Пах каніфолі, смак ізастужкі

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

(Практыкаваньні ў хокку)

341.

Начны Пэтржын —
торт са сьвечкамі да
тысячагодзьдзя места

342.

На мабільны
прыйшло паведамленьне?
Зьвініць шкляны імбрык

343.

У гарбаты смак
вады з сушаных грыбоў —
прывід дзяцінства

346.

Дзень прайшоў міма
не патурбаваўшы нас
сваім хараством

347.

Вечар уліўся
ў памяшканьне паціху,
як мэдытоўца

348.

Вецер зрывае
са стрэхаў бляхі быццам
узнагароды

350.
(варыянт ранейшага)

Падкрэсьлівае:
знайшоў памылку ў небе
лятак-спэлчэкер

352.

Сутнасьць буддызму:
спачуваньне ўсім яшчэ
не народжаным

354.

Бы ў школьным гуртку
вітае ў доме Будды
пах каніфолі

355.

Шэсьце за карпаў:
у роце замест ежы
смак ізастужкі

359.

Пашчуся: цела
зазірае ў маладосьць,
а дух у старасьць

360.

За дзевяць дзён бяз
ежы адвучыўся трымаць
лыжку ў руцэ

361.

Хвіліны да канца
посту — як хвіліны да
канца году

362.

Сьнегу за вакном
няма, а мне мроіцца
менская зіма

363.

Адзіна пасьля
коўзаньня на каўзалях
ацэніш хаду

364.

Віла на гары
зьзяе ў вячэрнім сонцы
залатым зубам

365.

Вавёрка ня ў жоўць
мачае пэндзаль хваста
а проста ў сонца

366.

Ружанец — якар:
трымае плоць пры зямлі,
галаву — вольнай

367.

Сонца тоне: з-за
далягляду махнуў нам
складзены веер

368.
(партрэт незнаёмай)

Волас — медны дрот,
роўна ўкладзены, як у
трансфарматары

370.

Зімовы ранак
Каляжы пакрывае
пыл замест сьнегу

371.

Калі сплю, рукі
пад падушкай трымаю
ў баявой стойцы

372.

Горад: пад мапай —
Буддавым парасонам —
тысячы сьветаў

373.

Зала дыхае
ў час трэніроўкі: шум
морскай ракавіны

374.

Опэра: люстру
глынае як прынаду
пашча акулы

376.

Сонца зазірае
ў кватэру: загадвае
здымаць кіно

377.

Кармлю галубоў
каб затаіць ад іх сьмерць
бабкі-вар’яткі

378.

Каляжы за ноч
настаяліся быццам
міскі з гарбатай

379.

Як спалоханы
аблок рыбак круціцца
галава Кафкі

380.

Вясновы парадак
наводжу найперш
у сьвеце каляжаў

381.

Быццам яшчаркі
ажываюць ад вады
чайныя лісты

382.
(Памяці Станіслава Дворскага)

Дачытаў кнігу —
а днямі ня стала
самога паэта

383.

Вецер адлігі:
пецярбурскія хвалі
пасуюць рацэ

384.

На шляху дамоў
не падзялілі мяне
голад і вецер

385.

Падпіты вецер
задзірае спадніцы
ўсім парасонам

387.

Пасьля двух тыдняў
без каратэ — трэніроўка
прынамсі ў сьне

388.

У аблоках
месяц маскіруецца
пад водбліск дня

389.

І ў электрычных
ліхтарах рака бачыць
толькі паходні

390.

Суседзкі міксэр
напявае за сьценкай
няісны шлягер

391.

Між хмараў-крыг
замест адбітку ў вадзе
зьзяе само сонца

392.

Сонца мільгае
між хуткаплынных хмараў
як між вагонаў

393.

Каронавірус:
чытай бязь сьпеху кнігі
зь бібліятэкі

396.

Заляжалы чай
у імбрыку пахне як
могілкі ўвесну

397.

Шкляны збан трэснуў
па швах: ня вытрымаў
зашмат цяпла й смаку

398.

Шкляны збан трэснуў
Сёньня чай паспытала
першай ануча

400.

Закахаўшыся,
слухаю тыя ж песьні:
час — толькі прымха

401.

Жонка робіць
рэсьпіратары з тканіны,
а я з паперы

402.

Першы сьнег прыйшоў
на тры месяцы пазьней:
у сакавіку

403.

Юрась адышоў
каб я мог нарэшце дайсьці
да буддызму

404.

«Напішы хокку,
не фатаграфуй мяне!»,
кажа птушаня

405.

На даляглядзе
хмарачосы! — флёт
камадора Пэры

406.

«Няўжо і ў нас тут
цьвітуць сакуры?» Так і
аказалася

407.

Каронавірус:
усе апынуліся
ў эміграцыі

408.

Дзадзэн уначы:
пакуль неба за вакном
ня зьменіць колер

409.

Кожны дзень сонца!
Прырода радуецца
вылюднеласьці

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Раней пісаў так, як хацеў бы ўмець перакладаць
паэзію кагосьці іншага: нязмушана, амаль сынхронна
патрэбныя словы самі прыцягваліся неадольным магнітам рыфмы
выстройваліся ў радкі ўдоўж сілавых ліній загадзя дадзенага сэнсу
падрыхтаваныя мускулістыя мэтафары чакалі свайго часу ўступіць у сутычку з рытмікай
усё гэта было чароўна як Glassperlenspiel за шклянкай віна з цыгарэтай

наўпроставая трансьляцыя з Бастыліі
паседжаньне Цэнтральнай Вертухайскай Камісіі
старшынюе камэндантша нежнай крэпасьці
на разагрэве з дакладамі выступаюць прадольныя кожнай зь вежаў
паводле іх тэмпэратура агулам па зоне нармальная
ад зэкаў паступіла столькі і столькі подпісаў
за вылучэньне такіх і такіх аўтарытэтаў на пасаду сматрашчага

Прага сёньня гэта такое невялікае беларускае мястэчка
з насельніцтвам каля тысячы чалавек
выбары адбыліся мэрам абралі Ціханоўскую
яна набрала крышку менш за 97 адсоткаў

Ямамота цудоўна разумеў
што галоўнае апірышча ягонай праяпонскай улады
насамрэч не японцы
а самі абарыгены

тыя гістарычна заўжды хацелі людзьмі звацца
у іхным разуменьні гэта значыла звацца японцамі
са знакам якасьці ці ўжо без
а родныя шаманскія рытуалы былі ім да аднаго месца