Люцыпар, злазь — прыйшла Ліліт!

сучасная беларуская крытыка, сатыра, фэнтэзі, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Юлія Шарова. Вяртанне Ліліт. Выдавец А.М. Янушкевіч, 2018.

«Усе шчаслівыя сем’і падобныя адна да адной, кожная нешчаслівая сям’я нешчаслівая па-свойму», — пачаўшы гэтай афарыстычнай фразай свой раман, Леў Талстой далей разгортвае перад чытачом доказы гэтага сцвярджэння.

У наш час пісьменнік сабе такога простага падыходу дазволіць не можа, бо ён (як і дасведчаны чытач) і пра постмадэрн ведае, і «Крымінальнае чытво» бачыў...

Менавіта таму, мабыць, асноўная фраза (якая ў талстоўскім ХІХ стагоддзі стаяла б у рамане на самым пачатку) у кнізе Юліі Шаровай «Вяртанне Ліліт» вынесеная ажно на 51-ю старонку: «Мужчыны рэдка бываюць святымі, а вось дэманаў сярод іх процьма — гэта Ліліт ведала ад моманту стварэння Сусвету».

Уласна кажучы, гэтую ідэю і спрабуе давесці аўтарка цягам раману. Даўжэзная калона агідных і непрыемных мужчын шыхтуецца перад вачыма чытача: начальнік Упраўлення высокай маралі МУС Васіль Мікалаевіч Зайчыкаў (ён марыць пра дамінактрыкс і п(р)а(д)казальна таму пераследуе іншых прастытутак), Генка, Дзяніс, кіроўцы-дальнабоі, расейскія бізнэсоўцы... І на чале гэтага шыхту — журналіст газеты «Наша нядоля» Юрась Карповіч са сваім гіпертрафаваным ПУЗам (пачуццём уласнай значнасці).

У абарону аўтаркі трэба сказаць, што ў суцэльным мужаненавісніцтве яе не абвінаваціш. Шарова ў сваім рамане не прытрымліваецца ні мізандрыі, ні мізагініі — перад намі сумленная мізантропія, дзе аднолькава пагарджаюць прадстаўнікамі абодвух палоў. Жанчыны рамана — гэта асобны паноптыкум не вельмі разумных персанажаў, узначалены блогеркай Галяй Плавінскай. Асоба гэтая паказаная карыкатурна, здзекліва, без нейкага каліва аўтарскай сімпатыі — адна сцэна з нясвежым станікам, закінутым на жырандолю дзеля эфектнага фатаздымку ўжо дастаткова маляўніча характарызуе яе.

Такім чынам, «усе мужыкі — казлы, усе бабы — дуры». І калі бабы часам дуры не ад нараджэння, а ў выніку няўдачы ў каханні (не той партнёр трапіўся на жыццёвым шляху), то мужыкі ў гэтым сэнсе разнастайнасцю не блішчуць.

У чалавека, які яшчэ не чытаў «Вяртанне Ліліт», можа ўзнікнуць пытанне: дык ці ёсць у гэтым рамане пазітыўныя персанажы?

Анягож! Толькі ва ўсіх іх ёсць адна асаблівасць — моцная повязь з іншым светам. У сэнсе, пазітыўным персанажам-мужчынам можа быць хіба што сасланы на Зямлю анёл кшталту Лукаша (мы ж цвёрда памятаем: «Мужчыны рэдка бываюць святымі»), альбо Уратаваная Жанчына кшталту Веранікі. Зрэшты, тое, што без інфернальных або сакральных сілаў не абыдзецца, дэкларавалася яшчэ ў назве.

Ліліт з усімі ейнымі пераўвасабленнямі — асноўны персанаж і рухавік рамана. Гэта той літаратурны бунтаўнік, якім рамантыкі ХІХ стагоддзя малявалі, напрыклад, Люцыфера. Дух Ліліт, асуджаны на пастаянныя ўцелаўленні, з’яўляецца ў цяперашні Менск — у той горад, дзе ў снежні 2010-га жорстка разганяюць Плошчу пасля выбараў, а ўвесну 2011-га — хапаюць людзей за апладысменты на маўклівых акцыях.

Закінуць патойбаковую істоту ў сучасны аўтару свет — прыём не новы. (У фантастыцы на такой калізіі пабудаваны цэлы жанр «пападанцаў», якія трапляюць у мінуўшчыну, будучыню або паралельны свет.) Мне на памяць найперш прыйшоў раман Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта». На гэтую ж паралель схіляе наяўнасць у «Вяртанні Ліліт» ката Мурмура, які кантактуе не толькі з Ліліт, але і са звычайнай (хоць і ўратаванай) жанчынай Веранікай. Вось толькі лёгкіх булгакаўскіх пакепліванняў у «Вяртанні Ліліт» не знойдзеш — тут нават сатыра пырскае атрутай сарказму, а не абмяжоўваецца паблажлівай усмешкай. Гэта не плюс і не мінус — гэта проста розныя падыходы.

А вось містычныя матывы, якія ўжывае Шарова ў сваім рамане, вартыя бадай што больш грунтоўнай размовы. І не толькі на прыкладзе «Вяртання Ліліт». Беларуская рэчаіснасць закальцавалася ў бясконцы Дзень Сурка, з якога самі жыхары краіны вырвацца не могуць, а звонку чакаць дапамогі — дарэмна. Застаецца спадзявацца толькі на ўмяшанне нейкіх тагасветных сілаў, якія дапамогуць зрушыць з месца гэты воз. І тут у адной запрэжцы ідуць Шарова і, напрыклад, «Беларусалім» Паўла Севярынца.

Ці можна пісаць пра сучасную Беларусь, не звяртаючыся па дапамогу deus ex machine? Думаю, такі празаік, як Андрэй Федарэнка, адказаў бы ўпэўнена: «Можна!» Праўда, святла ў канцы таго тунэлю мы б так і не пабачылі. А вось Шарова ўсё ж пакідае хоць кволенькую, але надзею...

Калі мераць якасць (моўную здатнасць, уменне пабудаваць сюжэт, захапляльнасць і г. д.) тэкстаў беларускай літаратуры ў нейкіх адзінках, то каго іншага ўзяць за эталон, як не самага папулярнага і паспяховага празаіка сучаснасці Віктара Марціновіча? Дык вось, калі лічыць ва ўмоўных «марціновічах», то раман Шаровай можна каціраваць ажно ў трох такіх адзінках.

Такім чынам, хацелася б спадзявацца, што ў дзень выхаду наступнага рамана Шаровай па яго выстраіцца чарга ў як мінімум шэсцьсот чалавек. Абодвух палоў.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

«Ноч» Марціновіча не просіцца быць разабранай на цытаты — яна сама складаецца з цытатаў: Уладзімір Караткевіч, Харукі Муракамі, Віктар Пялевін, Рэй Брэдберы ды безаблічны і бясконцы галівуд. Пытаннем «Гэта яшчэ літаратура ці кінасцэнар для баевіка катэгорыі „В“?» нават не задаешся, бо адказ адчуваеш нутром: аўтар спрабуе прадаць нам кінасцэнар, ад якога адмовіліся прадзюсары.

Ні аўтар, ні яго прыхільнікі не хаваюць, што зладзілі кампанію пад умоўным лозунгам «Галасуй за хрысціянскі раман». І для мяне менавіта гэтая перамога — найлепшы аргумент супраць усялякіх «прэмій чытацкіх сімпатыяў» у Беларусі.

«Перакулены дэтэктыў», у якім імя злачынцы вядомае загадзя, — прыём не новы і не арыгінальны. Ці дадае ён штосьці раману Гапеева? Пытанне даволі спрэчнае. Мне здаецца, можна было абысціся і без яго, бо матыў расплаты за грахі ў «Пазле» і так відавочны.

Раман Сяргея Балахонава «Бог кахання Марс» меў бы ўсе шанцы стаць актуальным бэстсэлерам на фоне COVID-19, калі б не рэвалюцыйныя падзеі ў Беларусі. Зрэшты, калі не ў беларускім кантэксце, дык, можа, у замежным?