Лізэргінавая кіслата

Пераклад: 
класічная амерыканская паэзія, вершы па-беларуску, амерыканская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(Lysergic Acid)

Вось шматразова паўторанае мільённавокае страшыдла
затоенае ўва ўсіх сваіх сланах і асобах
яно гудзе ў электрычнай друкарцы
гэта электрычнасьць падключаная сама да сябе, а ці мае яна драты
гэта агромністае Павуціньне
а я вішу на апошнім мільённым па ліку бясконцым вусіку
павуціньня, ваягуз,
страчаны, адасоблены, чарвячок, думка, хтосьці,
адзін зь мільёнаў шкілетаў Кітая
адна з адмысловых памылак
я алень Гінзбэрг асобная сьвядомасьць
я той хто хоча быць Богам
той хто хоча чуць як бясконца ледзь заўважна вібруе
вечная гармонія
той хто трымціць у чаканьні свайго разбурэньня гэтай этэрычнай
музыкай у полымі
той хто ненавідзіць Бога і дае яму імя
хто не трапляе па кнопках вечнай друкаркі
хто Асуджаны

Але ў дальнім куце сусьвету мільённавокі
безыменны Павукг
бясконца тчэ сам сябе
страшыдла што зусім не страшыдла падкупае вас яблыкамі,
парфумай, чыгункай, тэлебачаньнем, чарапамі
сусьвет што есьць і п’е сам сябе
кроў з майго чэрапу
Тыбэцкае стварэньне з калматымі грудзямі й Задыякам на маім жываце
сьвяшчэнная ахвяра што ня здольная атрымаць асалоду

Мой твар у люстэрку, рэдкі волас, пад вачыма кровападцёкі, хуясыс, распад, гаварысты юр
адзін мікг, клубок, сутарга сьвядомасьці ў бясконцым
калека ўваччу ўсіх Сусьветаў
на ўцёках ад свайго Быцьця, няздольны прайсьці скрозь Вока
мяне ванітуе, я ў трансе, маё цела б’ецца ў канвульсіях, мой страўнік водзіць,
вада цячэ з рота, я ў Пекле
высахлыя косьці мірыяда пазбытых жыцьця голых мумій у павуціньні,
Духі, я Дух
я крычу з кантрапункту свайго знаходжаньня на ўвесь пакой кожнаму хто побач
гэй, ты, ты часам ня Бог?
Не, а ты хочаш, каб я Ім быў?
Няўжо няма Адказу?
а ты адказваеш, няўжо заўсёды павінен быць нейкі Адказ?,
вось каб я мог сказаць Так ці Не —
дзякуй Богу што я ня Бог! Дзякуй Богу што я ня Бог!
Але ж я прагну сказаць Ладу Так, каб
у кожны кут сусьвету, пры любых умовах і любым коштам
пранік
адказ Так ёсьць Адказ... Так ёсьць Я... Так ёсьць Ты... ці Мы

Ці Мы
а значыць мусіць быць Яно, і Яны, і Тое што Не Адкажа
тое што паўзе, чакае, нерухомае, гэта выток, гэта Трубы Армагедону,
гэта Расьцярушаны Склероз
гэта не мая надзея
не мая сьмерць сярод Вечнасьці
не маё слова і не паэзія
бойцеся майго Слова

Гэта Пастка для Духаў утканая сьвятаром у Сікіме або Тыбэце
кросны на якіх нацягнутыя тысячы рознакаляровых
нітак,
сьпірытуальная тэнісная ракетка
зірнуўшы на якую я бачу як сьветлавыя хвалі ў этэры выпраменьваюць
зіхоткую энэргію што намотваецца на ніткі ўжо цягам мільярдаў гадоў
суплёты нітак няўцямна як мяняюць адценьні перацякаюць адны ў адны быццам
Пастка для Духаў
ёсьць мадэльлю Сусьвету ў мініятуры
надзеленай сьвядомасьцю і чуйнасьцю часткай зьнітаванага мэханізму
што ўтварае ў Часе зьнешняга Назіральніка хвалі
і зьяўляе яму свой мініятурны вобраз раз і заўсёды
дакладна паўтораны сам у сабе зь бясконцымі варыяцыямі
на сябе самога
будучы адным і тым жа ў любой сваёй частцы

Гэты вобраз ці энэргія якая сама сябе рэпрадукуе Адпачатна ў глыбінях
прасторы
ў выглядзе пэўнага О ці Аўм
і пакідаючы за сабою варыяцыі на тое ж самае Слова тчэ ўкол сябе
ўсё той жа арнамэнт свайго першапачатковага Выгляду
ствараючы гэтак у нетрах Часу ўсё большы Вобраз самой сябе
на паверхні віруе ў коканах далёкіх туманнасьцяў і неабсяжных Астралёгій
і ўтрымліваецца, верная сваёй сутнасьці, у Мандале намаляванай
на скуры Слана,
ці на фатаздымку або малюнку на баку ўяўнага Слана які ўсьміхаецца, хаця
жарт пра зьнешні выгляд Слана тут недарэчны —
яна можа быць Знакам у руках Вогненнага Дэмана ці Страшыдла
Хуткаплыннасьці,
ці на фатаздымку майго ўласнага пупка ў вакуўме
ці ў маім воку
ці ў воку манаха які стварыў Знак
ці ўва ўласным воку што ўрэшце ўперваецца само ў Сябе й памірае

і хаця любое вока можа памерці
і маё вока можа памерці
але мільярдавокае страшыдла — Безыменнае, Бязмоўнае,
Схаванае-ад-мяне, бясконца Існае
адзінае стварэньне якое само сябе нараджае
вібруе ў кожнай сваёй драбніцы, глядзіць усімі вачыма па-рознаму й адначасова
Адзінае і Неадзінае, — ідзе сваім парадкам
які я не даганяю

Вось я і стварыў вобраз монстра
што ж ствару яшчэ адзін
гэтым разам такога Крыптазоіднага
што поўзае й вывіваецца на дне мора
ён прыходзіць каб завалодаць горадам
ён урываецца ўспорваючы кожную Сьвядомасьць
ён пяшчотны як Сусьвет
мяне цягне зь яго на ваніты
бо я баюся што прапушчу ягонае зьяўленьне
аднак ён зьяўляецца й безь мяне
зьяўляецца так ці йначай у люстры
ён выплёскваецца зь люстра як мора
ён — гэта мірыяд завіткоў
ён выплёскваецца зь люстра і той хто ў яго глядзіць тоне
сьвет у ім тоне ён топіць сьвет
топіць сябе
ён выплывае зь люстра як труп нафаршыраваны музыкай
вайна ракоча ў ягонае галаве
немаўля сьмяецца ў ягоным чэраве
крык агоніі ў цёмным моры
усьмешка на вуснах сьляпой статуі
усё гэта там было
усё гэта не маё
я хацеў скарыстаць пачвару для сябе
стаць героем
але яе не прадасі маёй сьвядомасьці
яна вечна ідзе сваім шляхам
у будучыні яна стане неабходнай часткай усіх стварэньняў
гэта будзе радыё будучыні
што будзе слухаць само сябе ў плыні часу
страшыдлу трэба адпачыць
яно стамілася чуць і бачыць сябе
яму патрэбная новая форма новая ахвяра
яно хоча мяне
яно дае мне добрую падставу
падставу для існаваньня
дае мне бясконцыя адказы
усьведамленьне маёй адасобленасьці і ўсьведамленьне неабходнае каб убачыць
яно дае мне на выбар быць Адным ці другім, сказаць што я тое і тое або ніводнае
яно і безь мяне цудоўна падбае пра сябе
яно гэта Абое Бязмоўе (хоць і не адгукаецца на гэтае імя)
яно гудзе ў электрычнай друкарцы
яно друкуе выпадковае слова якое
ёсьць выпадковым словам

МАНДАЛА

Багі танчаць на ўласных целах
Новыя кветкі распускаюцца ня помнячы Сьмерці
За сардэчным прыступам ілюзіі праглядаюць нябесныя вочы
Я бачу вясёлкавага Творцу
Аркестры паўстаюць граючы гімн мноству сьветаў
Сьцягі й сьцяжкі лунаюць у трансцэндэнцыі
Урэшце ў Вечнасьці застаецца адзіны мірыядавокі вобраз
Гэта і ёсьць Стварэньне! Гэта і ёсьць Веда! Гэта і ёсьць Канец чалавека!

Пало Альто, 2 чэрвеня 1959 г.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

4 Панюшкі і Мне Ўставіла,
У ложку ў майтках,
у левай руцэ шматок бавоўны,
тыповы дэгенэрат,
прысмак крыві ў роце
прысмак Фатэлю ў Зубнога
музыка, Гучныя Аперджыё Вечнасьці —
сава ў акулярах шрайбае ў
халоднай цемры —

Пераклад:
Макс Шчур

Ніхто не пацярпеў. Усе проста зьнікаюць. Іх ніколі не было. Беспачатная дасканаласьць.
Вось чаму Саторы суправаджаецца сьмехам
і дзэнавы майстар у гневе разьдзірае сутры на шматкі.

Пераклад:
Макс Шчур

чакаю моманту калі
сам верш
стане маім спосабам прамовы, не
загадзя ўрачыстай дэклямацыяй,
а выказваньнем праўды

Пераклад:
Макс Шчур

Мастацтва — толькі цень, як каровы ці гарбата —
пакіньце будучыню адкрытай, не прызначайце сустрэч, усё ўжо тут
з узыходам Месяцу й ціхай музыкай у памяці фанографа —
толькі падумайце, якое дзіва! хтосьці ўстае і проста ідзе па вадзе.