САБАКАЕД З НЭРУДАВАЙ
У скляпеньні дому з адрасам Нэрудава 51 жыве сабакаед, чые вокны з другога боку выходзяць на дворык, які месьціцца на шмат соцень мэтраў ніжэй за ўзровень вуліцы. Сабакаед цэлы тыдзень ходзіць з двума сьвінарэзамі за поясам, але калі ўзімку холадна, як цяпер, іх не відаць. Ён выглядае тлустых сабакаў, але задаволіўся б і малым цюцькам. Вэраніка Лопаткава сядзіць у школе за партай з хлопчыкам, чыю тэлевізійную таксу зжэр сабакаед: такса прыносіла сям’і гадавы даход у шмат соцень тысяч крон, так што сям’і было цалкам анігадкі, але цяпер сям’я церпіць ад галечы.
Калі сабакаед забівае сэнбэрнара, то ў шынку “Ў двух сонцаў” цэлы тыдзень падаюць гуляш. Калі яму трапляюцца меншыя псючкі, то зь іх зьдзіраюць скуру й прадаюць у шынку пад выглядам сардэлек у воцаце. Адмысловы стасунак зьвязвае сабакаеда з сонцаўскім Эманам, аднак пра гэта пазьней.
Ходзіць ён і ў “Барачніцкую рыхту”.
АНГЕЛЬСКАЯ РУСАЛКА АЗЁРНАЯ
У Англіі непадалёк ад Лондану жыве ў возеры Азёрная русалка. Русалку ў возеры грэе газавая грубка, якая гарыць вельмі добра, бо яе трубкі несупынна прамываюцца вадою. У адрозьненьне ад грубкі Бонды, якая несупынна ня грэе. У грубцы ў Бонды – інжынэр Кнап. Аднойчы інжынэр Кнап прыйшоў да Бонды і засунуў галаву ў грубку. Галава там і засталася, таму інжынэр Кнап ходзіць з таго часу безгаловы. Ён працуе ў дасьледніцкім інстытуце кіраваньня, таму гэта яму не замінае. Галава інжынэра Кнапа ляжыць у газавай грубцы Бонды й не дае ёй працаваць. Перадусім, страшэнна крычыць. Калі грубку распаліць, галава галёкае: “Піва! Піва!”, і Бонды вымушаны ліць усярэдзіну піва праз маленечкую дзюрку, што ў грубкі наверсе. Аднак гэтак ён залівае агонь і пасьля мерзьне.
Таму сёлета ўвосень Бонды выклікаў да грубкі Кукала. Кукала называюць “Бонды для бедных”, бо ён носіць маленькую шапачку, тым часам як Бонды – вялікую. Носіць Кукал і вялізны кавальскі фартух, увесь з тлустай скуры, і той сягае яму да самых мыскоў. Валасы ў яго доўгія, да самай задніцы, а барада – да самай пярэдніцы, і калі зімна, ён хутае цела ў бараду нібы ў швэдар. Ходзіць ён у драўляных чаравіках, таму гучна тупае.
Калі Кукал прыйшоў да Бонды, то сказаў страшным голасам: “Гу-гу-гу – дзе тая грубка?!” Бонды сказаў: “У куце”, а Кукал тройчы тупнуў, маўляў, зараз ён ёй пакажа. У той момант грубка разгарэлася як шалёная, і Кукал сышоў.
Праз тыдзень грубка зноў перастала гарэць. Бонды паклікаў Кукала. Але ж прыйшла толькі Кукаліха й сказала: “Гу-гу-гу – дзе тая грубка?!” І грубка тут жа разгарэлася, як шалёная.
Але ж праз тыдзень грубка зноў перастала грэць. Бонды сеў пісаць Кукалу ліст. Узяў вялізны аркуш паперы й напісаў вялікімі літарамі:
КУКАЛ – БОГНІЦЫ – ЭЎРОПА
Убачыўшы гэта, грубка разгарэлася, як шалёная. Бонды ўзяў ліст, узяў матузок, павесіў ліст на матузок і прыбіў яго да столі, каб грубка добра той ліст бачыла. Грубка вельмі баялася й гарэла, як шалёная.
Але праз два тыдні грубка перастала баяцца й згасла. Бонды ўзяў і пайшоў па Кукала. Прывёў Кукала, на якім былі маленькая шапачка, кавальскі фартух да мыскоў, валасы да самай задніцы, барада да самай пярэдніцы й драўляныя чаравікі – Кукал заняў увесь дзьвярны прахон і гукнуў: “Гу-гу-гу – дзе тая грубка?” Грубка страшэнна пералякалася й разгарэлася, як шалёная, але Кукал узяў кавальскі молат і разгваздаў яе.
З таго часу грубка Бонды не абцяжарвае.
Ангельская русалка азёрная адметная толькі тым, што яе ніхто ніколі ня бачыў і што на грубцы яна пячэ грэнкі.
КАШЧЭЙКА
Кашчэйка жыве на адрасе Нэрудава, 51. Замест галавы ў яго – голы чэрап, таму яго і завуць Кашчэйка. Тым ня менш, яму ўсяго дзесяць гадоў. У шынок ён заходзіць, схаваўшыся пад вялізным капюшонам, таму адразу яго нельга пазнаць. Потым ужо ён, як вып’е шмат куфляў піва, дык скідае капюшон, і ўсе нямеюць ад жаху. З гэтага Кашчэйка карыстае й сыходзіць у іншы шынок, не заплаціўшы.
Бывае, Кашчэйка забываецца насунуць капюшон і ўваходзіць у шынок “У двух сонцаў” з голым чэрапам. У ягонай хавалцы – драточкі, да якіх прымацаваныя ягоныя вочы, і калі ён засоўвае руку ў хавалку, то спачатку зацягвае ўсярэдзіну адно вока – застаецца пустая вачніца – а потым другое вока – і застаецца яшчэ адна пустая вачніца. Пасьля гэтага ён моўчкі сьвідруе поглядам абедзьвюх вачніц шынкара Франту – так доўга, дакуль той, зьліхаманены жахам, не налье яму піва.
Улетку, пакуль Бонды быў у Англіі, Кашчэйка ўлез у ягоную кватэру і адразу ж сваім жудасным нюхам пранюхаў, што ў салатніцы Бонды хавае свой дыплём чарадзея. Кашчэйка тут жа накінуўся на дыплём і пачаў драць яго кіпцюрамі. Але паколькі дыплём зроблены з пэргамэнту й напісаны ад пачатку да канца на лаціне, то Кашчэйка страшэнна спалохаўся, што гэта нейкая чарадзейная кніга, і ўцёк.
МАРАЎСКІЯ ПРЫВІДЫ
Ніякія мараўскія прывіды навуцы не вядомыя. Яны сустракаюцца толькі ў Празе на Белай гары. Там у сьцяне вакол былога панскага парку замураваныя апошнія мараўскія ваяры з часоў трыццацігадовай вайны. Калі выправіцца туды ў поўню з кайлом і ўваліць ім па сьцяне, адтуль вываліцца ваяр. Калі ж удасца трапна засадзіць ваяру кайло ў жывот, зь сьцяны закрынічыць Бзэнэцкае булькатлівае.
Яшчэ Марава вядомая тым, што для гасьцей санаторыя там ладзяць “кола вар’ятаў”. Усе хворыя пацыенты павінны аббегчы двор прынамсі дваццаць разоў, а на фінішы іх чакаюць санітары зь сьцюдзёнымі як лёд прасьцінамі і ўтаймавальнымі кашулямі, у якіх гасьцей потым скідваюць у гурбу пасярод гатэлю. Цягам “кола вар’ятаў” зьяўляецца здань Вінцэнца Прысьніца, а таксама вугорскага льва, пакрытага жудаснымі й няўцямнымі надпісамі. Таму пацыенты такія запалоханыя.
ШЫНКОВЫ ГЭБІСТ
Гэта адзін з найбольш распаўсюджаных у нашай краіне прывідаў. Завецца ён так таму, што жыве па шынках. Ягоным абавязкам ёсьць хапун словаў. Таму ён несупынна падскоквае да самай столі, бо словы лягчэйшыя за паветра, а ён іх павінен ухапіць. Бывае, цягам доўгіх гадзінаў ён проста лунае пад стольлю і поўзае ў дыме з аднаго памяшканьня ў другое ды наракае, што яму няма калі піць піва.
А яшчэ ён пад стольлю калі-некалі цвыркае.
ЧОРНА-БЕЛЫ НЕГР З ЛОНДАНУ
У Лондане ёсьць страшэнна доўгая вуліца Шампіньёнавая. Гэта найпрыгажэйшая лонданская вуліца. На ёй увесь час адбываюцца кірмашы. Гандляры несупынна выкідаюць процьму скрынак з-пад гародніны й садавіны. На адным з рагоў Шампіньёнавай ёсьць пустыр. Там жыве чорна-белы лонданскі негр са скураю ў белую палоску. Ён жыве ў дваццаціпавярховым хмарачосе з скрынак, на дваццатым паверсе. Адтуль яму чароўна відаць ня толькі ўсё навакольле, але й за мора, да самай Чэхаславаччыны. Калі хто ў Празе ўздымецца на Пэтржынскую вежу, то можа бачыць за морам ягоны хмарачос. Штовечара негр залазіць да сябе на дваццаты паверх спаць, але скрынкі пад ім пры гэтым трушчацца, і пасьля ён ня можа спусьціцца. Таму штораніцы ў сваёй спальні ён вымушаны доўга скакаць, дакуль хмарачос з скрынак не абваліцца, але негр прызямляецца мякка й без пашкоджаньняў, самае большае – можа напароцца на які-небудзь цьвік. У другой палове дня ён зноў будуе свой хмарачос.
Апроч гэтага ён ходзіць у бар, што належыць герцагу Ўэлінгтану, дзе ля ўваходу на некалькіпавярховым штабэлі з скрынак сядзіць Бонды і папівае піва. Пры сустрэчы негр частуе Бонды траўкай.
ЖЫВАЯ МАНАШКА Ў СКЛЯПЕНЬНІ Ў БОНДЫ
Калі Бонды хоча нешта напісаць, то залазіць у склеп. Там у яго зь сьцяны цурчыць крыніца чыстай вады, зьмяшанай зь півам, што цячэ зь дзіравых бондаў шынка “Ў двух сонцаў”, і там Бонды п’е задарма. Доўгі час ён не разумеў, хто ж там апоўначы гэтак страшна ўздыхае. Ён думаў, што гэта альбо сабакаед, альбо духі ім зжэртых сабакаў, альбо Кашчэйка. Але ў адну ноч сьцяна, зь якой бруілася пітво, расступілася, і вачом Бонды адкрылася жахлівае відовішча жыўцом замураванай манашкі – такое жахлівае, ну такое жахлівае, што ён на гэты конт больш ніколі не заікнецца.
ЗАКЛЯТЫ ВАХТОР
На Нэрудавай ёсьць школьны вахтор, закляты ў шынку “Ў двух сонцаў”. Жудасныя чары на ім, і ня можа ён выйсьці з шынку, хіба што на кароткі шпацыр па табаку ці ў шынок “У Банапарта”. Пад ягоным сталом у шынку “Ў двух сонцаў” ёсьць кнопка школьнага званка, якім вахтор звоніць на перапынак. Калі ён п’е надта доўга, то забываецца пра званок, праз што ўрок цягнецца бясконца. Толькі пад ноч ён вяртаецца да сябе ў школу спаць, і тады на супрацьлеглай сьцяне можна бачыць ягоную агромністую руку, таму што ўначы ён ператвараецца ў троля. Але гэта бачыць толькі Бонды, чыё вакно выходзіць рыхтык на сьцяну школы, тым часам як дзеці пра гэта ня ведаюць. Іначай хто б хадзіў у школу, дзе працуе такі вахтор?
ПАМЕРЛЫ ПЯТАК
Аднойчы спадар Лопатка ішоў па Карлавым пляцы. І раптам пачуў жудасны вокліч: “Хаааадзі сюды”, што на мове чарадзеяў азначае: пільнуйся. Тады ён убачыў спадара Пятака, які памёр пяць дзён таму. Спадар Пятак спыніўся ля спадара Лопаткі пагаманіць, але адна ягоная рука палунала далей у паветры кудысьці налева, а адна нага – кудысьці направа, так што, уласна, спыніўся ня ўвесь спадар Пятак.
Спадару Пятаку дазваляецца глядзець на піва толькі з адлегласьці дзесяці мэтраў, іначай ён бы ў яго бухнуўся і ня толькі ў куфлі ўтапіўся б, а яшчэ і распусьціўся б, за выключэньнем той рукі, што сама ходзіць налева, і той нагі, што сама ходзіць направа.
ДОМ ЖАХАЎ
На Нэрудавай стаіць дом нумар 51. Калісьці ён быў спакойны і ўтульны. З таго часу, як туды пераехаў Бонды, жыхары міжсобку называюць дом не іначай як Домам жахаў, і ніхто староньні не наважваецца туды ўвайсьці, апроч спадара Лопаткі й ягоных дачушак. Але аднойчы ўначы іх там укусіць прывід.
ЧОРТ У СУПЕ
Зьяўляецца толькі спадару Лопатку і Бонды. Як толькі яны даядуць суп, чорт іх цягне ў шынок. Таму яны ядуць суп вельмі сумленна. Калі суп да таго ж з фасоляй, то чорт радуецца яшчэ болей.
САНЛІВАЕ СТРАШЫДЛА
Санлівае страшыдла цэлы дзень сьпіць і прачынаецца толькі пад апоўнач. Пасьля чаго кідаецца на кожнага, хто яшчэ ня сьпіць, вешаецца яму на сьпіну і не дае яму ўстаць і пайсьці ў ложак. Адно асабліва працавітае санлівае страшыдла даўным-даўно ўчапілася за Бонды і не адстае ад яго ні на крок. Адзіным абарончым сродкам ад страшыдла ёсьць піва ці мінэралка. Аднак Бонды забаронена піць мінэралку, каб не нашкодзіць свайму здароўю, як Пятак, што памёр, бо забыў апахмяліцца пасьля таго, як па ягоным ложку пачалі бегаць кнэдлікі, таму ў яго закалола ў пячонцы, ці мо настала сардэчная недастатковасьць, і праз тры дні ён спруціўся. Таму Бонды і п’е піва, бо санлівае страшыдла сядзіць у яго на карку. У Мікалая Станковіча выпадак крыху адрозны.
ПРЫВІД У БОЧЦЫ З САЛЯРКАЙ
Гэты прывід вельмі зламысны, але зь ім можна гаварыць. Ён жыве з таго, што п’е салярку, а калі я прыходжу начэрпаць саляркі з бочкі ў вядзерца, то ён штораз разгаворваецца. Зразумець, што ён кажа, праз бульканьне нельга, але апавядае ён пра сваё няпростае жыцьцё. Уначы ён вылазіць праз помпу, што прыладжаная да бочкі, і наведвае жыхароў нашага дому. Толькі да нас ён баіцца заходзіць, бо ведае, што мы тут жа засунем яго ў грубку. Бегаючы з кватэры ў кватэру, ён шмат даведваецца пра Кашчэйку. Кашчэйка кожную ноч падскоквае высока ў паветра, бухаецца аб зямлю й ператвараецца ў ваўкалака. Гэта адзіны ў Празе ваўкалак, апрача таго, што жыве ў Д’ябліцах. Ён выбягае на Пэтржын і жарэ пятнаццацігадовых дзяўчат, якія там заблукалі, таму ў Празе столькі нераскрытых забойстваў. Часам ён выпраўляецца ў карчму “На Ўлахаўцы”, тады ўсе вылазяць адтуль праз акно, а спадар капэльмайстар грае яму сола. Пра гэта сёе-тое ведае Вэраніка, прынамсі з почуту.
ПРЫВІДКІ
Прывідкі – гэта маленькія прывіды.
Адны разьвязваюць матузкі на ботах.
Другія крадуць насоўкі.
Трэція адпіваюць піва, таму яго несупынна даводзіцца падліваць,
Чацьвёртыя бразгаюць вокнамі,
Пятыя выклікаюць гуд увушшу,
Шостыя перакручваюць шлейкі на спадніцы й на фартуху,
Сёмыя падсыпаюць у фасолевы суп палын,
Восьмыя ставяць у школе двойкі,
Дзявятыя цягаюць Бонды за бараду,
Дзясятыя ўначы, калі сьвятло патушанае, прыціскаюцца тварамі да вокнаў,
Адзінаццатыя залазяць у коміны на Малой стране,
Дванаццатыя залазяць у коміны ў Старым горадзе,
Трынаццатыя цягаюць ката за хвост, калі кот туляецца па стрэхах,
Чатырнаццатыя маюць парасончыкі, якімі захінаюць месяц,
Пятнаццатыя выходзяць палохаць толькі тады, калі нікога няма дома, але тады ўжо палохаюць страшэнна,
Шаснаццатыя зачыняюць крамы перад самым носам,
Сямнаццатыя кашляюць, шморгаюцца, тупаюць, тэпаюць, цюкаюць, гукаюць, уздыхаюць і грукочуць у цемры,
Васямнаццатыя ўпоцемку граюць на піяніна,
Дзевятнаццатыя падпяваюць гурту “Плясмаса”,
Дваццатыя займаюць мову, таму калі дзяцей выклікаюць да дошкі, тыя толькі заікаюцца,
Дваццаць першыя спальваюць электрычныя пробкі,
Дваццаць другія ствараюць аварыйныя становішчы на дарогах,
Дваццаць трэція замінаюць гарэць цыгарэтам,
Дваццаць чацьвёртыя прымушаюць Станковіча ўвесь час мянціць языком, праз што ў яго перасыхае ў горле,
Дваццаць пятыя гойсаюць з коміну ў комін,
Дваццаць шостыя рэжуць горлы ў Гырдларжэзах,
Дваццаць сёмыя вараць гасьцей у Госьціваржы,
Дваццаць восьмыя ў Мотале робяць усім моташна,
Дваццаць дзявятыя ў Д’ябліцах гуляюць у д’яблікаў,
Трыццатыя ў Бубэнэчы бубнуюць па “буржуйках”,
Трыццаць першыя ў Забегліцах забягаюць невядома куды,
Трыццаць другія й астатнія робяць усё мноства іншых непрыемнасьцяў, якія могуць напаткаць чалавека ў жыцьці.
КАНЕЦ БОНДЫ
Сястрычкі Лопаткавы ўвесь час кідаюцца на Бонды, каб той апавядаў ім праўдзівыя кашмарныя гісторыі пра прывідаў. Таму Бонды прыйшоў дадому і мусіў пісаць для сястрычак пра прывідаў. Пісаў ён так доўга і так хутка, што ў яго адвалілася правая рука. Таму ён пісаў далей леваю. Але пісаў ён так хутка, што неўзабаве адвалілася і левая рука. Тады ён узяў аловак у зубы й пісаў далей. Але пісаў ён так доўга й так хутка, што ў яго адвалілася галава. Гэтак ён цэлую ноч ляжаў без галавы й ня мог піць піва. Раніцай Юлія змацавала яго драточкамі, таму цяпер рукі й галава ў Бонды адваляцца яшчэ ня хутка, і ён зноў можа піць піва.
(Напісана пасьля адведак у сястрычак Лопаткавых, між 20-й і 12-й гадзінай ночы ў нядзелю, 4.1.1976 г.)
Заўвагі
Нэрудава 51 (раён Малая страна) – адрас, на якім Бонды жыў у 1972-89 гг.
Вэраніка і Маркета Лопаткавы – дочкі чэскага крытыка Яна Лопаткі (1940-1993), сябра Бонды
“У двух сонцаў”, “Барачніцкая рыхта”, “У Банапарта” – маластранскія шынкі
Богніцы – прыгарад Прагі, дзе месьціцца вар’ятня
Белая гара (Біла гора) каля Прагі – месца, дзе гусіцкая шляхецкая кааліцыя пацярпела паразу ад нямецкіх каталікоў (1620 г.). Асаблівую стойкасьць на баку гусітаў выявілі мараўскія жаўнеры.
Бзэнэц – мястэчка на Мараве
Вінцэнц Прысьніц (1799-1851) – славуты лекар
Вуліца Шампіньёнавая – Portobello Road у Лондане
Пэтржынская вежа – зьменшаная копія Эйфэлевай вежы на праскім пагорку Пэтржын
“Мікалай”, сапр. Андрэй Станковіч (1940-2001) – чэскі андэрграўндавы паэт
“На Ўлахаўцы” – карчма ў праскім раёне Лібэнь, славуты цэнтар фальклёрнай духавой музыкі
“Плясмаса” (Umělá hmota) – праскі андэрграўндавы гурт, ня блытаць з “The Plastic People of the Universe”
Гырдларжэзы, Госьціварж, Мотал, Д’ябліцы, Бубэнэч, Забегліцы – сапраўдныя праскія раёны, з назвамі якіх тут гуляецца Бонды
Юлія (Новакава, 1920-1994) – грамадзянская жонка Бонды