Несапраўдны палкоўнік

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Яўген Зубовіч. Беларускі палкоўнік. Раман, кніга 1. Мінск, Пазітыў-цэнтр, 2018.

Беларуская гістарычная проза хворая на Караткевіча. На жаль, хвароба набыла хаця і зацяжны, але невыносна лёгкі характар: сімптомы нібыта бачныя, а сапраўднай эпідэміі, якая магла б захапіць шырокія масы, няма.

Чарговы твор гэтага калектыўнага псеўда-Караткевіча называецца «Беларускі палкоўнік». Аўтар — Яўген Зубовіч. Між іншага, на прэміі «Кніга года» раман (дакладней, яго першая частка, якая пакуль што адна і выйшла) атрымаў першае месца ў чытацкім галасаванні.

Перад намі — гістарычны аповед пра сярэдзіну XVII стагоддзя, на якое прыйшлася вайна з удзелам Рэчы Паспалітай, Расіі, Швецыі, Запарожскай Сечы і Крымскага ханства. Галоўны герой — рэальны магілёўскі шляхціч Канстанцін Паклонскі. У гісторыі вядомы ён тым, што спярша пайшоў на службу да расейскага цара, стаў казацкім палкоўнікам, а потым вярнуўся на службу ВКЛ — не спадабаліся магілёўцу расійскія жорсткасці.

Першая частка «Беларускага палкоўніка» акурат прысвечаная таму, як Паклонскі пайшоў на службу да цара Аляксея Міхайлавіча. Перад намі паўстае амбітны шляхціч, які ўдзельнічаў ужо ў ваенных паходах, бітвах, выслужыў званне ротмістра ВКЛ. Але пры гэтым Паклонскі лічыць, што варты большай увагі з боку ўлады, большых узнагародаў. На асабістую крыўду накладаецца ўціск некаталіцкіх канфесіяў у Рэчы Паспалітай — праваслаўных і пратэстантаў. Гэта ў рамане і штурхае магілёўца на вайну пад чужымі сцягамі.

Праўда, аўтар пры гэтым смела накладае пазнейшыя рэаліі ды ўяўленні на сваіх персанажаў. Напрыклад, 25-гадовага Паклонскага ён лічыць чалавекам з недаспелым розумам, хаця ў тыя часы сталенне адбывалася значна раней, чым у наш інфантыльны век: 25-гадовы ўзрост для XVII стагоддзя — тое самае, што 35-40 для нашага... Але на такія хібы можна было б не зважаць, каб яны былі найбольшымі заганамі рамана.

У інтэрв’ю Радыё «Свабода» прагучала ўхвала гістарычным дэталям і падрабязнасцям, якімі насычаны твор. Але мастацкая кніга складаецца не толькі з рэалій, але і з мовы — мовы персанажаў, мовы аўтара. І тут вока спатыкаецца, быццам нарваўшыся на чарговы «google-translate наш надзённы» з рамана Віктара Марціновіча «Ноч»:

«У моц свайго даволі суворага і цьвёрдага характару, ён ставіў перад сабой амбітныя мэты і асабліва не азіраўся на сродкі іх дасягненьня. У дзяцінстве і маладосьці яму давялося прайсьці моцную загартоўку галечай і нястачамі, у тым ліку і бацькоўскай ласкі. У маладосьці малады казак Залатарэнка падаўся на Сеч» (знакі прыпынку аўтарскія, курсіў мой. — Р. Х.).

На працягу твора ў 280 старонак аўтар неаднаразова ўжывае гэты дзіўны выраз «у моц», што абсалютна не бянтэжыць ні рэдактара Андруся Унучака, ні карэктарку Марыну Багародзь, ні «кампутарную вычытку» (што б гэта ні азначала!) Марыну Марчык. Я магу гэта зразумець толькі як расійскі канцылярызм «в силу (чего-то)», які па-беларуску дакладна не мае ніякіх сувязяў з «моцай».

З мовай персанажаў «Беларускага палкоўніка» бяда яшчэ большая, чым з аўтарскай — найчасцей яны гавораць як аперэтачныя героі, якія звяртаюцца да гледачоў, а не адзін да аднаго:

«— Прабач мне, дзядзечка, — павініўся Паклонскі, паглядзеўшы на Рудніцкага, — я такі ж, як і раней.
— Будзем спадзявацца, — адказаў Рудніцкі.
Усе паглядзелі на Паклонскага, які вінаваты выклаў пярнач на стол і, узьняўшы куфаль, крыкнуў:
— Віват! За перамогу!
— За перамогу, віват! — адказалі астатнія і прыклаліся да маскоўскага мёду.
— Ну а вы як, панове, што скажаце, спадзяюся, не крыўдуеце на мяне, я ўсё той жа Кастусь, і што маё — тое вашае, — зьвярнуўся да братоў Хамутоўскіх Паклонскі.
Гэтыя нешматмоўцы сядзелі ціха і магутнымі рукамі адпраўлялі па прызначэньні кавалкі печанай гускі, запіваючы яе добрым мёдам.
— Пан палкоўнік, мы радыя, што твая міласць дамогся мэты.
—Мэты мы яшчэ не дасягнулі, — адказаў Паклонскі, — шмат яшчэ наперадзе».

Такая аперэтачнасць і залішні пафас — найбольшая бяда кнігі. Калі б не яны, то можна было б дараваць нават сентыментальнасць (не лірыку, а менавіта слязлівасць) у апісанні кахання Канстанціна Паклонскага і Станіславы Зяновіч. Гэтая лінія цалкам адпавядае мыльным операм і наўрад ці нават у аўтарскай задуме прэтэндавала на штосьці большае.

...Пры ўсіх сваіх недахопах слабы і другасны «Беларускі палкоўнік» стаў пераможцам чытацкага галасавання ў «Кнізе года». Ні аўтар, ні яго прыхільнікі не хаваюць, што зладзілі кампанію пад умоўным лозунгам «Галасуй за хрысціянскі раман». І для мяне менавіта гэтая перамога — найлепшы аргумент супраць усялякіх «прэмій чытацкіх сімпатыяў» у Беларусі: у такіх умовах пераможа не самы якасны твор, а прадстаўніцтва найбольш згуртаванай групы.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Адзіны персанаж, ад якога не чакаеш развіцця характару, — гэта сабака Жулік. Затое ён і не падманвае: гэта адзін з сімпатычных і выпісаных з любоўю персанажаў "Сядзібы".

Шарова ў сваім рамане не прытрымліваецца ні мізандрыі, ні мізагініі — перад намі сумленная мізантропія, дзе аднолькава пагарджаюць прадстаўнікамі абодвух палоў.

Раман Сяргея Балахонава «Бог кахання Марс» меў бы ўсе шанцы стаць актуальным бэстсэлерам на фоне COVID-19, калі б не рэвалюцыйныя падзеі ў Беларусі. Зрэшты, калі не ў беларускім кантэксце, дык, можа, у замежным?

Ёсць яшчэ варыянт, што падчас пісання гэтай часткі ў Бахарэвіча скралі ягонага Скіму і падсунулі чужога персанажа з такім самым імем і выглядам… Але гэты сюжэт, магчыма, апіша Марціновіч.