Практыкаваньні ў хокку
218.
На сёньняшнюю
мэдытацыю набыў
новыя боты
219.
Вецер загадаў
падымацца ў атаку
жоўтай пяхоце
221.
Разрэзаў пакет
буракоў: у нажніц першыя
аплавы
222.
Сінічка — кап, кап
за вакном па гзымсе як
кропелькі дажджу
223.
Рэцэпт на сушы:
на восем скруткаў
тры хокку
224.
Паўлін носіць
на сьпіне рыбіну
зь зялёнай луской
226.
Незабыўны момант
дзяцінства: разьбітае яйка
падае ў малако
227.
Паверхня бліна:
падгарэлая грэчка
рыба без лускі
230.
Мэдытаваў так
доўга што адседзеў
сабе эга
232.
Кпіў з вар’яткі што
карміла з вакна птушак
Цяпер кармлю сам
234.
Самы буддысцкі
занятак: чысьціць ад лайна
дачушчын бот
237.
Чоўны на рацэ —
з гары як лярвы на комлі
хворага дрэва
238.
Як гучыць радок,
які падкрэсьлівае
лятак у небе?
238 а.
Падкрэсьлівае:
знайшоў памылку ў небе
лятак-спэлчэкер.
241.
Гартаеш сябе:
няцотная старонка ўдых
цотная выдых
242.
Ёшыда Кэнко:
ці твае нататкі не
напісаў я сам?
243.
Голуб на карнізе:
страўнік адказвае яму
вуркатаньнем
244.
Званы апоўдні:
доўга ляціць па трубе
тэнісны мячык
245.
Здароў, каўка,
манашка ў чорным клабуку!
І ты на гару?
246.
У вуха ўляцеў
дзявочы сьмех а вылецеў
як дзіцячы
247.
Скласьці парасон
сілком упёршы ў жывот —
зрабіць сэпуку
248.
Упарты струменьчык
прадзёўбвае наскрозь
паверхню чаю
249.
Сіні лёд неба
падрапаны каўзалямі
самалётаў
251.
Сёньня расквітнеў
поўны лотасаў ставок,
Тэцуген Доко
257.
Варочаю ўкол
дрэва вазок з дачушкай:
ветразь і мачта
258.
Уцёк на дрэва
статак белых авечак
ад пчол-цырульніц
259.
Штораз у зубнога
мяне вітае ўсьмешкай
мой чэрап
261.
Чаёўню дзе я
шчэ год таму пісаў раман
зачынілі
263.
Прыляцела мне
памагчы мэдытаваць:
хототогісу
264.
Дождж уначы
пайшоў разам з дажджом
у фільме «Нагарэру»
266.
Маленькі імбрык
нездарма мае форму
матчынай цыцкі
271.
Скура ўдáва:
вісіць панчоха нявесты
ці выпускніцы
273.
Сьпёка! Нат Будда
прагна касавурыцца
на міску з вадой
275.
Кубікі ў місе:
ці то чырвоны кавун,
ці мяса тунца
327.
Бадхідхарма за
дзевяць гадоў праглядзеў
у муры дзірку
330.
«Тут мала сьвятла!»
котка-талісман круціць
пальцам ля скроні
331.
Дзяўчына вучыць
структуры малекулаў:
канджы сусьвету
335.
Тумо падымаецца
па прыступках хрыбетак
як алімпійскі агонь
336.
Кальян булькоча
бы з ванны выцякае
брудная вада
339.
Сонца гуляе
ў ліхтар: спрабуе ўлезьці
ў ліхтарны пляфон
340.
На самым версе
сацыяльнай лесьвіцы:
крукі на дрэве