1. Нехта едзе ўгару, нехта ўніз
Аднаго вечара “спадарычна Сэлі”, як называў яе дзядуля Рымус, не магла знайсьці свайго малога сыночка. Абшукаўшы ўвесь дом і ўвесь двор, яна ўчула галасы, што даносіліся з Рымусавай халупіны, вызірнула ў вакно – і ўбачыла, што ейны хлопчык сядзіць побач з старым.
–Я ж ужо казаў табе, што зьвяры мазгуюць ня горш за людзей, праўда?, спытаўся стары. – Хлопчык кіўнуў. – Выдатна, у такім разе ведай: мець мазгі – яшчэ ня значыць мець сумленьне. Зьвяры паняцьця ня маюць, што такое “дабро” і што такое “зло”. Ім што праўда, што крыўда – абое рабое! Убачаць, што ім заманецца – і зробяць усё, каб яго прысабечыць, ня так, дык гэдак. Яны не пытаюцца ні каму яно належыць, ні скуль узялося. Іхнае яно ці ня іхнае – якая ім розьніца? Таму я табе апавядаю ўсё гэта ня дзеля таго, каб ты рабіў тое, што яны – а каб ведаў, як яны робяць.
Братка Трус і Братка Ліс былі рыхтык як некаторыя мне знаёмыя дзеці. Жыцьця адзін аднаму не давалі, дражніліся, цьвяліліся, задзіраліся, але што праўда, Братка Трус мог часам і перадыхнуць, бо Братка Ліс ужо ня так утрапёна, як раней, шукаў нагоды яго задзерці.
Аднаго дня, калі Братка Трус, Братка Ліс, Братка Янот і Братка Мядзьведзь разам з усімі іншымі браточкамі карчавалі новую прошчу пад засеў кукурузы, сонца пачало добра-такі прыпякаць, і Братку Труса ўзяла стома; але ж ён працы ня кінуў, каб астатнія не палічылі яго гультаём, і далей сабе разграбаў ламачча ды насіў абярэмкамі сучча, ажно раптам залямантаваў: “Аёй-аёй, стрэмку сабе загнаў!” – пасьля чаго джгануў прэч на пошукі прахалоднага месцайка, дзе ільга было б адпачыць. Неўзабаве трапіўся яму калодзеж, а ў тым калодзежы вісела вядро.
“З выгляду – прахалоднае месца”, сказаў Братка Трус, “дык і мне там, далібог, будзе прахалодна. Залезу я, бадай, туды і крышку прымгну”. З гэтым ён узяў ды ўскочыў у вядзерца, анягож, – і не пасьпеў у ім яшчэ і ўладкавацца, як яно стала разам з Браткам Трусам апускацца.
Такой напалоханай жывёліны, як быў тады Братка Трус, сьвет яшчэ ня бачыў. Яго ледзь сардэчны прыступ не схапіў! Хто ён і адкуль, ён яшчэ прыпомніць мог, а вось куды ён кіруецца – гэтага ён ня ведаў. Толькі на ўласны хвост адчуў, як вядро ўдарылася аб ваду й загайдалася на ёй –тады як сам Братка Трус сядзеў у вядры й баяўся зварухнуцца, ня ведаючы, ці ня будзе наступная хвілінка ягонай апошняй. Гэтак ён сабе там сядзеў, стуліўшыся, і дрыжаў.
Братка Ліс заўжды хоць адным вокам, ды пільнаваў Братку Труса, і калі той джгануў прэч з прошчы, Братка Ліс цішком выдаўся за ім. Ён не сумняваўся, што Братка Трус зноў мае той ці іншы хітры намер, вось Братка Ліс за ім і папоўз, анягож, назіркам. Такім чынам, Братка Ліс бачыў, як Братка Трус падбег да калодзежа, спыніўся каля калодзежа, ускочыў у вядро, і раптам – во дзівосы! – праваліўся некуды ўніз, як вадой разьліўся! Такіх агаломшаных лісаў, як быў тады Братка Ліс, ніхто ніколі ў вочы ня бачыў! Сядзеў ён гэтак сабе каля калодзежа, думаў-думаў, але ўцяміць, у чым тут цымус, ніяк ня мог. Тады Братка Ліс сказаў сабе, анягож:
“Ну ці не навіна? Калі я памыляюся, то воўк пастух, а казёл агароднік! Адно з двух: або ў гэтым калодзежы Братка Трус хавае свае грошы, або ён знайшоў там залатую жылу, – а калі не адно з двух, то зараз я пагляджу, што там”, сказаў Братка Ліс.
Падпоўз Братка Ліс крыху бліжэй і прыслухаўся, але ніякага шолаху ня ўчуў – падпоўз яшчэ бліжэй, і зноў нічога не пачуў. Падышоў ён цішком да самага калодзежа і зазірнуў уніз, але нічога ня толькі не пачуў, але і ня ўбачыў. А Братка Трус тым часам сядзеў як мыш пад венікам і нават зварухнуцца баяўся, каб вядро не перакулілася, бо тады Братка Трус апынуўся б у вадзе. Гэтак ён сядзеў там і ў думках прагаворваў адну малітву за другой, ды так хутка, як мільгае вагон за вагонам, калі едзе цягнік – і тут Братка Ліс гукнуў:
“Здароў, Братка Трус! Ты там што, у некага ў пераведах?”, пытаецца Братка Ліс.
“Хто? Я? Ды не, я тут рыбку лаўлю”, кажа Братка Трус, анягож. “А ці не зрабіць мне астатнім сюрпрыз, падумаў я сабе, ці не прынесьці вам аграмадную гібель рыб на вячэру? Вось і сяджу тут, дзе рыбна. Мо, і прычакаю на дурніцу, Братка Ліс”, кажа Братка Трус.
“І што, шмат там рыбы, Братка Трус?”, кажа Братка Ліс, анягож.
“Ня тое слова, Братка Ліс; тузіны тузінаў рыб. Вада ажно кішыць імі. Хадзі сюды, дапаможаш мне іх выцягнуць, Братка Ліс”, кажа Братка Трус, анягож.
“Толькі як я туды да цябе траплю, Братка Трус?”
“Скакай у вядро, Братка Ліс! Яно давязе цябе ўніз жывога й здаровага”.
Братка Трус казаў такім вясёлым голасам і так лісьліва, што Братка Ліс узяў ды і праўда ўскочыў у другое вядро, а як тое пачало апускацца, то яго вага пацягнула вядро з Браткам Трусам нагару. На паўдарозе вёдры сустрэліся, і Братка Трус, мінаючы Братку Ліса, прасьпяваў:
“Не змачы апранахаў сваіх, Братка Ліс!
Сьвет такі: нехта едзе ўгару, нехта ўніз.
Дык бывай, і жадаю табе я адно:
Каб жывы ты й здаровы даехаў на дно”.
Як толькі Братка Трус апынуўся наверсе, ён пабег да гаспадароў калодзежа і сказаў ім, што ў калодзежы сядзіць Братка Ліс ды каламуціць ім там пітную ваду. Потым ён зноў пабег да калодзежа і крыкнуў Братку Лісу:
“Са стрэльбай гаспадар ідзе сюды!
Як выцягне вядро – ўцякай тады!”
–І што далей, дзядуля Рымус?, – спытаўся хлопчык, калі стары замаўчаў.
–Праз паўгадзіны, даражэнькі, яны абодва ўжо зноў былі на прошчы і працавалі, быццам ніколі і ня чулі пра нейкі калодзеж, толькі Братка Трус час ад часу выбухаў сьмехам, а наш Братка Ліс час ад часу злосна шчэрыў зубы.
2. Як Братка Трус займеў дом
Аднаго вечара спадарычна Сэлі паслала дзядулю Рымусу вялікі тац прысмакаў. Ейны сыночак выправіўся суправаджаць адносчыка і захацеў застацца ў дзядулі Рымуса, пакуль той не павячэрае – спадзеючыся, што пасьля вячэры стары апавядзе яму яшчэ адну казку. Дзядуля Рымус паеў, прыбраўся, зірнуў на хлапчука паверх акуляраў і сказаў:
–Ну, даражэнькі, зь вячэрай разабраліся. А зараз ты сядзі там, а я сяду тут і пакорпаюся ў памяці: можа, мне ўдасца прыгадаць гісторыю пра тое, як наш Братка Трус займеў двухпавярховы дом – і амаль ні гроша пры гэтым ня выдаткаваў.
Тут дзядуля Рымус замоўк і зрабіў выгляд, быццам спрабуе прыгадаць тую гісторыю. Урэшце, ён заўсьміхаўся і пачаў:
–Аднойчы неяк так склалася, што адразу некалькі зьвяроў надумала пабудаваць сабе талакою супольны дом. Сярод талакоўцаў былі Братка Мядзьведзь, Братка Ліс, Братка Воўк, Братка Янот і Братка О’Посум. Пэўна не скажу, але здаецца, што там былі ці ня ўсе, уключна з Браткам Норкам. У кожным разе, было іх да чорта, яны ўзяліся за справу, і, як бачыш, пабудавалі дом – хутчэй за прымгненьне вока! Братка Трус, аднак жа, прыкінуўся, быццам высока на рыштаваньнях яго млосьць бярэ, а ад працы на сонейку ў яго ледзь не паралюш пачынаецца. Затое ён здабыў сабе вугламер, заткнуў за вуха алавік і ўзяўся хадзіць вакол ды вымяраць – усё хадзіў ды вымяраў – ды з такім імпэтам, што іншыя зьвяры думалі: “Гэта колькі ж працы робіць Братка Трус саматугам!” А хто ішоў міма па гасьцінцы, дык тыя казалі, што Братка Трус працавіцейшы за ўсіх іх разам узятых. Але ж Братка Трус увесь гэты час ні каліва не рабіў і мог з тым самым скуткам ляжаць сабе ў цяньку ды вычэсваць з поўсьці блохі. Тым часам іншыя зьвяры пабудавалі дом, і той вам быў не абы-які, а дужа файны – во як, дружа. Ён і паводле сёньняшніх мерак быў неблагі – а на тыя даўнія часы дык пагатоў. Быў у ім першы й другі паверх, адусюль тырчалі коміны, і пакояў у ім хапіла на ўсіх талакоўцаў-будаўнікоў.
Братка Трус выбраў сабе адзін з пакояў на другім паверсе, потым прыдбаў сабе дубальтоўку, прычым з масянжовымі рулямі, а не абы-якую, і занёс яе да сябе дамоў цішком, каб ніхто ня бачыў. Гэтак жа цішком ён прынёс сабе поўныя начоўкі бруднай вады з кухні. Калі ўрэшце дом быў гатовы, а зьвяры пасьля вячэры сядзелі ў гасьцёўні і гаманілі, братка Трус тады пазяхнуў, пацягнуўся і сказаў: “Не крыўдуйце, пайду я, бадай, да сябе ў пакой”. Пакуль зьвяры далей сабе сьмяяліся і балбаталі ў самым сяброўскім духу, Братка Трус высунуў з свайго пакоя галаву і загаласіў:
“Ну і куды тут сесьці такому мажному мужчыну, як я?”
Астатнія зьвяры толькі засьмяяліся й гукнулі ў адказ:
“Калі такі мажны мужчына, як ты, не зьмяшчаецца ў крэсьле, то сядай на падлогу”.
“Ну, глядзіце тады”, сказаў Братка Трус, “бо я і сапраўды зараз сяду”, кажа.
Ды як бабахне з дубальтоўкі! Натуральна, гэта зьвяроў зьбянтэжыла, і яны пазіралі адно на аднаго, нібы кажучы: “Што гэта было, божачка літасьцівы?” Яны прыслухоўваліся, прыслухоўваліся, але шуму больш не пачулі – ну і зноў пачалі сабе гаманіць ды балбатаць. Тады Братка Трус зноў высунуў галаву зь дзьвярэй свайго пакою і заякатаў:
“Ну і куды тут чхнуць такому мажному мужчыну, як я?”
Тады астатнія зьвяры ў адказ пракрычалі:
“Калі такі мажны мужчына, як ты, яшчэ не здурэў, то чхай куды хочаш!”
“Ну, глядзіце сабе”, сказаў Братка Трус, “бо я зараз сапраўды разыдуся і чхну проста вось тут!”, кажа.
І зноў – як бабахне з дубальтоўкі! Шыба ў акне задрыжала, загрукатала, і ўвесь дом скалануўся так, быццам зараз зьбіраўся ўпасьці, а стары Братка Мядзьведзь ажно выпаў з крэсла-гушкалкі: тарабум! Калі зьвяры ўрэшце крыху супакоіліся, Братка О’Посум і Братка Норка ўсталі і сказалі, што Братка Трус, відаць, страшэнна прастыў, таму лепш ім будзе выйсьці падыхаць сьвежым паветрам. Але астатнія зьвяры сказалі, што яны лепш высунуць галовы ў акно; а потым, калі ўжо іхная поўсьць уляглася, яны зноў пачалі мянціць языкамі. Толькі яны як сьлед разгаварыліся, як Братка Трус зноў закрычаў:
“Ну і куды тут сплюнуць жавальны тытунь такому мажному мужчыну, як я?”
Тады астатнія зьвяры ўзлаваліся і зараўлі яму ў адказ:
“Мажны не мажны, плюй куды хочаш!”
А Братка Трус як загалосіць:
“Ну то вось як плюе сапраўдны мужчына!” – і перакуліў з гэтымі словамі начоўкі з бруднай вадою. Як толькі зьвяры пачулі, як вада плюхае ўніз па лесьвіцы – каб вы тое бачылі! – яны тут жа кінуліся з дому прэч. Некаторыя выскачылі праз заднія дзьверы, некаторыя праз галоўныя, а некаторыя нават праз вокны – так ці іначай, паразьбягаліся, хто куды, усе да апошняга.
Тады Братка Трус замкнуў дом, зачыніў усе вокны і пайшоў сабе спаць, нацягнуўшы на вушы коўдру – і спаў як пшаніцу прадаўшы, нікому нічога не вінаваты. Бо калі астатнія зьвяры так напалохаліся, што самі паўцякалі з свайго дому, то скажы ты мне, які Братку Трусу да іх клопат?
3. Чаму ў Браткі Труса куртаты хвост
–Калісьці, – сказаў дзядуля Рымус зь цяжкім уздыхам, зноў сядаючы на сваё крэсла з выглядам засмучэньня й роспачы, – калісьці і Братка Трус хадзіў па сьвеце і памахваў сваім вялізным пушыстым хвастом, і адчуваў сябе знакаміта – ня горш за ластаўку, што акурат злавіла хрушча.
–Ну што ты, ДР! – ускрыкнуў хлопчык, шырока расплюшчыўшы ад зьдзіўленьня вочы. – Усе ж ведаюць, што трусы ня маюць доўгіх пушыстых хвастоў!
Стары зьмяніў позу: ягоная сівая галава схілілася ўніз, і цяпер ён увасабляў глыбокую прыгнечанасьць, якую дадаткова падкрэсьліў стогн, што здаваўся вынікам цяжкой душэўнай барацьбы. Урэшце, ён прамовіў, але так, быццам зьвяртаўся зусім не да хлопчыка.
–Я заўважыў, што свае веды найбольш выстаўляюць напаказ тыя, на каго пры нагодзе акурат нельга спадзявацца. Вось вам і адзін зь іх: ён мяне вінаваціць, маўляў, я сьцьвярджаю, што ў трусоў – доўгія пушыстыя хвасты. А тым часам, бог сьведка, нават калі б я нешта падобнае прысьніў – я тут жа ўварваўся б у свой сон і ўсё перасьніў!
–Але ж, дзядуля Рымус, ты так і сказаў, што ў іх доўгія пушыстыя хвасты, – адказаў хлопчык. – Ты ж сам ведаеш, не адмаўляйся.
–Калі я яшчэ здольны нешта ўтрымаць у галаве, дык, па-мойму, я сказаў, што калісьці і Братка Трус хадзіў па сьвеце і памахваў сваім вялізным пушыстым хвастом. Вось мае словы, і ад іх я не адмаўляюся.
Хлопчык на гэта нічога не сказаў, і дзядуля Рымус працягваў:
–Аднаго дня ішоў Братка Трус па дарозе і памахваў сваім доўгім пушыстым хвастом – ну і на каго ж ён натрапіў, як не на Братку Ліса, які павольна крочыў насустрач зь вялікай вязкай рыбы! Паздароўкаліся яны, і ня хто іншы як Братка Трус сам завязаў гутарку, спытаўшыся, адкуль гэта ў Браткі Ліса такая файная вязка рыбы. А Братка Ліс і кажа: “Налавіў”, маўляў, а Братка Трус тады: “І дзе налавіў?” Братка Ліс: “Ды ў рэчцы, дзе хрэсьбіны ладзяць”, а Братка Трус: “А як лавіў?” – трэба сказаць, што ў тыя часы ім абодвум страшэнна смакавалі гаркушы. Братка Ліс прысеў на бервяно, анягож, і сказаў Братку Трусу, што, каб налавіць багата гаркушаў, трэба толькі пайсьці да рэчкі пасьля заходу сонца, усунуць у ваду хвост і гэтак сядзець, дакуль не разьвіднее – пасьля чаго застаецца хіба што выцягнуць разам з хвастом цэлы абярэмак усякай рыбы, а калі якая з рыб не да спадобы, то шпурнуць яе назад у ваду.
Тут ужо Братка Трус, відаць, не ўтрымаўся й пусьціў сьліну, бо ў той жа вечар выправіўся на рыбалку. На дварэ было досыць халодна, і Братка Трус узяў пляшку бурбону і выдаўся да рэчкі. Прыйшоўшы туды, ён выбраў утульнае месца і прысеў так, каб ягоны хвост быў цалкам у вадзе. Сядзеў ён там, сядзеў, папіваў бурбон, і думаў, што бадай там зьмерзьне, але ж пачало памалу віднець, а Братка Трус такі ня зьмерз. Пацягнуў ён – і адчуў, быццам разрываецца на дзьве часткі, пацягнуў зноў – і на табе, дзе ж дзеўся ягоны хвост?
Настала доўгая паўза.
–Ён адарваўся, дзядуля Рымус?, – урэшце спытаўся хлопчык.
–А я пра што! – пераможна адказаў стары. – Адарваўся, вось таму па лясах цяпер, як ты сам ня раз бачыў, і скачуць трусы з куртатымі хвастамі.
–І ўсе яны такія таму, што іхны продак Братка Трус страціў хвост, калі лавіў рыбу?, засумняваўся хлопчык.
–Менавіта, даражэнькі, – адказаў дзядуля Рымус. – Прынамсі, мне так апавядалі. Напэўна, усе трусы імкнуцца быць падобнымі да свайго таткі.
4. Братка Ліс гантуе страху
Здаецца, гэта Братка Трус першы ўзяў і ўпрыгожыў страху свайго дома шпілем – а там і астатняй жывёле закарцела адрамантаваць іхныя дамы. Некаторыя капалі пад імі скляпеньні, некаторыя павесілі новыя аканіцы, адзін тое, другі сёе – а нашаму Братку Лісу зарупіла пакласьці на страху новыя гонты.
Як дачуўся пра гэта Братка Трус – ну ня мог утрымацца, каб не пайсьці й не паглядзець, як Братка Ліс дае рады. Падышоў ён да дому Браткі Ліса і пачуў гучныя бахі-трахі, а там бачыць – ну скажы каму: Братка Ліс шырока расьсеўся на вільчыку страхі й прыбівае цьвікамі гонты, што мае сілы.
Кінуў Братка Трус вакол вокам – бачыць, каля плоту ў бляшаным кацялку халодае вячэра для Браткі Ліса. І так яна апэтытна выглядала, што як толькі Братка Трус яе ўбачыў – у яго тут жа сьліна пацякла, і ён сказаў сабе, што быў бы рады (то бок абавязаны) зьесьці тую вячэру і толькі тады пайсьці дамоў.
Урэшце Братка Трус прывітаў Братку Ліса і спытаўся ў яго, як той маецца. Братка Ліс адказаў, што ён занадта цяпер заняты, каб гутарыць хоць бы з кім. Братка Трус вазьмі і спытайся ў яго, што ён там робіць наверсе. Братка Ліс яму: “Гантую страху, пакуль пара дажджоў не пачалася”. Тады Братка Трус пацікавіўся ў Браткі Ліса, а каторая гадзіна, на што Братка Ліс адказаў, што для яго асабіста – працоўная. Тады Братка Трус спытаўся, ці не патрэбная Братку Лісу якая дапамога. Братка Ліс на гэта сказаў, што нават калі б яму і была патрэбная дапамога, то ён напрамілы бог не ўяўляе, у каго б ён мог яе папрасіць.
На што Братка Трус падкруціў вус і сказаў, што калісьці меў нечуваны спрыт у абыходжаньні з малатком, і што ён не такі ўжо вялікі пан, каб ня выручыць Братку Ліса ў нявыкрутцы.
Братка Ліс прызнаўся, што ў такім разе быў бы вельмі Братку Трусу ўдзячны – і не пасьпеў ён гэтага сказаць, як Братка Трус скінуў сьвітку і ў два скокі залез па драбінах на страху, сеў і за гадзіну прыбіў больш гонтаў, чым Братка Ліс за дзьве.
Прыбіваў ён іх, прыбіваў, пакуль не стаміўся – і ўвесь гэты час абдумваў, як завалодаць вячэрай. Думае – і прыбівае, прыбівае – і думае. Братка Трус прыб’е адзін радок, Братка Ліс – другі. Прыбіваюць і прыбіваюць. Братка Трус ужо дагнаў Братку Ліса і перагнаў яго, і раптам – прыбівае і бачыць, што на дарозе ягонага малатка апынуўся хвост Браткі Ліса.
Братка Трус падумаў: “Далібог, не разумею, дзеля чаго некаторым такія доўгія хвасты”, – і прыбраў хвост з дарогі. Не пасьпеў ён яго прыбраць, як хвост зноў апынуўся ў Браткі Труса пад носам. Натуральна, што калі такога хітруна як Братка Трус дадзець, ён ня можа не ўчыніць якой-небудзь бяды.
Прыбівалі яны, прыбівалі, і тут – людцы добрыя! – Братка Ліс раптам усё кінуў і заверашчаў:
“Братка Трус, зьлітуйся! Ты ж мне хвост прыбіў! Ратуй, Братка Трус, дапамажы! Мой хвост прыбіты!”
Братка Трус прыплюшчыў адно вока, потым другое, пачухаў лапаю між вачыма і кажа:
“Ды не прыбіваў я твайго хваста, Братка Ліс! Прыгледзься лепей, Братка Ліс! Мяне, Братка Ліс, не надурыш!”
Братка Ліс пачаў вішчэць, якатаць, скавытаць і дрыгаць нагамі.
“Дзеля ўсяго сьвятога, Братка Трус! Ты прыбіў мне цьвікамі хвост! Выцягні цьвікі з майго хваста, Братка Трус!”
А Братка Трус шусь да драбінаў, і як пачаў па іх спускацца, то пазіраў на Братку Ліса так, быццам ну вельмі яму спачувае, і заявіў тады вось што:
“Людцы-людцы! Гэта ж толькі падумаць: каб я прыбіў Братку Лісу хвост, а сам уцёк! У жыцьці, бадай, ня чуў нічога падобнага, што настолькі б мяне засмуціла; і калі б я ня бачыў гэтага на ўласныя вочы, то ніколі б у такое не паверыў – нізавошта!”
Скуголіў Братка Ліс, якатаў Братка Ліс – усё марна. Так і сядзеў ён на даху, бо хвост быў прыбіты сумленна. А Братка Трус балбатаў сабе далей, спускаючыся па драбінах.
“Настолькі засмуціла“, кажа, “што ня ведаю, што мне і рабіць. Толькі я пра гэта пачуў, як у мяне ў страўніку ўзьнікла дзірка“, кажа Братка Трус.
Тут ужо Братка Трус спусьціўся ўніз, і пакуль Братка Ліс скавытаў, той працягваў сабе балбатаць:
“Вялізная дзірка“, кажа, “і калі я нічога ня блытаю, то ў кутку ля плота стаіць бляшаны кацялок з правіянтам, такі ж вялізны, як і дзірка ў маім жываце“, кажа наш Братка Трус.
Адкрыў ён кацялок, анягож, зьеў усю гародніну, зьлізаў поліўку, выпіў юшку, а калі выціраў пыску крысом, то сказаў:
“Нават ня ведаю, ці шкадаваў я ўжо кагосьці так, як цяпер шкадую доўгага і прыўкраснага хваста Браткі Ліса. Вядома ж, мая галава, напэўна, зьбірала ў небе аблочную бавоўну, іначай я б ня ўзяў і не прыбіў цьвікамі такі доўгі й прыўкрасны хвост“, сказаў наш Братка Трус.
Пасьля чаго ён узяў ды паскакаў сабе прэч, а неўзабаве ўжо строіў свае жарцікі недзе на другім канцы вёскі.
–А як жа выслабаніўся Братка Ліс?, – спытаўся хлопчык.
–Ой, за Братку Ліса ты не турбуйся, – адказаў дзядуля Рымус. – Братка Ліс быў вялікі хітрун, найвялікшы пасьля Браткі Труса. Павер ужо мне, што ён даў сабе рады адразу пасьля таго, як Братка Трус зьнік з вачэй і з вушэй.