Сьмяхотны газ

Пераклад: 
класічная амерыканская паэзія, вершы па-беларуску, амерыканская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(Laughing Gas)

Гэры Снайдэру

Чырвоную бляшанку для старцаваньня, што ты мне даў,
я згубіў, але яе зьмесьціва нікуды ня дзелася.

І

Пад кайфам на сьмяхотным газе
нешта ўжо знаёмае
дзіўная вібрацыя
старога добрага сусьвету

гугнявы сковыт дантыстава сьвярдла
спрабуе перакрычаць настальгічнае
піяніна Музло за сьцяной
настойлівае, недзе чутае, пранікае
ў зубы, дзе ж я мог ужо чуць
гэты калічны джаз?

Сусьвет гэта пустэча
і пасярэдзіне яе — дзірка-летуценьніца
Летуценьне зьнікае
дзірка закрываецца

Важны толькі
сам момант прыходу ў існае
ці сыходу зь яго — галоўнае
ўцяміць таямніцу фокусьнікавай
скрынкі

Выходжу з сусьвету вон
з дапамогаю аксіду азоту
зьнячуйваю ў мазгах сьвядомасьць

хіліязм быў безасабовай мрояй —
адной з многіх усяго толькі мрояў.

смутак нараджэньня
і сьмерці, смутак
пераўтварэньня з прымхі ў прымху,
несупыннае расстаньне
формаў...
даваць да непабачэньня
таму што не існавала

Колькі сьветаў якіх няма
і ўсе здаюцца сапраўднымі
усе жартоўныя
усе як страчаная карыкатура

У той жа момант увесь дурасьліва-жахлівы Сусьвет ШТО?! Жартаўнік Быцьцё загойсвае ў Нябыт як хвост яшчаркі што зьнікае ў расколіне Сьцяны і ўсё заканчваецца мульцяшным кружком які памалу сьціскаецца Loony Tunes пад акампанемэнт па-індыйску маніякальнага рогату дзятла Ўдзі ў чэрапе. Ніхто не пацярпеў. Усе проста зьнікаюць. Іх ніколі не было. Беспачатная дасканаласьць.

Вось чаму Саторы суправаджаецца сьмехам
і дзэнавы майстар у гневе разьдзірае сутры на шматкі.

Боль гэтай супярэчнасьці
Цыклі енку і сьмеху
твары й дупы Хрысты і Будды
кожны са сваім сусьветам цягнецца
цераз засьнежаныя мэнтальныя полюсы
як зь пісанымі торбамі дурныя Санта-Клаўсы
Найгоршы боль у крэсьле зубнога спраўджваецца
навакаін таксама ўстаўляе цыклямі
кожная магчымасьць атрымае свой шанс
кожны Бог прыйдзе разок-другі
Сатана будзе маім асабістым ворагам

Памры на расслабоне —
працэс паўторыцца зноў
Радзіся! Радзіся!
І назад да таго самага старога ўсьмешлівага
дантыста —

Аўто блумсфілдзкай паліцыі
з ідыёцкім чырвоным маячком
што круціцца ў яго на галаве
злуючыся на Вечнасьць
зьнікла ўмомант —
адначасова
са зьяўленьнем Рабаўнікоў
Twentieth Century Bank
пажарныя машыны равуць
кірункам да старой бабулькі
што-згарэла-ў-сваёй-спальні
сёньня апакаліпсіс
заўтра
мульцікі пра Мікі Маўса

Якая брыдота! Ну скажы каму!
Што за ўбойны жудасны
пахабны сьцёб!
Увесь сусьвет — нясьмешны анэкдот!
з тупой канцоўкай што паўтараецца з пачатку
пакуль да цябе ня дойдзе
«Стаяла цёмная змрочная ноч...»
«паўсюль ва ўсе
канцы»
«адзін ярам
другі даліною» —
усе заблукалі
ў нейкіх задуп’ях сьвядомасьці —

Адоноі Эхад!
Ды не Адзін бог, а Два,
ня два, а безьліч —
бясконцая чарада
нараджэньняў і сьмерцяў сусьвету ў думцы!

Гэры Снайдэр, Джэк, дзэнавыя мысьляры,
разламайце сусьвет напалам
рагачыце й плачце —
што значыць шок? што значыць мера?
калі Розум — гэта бязглузды
сьветлафор пасярод
Гобі —
кіруйцеся мігценьнем агнёў супярэчнасьці!

Які сэнс уцякаць ад стукачоў
і жаху, ад мянтоў
і сьвёрдлаў дантыстаў?
Нехта ўсё адно вынайдзе
Бухенвальд па суседзтве —
сон які сьніць мураш
цікавейшы за
наш —
ён сьніць часьцей
хутчэй і як выглядае
меней
шманае —

О прыбой магчымых
і немагчымых
Сусьветаў —
усе маюць рацыю

Дапішу гэты верш
у наступным жыцьці

ІІ

...вока расплюшчваецца
памалу каб я адчуў
што выходжу
з трансу —
позірк ловіць памаду
гэта мэдсястра
ў кабінэце зубнога

першая
думка-жабка выскоквае
з пустэчы
...імгненьне
зь якога паўстае
ўвесь працэс разгортваньня
сусьвету а наступнае
імгненьне лягічна і сымэтрычна
яго згортвае ў адваротнай
пасьлядоўнасьці пакуль зноў
ня вернесься ў Нішто
ў якім на пачатку
прагучала адна выпадковая
нота...

, Чардаш
Стварэньня, першы банальны акорд
што назаўжды запусьціў кружэлку ў
музычным аўтамаце
...і ўся
структура сама сабою
непазьбежна разгортваецца
і зноўку згортваецца
назад у Нішто...

— усё той жа дзядзька
пераходзіць вуліцу пазіраючы
ў адзін і другі бок пільнуецца
машынаў —

і штораз, калі я вяртаюся
зь цікам у твары
(мо, наступства зубалячэньня)
што дыктуецца адчуваньнем
быццам я правальваюся, Ўух! мяне
зноў абдурылі —

зноў нібы
нейкі цыркач што кідае
выклік сьмерці й дае шпурнуць сябе
ў яму аркестра —
заўважце зь якой абыякавай
трыюмфальнай помпай трубіць музыка
кашмарны Зьдзек
— а акрабат выскоквае
проста ў пустэчу —
Я! Гэта я штурхнуў яго
з канату высока пад самым купалам
на Сьмяротны Нумар
даўным-даўно...
і ён паўтараецца зноў!

Я абуджаюся ў ачмурэньні...

гэта ўсё сон
прысьнёны кімсьці ў крэсьле ў зубным
кабінэце ў Сусьвеце які
ён сабе ўяўляе — на выхадзе
з наркозу —
усё гэта адбываецца толькі
ў замкнёным сусьвеце
Ілюзіі

ІІІ

Файны сёньня дзянёк у Сусьвеце на вуліцы Шырокай — сонца зьзяе як ніколі дагэтуль і як ніколі не зазьзяе пасьля — неруш у сінім небе — залаты купал царквы на тым баку парку выпраменьвае й прымае полыскі сьвятла — мне да болю ў сэрцы карціць усё гэта зруйнаваць —
На што льга спадзявацца дзецям у калясках што праяжджаюць скрозь ціхія белыя дзьверы дамоў — ведама толькі самой Гарадзкой бібліятэцы.

Прадбачаньне ў крэсьле зубнога — мэханічныя галасы па радыё сьпяваюць «Пункт прызначэньня Месяц» — нейкая загадкавая туга па Месяцы ў гэтым заняпалым сусьвеце — людзі ўсё пяюць і пяюць — пра Месяц — за грошы? — калі толькі гэта не імбэцыльны голас самой вечнасьці запаяны ў бляшанку рок’н’роліць у Космасе перадаючы нябачныя паведамленьні —
Дохтур пагадзіўся на экспэрымэнт — з навакаінам, мой рот пачынае зьнікаць першым — як у Чэшырскага Ката.

З ПАЧАТКУ: Бясконцыя цыклі канфлікту што разгортваецца ў няіснасьці не даюць магчымасьці дацягнуцца да дасканаласьці
якой не існуе
але якая й не абавязковая
так што ўсё мае свой канец і адбываецца зноў і зноў
пакуль мы ўрэшце адпаведна чаканьню ня трацім прытомнасьці.

Першая Нота Стварэньня:
яна была б адзінай магчымай калі б
існавала не Нішто а
прынамсі думка што можа
існаваць нешта апроч Нішто —

Шэрман Эдамс падаў у адстаўку
затрымліваю дыханьне
у страўніку казытлівае пачуцьцё
мэдсястра заінтануе «Мой каханы»
між двума ўздыхамі буддысты маюць рацыю
сьляза
мілагучны сьвіст у шчацэ
магчымасьць сыходзіць
вочы зьзяюць скрозь акуляры
Нічога ня ўхоплена і не няўхоплена тым часам як транс думкі мінае

Бяру асадку
Сінатра сьпявае як заўжды сьпяваў
пішу Табе зразумей мяне
малю цябе пяе Сінатра
Няўжо я ніколі ня ўбачу шлях які мы прайшлі?
Напішы мне адразу як зможаш пяе Сінатра
О Божа выкарчуй мяне агнём з існаваньня.

У цябе такое выцягнутае цела сьпявае Сінатра
я адмаўляюся дыхаць і вяртацца ў звычайны стан
я ўжо бачыў усе гэтыя моманты загадзя
паварочваў шыю мільён разоў
занатаваў гэтую ноту
і мяне віталі агнём і авацыямі
я адмаўляюся разьвітвацца —
з думкай —
якой Дасканаласьці мне не хапае?

Бясконцы цыкль магчымасьцяў што сутыкаюцца ў Нішто
кожны раз як я раблю правапісную памылку непазьбежную ад пачатку часоў
у доктара тэлефон Пілігрым 1-0000
гэта ты мне звоніш, Нішто?

Хай гэты сусьвет
растаўкуць на друзачкі
ядзерныя выбухі пры
Айзэнгаўэры аднаразовым прэзыдэнце
адной краіны званай ЗША
Грэгары напісаў «Бомбу»!
Рускія мараць пра Марс і
калі космас
разам з усёй сьвядомасьцю пасьля
апошняга выбуху ўяўленьня
паляціць у дзірку ня будзе
ніякай розьніцы ці
гэта ўсё здарылася ці не
колькі б яго ў свой час ні лічылі
рэальным ці чым —
яго больш — ня будзе.
О то мне можна тут жа выпруціць ногі
давядзецца вярнуцца
няма прароцтва якое не спраўдзілася б
усё гэта адно вялікае Выключэньне

Мой аўтобус прыедзе паводле раскладу
канец яшчэ аднаго верасьня
вайна па радыё там наперадзе
мы ўсе кіруемся ў непазьбежнае хараство лёсу
перад бібліятэкай стаіць прытомная супрацьпажарная скрыня
сонца пячэ вось цяпер я сапраўды здурэў ад пісаніны —
яна пачалася дзесьці нідзе з абстракцый і бяздумнасьці
міма праляцелі цэлыя плянэты ўяўленьня
і ўсё заканчваецца там жа дзе й пачалося

Хачу зноў быць адэкватным
— але ж няма нічога нязьменнага
хіба што ў Нірване
Ці існуе
Эвэр-рэст Спакою, Спадару? — на якім знаюцца
й сядзяць мудрацы.
Я шпіён
у Блумфілдзе на зэдліку ў парку
— запалоханы аўтобусамі —
Чаго гэтая пчала прычапілася да майго бота? майго пазычанага й неабходнага бота?
Вялізны чырвоны грузавік вязе скрынкі зь мёртвымі тэлевізарамі
Амэрыканскі сьцяг лунае над бібліятэкай
У аўтобусе сяджу каля нэгрыцянкі
Гэта і называецца выбух

IV

Зноў у той жа старой чорнай дзірцы
дзе Магчымасьць зачыняе
апошнія дзьверы
а застаецца Вялікая Пустка
...шкельца
ў пыле адлюстроўвае сонца,
аскепак бутэлькі
што так і ня ўведаў пра сваё існаваньне

...пад дрэвам
што сьпіць усю зіму
пакуль у травеньскай сьпёцы
ў яго ня вырастуць вочы
і яно не заквітнее тысячай
зялёных пачуцьцяў —
а цяпер памірае й забывае пра сябе пад Сьнегам

...Прывід у Прывідным

Калі б нас не было, Богу
варта было б усё гэта прыдумаць
каб не пакідаць нагоды скардзіцца
ніякім птушкам і пчолам
што ўпусьцілі б свой
шанс (быць)

Лёс вялікі хлус.

...А галоўны добразычлівы Сьніч
зноў прымгнуў
Бог сьпіць!
Яго чакае вялікі сюрпрыз
адзін зь ягоных сноў спраўдзіцца
і ён таксама ўведае адказ
і ён таксама ўведае адказ

Усяго толькі полыск у касьмічнай патэльні
— толькі момант у які магло
палыхнуць сьвятло
калі б існавала нейкая паверхня
каб яго адлюстраваць —
— можам ляжаць у ложку ўяўляць сабе
што мы ня тут —

Баюся перастаць дыхаць —
найперш боль у
целе
удушэньне, потым
Сьмерць.

V

Боль калі газ трапляе ў вока
загнутыя зубныя сьвёрдлы зьвісаюць як шыбеніцы
на мініятурным Юпітары
У адкрытым вакне вясновая шэрань
на маладым дрэўцы
паўторнае бомканьне званка над дзьвярыма
што адчыняюцца недзе ня тут
я зноў вярнуўся ў той самы мэдычны
кабінэт у гэтым сусьвеце — Бом,
я ведаю, што я рэальнейшы за дантыста!
во дзе ганьба, чапляцца за ўласнае Я
хаця я ж нібыта бачыў як яно зьнікла
некалькі разоў запар

КАРПАРАЦЫЯ БЕЗАЎТАМАБІЛЬНЫХ ПЕРАВОЗАК

пусьціла аўтобус па Блумфілдзе
...расквітнеўшы
на донцы ненароджанага рамонка
ён растане ўва Ўіста-не

Гісторыя будзе і надалей паўтарацца
вечна як тая жанчына
на ўпакоўцы хімтавараў «Датч Клінэрз»

Адлюстраваньне адшукала
выйсьце зь люстра
усьвядоміўшы што яго існаваньне —
гэта ўсяго толькі...
незнаёмец, адзін у адзін падобны да мяне

Выйсьце на ўсе часы! не было знойдзена
для таго, каб вярнуцца туды, дзе паўстаюць
і паўтараюцца вобразы
Шкада толькі, што кожны ліст
ужо аднойчы падаў —

Ля маіх ног поўзае па расколатым
асфальце мураш —
а яшчэ тут дасканала белы ледзянцовы тронак
і галінка з дрэва
пакладзеныя побач зь вільготнай сярнічкай
і гэтымі некалькімі травінкамі...
і я прысеў тут і напісаў пра іх
перш чым паспрабаваў згадаць —
а вось цяпер і згадаў — што ж гэта я
ўласна пішу калі пішу
я ўжо ведаю калі спынюся
ведаю калі забываюся і
ведаю калі
раблю скачок і мяняюся —
Немагчыма
зрабіць нешта і не зрабіць гэтага зараз
ува ўсіх сусьветах адначасова —
што і робіць Мастацтва, і
«Умняк» пад Сьмяхотным Газам?

Ха Ха Ха Ха Ха
сьмяецца зь Месяцу
манах —
і ўсе на дзесяць міляў навокал
ува ўсіх кірунках дзівяцца
чаго ён сьмяецца — ды ён ім проста
нагадвае — пра што — пра
Месяц, стары дурны Месяц
якому ўжо добры мільён жыцьцяў.

 

Нью-Ёрк, восень 1958 г.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

чакаю моманту калі
сам верш
стане маім спосабам прамовы, не
загадзя ўрачыстай дэклямацыяй,
а выказваньнем праўды

Пераклад:
Макс Шчур

Мастацтва — толькі цень, як каровы ці гарбата —
пакіньце будучыню адкрытай, не прызначайце сустрэч, усё ўжо тут
з узыходам Месяцу й ціхай музыкай у памяці фанографа —
толькі падумайце, якое дзіва! хтосьці ўстае і проста ідзе па вадзе.

Пераклад:
Макс Шчур

Няўжо няма Адказу?
а ты адказваеш, няўжо заўсёды павінен быць нейкі Адказ?,
вось каб я мог сказаць Так ці Не —
дзякуй Богу што я ня Бог! Дзякуй Богу што я ня Бог!

Пераклад:
Макс Шчур

4 Панюшкі і Мне Ўставіла,
У ложку ў майтках,
у левай руцэ шматок бавоўны,
тыповы дэгенэрат,
прысмак крыві ў роце
прысмак Фатэлю ў Зубнога
музыка, Гучныя Аперджыё Вечнасьці —
сава ў акулярах шрайбае ў
халоднай цемры —