Сяргей Балахонаў. «Бог кахання Марс». Выдавецтва «Янушкевіч», 2020, 340 с.
Набыць кнігу: https://januskevic. by/catalog/proza/4180/
Невядомая эпідэмія ахапіла Зямлю, успыхваючы то ў адным, то ў іншым рэгіёне. Каб зрабіць вакцыну ад гэтай пошасці, міжнародная кампанія рыхтуе касмічную місію на Марс — толькі там знойдзены неабходны мінерал...
Раман Сяргея Балахонава «Бог кахання Марс» меў бы ўсе шанцы стаць актуальным бэстсэлерам на фоне COVID-19, калі б не рэвалюцыйныя падзеі ў Беларусі. Але чалавек мяркуе, а Бог выракуе — не атрымалася ў кнігі Балахонава трапіць акурат у «дзясятку».
Зрэшты, калі не ў беларускім кантэксце, дык, можа, у замежным? Каранавірус жа ў свеце нікуды не падзеўся.
Пагатоў, што аўтар закранае ў сваім рамане і міжнародныя карпарацыі. Што праўда, з марсіянскай місіяй «Coböl Engineering» не ўсё так проста, як падаецца напачатку...
Зрэшты, калі б гэта была сатыра, скіраваная супраць міжнародных карапарацыяў, перад намі, пэўна што, быў бы раман Бэна Элтана. Але насамрэч перад намі ўсё яшчэ твор Сяргея Балахонава: тут і прыцэл ніжэйшы, і здабыча іншая.
Герой рамана «Бог кахання Марс» — гамяльчук Ягор Руткоўскі, археолаг і сталкер. Аматары братоў Стругацкіх і рэжысёра Таркоўскага могуць выдыхнуць і не хвалявацца: герой Балахонава займаецца сталкінгам, то бок навязлівым пераследам упадабанай дзяўчыны. Дзеля гэтага ён нават кідае сваю цяжарную жонку. «Каханую не аддаюць!» — так мог бы гучаць падзагаловак рамана, калі б кніга выходзіла напрыканцы 2020-га. Ягор Руткоўскі пераследуе сваю былую каханку Марыну Гваздовіч па ўсіх краінах і нават пнецца за ёй у космас, на Марс. Аўтар з вялікай доляй сімпатыі апісвае гэтую псіхічную зацыкленасць героя на аб’екце сталкінгу: бедны археолаг, так яму цяжка без ахвяры! Менавіта таму ён не толькі ў сацсетках пераследуе Марыну, якая выйшла замуж за румына і з’ехала за мяжу, але і пнецца за ёй у іншыя краіны. Чытач сам можа ўявіць сінія пальцы, якімі гомельскі навуковец набірае чарговы адрас у інтэрнэце...
А што — таленавітаму чалавеку дазваляецца быць сволаччу! А Руткоўскі напраўду ўвесь з сябе таленавіты: не толькі здольны археолаг, не толькі выкладчык, якога любяць студэнты — ён яшчэ і неблагі літаратар, які атрымлівае прэмію Гедройца за сваю кнігу пра знойдзенага Юравіцкага ідала. З арганізатарамі прэміі аўтар вырашыў, верагодна не сварыцца, таму сарказму для яе пашкадаваў. Затое адарваўся на пасляпрэміяльных водгуках ў СМІ ды сацсетках, якія пішуць «памяркоўныя раялісткі, курдуплістыя баскетбалісткі, нацыянал-пацэнтрысты, пабожныя трактарысты з секты сведак дзяшовага паліва, гіпермодныя калумністы, маладзяшчыеся апалагеты праваднога радзіва, шпунцікаў і вінцікаў, прафесійныя ныцікі, апельсінавыя даяркі, дэльфіны і русалкі...»
Балахонаў, як і належыць беззаганнаму рыцару постмадэрнізму, шчодра перасыпае свой тэкст цытатамі — тут і маскульт (кшталту згаданых «дэльфінаў і русалак»), і мемы («Денег нет, но вы держитесь»), і цытаты з кніг ды кінафільмаў. Усе іх адсачыць, напэўна, немагчыма, таму аўтар большую частку вылучае курсівам. На некаторых старонках такіх вылучэнняў трапляецца па некалькі штук. «Бачыце, — падміргвае ён чытачу, — вось тут я для вас паставіў падказку, што можна парагатаць».
Гэтыя курсівы пастаўленыя настолькі навязліва, што я нават здзівіўся, калі не пабачыў такога ж вылучэння на прозвішчы аднаго персанажа — Насты Ройтшванец. (Прывітанне Іллю Эрэнбургу ў Парыж дасылае з сонечнага Гомеля Сяргей Балахонаў!) Не ведаю, каму трэба за гэта дзякаваць — аўтару ці рэдактару, але дзякую ад усяе душы!
Гэтак жа часта, як курсівы, у рамане «Бог кахання Марс» сустракаюцца разнастайныя прыказкі ды прымаўкі. Імі сыпле не толькі Ягор Руткоўскі (нагадаю — літаратар, як-ніяк!), але і абедзве ягоныя жанчыны — Марына Гваздовіч і Наста Ройтшванец. Дарэчы, абедзве яны (калі верыць аўтару) — выпускніцы хімічнага факультэта, працуюць па спецыяльнасці. Але прыказкі ды паэтычныя параўнанні ў іхнай гаворцы гучаць у разы часцей, чым якія-небудзь хімічныя тэрміны. Ці не адзінае пераключэнне на хімію выглядае ў рамане так, быццам уся навука сышла ці то ў алхімію, ці то ў чарадзейства:
«/.../ Марына засела ў лабараторным адсеку. Чаравала з прабіркамі, колбамі, газаадводнымі трубкамі, цэнтрыфугамі і яшчэ бог ведае з чым. Сыпала формуламі, лічбамі, паняццямі. „Проста сучасная вядзьмарка“, — жартам падбівала яна Ягора пагадзіцца».
Падзякуем аўтару, што ён даў хаця б нейкі набор хімічных тэрмінаў, каб даказаць, што яго персанаж сапраўды скончыў хімфак, а не філфак. Прынамсі, пісьменнік паспрабаваў...
Пры гэтым Балахонаў умее трымаць інтрыгу, дзеянне ў яго рамане разгортваецца дынамічна. І я спадзяюся, што наступным яго творам будзе паўнавартасная сатыра на сучаснае грамадства.
Бонус:
Аб’ёмны твор (а «Бог кахання Марс» — гэта больш за 330 старонак) рэдка можа пазбегнуць стылёвых ды іншых канфузаў. Нешта кшталту такога:
«Вітч-хаўз, або, як казалі тады смехам, „ведзьміна хата“, меў адным са сваіх сімвалаў перакулены да гары дрынам двухканцовы крыж». (Нават таў-крыж мае тры канцы, а звычайны крыж — чатырохканцовы. Тут жа, калі верыць апісанню, маем проста нейкі дрын, хаця і не вельмі ясна, чаму ён перакулены.)
«Без адкладу іх усадзілі ў вір справы». (Усадзіць у вір? Гэта якім такім спосабам?)
«—Мы памром? — няўлад прамармытала Гваздовіч, у голасе якой ноткі панікі пракудліва спляліся з крышталікамі фаталізму». (Ноткі спляліся з крышталікамі? Гэты прыкладна, як зялёнае змяшалася з гарачым? Ды яшчэ пракудліва... Якія гуллівыя ноткі з крышталікамі.)
Зрэшты, аўтар мае патэнцыял для самакрытычнага падыходу:
«Новая песня канчаткова скінула з сябе ярмо двукоссяў, суправаджаючы тэрміновы забег Руткоўскага да прыбіральні. Нельга сказаць, што адтуль ён выйшаў новым чалавекам, але штосьці ранейшае ён там усё-ткі згубіў». (Ніколі не сустракаў такога паэтычнага апісання паходу ў прыбіральню! Гэта безумоўная пярліна.)