Пра тую знакамітую сустрэчу яшчэ і праз столькі гадоў чаго толькі ні плявузгаюць: маўляў, рабі Мэнахэм наўмысна прыехаў зь Віцебску ў Вільню да рабі Бэн Шлёмы, каб абмеркаваць іхныя нязгоды ў пытаньнях тлумачэньня Торы; нібыта ехаў ён не адзін, а цэлай дэлегацыяй, разам яшчэ з Зальманам зь Лядаў; ды яшчэ нібыта Віленскі геній урэшце не схацеў іх нават бачыць, ня тое што слухаць. У выніку, паводле гэтых шматлікіх «знаўцаў» выходзіць, што ніякай сустрэчы на найвышэйшым узроўні паміж кіраўнікамі хасідзкай і літвацкай фракцыяў гэбрайскага асьветніцтва, уласна, зусім не было!
Усё ня так: па-першае, сустрэча была. То бок, у Вільні сустрэчы насамрэч не было, але гэта ня значыць, што нашыя паважаныя талмудысты не маглі сустрэцца, скажам, у Варончы – а якраз там яны, як гэта ні дзіўна, і сустрэліся, прычым зусім выпадкова, то бок паводле волі Гашэма, ці, як любяць казаць тутэйшыя езуіты, паводле аб'ектыўнай гістарычнай неабходнасьці, толькі з той дробнай розьніцай, што адбылося ўсё на якіх пару гадоў раней, чымся паводле афіцыйнай вэрсіі. Па-другое, рабі Мэнахэм ехаў не зь якогасьці там Віцебску, а з самога Менску, куды ўжо на той час перабраўся разам зь сям'ёй, прадбачыўшы ў сваёй мудрасьці, якая слава наканаваная гэтаму гораду ў будучыні. Ну і па-трэцяе, Зальман зь ім насамрэч ехаў, ці дакладней гэта ён ехаў з Зальманам, або калі прасьцей – з фурманам, і зусім ня зь Лядаў (зь якога ляду, выбачайце за калямбур, ён бы адтуль пёрся ў такую далеч?): тым фурманам ня быў ніхто іншы як ваш пакорны слуга (у той час яшчэ – пакорны слуга рабі Мэнахэма, дай бог яму вечнага спакою), то бок я, і хаця клічуць мяне сапраўды Зальманам, паходжу я ня зь Лядаў, а з Слуцку.
Такім чынам, ехалі мы зь Менску, і ня ў Вільню, а ў Горадню, да сваякоў (то бок я да сваякоў, а рабі Мэнахэм на нейкую навуковую канфэрэнцыю), і запыніліся начаваць у той клятай Варончы, дзе апроч шынку старога Ёселя не было ў той час яшчэ ніякіх культурных устаноў грамадзянскай супольнасьці. Заходжу я ў шынок, значыцца, каб спытаць, дзе каня паставіць – і каго я бачу? Ну, вы ўгадалі. Насуперак уласным пурытанскім перакананьням, Бэн Шлёма ўжо ляжаў на той момант тварам на стале, але ж я адразу пазнаў яго паводле калматай шапкі, якая выдавала ў ім самага шанаванага ў нас рэлігійнага настаўніка. «О, ці ж гэта ня наш Віленскі гаон?», кажу ўподсьмех, так голасна, каб мяне чуў як сам Бэн Шлёма, так рабі Мэнахэм, які зь вядомых прычынаў затрымаўся на двары.
«Чаго равеш?», рэзка ўзьняў галаву Шлёмавіч, утаропіўшыся ў мяне сваім славутым спапяляючым позіркам, у якім не было відаць ніводнага праміле алькаголю. «Выбачайце, рабі», сумеўся я, «я падумаў, што вы нажэрліся да непрытомнасьці, вось і хацеў, каб вы апрытомнелі...» «Нажорся! Сам ты нажорся, сьвінтус брудны!» «Што вы, мне нельга, я сёньня на козлах...» «І мне нельга: старэю, дактары забараняюць». «А чаму тады на стале сьпіцё?» «Хто табе сказаў, што я сплю? Я так, як бы гэта сказаць – мэдытую... Ніяк не магу прыгадаць аднаго пасажу з Торы... Ужо з раніцы тут сяджу. Усе астатнія згадаў, а гэты, мліна – ніяк не даецца...» «А якога пасажу, калі не сакрэт?», пацікавіўся я, выдаючы ўсё сваё тагачаснае юначае глупства. «Кажу ж, згадаць не магу, ёлупень!», ускрыкнуў духоўны вучыцель. І дадаў зь несхаванай гіроніяй: «Можа, ты падкажаш?»
«А вось і не падкажу!», ня менш зьдзекліва гукнуў з парогу рабі Мэнахэм, які ўжо выканаў сваю малую патрэбу. «Шалом алейхем вялебнаму кніжніку!» (Усю дарогу ён ехаў увабдымку з пляшкай самагону, таму цяпер быў надзіва асьмялелы і красамоўны.) Віленскі вучоны зь відавочным пачуцьцём інтэлектуальнай перавагі працягнуў яму для пацалунку руку зь пярсьцёнкам, якую мой чалавекалюбны Мэнахэм доўга не хацеў адпускаць. «Хто і адкуль?», спытаўся Бэн Шлёма тонам панскага цівуна замест праверкі гаспадаравых дакумэнтаў. «Вечны вандроўнік... Можна сказаць – Агасфэр...», загадкамі загаварыў мянчук, «у Горадню кіруем... А вы тут якім чынам? Дзіву даюся, што на вас натрапіў... (Хлусьня: як сапраўдны містык, ён даўно ўжо нічому ў гэтым жыцьці не дзьвіўся.) Гэта ж ня кожнаму так пашанцуе... Іншыя гадамі ў чэргах да вас стаяць, а тут...» «Я тут амаль інкогніта», прызнаўся Бэн Шлёма, «толькі нікому не кажыце. Зьехаў зь Вільні, ад граху падалей...» «Вашая рацыя: людзей цяпер мацой не кармі, дай паграшыць...» «Ды не: дачуўся, што да мяне нейкі Мэнахэм зьбіраецца, ці то зь Віцебску, ці то зь Менску, ды яшчэ з самім Зальманам... (Я пачырванеў ад гонару, што вялікі рабін ведае, як мяне зваць.) Вось і публікуй пасьля гэтага свой адрас у «Гэбрайскім штогадовіку»... Вочы б мае іх ня бачылі, гэтых адступнікаў... Дыспуту ім навуковага захацелася! А хвігушкі! Я лепш Тору паўтару».
Пасьля гэтых словаў мой гаспадар, як і належыць кожнаму аўтэнтычнаму хасіду, ня мог не зарагатаць: «Ах, рабі, ведалі б вы, хто цяпер перад вамі сядзіць! Невытлумачальныя шляхі Госпада! Я ж і ёсьць той самы Мэнахэм зь Менску!» «А я і ёсьць той Зальман з Слуцку», дадаў я, каб сказаць нешта дарэчнае. Стары мудрэц доўга пераводзіў свае палымяныя вочы з гаспадара на мяне, і ўрэшце гукнуў: «Ёсель! Стаў пляшку: тут бяз ста грамаў, бачу, не разьбярэсься...»
Рэшту вечара я маўчаў, слухаў і запамінаў. Гэтак помню, што сьпярша настаўнікі гаварылі на мове Торы: ці то каб спраўдзіць, што не выдаюць сябе за каго іншага, ці то каб мы зь Ёселем іх не разумелі. Гаворка, аднак, ня надта клеілася: абодвум як быццам не хапала словаў (а рабі Мэнахэм нават сапраўды час ад часу падглядаў у гойска-нягойскі слоўнік уласнага аўтарства, які вазіў з сабою ў якасьці размоўніку), таму ўрэшце кніжнікі плюнулі і перайшлі на самы звычайны ідыш. Як належыць, асьведаміліся пра здароўе, пацікавіліся сем'ямі, абмеркавалі надвор'е, панаракалі на нізкі курс гроша на кірмашах, абмяняліся зьвесткамі пра найноўшыя антысэміцкія пагромы, урэшце, дайшлі да палітыкі: рабі Бэн Шлёма выказаў шчырую занепакоенасьць разьвіцьцём падзей у амэрыканскіх калёніях Вялікай Брытаніі, а рабі Мэнахэм падзяліўся зь ім сваім прадчуваньнем, што неўзабаве адбудзецца чарговы падзел Рэчы Паспалітай. Гэта лягічна прывяло іх да тэмы эміграцыі, бо рабі Мэнахэм сказаў: «Калі гэтак далей пойдзе, ад Кароны з Княствам застанецца адзін сьветлы ўспамін. А чым жыць пад маскалём ці пад немцам, я лепш у Палестыну зьеду». «На халеру?», ня ўцяміў Бэн Шлёма, «Талмуд паўсюль і пры любой уладзе вывучаць можна». «Ну дык і я пра тое», пагадзіўся рабі Мэнахэм, «Значыць – і ў Палестыне можна. А раз пры любой уладзе, то можна там і ўласную дзяржаву заснаваць ды жыць сабе ў камунах, у міры й сяброўстве з аўтахтонным мусульманскім насельніцтвам. Ну іх нафіг, гэтых хрысьціянаў!» Бэн Шлёма спахмурнеў, як сыч: «Можа, сьпярша пачакаеце, пакуль Мэсія прыйдзе? Ці вам ужо слова божае не закон?» «Ат, рабі», махнуў рукою Мэнахэм, «ёсьць законы божыя, а ёсьць яшчэ й агульначалавечыя...» «Славы сьвецкай захацелася? Мак'явэлі абчытаўся? Ці мо, Руссо?», пачаў лаяцца незразумелымі словамі Бэн Шлёма – я такіх нават ад нашага слуцкага шаўца Давідкі ня чуў. «Не разумееце вы, рабі», пакруціў галавою Мэнахэм, «слава сьвецкая для мяне – пыл. Мне галоўнае, каб жыць было весялей. Без пагромаў, гвалту, у любові й зьяднаным калектыве...» «Дзяржава і ёсьць гвалт», адрэзаў Бэн Шлёма. «А хто зь мячом прыйдзе – ад мяча й загіне, як той казаў...» «Дык мы ж не зь мячом! Мы з кветкамі!»
Спрэчка пачала набіраць абароты. Віленскі геній пачаў у вочы называць менскага залатавуста плятонікам, а той яго за гэта – арыстатэлікам. (Мэнахэм, ён быў такі: крыўды не цярпеў і ў даўгу не заставаўся.) Бэн Шлёма настойваў на тым, што да прыходу Мэсіі адзіны шлях да ўратаваньня – чыста індывідуальны й палягае ў вывучэньні старажытнагэбрайскай хохмы (то бок мудрасьці), а таксама Кабалы. Мэнахэм, наадварот, казаў, што гэтая мудрасьць інтуітыўна (во дзе даў! да сёньня ня ведаю, што гэта значыць) вядомая і ўласьцівая кожнаму чалавеку ў выглядзе маральнага закону, і што ў звычайнай ружы ці нават якой-небудзь каноплі ня менш мудрасьці, чымся ўва ўсёй Кабале. Пасьля такой заявы ў Бэн Шлёмы на нейкі час заняло ідыш, а калі адняло, то ён сказаў, што такія разьдзяўбайскія ідэі маглі нарадзіцца толькі дзе-небудзь на Ўкраіне, дзе клімат цяплейшы, чым тут на поўначы, бо там што ў зямлю ні ўтыркні – яно тут жа на вачах закрасуе, нездарма замест звычайнай людзкай самагонкі там па чутках п'юць высокаякаснае малдаўскае віно, заядаючы макам. «Так, і гэта на Ўкраіне!», патрасаў ківуном Мэнахэм. «А ў Ізраілі, уявіце сабе, нават яшчэ цяплей: там зусім працаваць не давядзецца! Паехалі, рабі! Будзеце ў нас міністрам адукацыі!» «Міністрам?», зарагатаў Бэн Шлёма. «Не, дзякуй – я па натуры анархіст. (Ці ён сказаў «антыхрыст»? Ат, якая розьніца.) Адукацыя – справа інтымная, і ніякі міністар ня можа мне загадваць, што мне вывучаць: Зогар ці Сэфэр Ецыру». «А ўявіце, што іх будуць чытаць усе!», не здаваўся Мэнахэм. «У рамках школьнай праграмы!» «Ты што, сур'ёзна?», Бэн Шлёма спалохаўся, што ягоны суразмоўца зусім адпіў сабе макаўку. «Хочаш, каб кожны ёлуп лічыў сябе магідам? Гэтак яны яшчэ, крый бог, на мове Торы між сабой размаўляць пачнуць! Яшчэ й Дэ Сада на яе перакладуць!» «Такой бяды!», на падпітага Мэнахэма ўжо ня дзейнічалі ніякія аргумэнты, «Ну і пачнуць – мы ж таксама сёньня пачалі. Толькі вось словаў людзкіх не хапае, спрэс божыя... Але, я думаю, можна і новых словаў наствараць. Бо што такое на сёньняшні дзень іўрыт? Мёртвая мова. Пісьмовая, як эгіпецкія гіерогліфы. А так – будзе для ўсіх гэбраяў сьвету лінгўа франка, незалежна ад іхнага веравызнаньня!»
Тут ужо і мне здалося, што мой гаспадар крыху перагнуў палку, дагаварыўшыся ў сваім запале да самай звычайнай герасі. (Вядома, выпіць літар самагонкі – гэта вам не абразаньне зрабіць.) Бэн Шлёма памаўчаў, потым узьняў на Мэнахэма вочы, і я са зьдзіўленьнем убачыў у іх сьлёзы: «Ня ведаеш, што кажаш, браце. Я разумею: эмансіпацыя там, сіянізм, незалежнасьць... Гэта ўсё чароўна. Вось толькі за іх дорага плаціць давядзецца. Ня нам, вядома, – а будучым пакаленьням. Як і за ўсякі грэх. Баюся я, што з такімі як ты нашай абранай нацыі пагражае поўны галакост. (Гэтага слова я таксама нідзе ў Торы так і не знайшоў.) А нам, гэбраям, між іншым, каб зямлю абяцаную заслужыць, яшчэ трэба зрабіць немалы ўнёсак у ўсясьветную культуру, а не займацца ўсякімі ізаляцыянісцкімі авантурамі...» «Дык зрабілі ж ужо!», залямантаваў Мэнахэм. «А Майманід? А Абулафія? А Голем? А гэты, ліха ўжо зь ім, Сьпіноза?» Бэн Шлёма пакруціў галавой: «Усё адносна. Няма канца пэрмутацыям Торы. Толькі ў яе вывучэньні і палягае адзіна магчымае шчасьце. Ну і яшчэ ў пісаньні камэнтароў. А ад таго, што замест «самагонка» людзі пачнуць казаць «штуёт», нічога ня зьменіцца. Хіба што да горшага, згадаеш мае словы».
Мэнахэму (а мне, бадай, яшчэ болей) карцела, каб менавіта за ім засталося апошняе слова, але вымавіць яго ён ужо быў няздольны. Ну, то мы й палеглі спаць, дый выпіўка акурат скончылася, а раніцой позна ўсталі, таму Бэн Шлёму ўжо не пабачылі: ён кудысьці адбыў, не пакінуўшы Ёселю ніякіх каардынатаў, бы вадой разьліўся. Усю дарогу мой гаспадар войкаў, стагнаў і перапытваў мяне, ці не была тая ўчорашняя гутарка толькі праявай белай гарачкі. (Не была.) Вечарам таго дня мы былі ўжо ў Гародні, дзе польскія жаўнеры зь нічога ніякага арыштавалі рабі Мэнахэма за распаўсюд чутак пра будучы падзел Рэчы Паспалітай (а не за шпіянаж на карысьць Асманскай імпэрыі, як сьцьвярджаюць «знаўцы»), але, дзякуй Богу, неўзабаве адпусьцілі. З таго часу гэбрайскае адраджэньне заквітнела, як ніколі дагэтуль, а хасідызм Мэнахэмаўскага толку распаўсюдзіўся па ўсёй Усходняй Эўропе. Гэтак гісторыя сама дапавяла за яго тое апошняе слова, якое ён так і ня здолеў сказаць у вочы Віленскаму генію.
2013 г.