«Хвілінка», другая і іншая

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

Ігар Бабкоў. «Хвілінка. Другая кніга». Менск, Логвінаў, 2017.

Пісаць ці здымаць другія часткі і наагул працягі твораў, да таго ж уласных, а да таго ж яшчэ і пасьпяховых — досыць няўдзячны занятак, што называецца — самамэтны. Ня так даўно Ігар Бабкоў крышку так панаракаў у інтэрнэце, што «Хвілінка. Другая кніга» — працяг той самай «Хвілінкі», узнагароджанай прэміяй Гедройца ў 2014 годзе, — не зьвярнула на сябе такой увагі, як першая. На жаль, гэта заканамерна, і асабліва ў беларускай сытуацыі, дзе сэнс літПрацэсу (ён жа літЗамак ці літЗамо(ў)к) часта зводзіцца да дасягненьня «ўсенароднага прызнаньня» і «чытацкага посьпеху»: маўляў, атрымаў Гедройца, дык чаго ж ты яшчэ хочаш? Можа, каб кнігі твае чыталі? Хіба сэнсам жыцьця «пасьпяховага аўтара» ня ёсьць заслужаны адпачынак на ляўрах, а адзіным прыстойным заняткам — самаэпігонства?

Апрача таго, існуе распаўсюджаны забабон, быццам другія часткі ну проста заўжды горшыя за першыя — нібы гэта не чытачова ўяўленьне выстраляла ўсе свае эмацыйныя набоі ў першай частцы, а сам аўтар «ня даў рады» стварыць у кнізе настолькі ж «сьвежую» атмасфэру, што ўпершыню. (Адкрыю такім чытачам сакрэт: сэнсам працягаў ня ёсьць узнаўленьне атмасфэры папярэдніх частак.) З гэтага гледзішча я асабіста найвялікшы аматар другіх частак, ужо з часоў «Мушкецёраў» Дзюма і «Алесі» Кэрала. Таму прызнаюся адразу: «Хвілінка. Другая кніга», на маю думку, — адназначна лепшая за проста «Хвілінку». (Гэтак жа як, між іншым, мой «Кінараман» лепшы за ўзнагароджаны Гедройцам «Завяршыць гештальт», канец рэклямнай паўзы.)

Натуральна, «лепшая» тут азначае ў першую чаргу — «іншая», у добрым сэнсе слова. Ну і як такое можа быць? Героі тыя ж, стыль апавяданьня практычна той жа, пазнавальна бабкоўскі (што праўда, нашмат меней курсіву, і гэта радуе: пасьля першай «Хвілінкі» я доўга яшчэ гаварыў і нават думаў курсівам), а зьместам па-ранейшаму ёсьць інтэлектуальнае самакорпаньне, адсылы да ўсё тых жа ўлюбёных аўтараў, нават назва, ліха бяры, амаль тая самая — дык у чым іншая?

Адказваю: у часе, а таксама ў месцы (месцах) дзеяньня. Калі прадстаўнік майго пакаленьня, чытаючы першую «Хвілінку», мог западозрыць аўтара ў такой лёгкай гераізацыі/эстэтызацыі атмасфэры часоў ягонай маладосьці, то бок позьнесавецкага пэрыяду 80-х і пачатку 90-х, то ў выпадку «Другой кнігі» абавязаны канстатаваць: не, усё «так і было». Падзеі — то бок ня столькі падзеі ў традыцыйным сэнсе, колькі час апавяданьня(ў) — пасунуліся бліжэй да цяперашняга, у 90-я і нулявыя, і адпаведна месца дзеяньня зьмянілася зь Менску на Вільню, Бэрлін і прочае «бліжняе і дальняе зарубежжа», з Эўропы ўяўнай на Эўропу меней-болей рэальную — іншымі словамі, пасунуліся бліжэй да канкрэтна мяне. Значыць, мяне і не магло не «зачапіць». Дый, мяркую, ня толькі мяне: у кнізе папросту апісаны час, калі беларусы, незалежна ад месца іхнага пражываньня, узялі ды, не пытаючыся ні ў кога на гэта дазволу, глябалізаваліся. Кожны па-свойму — але ўсе глыбока, сур’ёзна і, хацелася б думаць, надоўга. Пасьля чаго на даляглядзе залунаў прывід «палітычнай суб’ектнасьці».

Што менавіта зачапіла ў «Другой кнізе»? Зноў жа, другая частка: пра Эву Дамініку. Хаця здавалася б, што выдатную першую «віленскую» частку ў выкананьні магутнага аўтаравага альтэр-эго Францішка пераўзысьці ўжо немагчыма. А вось і абламіцеся. Больш за тое: у пэўным сэнсе першая частка «Францішак: словы за вакном» усё яшчэ належыць паводле свайго духу да «Хвілінкі» першай, гедройцаўскай. Быццам напісаная яна менавіта з аглядкай на «завышаныя чаканьні» тых чытачоў, якія пасьля першай кнігі чакалі паўтораньня «таго самага, толькі паболей» — і дачакаліся. А вось другая частка, «Эва Дамініка: лінія фронту» — належыць ужо да другой, прынцыпова іншай (мне так падалося) «Хвілінкі». Другая частка і ёсьць сапраўднай «Другой кнігай».

Не, не шукайце ў Эве Дамініцы ніякіх «жаночых лёсаў», гэта наагул не пэрсанаж — гэта музычны (менавіта музычны) матыў, «дэа экс махіна», пэрсаніфікаваная стыхія часу. Паводле жанру другая частка — інтэлектуальны трылер, адразу зь некалькімі клімаксамі, ад якіх у мяне асабіста цяклі сьлёзы і поўзалі мурашкі па скуры. Там сапраўды адчуваеш сябе, як на перадавой. Але гэта ня значыць, дарагі мой масавы чытач, што там хтосьці кагосьці таямніча забіў, як цябе прывучылі гаўняныя пісакі. Не, з гэтым табе не да Бабкова. Але павер, што чытаецца «Эва Дамініка» на адным дыханьні, як андантэ кон фуоко. Настолькі, што нават калі там раптам зьяўляюцца элемэнты сапраўднага трылера і «сапраўднага» жаночага лёсу («устаўлены аповед» пра фраў Марту), то яны, нягледзячы на ўсе непазьбежныя ў ХХ-м стагодзьдзі атрыбуты «экшану» (сталінізм, Халякост, халодная вайна і нават такое ўсімі любімае забойства) прайграюць у параўнаньні з інтэлектуальнымі прыгодамі «нерэальнай» Эвы Дамінікі ў нябачных эмпірэях. (Я ведаю, што вы падумалі: так, там згадваецца, божа зьлітуйся, страшны наркотык марыхуана, але ён там, на шчасьце, практычна ні пры чым — там ім толькі пару разоў пахне.) Наагул, мажліва, я не чытаў лепшага тэксту менавіта пра музыку — хаця і «Доктар Фаўстус» Мана, і «Перасьледнік» Картасара (вось там пра марыхуану і ня толькі), і «Няўдачнік» Бэрнгарда належаць да маіх улюбёных. І калі б я ня дай бог пісаў трэцюю кнігу «Хвілінкі», кампазытар Эва Дамініка зрабілася б у мяне кімсьці накшталт Марыі Калесьнікавай, клянуся! Гэта да тэмы «нейкая там музыка» і яе ўплыў на Гісторыю зь вялікім «гэ». (Прывітаньне Канфуцыю.)

Дарэчы, пра ўмоўную «Хвілінку трэцюю». Пад канец другой кнігі нечакана зьяўляецца адсутны дагэтуль Багдан і прамаўляе наступнае: «Я абавязкова напішу кнігу. Пра апошняе паўстанне. Раман. Караткевіч не працягнуў свой аповед у ’Каласах’. Не захацеў забіваць герояў. Я раскажу пра тое, што з намі адбываецца, калі гісторыя скончана. Пастаўлены апошнія кропкі».

Не паверыце, але літаральна за некалькі старонак да гэтага пасажу, дачытаўшы «Эву Дамініку», я падумаў, што «Хвілінка» — гэта і ёсьць, насамрэч, нашыя сучасныя «Каласы». Прынамсі, нідзе так добра, як там, пасярэдніцтвам нібыта зусім «не народных» пэрсанажаў, не апісаная перад-Гісторыя таго, што адбываецца сёньня на беларускіх вуліцах. І ня выключана, што толькі пасярэдніцтвам «Хвілінкі» яе можна зразумець да канца. Таму я сапраўды вельмі хацеў бы, каб Ігар не пабаяўся адказнасьці і ўсё ж напісаў гэтую кнігу пра «апошняе паўстаньне» — у якасьці працягу і з тымі ж героямі. І чамусьці ня маю сумневу, што яна будзе яшчэ лепшай за папярэднія «Хвілінкі» — пры той умове, што будзе ня менш праўдзівай за іх.

7.12.2020

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Гэтаму герою не бракуе стылю, густу, мужчынскага шарму, жыцьцёвага досьведу, шчырасьці, ведаў і здольнасьці да іх арыгінальнай інтэрпрэтацыі, — чаго яму бракуе, дык гэта самакрытыкі. Аўтар ну так ужо імкнецца выклікаць да яго/сябе, адыходзячага з сцэны белага й пухнатага старога Акелы, спачуваньне чытача, што ў выніку выклікае хутчэй спачуваньне да ягонага/свайго антыпода — маладога кар’ерыста Імбрыка.

«Сьняжаны», паводле Садоўскага, патрэбныя для таго, каб «зрабіць падводку (няўдалую) да трагедыі былой порнаактрысы»! Смачны выраз, пагадзіцеся, пасьля якога перад вачыма паўстае ну чыстая мэлядрама, якой кніга Сіна, на шчасьце, ня ёсьць, як ня ёсьць ні кібэрпанкам, ні фантастыкай. Кніга Сіна — філязофскі раман, які называецца, калі нехта не заўважыў, «Лібіда», і «прыцягнутая за вушы» тэма цялеснай блізкасьці, плоці, сэксу й г. д. у ім адна з цэнтральных.

Калі параўноўваць «Лотас» зь першай Плоткавай кнігай «Байсан», то росту чыста паэтычнага мы на першы погляд амаль не заўважым. Толькі калі возьмем добрую лупу і будзем загадзя ведаць, дзе гэты рост шукаць.

Няўдалая мэтафара заўжды рызыкуе стаць «тыграбатонам», таму, калі імі злоўжываць, тэкст ператвараецца ў заапякарню. Што ў прынцыпе адрозьнівае няўдалую мэтафару ад удалай? Першай уласьцівыя дзьве рэчы: павярхоўнасьць (непрадуманасьць) і нефункцыянальнасьць (мэтафара дзеля мэтафары, адсутнасьць асаблівага сэнсу ў яе ўжываньні).