Кафка ў касцы, або Д’ябал, запрэжаны ў дэталі

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

Сяргей Дубавец. «Д’ябал, запрэжаны ў плуг». Логвінаў, 2018.

Пачну з аповесьці, якая дала назву кнізе. Фэерычны «фаўстаўскі» пачатак (ён жа канец) меў усе шансы мне спадабацца — і ў прынцыпе спадабаўся, нягледзячы на тое, што аўтар не скарыстаў нагоды пракаціцца па лініі Д’ябал — Фаўстаў дом (які знаходзіцца паблізу месца дзеяньня) — Гётэ — рамантызм — Шванкмаер..., а дарма. Замест гэтага ён выправіўся ў падарожжа па Празе спосабам больш традыцыйным, амаль турыстычным — «на карку» ў Кафкі й Голема. Ну, дзякуй богу, што не Скарыны.

Гэтак жа мела ўсе шансы спадабацца мне і сама аповесьць: сваёй у прынцыпе бессюжэтнасьцю, месцам дзеяньня, паэтычным талентам Дубаўца-назіральніка, ну і, вядома ж, да болю знаёмымі пэрсанажамі, большасьць зь якіх я ведаю асабіста, бо таксама быў цягам прыблізна чатырох гадоў супрацоўнічаў з «Радыё Салярыс». Але...

Асноўнай і адзінай прычынай, па якой аповесьць мне ўсё-ткі не спадабалася, ёсьць сам апавядальнік і галоўны герой, двайнік Дубаўца Ёсіп, оптыкай якога мы бачым сьвет на працягу прыблізна аднаго дня. Гэтаму герою не бракуе стылю, густу, мужчынскага шарму, жыцьцёвага досьведу, шчырасьці, ведаў і здольнасьці да іх арыгінальнай інтэрпрэтацыі, — чаго яму бракуе, дык гэта самакрытыкі. Аўтар ну так ужо імкнецца выклікаць да яго/сябе, адыходзячага з сцэны белага й пухнатага старога Акелы, спачуваньне чытача, што ў выніку выклікае хутчэй спачуваньне да ягонага/свайго антыпода — маладога кар’ерыста Імбрыка (рэальны прататып якога няцяжка ўгадаць і зь якім я таксама асабіста знаёмы).

Абрысуем зыходную сытуацыю: Імбрык прыяжджае ў Прагу стажыравацца на Радыё Салярыс у надзеі атрымаць там сталае працоўнае месца, начальнік беларускай службы Радыё прыстаўляе яго ў якасьці «дзеншчыка» да сябра ягоных бацькоў і радыйнай легенды Ёсіпа, каб той увёў Імбрыка ў «курс маладога байца». За дзень, аднак, Ёсіп настолькі дастае юнака сваёй інтэлігенцкай балбатнёй, тыповай для «пярэстарка» («я не стары!»), што Імбрык пастанаўляе яго забіць — натуральна, «сымбалічна», у якасьці ахвяры падчас рытуальнай зьмены пакаленьняў на варце беларушчыны, — на момант чаго чытач ужо, сапраўды, падтрымлівае гэтую ідэю рукамі і нагамі.

У чым прычына? Што ўжо такога страшнага нагаварыў стараюны мудры Ёсіп смаркачу Імбрыку?

А нічога. То бок усяго — і нічога.

У гэтым, насамрэч, і праблема: як можна столькі гаварыць і нічога прынцыпова новага ці глыбокага, апроч асобных, збольшага мімалётных трапных заўваг, не сказаць?

Чаму мы ўласна мусім спачуваць Ёсіпу? Толькі з адной прычыны: ён у разы «лепшы» (цікавейшы, складанейшы й г. д.) за Імбрыка. Але ж быць «лепшым» (цікавейшым, складанейшым і г. д.) за Імбрыка ну зусім няцяжка — настолькі схематычна, шаблённа, карыкатурна ён намаляваны, прычым намаляваны самім Ёсіпам-Дубаўцом. Аўтар разумее гэта недзе пад канец і нават дазваляе Імбрыку на «свой» адрас некалькі даволі трапных падколак — але ж залішне позна, каб выправіць становішча. На той момант чытач (ну, я) ужо даўно і нават міжволі суперажывае з Імбрыкам, бо ня можа ня бачыць, у якія няроўныя ўмовы ад пачатку пастаўленыя пэрсанажы.

Такім чынам, мы ўвесь час разам з Імбрыкам слухаем споведзь-запавет Ёсіпа-Дубаўца, у якой, апроч абавязковай беларушчыны, не бракуе гарніру: магіі, эротыкі, Кафкі, «Кінг Крымсана», Вівальдзі, Карлавага моста... хаця чамусьці бракуе масонаў... Аднак ужо недзе пасярэдзіне гэтага монаспэктаклю надыходзіць момант, калі чытач (ну, зноў я) сабе кажа: «Стоп. Гэта, вапшчэ, а чом?»

Для мяне асабіста гэты пераломны момант надышоў пасярод гісторыі з Гарэцкім. Там Дубавец напоўніцу разгортвае свой талент містыфікатара — а дакладней, такую сабе зацяглую і досыць нацягнутую мэтафару, якая павінна падкрэсьліць талент Гарэцкага-пісьменьніка — але ж падкрэсьлівае толькі няўменьне (і непамкненьне) Дубаўца прынамсі крышку нападобіць стыль «цытаваных» аўтараў. І аўтараў не абы-якіх: Гарэцкага ў лістах нібыта абмяркоўваюць Бунін і Джойс, Камю і Сартр, Рэмарк і Пруст, Акутагава і Борхэс... Гэта ўсё цудоўна, ліставацца яны ці не маглі, ці ня мелі патрэбы (хаця Камю і Сартр абменьваліся адкрытымі лістамі праз друк), але ня гэта праблема (ну, хіба для старэнькага прафэсара Радзіма Гарэцкага або маладзенькага карыкатурна-дурнога Імбрыка) — для мяне як чытача праблема ў тым, што Бунін, Камю, Рэмарк і Акутагава ўсе гавораць аднолькава: як Дубавец. Адразу згадваю той разьдзел «Уліса», дзе Джойс адзін за адным бліскуча нападабняе гістарычныя стылі ангельскай мовы — добра, такога я ад шаноўнага спадара Сяргея не патрабую, але як можна, уводзячы ў свой тэкст ТАКІЯ пабочныя галасы, няхай сабе пасярэдніцтвам фіктыўных прамоў, настолькі не падбаць пра іхную дыкцыю? Гэта ж пісьменьнікі, маць іх!

Так, гэта крыху складанейшая задача, чым акрэсьліць (бліскуча) пэрсанажа паўтораньнем адной фразы «Як мне нясмачна» — але ж Дубавец з гэтай задачай ну зусім ня парыцца. І менавіта гэтая дробная дэталь — а навошта парыцца? — выдае яго з галавой: насамрэч, сапраўдныя містыфікатары й фальсыфікатары так ня робяць, тыя пра дэталі дбаюць перадусім. Так робяць толькі правінцыйныя пісьменьнікі з разьлікам на правінцыйную аўдыторыю, якая ня здольная ацаніць нюансаў. Усё было б нічога (я ня супраць правінцыялаў), калі б гэтая нядбайнасьць ускосна не падрывала ў корані давер да Дубаўца як да ацэншчыка таленту Гарэцкага (а таксама Кафкі й г. д.): ну навошта мне як чытачу верыць правінцыйнаму пісьменьніку, які гэтак няўклюдна-нехлямяжа спрабуе мяне пераканаць ува ўсясьветным значэньні ягонага (дарэчы, і майго) улюбёнага аўтара? Няўжо ж сам спадар Сяргей не да канца верыць у гэтае значэньне, што спрабуе «падмацаваць» яго такімі дзіўнымі мэнтальнымі канструкцыямі? І калі ўжо пра тое зайшло: каму яна трэба, наагул, гэтая «ўсясьветнасьць», каб яе камусьці даказваць?

Ну, як каму: нам, правінцыялам...

Тое самае адбываецца ў выпадку з Кафкам: каб «дэканструяваць» ягоны міт, Дубаўцу «дастаткова» адной старонкі й пяці пунктаў, зь якіх кожны наступны больш спрэчны за папярэдні. Кафка ў яго і спартовец (так, ён нібыта добра плаваў — але сам сябе ўспрымаў іначай, гл. «Ліст бацьку»), і лавэлас (які зь нейкай прычыны быў вымушаны хадзіць да прастытутак — можа, ён і пісаў падчас сэксу?), і прыдумаў працоўную каску для рабочых (мякка кажучы, нідзе і нічым не пацьверджаная інфармацыя, як сказалі б на Радыё Салярыс, да таго ж «ня вельмі важная», як сказаў бы Ёсіп), і ў Празе ёсьць ягоная статуя, што сікае на ўсе бакі (няма: на тэрыторыі музэя Кафкі ёсьць інсталяцыя Давіда Чэрнага з двума мужчынамі, што сікаюць у басэйн перад сабой, і пра яе ўжо пісаў беларускі пісьменьнік Алесь Паплаўскі)... Такое адчуваньне, што аўтар ці то недаацэньвае ўсёй маштабнасьці міту пра Кафку, ці то яму любым коштам хочацца быць арыгінальным, ці то паказаць свой — то бок, вядома ж, Гарэцкага — усясьветны ўзровень...

Недзе тут для мяне крыецца адказ на зусім не наіўнае пытаньне Імбрыка: «Як так, што Дубавец адны міты разбурае, а іншыя стварае?» А менавіта так і разбурае: гэтак жа недыхтоўна і несур’ёзна, «левай нагой», як і стварае. Гуляючыся. У выніку ягоныя «містыфікацыі» аказваюцца абсалютна празрыстымі, а міты — абсалютна неверагоднымі, хіба што чытач загадзя гатовы ў іх паверыць. Але ж містыфікаваць/міталягізаваць таго, хто ўжо сам загадзя містыфікаваны/міталягізаваны — гэта як пераконваць перакананага...

У сапраўднасьці, містыфікацыя й мітатворчасьць — рэчы ня менш сур’ёзныя за гумар. Больш за тое, адкрыю «таямніцу»: мітаў наагул не ствараюць асобныя людзі, асобныя людзі ўмеюць толькі хлусіць (у лепшым выпадку — містыфікаваць). А вось калі яны хлусяць/містыфікуюць умеючы (у чым і палягае праца пісьменьніка — або палітыка), то іхная хлусьня адпавядае патрэбам масаў і толькі тады становіцца мітам. У гэтым сэнсе спроба стварыць «міт» пра ўсясьветна вядомага Гарэцкага, на жаль, ня мае шансаў — ня кажучы ўжо пра Кафкаву каску. Паверыць у такое могуць, сапраўды, толькі стары прафэсар або Імбрык. Дык няўжо кніжка сапраўды адрасаваная імбрыкам? То, можа, варта так і пісаць на вокладцы — «Постмадэрн фор дамміз»? «18 мінус»? Маўляў — чытайце, сысункі, для вас і гэта залішне разумна?

Фактычна, я закідаю тут Дубаўцу-празаіку тое, што ў далёкіх 90-х закідаў (у думках) Дубаўцу-эсэісту і Дубаўцу-галоўрэду «Нашай Нівы»: недадуманасьць і непрадуманасьць асобных ягоных цьверджаньняў, якія кідаюць цень на іншыя, дадуманыя і прадуманыя ягоныя цьверджаньні. То бок вядзецца, хутчэй за ўсё, пра нейкую сталую рысу шаноўнага спадара Сяргея: наконт пэўных рэчаў ён проста ня парыцца. Той жа беларушчыне, паводле ягонага Ёсіпа, нічога не пагражае і ніхто яе не прасіраў: беларусы, маўляў, і так вернуцца да беларускай мовы, нікуды ня дзенуцца — то навошта парыцца? Сапраўды... Калі гэта і ёсьць жыцьцёвая мудрасьць, то нічога асабліва мудрага я ў ёй, ну проста як той імбрык, ня бачу.

Дарэчы, з той жа прычыны, што сп. Сяргей ня парыцца зь пісьменьнікамі, ягоны Ёсіп ня парыцца з калегам Юрам Дракахрустам — а менавіта ў лазьні на 12-м паверсе гатэлю «Дон Джавані». Рэч у тым, што Дракахруст, як матэматык, ня схільны верыць у кожную прыдумку і надае дробным дэталям тую ўвагу, якой яны заслугоўваюць. Таму пэрспэктыва застацца ў лазьні сам-насам з Дракахрустам, таксама не абы-якім інтэлектуалам, магла б для прастарэкі-пярэстарка Ёсіпа абярнуцца сапраўдным сартраўскім пеклам.

Ці ня гэта, уласна, сапраўдная прычына таго, што Ёсіп аддае перавагу таварыству Імбрыка, які ня толькі загадзя яго паважае, але й верыць яму, як хадзячай Вікіпэдыі? Што ж, кожны выбірае сабе сапернікаў паводле сябе... Менавіта тут як найлепей відаць, што аўтару прыдалося б больш крытычнае стаўленьне да сябе, як і больш справядлівая ацэнка маладзейшых за яго генэрацый.

Але, вядома ж, у кароткі сьпіс леташняй прэміі Гедройца — дзе «Д’яблу» паводле яго значнасьці насамрэч было месца, як паводле надзвычайнай чытабельнасьці і ў сьпісе прызёраў, — кніга ня трапіла зусім ня праз такія «дробязныя» прыдзіркі, як мае. І (хацелася б думаць) не праз тое, што прататыпы апісаных у аповесьці радыйных пэрсанажаў, якія лічаць сябе неўявеннымі інтэлектуаламі і шэрымі кардыналамі, скарысталі нейкія свае «рычагі ўплыву», каб адпомсьціць аўтару. І не праз традыцыйную няўвагу нашых ну папросту прафэсійна недалёкіх псэўда-крытыкаў, якія заўжды гатовыя абвясьціць «творам дваццацігодзьдзя» любую х... ту, пры ўмове, што ім за гэта заплаціць тое ж радыё...

Мяркую, сапраўдная прычына ў тым, што асноўны пасыл кнігі застаўся не зразуметы, бо залішне завуаляваны ў доўгіх гутарках на прыўкрасныя тэмы. Прычым завуаляваны — сюрпрайз! — настолькі ж па сутнасьці нядбайна, як і ў выпадках Гарэцкага і Кафкі. Ну каму, апроч Імбрыкаў, і галоўнае навошта патрэбныя дзіцячыя развагі пра субвэрсійнасьць савецкіх дзіцячых показак пра сонца і японца? Ці канстатацыя таго, што літаратура — гэта не жалезны стол? Ці пераказ хрэстаматыйнай п’есы Сартра «Пры зачыненых дзьвярах»? Ці «адкрыцьцё» фрыкцыйных рухаў у кампазыцыі «Кінг Крымсан»? Ці нацягнутая «прахладная» гісторыя пра тое, што ў Беларусь трэба вяртацца, бо статую сьвятога Пракопа забралі з Карлавага моста на рэстаўрацыю? (На рэстаўрацыю забралі копію, арыгінал з даўняга часу знаходзіцца ў так званым ляпідарыюме, а ляпідарыюм — на Вышаградзе, дзе нашыя героі прагульваюцца, нічтожэ сумняшася і чамусьці зусім ня згадваючы пра Пракопа, толькі пра оргіі князёўны Лібушы.) Усё гэта павінна, напэўна, стварыць у чытача ўражаньне рознабаковасьці галоўнага пэрсанажа-апавядальніка — і ўсё гэта толькі ўсыпляе, асабліва пасьля відавочных «праколаў» з Гарэцкім і Кафкам...

Адным словам, расчараваньне. Але, дзякуй аўтару, расчараваньне сапраўднае, шчырае і балючае — а ня проста палёгка ад таго, што дачытаў. Бо тэкст і праўда абяцаў шмат... І я нават падумаў, ці ня варта перакласьці яго на чэскую, для пражанаў...

А яшчэ болей абяцалі два пачатковыя апавяданьні: адно — «Вайна і мір. Справаздача», падпісанае імем Марціна Віктаровіча, другое — «Жэнэўеў». І калі першае — даволі ўдалая і проста добра напісаная гумарэска, то другое — сапраўдны шэдэўр, тэмай якога ёсьць сьмерць і саторы. Як было пасьля такога не спадзявацца на «Д’ябла»...

Борхэс (чаго ня ведае большасьць нашых празаікаў, якія мрояць сябе раманістамі) любіў малыя формы за тое, што ў іх, маўляў, ня зробіш столькіх памылак, як у вялікім творы, таму ёсьць шанс давесьці іх да дасканаласьці. У апавяданьні «Жэнэўеў» Сяргею Дубаўцу гэта, на маю думку, удалося. Рэдкі выпадак у нашай сучаснай літаратуры, якая, як той казаў, цягам апошніх 25 гадоў настварала нашмат больш нявартага, чым вартага.

4.01.2020

P. S. Перачытаўшы, я ўбачыў, што забыўся пра важны момант: а ў чым ён, уласна, той самы не зразуметы і не пачуты асноўны пасыл аповесьці, які надае ёй такую значнасьць? Можа здацца, што яго там і няма, што «Д’ябал» — выключна плён нейкай «перастарэчай» крыўды выкшталцонага аўтара-героя на маладую генэрацыю, але гэта далёка ня так. Натуральна, для кожнага чытача пасыл кнігі будзе палягаць у чымсьці іншым, таму я не пабаюся падзяліцца з вамі сваім «спойлерам»: пасыл аповесьці для мяне акурат у тым, што няма гатовых пасылаў, кожны стварае іх для сябе сам, і галоўны сэнс — у гэтым (сама)стварэньні, а не ў «пасылах».

Воляю супадзеньня, паралельна з чытаньнем аповесьці Дубаўца я пісаў артыкул пра «Адвечным шляхам» Абдзіраловіча, і мушу сказаць, што абодва тэксты наклаліся адзін на адзін надзвычай арганічна. Нездарма Дубавец (між іншым, аўтар прадмовы да аднаго з выданьняў Абдзіраловіча) у аповесьці прыпісвае аўтарства «Адвечным шляхам» свайму ўлюбёнаму Гарэцкаму — гэтая ягоная містыфікацыя з усіх вышэй пералічаных мае найбольшае абгрунтаваньне («унутраную лёгіку») і найболей падобная да зародку патэнцыйнага міту.

«Творачы — зруйнуем», заканчвае сваё эсэ Абдзіраловіч. Гэта і ёсьць, напэўна ж, той запавет, пад які падпісваецца і наш аўтар — руйнавальнік адных мітаў і, зь пераменным посьпехам, творца іншых. Але, што галоўнае — творца-іррэдэнтыст, містычным чынам упэўнены, што раней ці пазьней пераможа, што ён здольны спыніць час, скочыць «проста з моста» ў вечнасьць... Такі сабе вечна юны філёзаф (як вечна маладыя Абдзіраловіч, Вальтар, Багдановіч), у душы маладзейшы за «Імбрыкаў», беларускі Заратустра, а мо і беларускі Ладзіслаў Кліма — адзін з галоўных творцаў чэскай сучаснасьці, які спрабаваў зруйнаваць традыцыйную чэскасьць...

Спадзяюся, што наступным разам, наведаўшы Прагу, Дубавец сустрэнецца тут і з Клімам, і з Вальтарам, і з Фаўстам — а ня толькі з Кафкам у касцы зь імбрыка. І што тое, што ён напіша пасьля, будзе належна зразуметае і ацэненае.

5.01.2020

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

«Сьняжаны», паводле Садоўскага, патрэбныя для таго, каб «зрабіць падводку (няўдалую) да трагедыі былой порнаактрысы»! Смачны выраз, пагадзіцеся, пасьля якога перад вачыма паўстае ну чыстая мэлядрама, якой кніга Сіна, на шчасьце, ня ёсьць, як ня ёсьць ні кібэрпанкам, ні фантастыкай. Кніга Сіна — філязофскі раман, які называецца, калі нехта не заўважыў, «Лібіда», і «прыцягнутая за вушы» тэма цялеснай блізкасьці, плоці, сэксу й г. д. у ім адна з цэнтральных.

Лёс нейкіх папер, пры ўсёй павазе да іх —
зусім ня тое, што мусіць звацца трагедыяй.
Калі лёс рукапісаў успрымаецца як трагедыя —
значыць, яны пісаліся дарма

Ўітмэн і Ніцшэ ўбачылі пад парэшткамі хрысьціянска-рамантычнага суб’екту нешта іншае. Ніцшэ ўбачыў мінуўшчыну, перадусім антычную, зь яго дахрысьціянскім, экстатычным, дыянісійскім, гераічна-боскім «я», а таксама будучыню — Звышчалавека. Ўітмэн убачыў «усяго толькі» сучаснасьць, але не як (гістарычны) час, а як Вечнасьць, як «сынгулярнасьць», еднасьць усіх часоў і асобаў у момант тут-і-цяпер.

а яна хацела акурат таго што і атрымлівала
проста ўвагі
яна верыла што зьвяртацца да кагосьці гэта насамрэч быць зь ім
такі кшталт прафэсійнай дэфармацыі
«у праскай студыі з вамі Вольга Караткевіч»