труп, і экстравагантны (на наш цяперашні погляд) берлінскі следчы Тэрэзіюс Скіма, і тое, што падзеі адбываюцца недалёкай будучыні, дзе амаль ніхто не чытае літаратуру…

І чытач з зацікаўленасцю сочыць за тым, як Скіма шукае сляды невядомага загінулага па ўсёй Еўропе. Праўда, неўзабаве зацікаўленасць змяняецца скепсісам, калі Скіма, задуманы і апісаны аўтарам, пачынае супярэчыць тэксту.

Берлінскі следчы, як і практычна ўвесь свет вакол яго, не чытае літаратуру і не ведае яе. Але…

"Скіма сядзеў пасярод гэтага гармідару і флегматычна ўсьміхаўся. З-пад яго крэсла ніхто выбіць не наважваўся — ён плыў праз гэтую буру, што раскідвала вакол валаскі, пляўкі, ашмоцьце паперы і дурны зьвераваты лямант, нібы айсбэрг. (Стылёва гэты "айсбэрг" варта было б, мабыць, паставіць у сярэдзіну сказа, каб не блытаўся з лямантам, аднак аўтар і рэдактар вырашылі не зважаць. — Р.Х.). Бура шалела проста перад ягоным тварам, у ягоныя вочы з прагнай надзеяй зазіралі нячысцікі, дробныя і вусцішныя, як істоты з гогалеўскай ночы, але Тэрэзіюс Скіма проста гуляў са сваёй бародкай і ўсьміхаўся" (старонка 712).

Няма сумневу, што карціну шалу чытач бачыць вачыма Скімы, але, прабачце, адкуль жа тады параўнанне з гогалеўскімі нячысцікамі? Аўтар жа выразна даў зразумець, што пра літаратуру гэты персанаж нічога не ведае.

Далей Скіма і Бахарэвіч яшчэ болей заблытваюць чытача. На старонцы 730-й пасля згадак Скімы пра ягоныя жаніцьбы і партнёраў чытаем: "Зь ім быў толькі горад, які ён любіў дзіўнай любоўю кафкіянскага землямера". А на старонцы 765-й высвятляецца, што берлінскі следчы папросту не ведае ні пра якога Кафку:

"Агент Кафка?"

"Так, агент, Скіма. Агент Франц Кафка, вялікі пісьменьнік. Ты чытаў яго, канечне ж. Ты ж любіш кнігарні."

"Ненавіджу, — паспрабаваў схлусіць Скіма. — Я ня ведаю, хто гэта. Хаця пачакай. Быў такі фільм, аднаго з SuperDDR, "Мужчынскія шкарпэткі "Ф. Кафка". 2025 год, па-мойму… Гэта пра яго?"

Засталося вырашыць, ці то ў агента Скімы суперсклероз, ці то суперздольнасць прыводзіць параўнанні, якія ён не ведае і раней нідзе не чуў…

Ёсць яшчэ варыянт, што падчас пісання гэтай часткі ў Бахарэвіча скралі ягонага Скіму і падсунулі чужога персанажа з такім самым імем і выглядам… Але гэты сюжэт, магчыма, апіша Марціновіч. )))

***

На сёлетняй прэміі Гедройца Бахарэвічу шмат хто прарочыць першае месца. І не толькі таму што том "Сабак Эўропы" — цяжкавагавік у параўнанні з іншымі беларускімі кнігамі. Ёсць яшчэ і чаканне таго, што "вечна другі" павінен жа некалі атрымаць нарэшце першую прэмію.

Не станем загадзя вырашаць за журы.

Хаця я б усё адно галасаваў за Марцірэвіча. Ці Бахановіча.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

«Перакулены дэтэктыў», у якім імя злачынцы вядомае загадзя, — прыём не новы і не арыгінальны. Ці дадае ён штосьці раману Гапеева? Пытанне даволі спрэчнае. Мне здаецца, можна было абысціся і без яго, бо матыў расплаты за грахі ў «Пазле» і так відавочны.

«Ноч» Марціновіча не просіцца быць разабранай на цытаты — яна сама складаецца з цытатаў: Уладзімір Караткевіч, Харукі Муракамі, Віктар Пялевін, Рэй Брэдберы ды безаблічны і бясконцы галівуд. Пытаннем «Гэта яшчэ літаратура ці кінасцэнар для баевіка катэгорыі „В“?» нават не задаешся, бо адказ адчуваеш нутром: аўтар спрабуе прадаць нам кінасцэнар, ад якога адмовіліся прадзюсары.

Адзіны персанаж, ад якога не чакаеш развіцця характару, — гэта сабака Жулік. Затое ён і не падманвае: гэта адзін з сімпатычных і выпісаных з любоўю персанажаў "Сядзібы".

Шарова ў сваім рамане не прытрымліваецца ні мізандрыі, ні мізагініі — перад намі сумленная мізантропія, дзе аднолькава пагарджаюць прадстаўнікамі абодвух палоў.