Этэр

Пераклад: 
класічная амерыканская паэзія, вершы па-беларуску, амерыканская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(Aether)

23:15, 27 траўня

4 Панюшкі і Мне Ўставіла,
У ложку ў майтках,
у левай руцэ шматок бавоўны,
тыповы дэгенэрат,
прысмак крыві ў роце
прысмак Фатэлю ў Зубнога
музыка, Гучныя Аперджыё Вечнасьці —
сава ў акулярах шрайбае ў
халоднай цемры —
Па вушах мне ўвесь час езьдзіць гук
трамваяў пад вокнамі
пакашліваюць балотнікі таксовак — рыпіць вуліца —
Рэха сьмеху й пісталетных стрэлаў адскоквае
ад усіх сьцен як гарох —
уцечкі-цікі нэону — галасы Мірыядаў
прамывальнікаў руды ў Мазгавой патэльні
супольны цвыркат усіх цвыркуноў ад пачатку часу
зьвініць у мяне ўвушшу за момант да страты прытомнасьці
за момант ад, —
на вока наварочваецца сьляза, —
Боязі Невядомага —

Так і няясна ці быў Хрыстос
Богам або Д’яблам —
Будда больш варты даверу

І ўсё ж экспэрымэнты мусяць працягвацца!
Усе магчымыя камбінацыі Быцьця — і ўсе,
што ўжо выпрабаваныя! Усе старажытнаіндыйскія
мантры-транты — звонкія многасьветы
ў Велягорыстай
Няголенай Вольнай Пасьлядоўнасьці,
з усімі сваймі мінарэтамі й вежамі
азоранымі месяцам і ўпрыгожанымі жалезнымі
ці парцалянавымі карункамі,
усё гэта ўжо было —
сівавалосыя
Мудрацы сядзелі скрыжаваўшы ногі
на канапе ў гарэме —
прыслухоўваючыся да ўсякай музыкі
якая б ні даносілася зь Лесу ці Вуліцы,
да ўсякай птушкі што шчакатала
на Рынку
да кожнай ноты што гадзіньнік узяў каб сказаць
Час —
якое рэчыва ці паветра яны тады ўдыхалі
каб занурыцца ў настолькі глыбокія думкі
ці проста чуць што адбываецца навокал,
як напрыклад машыну што праяжджае па вуліцы
міма Ўрадавага палацу ў Ліме
ў 1960-м, калі я пішу.
Керуак! Салютую тваёй
гаваркой барадзе. Сумны Прарок!
Вітаньні й зямныя паклоны ад
абвіслых штаноў і абматаных цюрбанам мазгоў і мазалістай нагі
аркападобных броваў і гэбрайскай Усьмешкі —
адзінай свайго кшталту ў Сусьвеце — ад
паэта паэту.

Зьмяні Рытм! (зашмат пяцістопніку)
...Божа мой Керуак у якой ты самоце цяпер? — 
я пачуў віскат колаў у дажджы дзесяцігадовае даўніны —
і ўсе званы выбухнулі свое- й адначасова
і ўсё створанае
зазьвінела сумысьля перад тварам Тварэньня
бо
гэта завяршэньне тварэньня
я маю на ўвазе выкупленьне
гэтак бачаць вынік Тварэньня
ўсе дактары, акушэркі й г.д. стварэньня;
то бок —
*
!!

[я якраз кіўнуў на знак двайнога адмаўленьня]

Невымоўнае другі раз пралунала над маёй
галавой.
а я ўсё ніяк яго ня вымаўлю!

то бок мы — месяцовае сьмецьце
аб’едкі дасканаласьці —
сусьвет гэта ДАЎНЯЯ памылка
якую я ўжо ўсьведамляў мільёнразова
і заўжды вяртаўся да той самай
раздвоенай хвалі ў мазгах —
што
Раней ці пазьней усякая Сьвядомасьць
будзе зьнішчаная
бо Сьвядомасьць гэта
пабочны прадукт —
(бавоўны і N2O)

Зглытваю сьліны зь языка —

Госпадзе! Тут змагаесься каб зразумець
Адну-адзіную сьвядомасьць
а яшчэ сутыкнуцца зь Мірыядамі —
праз більён гадоў
з усё тым жа звонам увушшу
і птэрадактылевай усьмешкай Аёечкі
Стварэньне,
недзе я ўжо гэта бачыў.
Адзін з старых добрых Буддаў, сірэны
нейкіх вісклівых вулічных працоўных
машын
і водбліскі зіхоткага асфальту ў акне
на фасадзе чыгуначнага вакзалу
ў занюханым порце недзе ў Змыўках
цьмянай старой забытай
казачнай і ўсё такое
Цывілізацыі
Вечнасьці, —
і тут вакзальны Санта-Гадзіньнік б’е
поўнач,
і ты пачынаеш пісаць сваё Слова
ў чаканьні шостага
ўдару,
а заканчваеш яго на апошнім — і памятай
што менавіта гэты тузін удараў прагучаў раз
і назаўжды,
каб не прагучаць больш ніколі; абое праўда.

.................Я стаяў на балконе
чакаючы выбуху
Татальнага Ўсьведамленьня Ўсяго —
пры гэтым быў Гінзбэргам што нюхае ў Ліме этэр.
Тое ж змаганьне Розуму каб дакрануцца
Таго
чыё разьвіцьцё завяршаецца Х
каб зразумець яго прычыны й наступствы,
незразумелыя нават адны адным, хіба толькі ў прарочым
таямнічым апасродкаваным прыхаваным
напаўнезанатаваным выглядзе.
Гэтак старыя азійскія мудрацы ці белабародыя пэрсы
шрайбалі на палях сваіх скруткаў
выкшталцоным атрамантам
аплакваючы старажытныя гадзіньнікі з боем у сваіх гарадах
і колішнія гарады —
Наску, Паракас, Чанкай і пахаваную
Таямніцу Сьвятароў, Кашэчых Багоў
усіх масьцей, хаўтурны саван
для музэю —
Ніхто ня памятае, але ўсе вяртаюцца перад сьмерцю
да той самай думкі — якая ж сумная старая
праўда, паўтараем мы зноў і зноў.
Толькі каб згубіцца
ў пясках Паракасу ці агарнуцца містычным саванам
ПаЕзіі
каб праз тысячу гадоў трапіцца нейкаму смаркачу
і выклікаць у яго хто ведае якія жахлівыя думкі?
Жудасны досьвед самоты. І
ліст ад Грэгары, і ад Пітэра...

19:30, 28 траўня

...У гнюснай твані Абставін
«Ён стварыў іх Мужчынам і Жанчынай»
з вусамі.
ІСНУЮЦЬ пэўныя СТАЛЫЯ
(пісталетны стрэл) надзейныя арыенціры
якія вар’ят зноў і зноў
(зноў пісталетны стрэл
з вакна) — зь нічога ніякага
занатоў — ПІСТАЛЕТНЫ СТРЭЛ
за вакном — ПАЎТОРНЫЯ сытуацыі
досьвед вяртаньня ў
тую ж кропку ў Часе Ўсясьветнага
Стварэньня — і штораз як мы вяртаемся
мы зноў пазнаем што мы тут ужо
БЫЛІ і што гэта
Ключ да Стварэньня — зноў той жа пісталетны стрэл —
-ВАЕ, схіляючыся па-над кнігай сваіх НЕ
вытлумачальных цудаў разам з сваімі вусамі.
(маё) Вар’яцтва гэта зразумелыя рэакцыі на
Незразумелыя фэномэны.
Божа — якая чароўная бутэлечка
чыстая шкляная сфэра з празрыстым
вадкім этэрам —
(Хлорэтыл Мэрц)

21:00

Я ведаю што я паэт — у гэтым сусьвеце — а толку — тым часам у іншым без мэханічных дапаможных сродкаў я быў бы напэўна бедным прадаўцом дзіцячых ботаў у Дыснэеўскай краме — Гэтая сьвядомасьць уласьцівая толькі аднаму з магчымых Этэравых сьветаў, а не Канчатковаму Сьвету

А там мы ўсе Касавокія
і трыюмфуем у сваёй Нявіннасьці
і нам ня трэба надзяваць трусіных лап
вушэй ці крытых Золатам скіраваных
у розныя бакі збачэнскіх вачэй

Скарыўшыся і памудрэўшы, прызнайма
Агромністую таямніцу нашага стварэньня —
не выдаючы ані знакам
што да нас зьвярнуўся

ВЯЛІКІ ТВОРЦА
ЧЫЁ ІМЯ Я ЗАРАЗ
ВЫМАЎЛЯЮ:
ВЯЛІКІ ТВОРЦА СУСЬВЕТУ, КАЛІ
ТВАЯ МУДРАСЬЦЬ НЯ СУПРАЦЬ
І КАЛІ ГЭТА НЯ НАДТА
ДЗЁРЗКАЯ ПРОСЬБА
МОЖНА Я АПУБЛІКУЮ ТВАЁ ІМЯ?
Я ПЫТАЮСЯ ПАСЯРОД
НАЧНОЙ
ЛІМЫ
І БАЯЗЬЛІВА ЧАКАЮ
АДКАЗУ,
услухваючыся ў сіпеньне
вулічных аўтобусаў,
ведаючы Жах
Сьвету Наводдаль —

Я тут гуляюся з Шутковінамі
а ў Яго яна надта магутная
яе не ўтрымаеш у руцэ як Самапіску
і Ён Адказвае Пісталетным Стрэлам
ад якога кроў прылівае да мазгоў
І —

Што ўласна можа здарыцца
ў гэтым пабочным сусьвеце
дзе Бога льга пабачыць
панюхаўшы шматок бавоўны
з вадкім газам?
Зразумейце адказ
наадварот і Мат-
эматычна Падвойце яго ў абодвух кірунках.
Ці грэшнік я?
Ёсьць сусьветы складаныя і простыя. Гэты —
ніякі.
(Калі я заплюшчу вочы, то ці апрытомнею?)
Вось Выніковае Пытаньне — пад
гук старых касьцёльных званоў і
пыхканьне аўтобуса на прыпынку і ляскат жалезных
бізуноў у цыліндрах і віскат тармазоў
і даўнія крэшчэнда чуйнага
дэміюргічнага экстазу што шэпча ў завулках вуха
— а хіба на яго калі-небудзь
адказвалі Не Станоўча? Пытаецца Госпад?

МАГІЧНЫ СУСЬВЕТ

Мухі і цвыркуны і гук аўтобусаў і мая
галімая барада.
А што ёсьць Магія?
Ці ёсьць у Магіі месца Смутку?
Ці Магія — толькі адна з маіх бой-скаўцкіх прыдумак?
І ці я за яе адказны? Я, няўдачнік?
Ці можа Магіі нешта Пагражаць?
Так! Гэта адзіны сусьвет, у якім
Магію можа зьнішчыць
пісаніна пад кайфам.

Сусьвет у якім я асуджаны выдаваць цьверджаньні накшталт
«Невуцкія Меркаваньні Ствараюць Памылковыя Сьветы — »
вось яшчэ адно далучылася
да ўсеіндыйскага хаўрусу каб яго рацыю
Пацьвердзілі ўсьмешлівыя
вочы —
Сьвет такі, якім мы яго бачым,
Мужчынскі й Жаночы, з гадамі мінучы,
такі ён заўжды быў і будзе, магчыма
разам зь яго незьлічонымі пэрлінамі і Разьбітымі да крыві насамі
і я бедны дурны Ол-ІнзбэрГ
захрас на старых Ростанях —
Ат, Трасца, да якога ж Гімну імкнуцца, і ў
якой мове, калі гэты тэкст — самае большае
што я магу выцыганіць у Сьвядомасьці? — 
Садраць зь яе? І ўкласьці ў словы?
Я б мог садраць яго хутчэй і сакавіцей —
садраць дзесяціну ў фонд Сьмерці, мажліва —
але ў гэтым старым сьвеце ніколі не ўгадаеш.
А Сьмерць падкажа?
А перад тым?
Хіба
наступны раз.
Або наступны раз.
Або
наступны раз.
Або
Хопіць ствараць сусьветы!
кажа Філіп Ўэйлен
(Мой Збаўца!) (во дзе снабізм!)
(дзе ён каго ўратуе) —
Прынамсі, ён не зразумее.
Я падымаю палец каб стварыць
поўны смутку сусьвет, якога ён
не зразумее.

— урэшце зьдзіўлена пазіраю ў люстра
ў нумары гатэля «Камэрсьё» і цьмяна
прыгадваю.
Час самапаўтараецца. Улучна
з гэтай сьвядомасьцю, якая сябе
аднекуль ведае — адсюль саранчовы цвыркат
начнога антыкВартавога гадзіньніка ў маім вуху...

Я ўзьняў сваё апошняе пытаньне і
пачуў шэраг апошніх адказаў.
Напрыклад, што такое Бог?, пытаецца адказ?
Што яшчэ можа адказаць адказьнік, апроч адказу?

Якой бы ні была прырода думкі, гэта
прырода як пытаньня, так адказу.

і ўсё ж хацелася б жыць
у адным сусьвеце
Праўда?

Абавязкова ў адным?
Ну вось, гэта як з гэбраямі —
ці павінен Бог быць Адзін?
Дый што наагул азначае
пойм АДЗІН?
ГЭТА ШАЛ!

БОГ АДЗІН!

ГЭТА Х

БЕССЭНСОЎНЫ —

АДОНАІ —

ГЭТА ЗЬДЗЕК —

ГЭБРАІ

ПАМЫЛЯЮЦЦА — (ГРЫЗТОС І БУДТА
СЬВЕДКІ, яны таксама памыляюцца!)

Што такое Адзін як ня Форма
думкі?
адвольнае шаленства! якое ўжо 6000 гадоў
шырыцца ўва ўсіх кірунках адначасова —

Я дарую як дабру так і нездарову
і нічога не шукаю, як размаляваны дзікун
зь дзідай аздобленай стужкамі — аранжавай, чорнай і белай!
«Я знайшоў племя хівараў і трапіў
у пастку іхнага сусьвету»
я шрайбаю бздуры.
Старонку за старонкай найглыбейшай нікчэмнасьці,
як шрайбаў Стары Жыд, калі
пісаў Адонаі Эхад то бок Адзіны —
усё дзеля забавы, грошай ці каб надурыць —
Хай Зло будзе Мною
а гэты сусьвет з усіх
найгоршы!
Не, не найгоршы! Ня Полымя!
Не трываю гэтага — (Так, гэта
для Каго-Іншага!
Але прымаю,
Божа Зкаціным тварам, усё, што ні настане! Гэта я!
Я тое Полымя, і г.д.
О Бўожа!
Пісталетны стрэл! Бабах!
Бізун дырэктара цырку —
НЕДАСКАНАЛАЯ! і душа асуджаная на
ПЕКЛА!
І зьвініць касьцёльны звон!
І па ўсім краі, зноў-такі, мэлянхолія
і я — тая душа, з усёй яе нікчэмнасьцю

ЗНАЁМАЕ АДЧУВАНЬНЕ

Сьмерць сьвядомасьці гэта жах
і ўсё ж! якое шкадаваньне, калі
ўсяму канец?
Ужо няма каму памятаць ані забываць.
Ён сышоў у невядомакуды.
Адзінае чаго я баюся — гэта Апошні
Шанс. І мяне таксама, Стары мой Розум,
чакае перад сьмерцю апошні шанс. Усе мае
Апошнія Шансы, якія ты спазнаў.
— аднаго дня я прайду скрозь сьцяну сну
ў суседнюю сьвядомаць
як скрозь сінюю сьцяну гэтага гатэлю —
мільёны гатэльных нумароў размываюць
фокус маіх вачэй —

у якой бы позе я ні трымаў
бавоўну каля носу, гэта заўжды будзе патаемны сьцёб
ці то рукі ў бокі, ці то сам сябе спакушаю
гледзячы ў люстра,
ці з сур’ёзнай мінай, насуплены
й цёмнабароды,
я па-ранейшаму дзіця непрыстойнага шансу ў чаканьні —
я дыхаю ў кітайскім Усясьвеце
праз нос нібы якісь Стары Брахманскі Бог.

О ЧАСУ ЗВОН ГРЫМНІ СВАЁЙ ПОЎНАЧЧУ
МІЛЬЯРДНЫ ПАГАЛОСНЫ РАЗ, Я ЧУЙНУЮ ЗНОЎ!

Пайду прайдуся па панэлі
Хто натрапіць на
мяне сярод начы, у Ліме, у
33-м годзе жыцьця,

На Вуліцы (Працяг)

Мая душа й Пітэрава душа —
водгук адна адной.
Але — што такое душа?
Быць паэтам —
сур’ёзны занятак,
быць асуджаны на яго
сусьветам —
бадзяцца па горадзе
шрайбаючы ў
кнізе — толькі што
чапляўся п’янтос —
у вулічцы каля
Пляса дэ Армас пад
туманным небам, і
часам нават бяз
месяцу.
Цяжкі балкон
навіс над белым
мармурам Біскупскага
палацу побач з Катэдрай —
Падсьветлены фантан
гуляецца, як і заўжды —
Аўтобусы і
матацыклісты працінаюць
поўнач, зьзяюць
фары машын
жабрак паварочвае
за рог са сваім
«Хто падкіне
недапалак і
какаіну», Шумавікі
выходзяць з тавэрны,
забавіўшыся, голасна
размаўляюць,
Уставаць,
Hasta mañana
кажуць усе як адзін —
а недзе
на тым канцы
дроту звоніць
тэлефон, зноў нясе
нязнаныя навіны —
Ноч
паўстае над Лімай,
імгла чорная як неба —
а я бездапаможна сяджу
й сьлюняўлю замест алавіка
цыгарэту —
Доўгая раскепіна
ў бруку
ці то ад учорашняга
чылійскага вулкану,
ці то ад заўтрашняга
Землятрусу
што запачаў
Сьвет.

Пляцавы брук
зьзяе пад электрычным
сьвятлом. Я чакаю.
Самотны барадаты
рабочы шкандыбае
дадому ў ложак
хавацца ад Сьмерці.
Так, але я
крыху стомлены
ад самоты...
«Ода Салаўю» Кітса —
імгненнае ўсьведамленьне
адзінства сьвядомасьці
якая чуе бясконцае
паўтарэньне
званоў Часу —

Усю ноч на этэры, хваля
за хваляй магічнага
ўразуменьня. Памехі
ў полі
сьвядомасьці.
Магічная ноч, магічныя зоры,
магічныя людзі, магічны месяц,
магічнае заўтра, магічная сьмерць,
магічная Магія.
У якой першабытнай Магіі
мы ўсе жывем (бачу як
брыдкая трамвайная пачвара
ўчапіўшыся ў неба электрычнымі
дыямэнтавымі дратамі антэн
праяжджае міма начной кавярні
цэнтральнай вуліцай
пад белай сьветлавой аркай
«Грандатэлю Балівар».)

Шалёны ганчар з племені
мачыкасаў вырабіў
пасудзіну з 6-цю Вачыма і 2-ма
Ратамі паловай Носу
5-цю Шчокамі й без Падбародзьдзя
а нам цяпер здагадайся —
сур’ёзная бакавая сьцяжынка
ў тупіковай алеі Космасу.

Зноў у пакоі (Працяг)

Як дзіўна што мы нешта памятаем, нават гузік,
ня кажучы пра сусьвет.
«Якая істота сама сябе нараджае?»
Сусьвет зьехаў з глузду, незаўважна.
— і абедзьве яго паловы распаўзьліся
ў супрацьлеглыя бакі каб памерці
ад разрыву
тупая мэталічная даўжэзіна скруцілася
й бездапаможна матляе ножкамі
ў траве
а непадалёк на лесьвіцы ў Мачу-Пікчу
яшчэ варушыцца чорная галоўка тысячаножкі
Істота адчувае што яна
зьнішчаная,
арол і рэшка сусьвету
расьсечаныя.
Таямнічыя сутэнёры з прылізанымі вусамі
прапануюць жахлівыя клімаксы й Кармы —
звар’яцелы чараўнік што стварыў Хаос
пасярод мірнага вакуўму, suave,
у яго мае блядзкія suave манэры й вочы
ўсёзнаўцы, поўны прыдумак мозг —
маё Я! жах што не дае мне страціць прытомнасьць
у гэтым Пекле Нараджэньня і Сьмерці.

Неўзабаве мне 34 — я раптоўна адчуў сябе старым — седзячы з Ўолтэрам і Ракель у кітайскім рэстаране — яны цалаваліся — я адзін — столькі ж было Бэраўзу на момант нашай першай сустрэчы.

Гатэль «Камэрсьё», Ліма, Пэру, 28 траўня 1960 г.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Мастацтва — толькі цень, як каровы ці гарбата —
пакіньце будучыню адкрытай, не прызначайце сустрэч, усё ўжо тут
з узыходам Месяцу й ціхай музыкай у памяці фанографа —
толькі падумайце, якое дзіва! хтосьці ўстае і проста ідзе па вадзе.

Пераклад:
Макс Шчур

чакаю моманту калі
сам верш
стане маім спосабам прамовы, не
загадзя ўрачыстай дэклямацыяй,
а выказваньнем праўды

Пераклад:
Макс Шчур

Ніхто не пацярпеў. Усе проста зьнікаюць. Іх ніколі не было. Беспачатная дасканаласьць.
Вось чаму Саторы суправаджаецца сьмехам
і дзэнавы майстар у гневе разьдзірае сутры на шматкі.

Пераклад:
Макс Шчур

Няўжо няма Адказу?
а ты адказваеш, няўжо заўсёды павінен быць нейкі Адказ?,
вось каб я мог сказаць Так ці Не —
дзякуй Богу што я ня Бог! Дзякуй Богу што я ня Бог!