(Ліст да Сусвету)
Дарагі Сусвеце!
Я жыву не першы год і таму не па чутках ведаю пра Тваё пачуццё гумару і непаўторную іронію. Але, шчыра кажучы, я не падазраваў, што Ты так пільна прыслухоўваешся да маіх словаў, каб падлавіць мяне на іх.
Каюся: калі я пісаў пра беларускіх літаратараў Марцірэвіча і Бахановіча, я меў на ўвазе сюжэты і характары герояў прозы Віктара Марціновіча (умоўнае «што») у спалучэнні са стылістычнай адгабляванасцю прозы Альгерда Бахарэвіча (умоўнае «як»). То бок, узяць лепшыя рысы ад абодвух.
Ты, Сусвеце, скарыстаўся маім недасканала сфармуляваным пажаданнем і вырашыў пасцябацца з яго: Віктар Марціновіч выдаў новы раман «Ноч» — сваю відзежу постапакаліптычнай Беларусі.
Постапакаліпсіс — з’ява ў беларускай культуры незашмальцаваная, аўтарамі не абсмактаная. Але ж гэта толькі ў беларускай, бо ў сусветнай літаратуры і кінематографе варыянтаў постапакаліпсісу столькі, што задзяўбешся выбіраць найбольш прывабны/агідны/жорсткі фінал для чалавецтва.
Аднак выглядае на тое, што Марціновіч вырашыў стаць заснавальнікам беларускага літаратурнага постапакаліпсісу, кіруючыся прынцыпам, які ў Савецкім Саюзе гучаў немудрагеліста і лапідарна: «Дзякуй богу, не ў Амерыцы жывем». У тым сэнсе, што можам напісаць самі штосьці гэткае... не горш за...
Праўда, куды чытач мусіць засунуць сабе ўвесь набытак прагледжаных галівудскіх фільмаў на адпаведную тэму, застаецца незразумелым: мы ж усё адно ведаем навязлыя ў зубах сюжэтныя хады.
«Ноч» Марціновіча не просіцца быць разабранай на цытаты — яна сама складаецца з цытатаў: Уладзімір Караткевіч, Харукі Муракамі, Віктар Пялевін, Рэй Брэдберы ды безаблічны і бясконцы галівуд. Пытаннем «Гэта яшчэ літаратура ці кінасцэнар для баевіка катэгорыі „В“?» нават не задаешся, бо адказ адчуваеш нутром: аўтар спрабуе прадаць нам кінасцэнар, ад якога адмовіліся прадзюсары.
Рэдкія старанні бліснуць дасціпнасцю і выдаць нейкі ўласны жарт (кшталту «Матрыярхат Зялёны Луг» або «Народная рэспубліка Кальварыя») сітуацыю не ратуюць.
З другога боку, нельга не згадаць і прымаўку пра тое, што з кепскай літаратуры можа атрымацца неблагое кіно. Таму аўтару можна параіць звярнуцца з заяўкай на «Беларусьфільм», калі ўжо іншыя прадзюсары адмовіліся...
Зрэшты, на чытачоў Марціновіча ўсе гэтыя развагі наўрад ці паўплываюць: Віктар — модны аўтар, чые раманы чытаюць і піяраць незалежна ад іх якасці. Сам жа пісьменнік (як і іншыя беларускія літаратары) толькі крыўдліва крывіць вусенкі на крытыкаў, якія чарговы раз не разабраліся ў ягоным шэдэўры і недаацанілі яго.
...Дарагі Сусвеце! Я спадзяюся, што цяпер ты дакладна разумееш усе мае намеры і пажаданні. І калі ты ўжо другое стагоддзе чуеш енкі на тэму «Адны беларусы нікога не маюць, дык хай жа будзе хоць...», то я лепш пагаджуся на Марціновіча, чым на Марцірэвіча ў тваім гумарыстычным выкананні.