Пілот ветрака, або Табе пакет

сучасная беларуская эсэістыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Сучасныя ветракі

Гігантычныя, вышынёй 60-70 метраў, стаяць гэтыя прылады для выпрацоўкі электраэнергіі ў Цэнтральнай Еўропе ўжо там-сям, у Заходняй досыць густа. А як жа, гэта як грыбы шукаць. Падымаеш — і ў кошык, падымаеш — і а ну хадзі зноў туды сама, падымаеш — і... месца ўжо няма, дастаў-распасьцёр жывенька мяшок, дык заходзь туды, госцю дарагі. Гэта ж за бясплатна, за так. Падзьмухаў ветрык — і пацёк ручаёк-ручаінка, — кілаваты энергіі з паветра, напруга ў сетцы. А гэта рэч такая эратычная, калі карыстацца вакабулярам дзядулі Фрэйда, — стваральная. Ёсць напруга — створыш нешта, асветліш сваю нэндзу, або ўлезеш у сеціва і заб’еш там свой час, а лепш уключыш электрарубанак і абгаблюеш дошку. Няма напругі — і аёй. Няма нічога. Або ўручную. Як дзяды. Толькі яны неяк упраўляліся паспець зрабіць многа, а ты не той вывучкі-прывычкі. Хутка ўморысься, габлюючы тую дошку.

Зразумела, што «бясплатная» гэтая энергія каштуе грошай, і ў асноўным напачатку, — збудаваць гэтую махіну з гладкакрутным прапелерам зверху, машыну, якая здымае ток, і паставіць усё гэтае дабро, — вежу старчака і машыну/прапелер зверху. Прычым паставіць так, каб не ўпала цераз ноч, бо тады будзе, як у анекдоце пра скамечаную купюру ў сто тысяч еўра. Наладзіць так, каб працавала, як швейцарскі гадзіннік. Інакш лазіць наверх не аблазішся, і выклікáць верталёты мабільнік сядзе.

Але канцоўка першага абзаца ў нейкай меры здымае вялікі драматызм гэтых новых часоў. Мосцік да нашага мінулага там. Бо ветракі былі і раней. Праўда, не такія высокія і іншага прызначэння. Яны ўрухомлівалі механізмы, якія малолі збожжа на муку. І таксама за нядорага, вецярок падзьмуў — і пабегла ручаінка мукі з-пад жорнаў.

Розніца ў тым, што нехта меў кіраваць гэтай працай ветру. Адключаць вал на халасты ход, каб не малоў той млын без зерня, зноў уключаць, цалкам стопарыць ветрака. А сучасны электрычны вятрак можа круціць сабе тыднямі, і слава Богу. Адклю́чаць, калі будзе патрэба, дыстанцыйна.

Якому чалавеку вятрак найбольш патрэбен

Гэта я для чаго нагадваю. Адпала патрэба ў чалавеку, які безадлучна павінен быць прыдадзены да машыны.

Але яго, чалавека, адлучаеш, а ён часам не надта і хоча ісці. Упарціцца. Вы паспрабуйце сказаць свайму начальніку на працы, што без яго... воз лягчэй пайшоў бы. Або чыноўніку, што хутка ён не трэба будзе, бо папяровыя дакументы адменяць, і ўлічваць, абрабляць звароты ды адсылаць адказы будзе замест яго кампутар. Або міліцыянту, што і без яго раз’едуцца на дарозе двое дарослых людзей.

Тых, хто настойвае на сваёй патрэбнасці пры фактычнай пазбыткавасці, на сваёй празмернай звённасці, я вылучыў бы ў групу людзей з умоўным, паводле фактычнай нефункцыянальнасці, назовам «ПІЛОТ ВЕТРАКА».

Што пагана, братове і сёстры, што гэтыя шматлікія ў нас пілоты ветрака не хочуць сядзець у памяшканійку, якое хай сабе абумовілі б, каб было дзесь у корані тоўстай апоры ветрака, метры так тры на тры, і сядзелі б там сабе ціха як мышы пад венікам. Не, чыноўнік упарта настойвае на сваёй важнасці, месяц «думае», як адказаць, а потым прысылае звыклую адпіску-адмазку. Ты сумняваўся, што ён важны — дык атрымай адчувальны доказ. У дарожнікаў — гарбаты і без з’ездаў тратуар, і ўся ў ямах яго частка, абазначаная як «веладарожка». За гэта табе штраф выпіша строгі інспектар ДАІ. Ты ж не паехаў па гарбатым, як яны лічаць належным. А яны такіх, як самі, пілотаў ветракоў правяраць-караць не могуць. Як гэта — каб брат на брата! Цюкнула некаму з клана ўладальніка сеткі супермаркетаў, каб прадавачкі на касах другой фразай пасля вітання з кліентам абавязкова казалі «Вам нужен пакет?» І яны як аўтаматы далдоняць «...нуженпакетнуженпакет». Напэўна, кожная з гэтых тысяч няшчасных ува сне прамаўляе пра гэты пакет.

Гучыць як клопат, але насамрэч гэта тое самае, што робіць міліцыянт ДАІ&пілот ветрака, настойваючы, каб ехалі нібыта бяспечным маршрутам. Хоць той, які ён выбраў, — той і ёсць небяспечны. Бо на ім ямы, якія перавышаюць «аварыйную» глыбіню ў разы. Прадавачка пытае ў вас, як у дзіцяці, якое ад мамы адарванае ў садку: «Сашанька, а ці табе пакеціка даць?»

Табе Пакет

Да, дать, люстэркава прамовяць многія. Псіхалагічна гэта вельмі зразумела. Ну чаму не пайсці насустрач чалавеку. Ён жа спытаў, патурбаваўся. Да, мне пакет!

Адзін знаёмы мне ўедлівы чалавек назваў слова «да» гаўкаючым. Па-мойму, у гэтым ёсць нейкая праўда моманту. У нас за 70 гадоў бальшавікі зляпілі пароду людзей, адвучаных казаць «не». А 20 апошніх гадоў гэты жыццёва важны недахоп яшчэ больш замацавалі. Таму пагодзімся з тым, што слова «да» можа быць гаўкаючым запраста. І падмацуем ведай з беларускай мовы, у якой ёсць сугучнае слова «падбрэхіч».

Такім чынам, «да, нужен пакет», хоць іх у хрушчоўку больш упіхнуць няма як. І лецішча ўсё заплыло тымі пакетамі. Да. Хоць за свае грошы, але Да.

Калі мне што трэба, я і сам скажу. Калі вельмі, то з-пад зямлі дастану, настаю на сваім і «ўступлю ў права ўласнасці». Мы ж не ў дзіцячым садку, сапраўды.

А тут: «Да, пожалуйста». Ну як адмовіць касірцы. Яна ж клопат праявіла. У выніку крама прадала чарговы цэлафан. І поўна яго ва ўсіх прылеглых і непрылеглых да гарадоў лясах, кустах і ўгоддзях. Таму што Табе Пакет.

Пілоты ветракоў

Вярнемся да паўваеннага міліцыянта на дарозе. Ён няйначай адчуў сябе настаўнікам, а можа, і прафесарам — навучыў вас правільна жыць. А яшчэ заадно і выратаваў тое ваша жыццё. І, галоўнае, — палепшыў свае асабістыя паказчыкі, склаў яшчэ адзін пратакол. Родная краіна папоўніла казну.

А тая заплаціла яму прэмію, а іншым «пілотам ветракоў» поўны аклад. Найпершыя сярод іх — гэта розныя новачасныя камісары, гібрыдна закамуфляваныя пад намеснікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый па ідэалогіі. Іх месца найбольш яскрава раскрывае адзін з былых намеснікаў Брэсцкага гарвыканкама, герой аповеду ў незалежных СМІ. Замест на пенсію яго адправілі на адмыслова створаную пад яго пасаду — і стаў ён намеснікам Генеральнага дырэктара гарадскога Жылкамунгаса па, правільна, ідэалогіі. Здавалася б, якая ў камунальнікаў ідэалогія? Адпампаваў каналізацыйныя сцёкі, і горад купаецца ў шчасьці, не адпампаваў, і ён купаецца ў... ага. Чым пасыпаць галалёд — пяском або соллю? Дык тут не ідэі, тут супрамат. Дарожнікі вучаць у іхніх вучэльнях. Карацей, у воза пятае кола, а ў сабакі... Што ў сабакі? Калі ён не сука?

Падвядзем вынікі. Такім чынам, усе гэтыя занятыя на поўнай стаўцы і часткова пілоты ветракоў зусім не бяскрыўдныя. Фактычна, гэта гіганцкая карупцыйная схема, якая плесенню працяла ўсё цела краіны пад назовам Беларусь. Звёны лішнія і тым самым шкодныя, непатрэбныя.

Непатрэбныя яны будуць і ў будучыні. Любы залежны ад свайго народа ўрад будзе імкнуцца скараціць іх колькасць, бо сістэма, перагружаная такім шлакам, працуе з меншай аддачай, дае збоі, а ў канцы зусім глухне.

Так, у будучым з-за таго, што машыны вызваляць многа працоўных месцаў, у грамадствах будзе праблема беспрацоўя. Работы на ўсіх папросту не будзе хапаць. Але выйсце не ў тым, каб ствараць такіх вось пілотаў ветракоў, якіх у нас цяпер процьма. Безальтэрнатыўнай бачыцца мне, сябры, мадэль з мінімальнай базавай выплатай і дабраахвотнай працай у матэрыяльнай сферы, пераважна ў сферы абслугоўвання, дзеля заробку звыш мінімуму, на якіх-заўгодна не забароненых заканадаўствам падставах/умовах. Такі сабе камунізм унутры капіталізма. Узрасце колькасць самадзейных творцаў, аб’яднанняў па інтарэсах. Больш часу будзе на сям’ю, дзяцей. Пры жаданні — цясней можна будзе, рознымі спосабамі, зліцца з прыродай.

А гэтых вось, пілотаў ветракоў — ужо сёння гнаць сранай мятлой, як у нас на Гарадзеншчыне кажуць.

Травень 2018

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Кіраваны густ ёсць адсутнасцю густу. Гэтак жа як кіраваны выбар ёсць адмовай ад выбару. Зацверджаная і дазволеная доза культурнасці нудная, як прагноз надвор’я. Бо тэксты ажываюць толькі тады, калі мы пачынаем іх чытаць.

Паэзія альбо пагаджаецца з эпохай, — і тады стаецца мілым штукарствам, забаўкай, размазвае свой досвед па слэмах і клубах. Альбо застаецца сам-насам, застаецца без аніякіх гарантый, у пустаце, правальваецца ў сляпую эмоцыю неразумення, неапазнавання свету...

Я доўга сядзела ў той першы дзень у пабе і чытала далей пра вялікую дарогу Ганны, на якой яна сустракае іншых beggars of love. Якія ўсе, бы наркаманы без наркотыка, пакутуюць, бо іх не любяць тыя, каго яны любяць. Яны вандруюць, каб пакутаваць, і пакутуюць, каб вандраваць.

Беларуская літаратура, бы тая ўлада на пачатку 90-х, валялася пад нагамі і чакала, пакуль яе хто-небудзь падбярэ.