Пэрсанаж гэтага аповеду жыве ў доме, пабудаваным у часы Аўстра-Вугорскай манархіі. Кватэра на трэцім паверсе засталася пэрсанажу ад бабулі, якой ён ня памятае, бо бачыў яе толькі некалькі разоў у дзяцінстве. Бабуля пэрсанажа памерла на пачатку дзевяностых. Бацькі пэрсанажа прыватызавалі кватэру й хацелі яе прадаць, але пэрсанаж выказаў нясьціплае жаданьне пажыць у цэнтры горада асобна ад бацькоў. Паколькі пэрсанаж у той час яшчэ вучыўся ўва ўнівэрсытэце, да якога з былой бабулінай кватэры было бліжэй, чым з ускраіннага мікрараёну, бацькі пайшлі яму насустрач. Нейкі час пэрсанаж жыў у кватэры адзін, потым зь сябрамі, потым зь дзяўчынай, потым зь іншай дзяўчынай, потым з кватарантамі, потым без кватарантаў. На момант пачатку аповеду пэрсанаж жыве адзін. Яму сорак гадоў, з выгляду крыху болей. За сваю кватэру пэрсанаж ня плаціць і не перажывае. Ён перажывае толькі за стан дому, пабудаванага й апошні раз рамантаванага ў часы Аўстра-Вугорскай манархіі. Тым часам стан кватэры пэрсанажа, у адрозьненьне ад ягоных бацькоў і колішніх кватарантаў, цалкам задавальняе. У адрозьненьне ад сваіх бацькоў, за гады карыстаньня кватэрай пэрсанаж гэты стан нічым не палепшыў, як і ў адрозьненьне ад кватарантаў нічым не пагоршыў. Апроч згаданага часу свайго карыстаньня кватэрай, пэрсанаж у кватэру нічога не інвэставаў. Спагнаныя з кватарантаў за карыстаньне кватэрай грошы пэрсанаж інвэставаў выключна ў забіцьцё свайго часу. Некалькі апошніх гадоў у сувязі з адсутнасьцю кватарантаў пэрсанаж вымушаны інвэставаць у забіцьцё свайго часу ўласныя грошы, якія вымушаны недзе зарабляць.
Грошы пэрсанаж зарабляе на пошце. Пры гэтым пэрсанаж на пошце не працуе – ён працуе ў сябе дома. То бок фактычна пэрсанаж зарабляе грошы ў інтэрнэце, а яшчэ дакладней на кліентах, а на пошту ходзіць выключна дзеля таго, каб адаслаць кліентам тавар. Такім чынам, пэрсанаж, з гледзішча заканадаўства – індывідуальны прадпрымальнік. Кватэра пэрсанажа заваленая таварам да такой ступені, што ў кватэры няма месца кватарантам. Сярод іншага заваленасьць кватэры таварам азначае тое, што кліентаў у пэрсанажа апошнім часам небагата. Таму на пошту ён ходзіць апошнім часам усё радзей, што пэрсанажа задавальняе, бо на пошце ён ужо быў у жыцьці ня раз. У сувязі з адсутнасьцю кліентаў свае фізычныя патрэбы пэрсанажу ўдалося апошнім часам рэдукаваць на мінімум, тым часам як духоўныя патрэбы на інтэрнэт. Правядзеньне інтэрнэту было адзінай станоўчай зьменай, рэалізаванай у доме з часоў Аўстра-Вугорскай манархіі.
Найбліжэйшая ад пэрсанажавага дому пошта знаходзіцца зусім блізка ад пэрсанажавага дому. Да яе ўсяго дзесяць хвілін хады. Столькі ж хвілін хады ад пэрсанажавага дому да найбліжэйшай крамы. Пэрсанажу сёньня трэба зайсьці як на пошту, так у краму. Балазе, пошта з крамай знаходзяцца ня проста блізка ад ягонага дому, а яшчэ і ў адным кірунку. Фактычна, пошта з крамай знаходзяцца побач. Такім чынам, зайсьці на пошту і не зайсьці пры гэтым у краму было б глупствам, учыніць якое пэрсанаж ня мае намеру.
Ідучы на пошту, пэрсанаж праходзіць міма іншага дому з часоў Аўстра-Вугорскай манархіі, у якім знаходзіцца кабінэт пэрсанажавай дантысткі. Знаходжаньнем кабінэту ў гэтым доме абумоўлена тое, што да дантысткі ў выпадку неабходнасьці пэрсанаж здольны дабегчы яшчэ хутчэй, чым на пошту ці ў краму. Такая неабходнасьць у пэрсанажа ўзьнікае апошнім часам досыць часта, але на шчасьце ня ў сувязі з зубамі, а на няшчасьце ў сувязі з прывабным выглядам маладой дантысткі. Седзячы ў ейным крэсьле, пэрсанаж дазваляе дантыстцы рабіць зь ім што заўгодна, прычым без усякай анэстэзіі. Пры гэтым пэрсанаж з адданасьцю сабакі зазірае дантыстцы ў прыгожыя разумныя вочы, якія тым часам зазіраюць пэрсанажу ў рот і факусуюцца на адным з пэрсанажавых зубоў. Зрэдку вочы дантысткі кантралююць зрэнкі пэрсанажа, але ня бачаць уваччу ў пэрсанажа ніякай закаханасьці, а бачаць толькі звычайны чалавечы страх перад болем. Тым часам страх пэрсанаж адчувае зусім зь іншай прычыны. Праходзячы цяпер міма дому, пэрсанаж летуцее ў думках пра наступны тыдзень, калі зноў апынецца ў крэсьле ў сваёй дантысткі. На нейкі момант яму здаецца, што ў вакне дому з часоў Аўстра-Вугорскай манархіі ён бачыць ейны сылюэт у белым халаце. Гэтае відовішча напаўняе пэрсанажа шчасьцем і энэргіяй, неабходнай яму, каб дайсьці да пошты.
На пошце пэрсанаж займае адразу дзьве чаргі і чакае, якая зь іх надыдзе першай. Першая чарга вядзе да акенца прыёму пасылак, другая – да акенца прыёму ставак. Першай для пэрсанажа падыходзіць першая чарга. Пэрсанаж асьцярожна пераносіць у кардонную скрынку зьмест свайго пляцака (тавар) і дрыготкай рукой выводзіць на ёй адрас кліента. Паштарка пэрсанажа даўно ведае і паважае як чалавека і прадпрымальніка. Больш таго, яна патаемна ў яго закаханая. Паштарцы прыблізна столькі ж гадоў, як і пэрсанажу, сядзячая праца на пошце не дазволіла ёй знайсьці сабе нармальнага мужчыну або прынамсі сталага партнэра. Таму яна апошнім часам з усё большай занепакоенасьцю й нецярплівасьцю пазірае на пэрсанажа, чакаючы ад яго невядома чаго. Пры гэтым дачакацца ад пэрсанажа можна толькі пасылкі і грошай за пасылку. Раней да іх далучалася ветлівая ўсьмешка, якую паштарка ўспрымала як праяву пэрсанажавай сымпатыі да яе. Аднак ужо нейкі час уся пэрсанажава сымпатыя адрасаваная выключна дантыстцы. Дантыстка значна маладзейшая і прыгажэйшая за паштарку, у якой ад сядзячай працы на пошце разьвілася непамерна вялізная срака. З гэтай прычыны пэрсанаж паштарку далікатна ігнаруе.
Другую чаргу пэрсанаж вымушаны стаяць з самага пачатку, то бок з самага канца. Сёньня пэрсанаж мае намер паставіць грошы на выйгрыш сваёй любімай энхаэлаўскай хакейнай каманды. Каманда ўжо досыць даўно не выйгравала, а праз гэта даўно ўжо нічога не выйграваў ані пэрсанаж, які штораз ставіць выключна на выйгрыш улюбёнай каманды. Стаўкі на нічыю, пройгрыш ці на матч іншай каманды пэрсанаж лічыць амаралізмам. Гэтак жа як стаўкі на іншыя віды спорту. Наагул пэрсанаж не трывае гэмблерства і гэмблераў, гэтак жа як і іншых відаў спорту. Пэрсанаж цікавіцца выключна хакеем, дый тое толькі заакіянскім. Сачыць за матчамі іншых лігаў пэрсанажу не дазваляе агіда да іхнага аматарскага ўзроўню. Калісьці па тэлевізары пэрсанаж глядзеў матчы тутэйшай хакейнай лігі, але гэта цягнулася нядоўга, бо ў тутэйшай хакейнай лізе ўвесь лёд спакуджаны рэклямнымі карцінкамі й надпісамі, празь якія чалавеку не відаць шайбы. Гэтак жа спаскуджаныя карцінкамі й надпісамі і самі гульцы тутэйшай хакейнай лігі, праз што яшчэ болей нагадваюць пэрсанажу не хакеістаў, а страката-каляровых клоўнаў. Тутэйшая хакейная ліга бедная, як фантазія ейных гульцоў. Што тут зьяўляецца прычынай чаго, пэрсанажу невядома і нецікава.
Пэрсанаж ставіць невялікую суму на перамогу ўлюбёнай энхаэлаўскай каманды зь лікам шэсьць нуль і пакідае пошту. Апынуўшыся на сьвежым марозным паветры, пэрсанаж тут жа згадвае, што нешта забыў. На шчасьце, не на пошце, а дома: забыўся вынесьці па дарозе на пошту сьмецьце. У пэўным сэнсе гэта абавязвае пэрсанажа зайсьці ў краму, каб кампэнсаваць такі недахоп практычнасьці нейкім іншым дужа практычным учынкам. Таксама пэрсанажа абавязвае зайсьці ў краму адсутнасьць у хаце ежы. Перад поштай пэрсанаж ня сьнедаў, таму адчувае голад. Калі ён заходзіць у краму галодны, то звычайна хапае там усё без разбору. Але сёньня на хапаньне без разбору пэрсанажу ня хопіць грошай, бо палову зь іх ён пакінуў на пошце. Таму пэрсанаж набывае толькі хлеб, яйкі, масла і сваю ўлюбёную каўбасу, так званую конскую. Конская каўбаса з хлебам вельмі смачная пад гарбату. Устрымацца ад конскай каўбасы пэрсанаж здольны толькі перад наведваньнем дантысткі. Рэч у тым, што асноўным складнікам конскай каўбасы зьяўляецца часнок, пах якога мог бы перашкодзіць пэрсанажу зрабіць на дантыстку патрэбнае яму станоўчае ўражаньне.
Па дарозе з крамы дадому пэрсанаж нечакана сустракае сваю знаёмую хрысьціянку. Хрысьціянка сустракаецца яму не адна, а зь дзьвюма разумова адсталымі жанчынамі. Гэта ейныя падапечныя. Хрысьціянка працуе непадалёк у прытулку, дзе апякуюцца душэўна хворымі. Менавіта праз прытулак пэрсанаж з хрысьціянкай і пазнаёміўся. Сталася гэта ў момант ягонай слабасьці, калі ён пазваніў у дзьверы прытулку з просьбай яму псыхалягічна дапамагчы. Юная хрысьціянка параіла яму тады зьвярнуцца лепей да псыхоляга, бо ў прытулку, маўляў, апякуюцца толькі безнайдзенымі выпадкамі. Хрысьціянкі, у адрозьненьне ад псыхоляга, пэрсанаж даўно ўжо ня бачыў і цяпер вельмі рады яе сустрэць, пагатоў выпадкова. Хрысьціянка таксама радая, хрысьціяне наагул заўжды радуюцца, калі некага сустрэнуць. Вось, маўляў, вывела жанчын падыхаць божым паветрам, а тут сустрэла не абы-каго, а пэрсанажа! Хрысьціянка знаёміць пэрсанажа са сваімі кліенткамі. Пэрсанаж вымушаны з абедзьвюма парукацца, каб не пакрыўдзіць хрысьціянку. Жанчыны слухмяна падаюць яму рукі, не ўсьведамляючы пры гэтым, дзе і чаму знаходзяцца. Пэрсанаж паведамляе хрысьціянцы, што хадзіў на пошту і ў краму. То бок дае ёй зразумець, што пры ўсіх сваіх псыхічных цяжкасьцях ведае, дзе і чаму знаходзіцца. Гэтае веданьне, уласна, і ёсьць прычынай ягоных псыхічных цяжкасьцяў. У душы пэрсанаж пры гэтым вельмі шкадуе, што ня можа адчуваць да хрысьціянкі тое самае, што адчувае да дантысткі. Хрысьціянка не старэйшая й ня менш прывабная за дантыстку, але ейная ці хутчэй пэрсанажава праблема ў тым, што яна хрысьціянка. Таму запрашаць яе дадому на гарбату з конскай каўбасой ня мае ніякага сэнсу. Да таго ж, яна пры выкананьні службовых абавязкаў. Тым ня менш, убачыўшы жыўцом хрысьціянку, ды яшчэ й расчырванелую на марозе, пэрсанаж раптоўна здае сабе справу, што ў ягоных эратычных марах хрысьціянка фігуруе на другім месцы адразу за дантысткай. Розьніца між імі ў тым, што дантыстка брунэтка, а хрысьціянка бляндынка. Дантыстка нагадвае пэрсанажу ягоную першую былую дзяўчыну, тады як хрысьціянка другую. З гэтай прычыны да іх абедзьвюх у пэрсанажа самыя цёплыя й самыя мокрыя пачуцьці. Ён дае сабе абяцаньне, што наступны раз, калі сустрэне хрысьціянку, абавязкова запросіць яе дамоў на гарбату. На гэтым пэрсанаж з усімі траімі разьвітваецца, яшчэ раз падаўшы жанчынам рукі.
Вярнуўшыся з пошты, пэрсанаж уключае ноўтбук і піша. Пры гэтым ён п’е гарбату і есьць хлеб з улюбёнай каўбасой, так званай конскай. Адказаўшы на мэйлы кліентаў, пэрсанаж пераключаецца на пісаньне аповеду, у якім выступае ў якасьці пэрсанажа. У гэтым аповедзе пэрсанаж піша пра сябе ў трэцяй асобе, азначаючы сябе проста “пэрсанаж”. У сваіх папярэдніх аповедах пэрсанаж азначаў галоўных пэрсанажаў з дапамогай займеньніка “я”. У некаторых чытачоў пэрсанажавых аповедаў гэта выклікала адчуваньне, што пэрсанаж умее пісаць толькі пра сябе і толькі ў так званай “іх-форме”. Каб задаволіць некаторых чытачоў, пэрсанаж пастанавіў ад гэтай іхнай “іх-формы” адмовіцца і замест сябе пісаць цяпер выключна пра пэрсанажа. Пішучы ў трэцяй асобе пра пэрсанажа, пэрсанаж адчувае сябе кінасцэнарыстам. Гэтае адчуваньне цалкам яго задавальняе, таму што быць кінасцэнарыстам пэрсанаж здавён хоча. Пакайфаваўшы як сьлед ад гэтага адчуваньня, пэрсанаж заносіць у аповед пра пэрсанажа адпаведную фразу пра тое, што пэрсанаж пэрсанажавага аповеду, як і сам пэрсанаж, таксама адчувае сябе кінасцэнарыстам. Пэрсанаж у аповедзе, у сваю чаргу, таксама ня мае лепшай працы, як пісаньне аповеду, таму і ён заносіць у тэкст свайго аповеду фразу пра тое, што адчувае сябе кінасцэнарыстам. Пэрсанаж тут жа адчувае сябе яшчэ й лялькаводам, які тузае за ніткі пэрсанажа свайго аповеду, які ў сваю чаргу тузае за ніткі пэрсанажа свайго аповеду й гэтак далей да бясконцасьці. Усе пэрсанажы сынхронна занатоўваюць у сваіх аповедах фразу пра тое, што таксама адчуваюць сябе лялькаводамі. Гэтак пэрсанаж надзяляе жыцьцём многіх іншых аднолькавых зь ім пэрсанажаў, як пад капірку. Часам у яго бывае, аднак, непрыемнае адчуваньне, што гэта ягоныя пэрсанажы надзяляюць яго жыцьцём, а не наадварот. Гэтай апошняй фразы пэрсанаж у аповедзе не занатоўвае.
Дадаўшы ў аповед абзац пра кінасцэнарыста і лялькавода, пэрсанаж адчувае сябе вельмі стомленым. Што ні кажы, а ён пасьпеў ужо зрабіць за сёньня ня так і мала. Схадзіць на пошту, зайсьці ў краму, пазнаёміцца зь дзьвюма душэўна хворымі, адказаць на мэйлы, напісаць абзац пра кінасцэнарыста і лялькавода. Усё гэта дае пэрсанажу маральнае права на адпачынак. Адпачынак пэрсанаж звычайна спалучае з задавальненьнем сваіх духоўных патрэб. Раней усе духоўныя патрэбы пэрсанажа цалкам задавальняла тэлевізія, але ўжо некалькі гадоў пэрсанаж яе ў вочы ня бачыў, бо ягоны стары тэлевізар ад частага карыстаньня згарэў, а на новы пэрсанажу шкада грошай. Праз адсутнасьць тэлевізіі пэрсанаж літаральна асуджаны на інтэрнэт. Таму ён пераносіць свой ноўтбук са стала на канапу й перабіраецца туды сам. Надышла пара даведацца, што адбываецца ў рэальным сьвеце. На інтэрнэце пэрсанаж чытае ў асноўным навіны з жыцьця бамонду, а таксама афіцыйную старонку сваёй улюбёнай энхаэлаўскай каманды. Сацыяльнымі сеткамі пэрсанаж карыстацца ня ўмее. Гэта значна скарачае час, які ён праводзіць на інтэрнэце.
Прачнуўшыся, пэрсанаж пазірае на гадзіньнік і бачыць, што надышоў вечар. Да пачатку матча ўлюбёнай каманды застаецца яшчэ цэлых шэсьць гадзін, а пэрсанаж ужо выканаў усе свае сёньняшнія абавязкі. Усе, ды ня ўсе: пэрсанаж прыгадвае, што забыўся вынесьці сьмецьце. Гэта значыць, што яму зноў давядзецца апранацца, ісьці на мароз, пераходзіць зь небясьпекай для жыцьця ажыўленую вуліцу, і ўсё толькі каб панюхаць зьмесьціва сьмярдзючага кантэйнэра. Гэта здаецца пэрсанажу несправядлівым і нявартым ягоных намогаў. Аднак пэрсанаж пастанаўляе, што вынас сьмецьця ёсьць адначасова добрай нагодай наведаць трэцюю й апошнюю важную для яго ўстанову, піўную. Толькі гэтая пэрспэктыва і падахвочвае пэрсанажа падняцца з канапы.
Удосталь нанюхаўшыся зьмесьціва сьмярдзючага кантэйнэра, пэрсанаж сядзіць у піўной і папівае халоднае піва. На паўпусты страўнік піва з цыгарэтамі добра ўстаўляе. Але піва пэрсанаж насамрэч ня любіць, як ня любіць гэтай піўной і ейных наведнікаў. Ён ходзіць сюды толькі дзеля таго, каб паказаць астатнім, што і ён пасьля працоўнага дня мае права на куфаль піва. За суседнімі сталамі наведнікі на розныя галасы абмяркоўваюць усё тое, што пэрсанаж ужо чытаў у інтэрнэце. На ўсе тэмы наведнікі выказваюць адзінадушныя погляды. Поглядамі наведнікаў пэрсанаж пагарджае, ды яны на яго асабліва й не паглядаюць. Цягам абмеркаваньня тэмаў наведнікі ў асноўным глядзяць у тэлевізар, па якім акурат паказваюць нарэзку ўчорашніх энхаэлаўскіх матчаў. Паколькі ўчора ўлюбёная пэрсанажава каманда не гуляла, пэрсанаж у бок тэлевізара не глядзіць. Іншыя энхаэлаўскія гульні яму не цікавыя. Піва яму таксама ня смачнае, але ён яго мужна п’е. Ён яго заслужыў. Пэрсанаж дапівае куфаль, бяз слоў разьлічваецца з бармэнам і сыходзіць.
Павячэраўшы дома яечняю са смажанай конскай каўбасой, пэрсанаж зноў адчувае сябе стомленым. У яго няма нават сілаў на мыцьцё посуду. З апошніх сілаў пэрсанаж кладзецца на канапу і заплюшчвае вочы ў надзеі крыху прымгнуць. Акурат у той момант на вышэйшым паверсе прачынаецца й на ўвесь дом пазяхае пэрсанажава суседка, якую пэрсанаж у думках называе “бабка”. Бабцы шэсьцьдзесят гадоў і яна вар’ятка. У мінулым яна верагодна была опэрнай сьпявачкай. Калі бабка штовечара ў адную і тую ж гадзіну прачынаецца, яна тут жа згадвае сваю маладосьць і пачынае расьпявацца. Галасавы дыяпазон у бабкі ўжо ня той, што ў маладосьці, таму расьпяваньне абмяжоўваецца на адну досыць нізкую, затое доўгую й вельмі гучную ноту. Расьпеўшыся як сьлед, бабка звычайна пераходзіць на так званы рэчытатыў. Гэта значыць, пачынае ўголас размаўляць сама з сабою, выкрыкваючы нейкія лёзунгі. Найчасьцейшы бабчын лёзунг – “Гэта ня я!” Ён звычайна гучыць тады, калі ў доме нехта нешта рамантуе. У такіх выпадках бабка здольная выкрыкваць яго доўгія гадзіны, як сапсаваная кружэлка ці перапалоханы папугай. Першы раз пэрсанаж доўга ня мог зразумець, што ўласна так адчайна выкрыквае бабка, але дзякуючы несупыннаму паўтарэньню лёзунгу праз гадзінку-другую здолеў яго расшыфраваць. Неяк так, напэўна, дзеці вучаць замежныя мовы, падумаў тады пэрсанаж. На другі дзень дарогаю на пошту пэрсанаж сустрэў бабку на лесьвіцы і хацеў папрасіць яе, каб яна так не крычала, але зазірнуўшы ў ейныя вырачаныя вочы й разяўлены рот, зь якога выцякала сьліна, пастанавіў нічога не казаць. Было відавочна, што бабка даўно не была ў дантысткі. Пэрсанажу тады стала нават шкада бабкі, а таксама таго, што зь ёю ўжо нікому й ніколі ня ўдасца пагаварыць. А яна дакладна мела што б расказаць. У тым ліку яму, пэрсанажу. Напрыклад, пра ягоную бабулю, якой пэрсанаж ня ведаў і зь якой бабка доўгія гады сябравала, калі яшчэ была нармальнай. Але гэта было яшчэ за сацыялізмам. У пэрсанажа ўзьнікае думка, што яму варта было б пазнаёміць бабку з хрысьціянкай. Гэтае знаёмства будзе цудоўнай і легітымнай падставай запрасіць хрысьціянку на конскую каўбасу.
Сёньня, што праўда, бабка асабліва не лямантуе, але дрымоту з пэрсанажа ёй ужо сагнаць удалося. Пэрсанаж ходзіць па кватэры і не знаходзіць сабе месца. Вяртацца да свайго аповеду пра пэрсанажа пэрсанаж ужо лічыць нямэтазгодным. Яму прыходзіць у галаву ўратавальная ідэя: можна прыняць ванну і пагаліцца. Ці наадварот, сьпярша пагаліцца, а пасьля прыняць ванну. У кожным разе за цурчаньнем вады бабку будзе чуваць значна меней. Прыняць ванну і пагаліцца адназначна варта яшчэ і з той нагоды, што сёньня не звычайны, а асаблівы, сьвяточны дзень. Сёньня за акіянам гуляе пэрсанажава ўлюбёная каманда.
Чысты, паголены й прычасаны пэрсанаж чысьціць перад люстэркам зубы і думае пра дантыстку. Пасьля гэтага ён бярэ са стала ноўтбук і кіруецца ў ложак. Без задавальненьня духоўных патрэбаў з дапамогаю інтэрнэту пэрсанаж заснуць практычна няздольны. Апрача навінаў з жыцьця бамонду, пэрсанажа ў інтэрнэце цікавіць перадусім радыё. Па інтэрнэтавым радыё пэрсанаж можа чуць галасы людзей – іншых, чым на пошце, у піўной ці ў краме. Калі б у інтэрнэце не было радыё, то адзіным голасам, які гучаў бы ў пэрсанажавай кватэры, быў бы голас бабкі з вышэйшага паверху. Акустыка ў пэрсанажавай кватэры ў сувязі з высокай стольлю папросту выдатная. Калісьці галасы сяброў і дзяўчат пэрсанажа было дзякуючы ёй чуваць па ўсім доме ня горш за бабку. Такая папросту выдатная, нават скандальна выдатная акустыка нібы створаная для таго, каб зь яе карысталі ня толькі пэрыядычныя бессэнсоўныя гукі прадметаў ці бабкі, але й галасы іншых, нармальных людзей. Зрэдчас у кватэры, натуральна, гучыць голас самога пэрсанажа, калі ён размаўляе па тэлефоне з бацькамі або кліентамі. У адрозьненьне ад галасоў у інтэрнэтавым радыё, галасы бацькоў або кліентаў не паведамляюць пэрсанажу нічога цікавага. Інтэрнэтавыя ж галасы паведамляюць пэрсанажу спрэс адны цікавосткі. У гэтым палягае сутнасьць іхнай прафэсіі.
Аднак далёка ня ўсе цікавосткі інтэрнэтавых галасоў пэрсанажа цікавяць. Найбольш пэрсанажа цікавяць цікавосткі з жыцьця ягонай улюбёнай энхаэлаўскай каманды. Як на бяду, па тутэйшым радыё цікавостак пра ягоную ўлюбёную энхаэлаўскую каманду не перадаюць, бо там не гуляе ніводнага тутэйшага гульца. Што толькі добра, бо тутэйшыя гульцы ўсе як адзін без фантазіі. З гэтай прычыны пэрсанаж слухае ў інтэрнэце перад сном канадзкае радыё. Радыё на шчасьце англамоўнае, таму пэрсанаж крыху яго разумее. Неўзабаве па ім пачнецца чарговы матч улюбёнай каманды, на перамогу якой зь лікам шэсьць нуль пэрсанаж сёньня паставіў грошы. Цяпер у яго ёсьць магчымасьць паслухаць жывы рэпартаж з гэтага матчу непасрэдна з-за акіяну. Дзеля гэтага моманту варта было пражыць такі напружаны дзень, як сёньня.
Перад гульнёй, як заўжды, па радыё гучаць амэрыканскі і канадзкі гімны. Абодва іх пэрсанаж ужо ведае напамяць. Гімны сьпявае канадзкая опэрная сьпявачка. Цягам гімнаў пэрсанаж разважае, ці можа сьпявачка з прычыны такога частага паўтораньня адных і тых жа мэлёдый у старасьці звар’яцець, як бабка. Адразу ж пасьля гімнаў камэнтатар абвяшчае склады першых пяцёрак. Здаецца, што ўлюбёная пэрсанажава каманда сёньня ў форме. Перамагчы сваіх канкурэнтаў па дывізіёне зь лікам шэсьць нуль не павінна скласьці для каманды вялікай праблемы.
Як толькі гульня пачынаецца, камэнтатар тут жа пераходзіць на гістэрычную скарагаворку. Ягоны язык ганяецца за шайбай па ўсёй пляцоўцы. Затрымка між дзеяй і словам такім чынам атрымліваецца мінімальная, хаця яшчэ нейкі час трэба накінуць на тое, каб сыгнал з канадзкага стадыёну дайшоў праз інтэрнэт да пэрсанажавай кватэры. Тым ня менш, у суме гэта лічаныя сэкунды, якія не замінаюць пэрсанажу адчуваць факт сваёй жывой прысутнасьці на гульні сваёй улюбёнай каманды. У камэнтатаравай балбатні пэрсанаж здольны раз-пораз учуць знаёмыя прозьвішчы хакейных зорак. Сёньня пэрсанажу надзвычай добра чуваць камэнтар, бо бабка наверсе ўжо супакоілася. Ён толькі спадзяецца, што ад гукаў трансьляцыі яна не прачнецца.
Лік у матчы яшчэ не пасьпеў зьмяніцца, а па радыё ўжо абвяшчаюць рэклямную паўзу. Рэклямнай паўзы пэрсанаж заўжды чакае з асаблівай нецярплівасьцю, хаця ведае рэклямы канадзкага радыё напамяць ня горай за гімны. Пэрсанаж удзячны рэклямам за тое, што ў Нацыянальнай хакейнай лізе ўвесь лёд не спакуджаны рэклямнымі карцінкамі й надпісамі, празь якія чалавеку не відаць шайбы. Цягам радыётрансьляцый з-за акіяну пэрсанажу таксама не відаць шайбы, але затое добра яе чуваць. Гэтак жа добра яму чуваць рэклямы – нават лепей за камэнтатара. Улюбёная пэрсанажава рэкляма – на вазэктамію. Гэта вясёлы дуэт мужа з жонкай, што больш ня хочуць мець дзяцей. Жонка раіць мужу зьвярнуцца да доктара, які за дзесяць хвілін назаўжды пазбавіць яго пладавітасьці. У Канадзе гэта робіцца хутка й нядорага пасярэдніцтвам інтэрнэту. Ад рэклямаў канадзкага радыё ў пэрсанажа заўжды ствараецца адчуваньне, што канадцы ўмеюць ня толькі як сьлед гуляць у хакей, але й жыць. Нават у такіх неспрыяльных кліматычных умовах, як канадзкія. Зрэшты, пэрсанаж супраць канадзкіх кліматычных умоваў нічога ня мае. У такіх умовах людзі могуць прынамсі навучыцца як сьлед гуляць у хакей. У тутэйшых кліматычных умовах жыць можна, але навучыцца як сьлед гуляць у хакей тут абсалютна немагчыма.
Вясёлая рэклямная музыка пэрсанажа зачароўвае і закалыхвае. У яго ўваччу паўстае дантыстка, якая паступова ператвараецца ў хрысьціянку. Пэрсанаж абяцае ёй, што заўтра абавязкова пойдзе на вазэктамію. Тут камэнтатар канадзкага радыё ўскрыквае, і пэрсанаж прачынаецца: ягоная ўлюбёная каманда прайграе адзін нуль.