Тры банальных абліччы культуры: музей, школа, індустрыя.
Першы захоўвае мёртвыя тэксты вечна жывых і задае планку якасці. Гэта дом герояў, каталог учорашніх вяршыняў. Туды варта зайсці, каб на кантрасце адчуць сябе жывым.
Другая шліфуе мазгі і вучыць захапляцца. Тут фарматуецца погляд, абразаючы кругагляд да бяспечных памераў. Засвоіў канон? Сядай, выдатна! І вядзі сябе ціха: ты ж культурны.
Трэцяя — фабрыка сэнсаў, узоры на вынас, тыражаванне ментальнага фастфуду. Гіпермаркет «Муму» на рагу Дастаеўскага і Хайдэгера. Правераныя пастаўшчыкі. І калі чагосьці не завезлі — значыць вам гэтага і не трэба.
Што не так з гэтай трыядай культпрасвету? Сама ідэя культуры як ін’екцыяў асветы. І трактоўка народа як масоўкі, якая на іх падсела. Такая культурнасць спараджае баязлівы спажывецкі канфармізм і друзласць духу.
У такім раскладзе мы не робім культуру. Мы дазваляем ёй рабіць сябе і пакорліва кладземся расходным рэсурсам у чарговую матрыцу калектыўнага маразму. Галоўная школа культурных практык — вуліца, кніжкі, «Балантайнс», рок-н-рол, фалафель, сэкс, фэйсбук і шэнген — выносіцца захавальнікамі мерцвякоў за межы істотнага як перашкода і памылка. Як дзікі параснік на дагледжаных дзялянках Духоўнасці.
І тады мы — толькі пена Канала Культура. Мы другасныя і залежныя, як вечныя шарагоўцы глабальнай містэрыі, пажыццёва завербаваныя на вайну за «высокае». І страшна падумаць, што ўсё можа быць інакш.
Але ж аднаго на ўсіх канала «правільнай» культуры няма: кожны непазбежна выбірае сувымернае сабе. Нармальны аўтар заўсёды хуліган і экстрэміст. І нармальны юзер — таксама. Гэтаму можна навучыцца, але нельга навучыць. Рэальная культура — рухі насуперак відавочнаму. Рызыка і драйв. Усё іншае — прапампоўка шаблонаў скрозь сонны розум. Каляровыя мроі глабальнай казармы.
Кіраваны густ ёсць адсутнасцю густу. Гэтак жа як кіраваны выбар ёсць адмовай ад выбару. Зацверджаная і дазволеная доза культурнасці нудная, як прагноз надвор’я. Бо тэксты ажываюць толькі тады, калі мы пачынаем іх чытаць. Кожны сабе. Кожны па-свойму. Кожны — сам сабе Канал Культура.
Складанасць у тым, што вакол нас пастаянна жывуць розныя віды культурнага: шансон з маршрутак, опера ў тэлевізары, стэнд-ап балбатня, покет-бук даўжынёй у пералёт Вільнюс-Порта, сеткавая аналітыка, фрык-шоў «Еўрабачанне», палявыя даследаванні бельгійскага піва і філасофскі дыспут у варшаўскай кнайпе. Норма тут — не падпарадкаванне правілам, а іх вольны рэмікс. Пераключэнне каналаў.
Гэта нармальна. Праблемы ўзнікаюць, калі стракатасць паведамленняў перарастае ў іх вайну. З ізаляцыяй «чужых нам» агентаў, выбракоўваннем шкодных ідэй і жорсткай рэдактурай варожых стыляў. Каналы Культуры перакрыкваюць адзін аднаго, сплятаюцца ў баявой сутычцы і памнажаюць тым самым не зону сэнсу, а сферу хаосу. Вайна культур — не балет воінаў святла з анёламі цемры, а банальны прарыў каналізацыі. І ранейшыя Радыё Шамбала або Фуко-ТБ пачынаюць слаць у нашы душы не музыку сфераў, а побытавыя істэрыкі. Выносяць у нікуды і гоняць смецце. А гэта азначае, што наспеў час мяняць сантэхніку — і шукаць новыя рэсурсы культурнага.
Часам здаецца, што культура — гэта тое, што мы атрымаем як бонус за стараннасць. Вось яшчэ трошкі папрацуем над сабой, падрасцем, падцягнемся — і будзе нам неба ў дыяментах з бестэрміновым пропускам у парадайз. Але, калі шчыра, Каналы Культуры не даюць лёгкага шчасця. Яны, наадварот, рэжуць банальны побыт на часткі. Як піццу. Як Венецыю. І вучаць не масавым экстазам, а персанальнай навігацыі ў полі інфармацыйных шумоў. Жыццю без шпаргалак і алібі.
Сапраўдная культура — практыкі ратацыі і селекцыі. Праўда ў тым, што «высокае» — не гарантыя якасці. А «нізкае» — дурная страшылка для ёлупняў. Сваё бярэш роўна там, дзе знаходзіш. Каналы проста гоняць кантэнт. А мы яго фільтруем. Адпаведна сілам, жаданням і фінансавым магчымасцям.
Збоі ў трансляцыі ўзнікаюць, калі пачынаеш лічыць, што ёсць дзве культурнасці: твая і няправільная. Калі ўзнікае жаданне паправіць артыста і падрэзаць сігнал. А яшчэ лепш — адмовіць яму ў праве быць артыстам. Тады ў культурнае вяшчанне прыходзіць парадак. І забівае культуру.
Культура — не склад шэдэўраў і не пункт захоўвання вечных эталонаў. Яна ўвогуле не сума рэчаў, а рух сэнсавых плыняў скрозь нашу свядомасць, які ператварае энергію думкі ды жарсці ў формулы дзеяння. Культура — гэта тое, што з табой адбываецца, калі ты пра гэта не думаеш. Логіка адхіленняў, тактыка невідавочнага. Той градус успрымання рэальнасці, якім мы абавязаныя Гагену і Ўайету, Ленану з Макартні, Лявону Вольскаму і Эндзі Ўорхалу, Білі Халідэй і Франсуа Труфо, Тому Ўэйтсу, Сержу Гейнсбуру, Кейт Бланшэт і Фрэнсісу Бэкану — тым, каго аднойчы выхапілі з плыні лухты і прысабечылі назаўсёды. Пасля словаў, насуперак правілам. Як малюнак рухаў, адценні пачуццяў, асаблівы погляд. Як музыку асобнага жыцця — твой персанальны плэйліст, досвед спалучэння прыватнага лёсу з глабальнымі вібрацыямі.
Выдае на тое, што правілы культурнасці — падманка для тых, хто верыць у вечныя каштоўнасці і школьныя пропісы. Астатнія будуюць свае маршруты і прыярытэты самі: дзе — канал, дзе — тунэль, дзе — хайвэй. «Лепшае выйсце — заўсёды наскрозь» (Роберт Фрост).
Падкантрольнасць Канала Культура — чыстая ілюзія. Паколькі вынікі сустрэчаў хваляў універсальных мэсыджаў з унутраным космасам шараговага юзера прадказаць немагчыма. «Кока-кола» разбурае імперыі, гітарны бой пашырае свядомасць, мова робіцца палітыкай, літаратура рэжысуе сэксуальныя рэвалюцыі. Праз музеі праходзяць карнавальныя шэсці і маршы футбольных фанатаў. Аўтсайдэры выходзяць у поп-зоркі, сакральнае разменьваецца на драбязу, авангард мутуе ў агітпроп (і наадварот).
Інфармацыйныя плыні жывуць нелінейна. Гэта зона шумоў, розначытанняў і збояў праграмы. Кажы што заўгодна — усё адно я пачую сваё.
Сэнс культурнай працы — у пераўтварэнні закрытых канонаў у адкрытыя ландшафты. І таму лепшы Канал Культура — не інтэрвенцыя вышэйшых каштоўнасцяў у нашыя цнатлівыя розумы, а нефарматны фідбэк: экспансія партызанскіх практыкаў чытання ды пісання ў строгі парадак звыклай «правільнасці».
Ку-ку, культура!
Пераклаў з расейскай Віталь Рыжкоў