Містыка + Гісторыя + Дэтэктыў = Шаблон

сучасная беларуская крытыка, дэтэктыў, гістарычная, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Алесь Аркуш. Сядзіба. Полацкае Ляда, Полацк, 2017.

Полацк, вядома ж, самы містычны і міфастваральны з беларускіх гарадоў: тут і князь-ваўкалака, і першадрукар, і лабірынты, апетыя Ластоўскім... Сюды ж дадамо цытату з Барадуліна пра полацкі менталітэт. Словам, нават Наваградак з Міндоўгам і Міцкевічам ды Нясвіж з Радзівіламі, што называецца, нервова паляць убаку.

Палачане — людзі не дурныя, таму выкарыстоўваюць гэты міфічны запас горада ў меру сваіх здольнасцяў. Уладзімір Арлоў ездзіць на радзіму, каб павывучаць тамтэйшых патойбочных істотаў («Танцы над горадам»), а Алесь Аркуш у сваім рамане «Сядзіба» спрабуе абазначыць genius loci і з міфічна-містычнага, і з гістарычнага гледзішча.

Невялікі твор (140 старонак) аўтар назваў раманам. Кажуць, што гэта агульны трэнд і мэйнстрым — невялікія раманы. Магчыма, так яно і ёсць. Праўда, хацелася б, каб скарачэнне аб’ёму адбывалася не за кошт спрашчэння персанажаў, бо ў гэтым творы яны ў аўтара атрымаліся статычныя, зададзеныя — што апавядальнік (у якім без цяжкасці ўгадваецца alter ego аўтара), што ягоная жонка-мастачка Таццяна (чытач здзівіцца, але жонку аўтара таксама клічуць Таццянай, і яна мастачка), што экзальтаваны полацкі паэт і журналіст Кастан Навадворскі (тут рэцэнзент губляецца ў здагадках, бо слаба ведае кола полацкіх літаратараў).

Адзіны персанаж, ад якога не чакаеш развіцця характару, — гэта сабака Жулік. Затое ён і не падманвае: гэта адзін з сімпатычных і выпісаных з любоўю персанажаў «Сядзібы».

Дарэчы, другі персанаж, выпісаны з любоўю і сімпатыяй — гэта жонка апавядальніка/аўтара Таццяна. І гэта аўтару, думаю, залічыцца — калі не якой-небудзь з музаў, то прынамсі на шалях Лёсу.

Гэтых персанажаў нітуе не толькі сімпатыя з боку аўтара, але і тое, што яны сутыкаюцца з патойбочнымі з’явамі — прывідам, які жыве ў сядзібе. Зрэшты, сам прывід у чытача бурлівых эмоцыяў не выклікае — не страшны ён, хаця часам і загадкавы...

Трэці персанаж — ужо згаданы экзальтаваны халерык, паэт і журналіст Кастан Навадворскі. (Аўтара/апавядальніка пакінем у дужках, бо ён праяўляецца надзвычай мала — хіба што ў расповедах пра сядзібу ды кантактах з Таццянай і Кастанам.) Шчыра сказаўшы, жыць з такім чалавекам, якога апісаў Аркуш, напэўна, мала прыемна: ён часта гаворыць газетнымі штампамі, сам залівіста смяецца са сваіх жартаў, мае масу правінцыйных комплексаў — напрыклад, крыўдуе, што ў Менску на прэзентацыю ягоных вершаў прыйшло мала чытачоў. Вядома, гэта менчукі вінаватыя!

Навадворскі — апалагет «усяго свайго»: сваёй літаратуры, сваёй гісторыі і нават сваіх прадуктаў: «Увогуле, гэта ў нас ад саветаў засталося. Любім усё замежнае, чужое, імпартнае, і нават калі гэта поўная херня. Вось хто ведае, як там тую гарбату збіралі, як захоўвалі? Мне здаецца, карыснае для чалавека толькі тое, што расце побач, да чаго чалавек звыклы ў сотым, тысячным пакаленні. Таму наш яблык карысней любога апельсіна і банана. Але ідзі паспрабуй... патлумач гэта нашым людзям!»

У прынцыпе, нармальнае імпартазамяшчэнне — цалкам у духу дзяржаўнай палітыкі!

Апавядальнік сам пакеплівае з Навадворскага і ягоных лекцыяў пра апельсіны з бананамі, і можна было б падумаць, што гэты персанаж выведзены з абсалютна сатырычнымі мэтамі. Аднак менавіта гэтаму паэту і журналісту Алесь Аркуш аддае аўтарства гістарычнага дэтэктыву «Тапелец у Дзвіне», які складае добрую частку «Сядзібы». Гэта ўстаўная навэла, якая выдаецца чытачу часткамі — уперамешку з асноўным аповедам.

У «Тапельцу», здаецца, прысутнічае ўсё, што ўжо традыцыйна ўкладаецца ў беларускі гістарычны дэтэктыў. Тут ёсць адсылка да часоў Вялікага Княства Літоўскага — кубак Стэфана Баторыя, падораны ваяру. Ёсць старадаўні полацкі шляхецкі род Зяновічаў, чый нашчадак Іван шукае гэты самы кубак на пачатку ХХ стагоддзя. Ёсць нават труп, які выплывае ў Запалоцці.

Няма хіба што адчування навізны і захапляльнасці. Пошукі і страта артэфакта, гісторыя ВКЛ з абавязковым антырасійскім змаганнем, сябар-эсэр з непазбежным рэвальверам... Штамп на штампе сядзіць і штампам паганяе! У адным з нядаўніх інтэрв’ю Алесь Аркуш заявіў, што не чытае маскульту. Вядомая показка безапеляцыйна падтрымлівае такое меркаванне: чукча не чытач, а пісьменнік! Але, можа, варта было б хаця крыху пазнаёміцца з жанрам, у якім ты пісьменнік?

Каб умацаваць у чытача перакананне, што аўтар не сцябецца са сваіх персанажаў (у прыватнасці, з Кастана, які напісаў «Тапельца ў Дзвіне»), Алесь Аркуш робіць арыгінальны ход. Ён вырашае адразу патлумачыць «што хацеў сказаць аўтар». І вельмі правільна — раптам «Сядзібу» ўключаць у школьную праграму, а там у вучняў абавязкова запытаюцца. Каб вучань не памыліўся, сам аўтар дае адказ на гэтае падступнае настаўніцкае пытанне.

«— Ты адмыслова свой дэтэктыўны аповед скончыў такой загадкай? — спытаў я Кастана, калі мы працавалі над чарговым нумарам газеты.
— Якой загадкай? — Кастан прыкінуўся, што нічога не разумее.
— А той загадкай, што кубак Баторыя недзе застаўся ў Полацку. Ты вырашыў стварыць яшчэ адну легенду пра полацкія скарбы?
— Ну так атрымалася, не хацеў я аддаваць кубак гэтаму злодзею Капцюгу. Бо задужа гэта містычная рэч, каб ёю можна завалодаць шляхам забойства».

***
Калі прыбраць з «Сядзібы» недарэчны дэтэктыў і падкараціць-падрэдагаваць астатні тэкст, на выхадзе атрымалася б неблагое апавяданне ці кароткая аповесць з містычным каларытам.

Але раман — гэта праклён беларускіх літаратараў, якія па звычцы мераюцца памерамі (твораў, вядома!). Мяркуючы па ўсім, гэты праклён яшчэ доўга будзе даймаць чытачоў...

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Ні аўтар, ні яго прыхільнікі не хаваюць, што зладзілі кампанію пад умоўным лозунгам «Галасуй за хрысціянскі раман». І для мяне менавіта гэтая перамога — найлепшы аргумент супраць усялякіх «прэмій чытацкіх сімпатыяў» у Беларусі.

«Ноч» Марціновіча не просіцца быць разабранай на цытаты — яна сама складаецца з цытатаў: Уладзімір Караткевіч, Харукі Муракамі, Віктар Пялевін, Рэй Брэдберы ды безаблічны і бясконцы галівуд. Пытаннем «Гэта яшчэ літаратура ці кінасцэнар для баевіка катэгорыі „В“?» нават не задаешся, бо адказ адчуваеш нутром: аўтар спрабуе прадаць нам кінасцэнар, ад якога адмовіліся прадзюсары.

«Перакулены дэтэктыў», у якім імя злачынцы вядомае загадзя, — прыём не новы і не арыгінальны. Ці дадае ён штосьці раману Гапеева? Пытанне даволі спрэчнае. Мне здаецца, можна было абысціся і без яго, бо матыў расплаты за грахі ў «Пазле» і так відавочны.

Раман Сяргея Балахонава «Бог кахання Марс» меў бы ўсе шанцы стаць актуальным бэстсэлерам на фоне COVID-19, калі б не рэвалюцыйныя падзеі ў Беларусі. Зрэшты, калі не ў беларускім кантэксце, дык, можа, у замежным?