Заляпіце мне павекі...

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Мікола Адам. Сёстры. Мінск, «Галіяфы», 2020

Не тое каб вельмі раптоўна, але частку нашых літаратараў ад заходняга постмадэрнізму — дзякуй богу, нагуляліся нарэшце ў другіх Экаў, Джойсаў ды Турнье — кінула на ўсход: хайку, танка, манга...

А ці ёсць сярод беларускіх чытачоў аматары хентай?

Толькі не трэба зараз крыва ўсміхацца. Пачнём з таго, што хентай па-беларуску — гэта літаратура, то бок не карцінкі, а літаркі, але з рысамі, характэрнымі для адмысловага жанру анімэ і мангі (Вікіпедыя нам тут у дапамогу): «пасрэдная, у параўнанні з творамі для шырокай аўдыторыі, анімацыя альбо графіка (у нас трошку іншыя сродкі, бо „літаратура“ ж, але на ступені якасці тое не адбілася. — К. Б.); лялечныя, амаль дзіцячыя, асобы персанажаў; паказ розных сексуальных дэвіяцый (асабліва сцэн згвалтавання і іншых праяў сексуальнай жорсткасці). Сюжэты могуць быць як простымі і немудрагелістымі, так і заблытанымі і складанымі». А колькі ў хентай напрамкаў: яой, сёдзё-ай, юрі, эрогуро, нэторарэ... І ў кожнага свая мэтавая аўдыторыя. А калі вы, як і я, любіце Мікалая Гогаля, а дакладней яго майстэрства маляваць словамі жывую карцінку, трошку ведаеце анатомію і ўвогуле жыццё, будзе яшчэ і нагода парагатаць. Ажно да слёз.

Анатацыя: «Новы раман „Сёстры“ Міколы Адама правакуе на кожным кроку. Выкраданне, вайна на Данбасе, каханне, Берлін, Нью-Ёрк, Мінск — карагод падзей і гарадоў раскручваецца, нібыта спіраль. Жыццё дзвюх родных сясцёр ператвараецца ў сапраўдны трылер».

Зараз паспарабуем вызначыць, ці зацікавяць вас дзве гісторыі бісэксуальных сясцёр, якіх аўтарская фантазія ганяе па жыцці ад сэксу да сэксу, уласнага ці чужога, з мэтай парэфлексаваць над гэтым.

Соня — жанчына-пачвара з крыламі, і яна ж, па словах аўтара, тургенеўская паненка, якіх нараджаецца некалькі на стагоддзе.

Што праўда, тургенеўская паненка з Соні атрымліваецца, скажам так, спецыфічная, хаця метафарычных глістоў («Невядомасць паглынала яе, з’ядала знутры, бы глісты») я з ёю з прымірыць неяк магу, бо некаторыя прыгажуні XIX стагоддзя выкарыстоўвалі іх як сродак для пахудзення.

«Соня ні з кім не мела ніякіх стасункаў пасля гібелі Тараса, за выключэннем нязначных выпадкаў інтымнай блізкасці з некаторымі ўплывовымі, але прыгожымі і далікатнымі мужчынамі сферы шоу-бізнесу, зразумела, выпадкі былі разавымі і ніколі не паўтараліся».

«Соня разлічылася, выдыхнула паветра ўбок (бачыла, што так робяць у фільмах), узяла шклянку з гарэлкай у адну руку, шклянку з сокам у другую і прагна прыпала губамі да першай шклянкі».

Вось проста цікава, дзе той бар у Берліне, дзе гарэлка шклянкамі (200 мл)? Ну і так рэмарачка: тургенеўская наша паненка выдула за раз палову шклянкі, запаліраваўшы таматавым сокам.

Спосаб, якім Соня карыстаецца раніцай, каб наталіць смагу, бо ў яе сушняк, таксама ўражвае:

«Ён вярнуўся... з празрыстым куфлем для піва, але з вадой усярэдзіне. Дзяўчына прагна прысмакталася да мокрых сценак посуду губамі і глытала халодную ваду, быццам удыхала паветра». Пасля таго, як я ўявіла тую карцінку, вырашыла, што варта пайсці перапаліць разам з Мікалаем Васільевічам ды Іванам Сяргеевічам.

Яшчэ адна Соніна «фішка» — халаты, у якіх «звычайна носяцца мадэлі перад паказамі, а потым забываюць іх у грымёрках. Каб не прападаць дабру, Соня іх збірала і пакідала сабе, прыхоўвала для розных выпадкаў». Ну вось як прыгожа гэта ні называй, але паненка наша іх папросту камуніздзіць, бо дрэнна ляжаць, а потым прэзентуе сябрам ды знаёмым і, як я зразумела, нават даслала сястры ў якасці вясельнага падарунка. Сама ж Соня ўпадабае іншы чужы халат, які таксама выменяе на тое падабранае ў грымёрцы дабро. Што можна было ўбачыць эстэцкага і нуарнага ў забытым колішняй каханкай новага знаёмага ружовым штофным халаце (штоф – дэкаратыўная цяжкая тканіна для абіўкі мэблі і сцен), аблямаваным мяккім пухам на рукавах, — для мяне загадка. Але тое можа быць сімвалічна, бо аўтар менавіта Соню, якая нібы спрабуе схавацца ва ўласным адзенні, ўпісвае ў розныя інтэр’еры, а для клуба «КітКат» — храма геданізму, празмернасцяў і эксгібіцыянізму, — адмыслова (не сам, з дапамогай Фрыдрыха) апранае ў чырвоную латэксную міні-сукенку, шкарпэткі-унісэкс і чорныя скураныя туфлі на платформе. «Правакацыйнае адзенне падкрэслівала прыгажосць Соні, як почырк мастака, чый стыль немагчыма зблытаць ні з якім іншым».

Дык што ж такое Соня: дэталь інтэр’еру, выкшталцоны аксэсуар? Нуарнасці, мабыць, надаюць ёй крылы.

У тым, што крылы — не метафара, можаце не сумнявацца, бо бачыць іх не толькі Соня, але і яе каханы Томас, якому аднойчы не спалася і ён, каб не трывожыць сон дзяўчыны, перабраўся з ложка на канапу: «Убачанае ўразіла не меней за цень, які яму, як высветлілася, прымроіўся. Велізарныя, шыкоўныя, прыўкрасныя ў сваёй бездакорнасці крылы ахоўвалі сон дзяўчыны і яе саму. Томас пацягнуўся за тэлефонам, каб сфатаграфаваць цудоўную праяву, але пакуль вымаў яго, адвярнуўшыся літаральна на секунду, згубіў момант. Ён сустрэўся з позіркам дзяўчыны, якая глядзела ў вочы, стоячы побач з ім». Вам не цікава, якім чынам Соня — памятаем, яна спала — за секунду паспела падняцца з ложка і падысці да канапы незаўважанай? Магчыма, дапамаглі «перапончатасць і жорсткасць храшчоў, а яшчэ пяшчотнае на дотык апярэнне».

Пра тое, што Соня не зусім чалавек, сведчаць у тым ліку метамарфозы, якія адбываюцца з ёй і тымі, хто знаходзіцца побач. Падчас Сонінай хваробы, невядомай медыкам (аўтар потым назаве яе анарэксіяй), «скура яе адрузла, пакрылася нечым, падобным на шэры мох». Пасля петынгу з сястрой Соня пачуваецца значна лепш, бо «яе арганізм чапляўся за кожную магчымасць адужвання, пачуўшы смак здаровай крыві, і не лічыўся з нормамі маралі і наступствамі. ...А колер скуры Аксаны (якраз тая самая „здаровая кроў“. — К. Б.) відавочна пабляк, набыў шэрае адценне, а пад вачыма ўзніклі гусіныя лапкі зморшчынак». Дрэнна пачуваецца і Назар — жаніх Аксаны: «...Соня, здавалася, была паўсюль. У яе прысутнасці яму не хапала ні паветра, ні прасторы, бо дзяўчына, на яго думку, паглынала ўсё навокал, запаўняла сабой, пранікала ўсюды, нават у яго лёгкія».

Сонін Томас між іншага пасля любошчаў з ёю таксама пачуваўся не вельмі добра: «Ляжаў на спіне з заплюшчанымі вачыма, грудзіна яго размерана ўздымалася і ападала з кожным выдыхам і ўдыхам» — гэта вельмі падобна на прыступ астмы, мае даражэнькія.

Асобна хочацца адзначыць Соніна вяселле і кракадзілаў, якія «павыпаўзалі з Місісіпі на сушу, каб таксама мець да яго дачыненне. Напалохалі, вядома, тубыльцаў, аднак свята не сапсавалі». Ветлівыя зверыкі :)

Аксана — жанчына-цацка, лялька і сама-дура-вінаватая: «касметыка яе і вопратка мелі агрэсіўны характар, цела і позірк дыхалі сексам, нават не дыхалі, а сексам і былі», «мінакі мужчыны ледзь не ламалі сабе шыі, абарочваліся на яе, рэагуючы, як сабакі на загад фас». Чым насамрэч дыхала сама Аксана, па вялікім рахунку нікога і не цікавіць.

Пасля першага згвалтавання ў пячоры («Аксана адчула сябе Партосам, які гінуў пад маналітнай плітой») аўтар запускае для гераіні механізм «згвалтаваным падабаецца гвалт» і пускае Аксану па руках — ёю пачынаюць карыстацца ўсе хто хоча і як хоча.

Кантрольным можна лічыць прыгажуна-мажора, які зусім Аксане не падабаецца, дый не запомніла яна тое, што паміж імі адбылося, «адно разрозненыя ўспышкі-малюнкі, у якіх, тым не менш, дужа сабе не падабалася і падабалася адначасова, проста баялася прызнацца ў тым».

Пакаранне, якое ўчыняе Аксане Назар (на той момант жаніх), ужо не толькі гвалт, а яшчэ і прыніжэнне, ён гэта разумее і натуральна баіцца, што вяселля не будзе. Аксана гатовая паскардзіцца тату і выкрасліць Назара з жыцця, але... прыносіць сябе ў ахвяру радасці бацькоў ад перадвясельных клопатаў. А потым мы яшчэ даведаемся, што, аказваецца, Аксане тое пакаранне «на самай справе спадабалася!!!» (ага, вось так, з трыма клічнікамі). «Ёй хацелася быць каханай, шчаслівай і жаданай. Пры ўсім тым патрабавала ад мужа грубасці, нават жорсткасці, не шкадаваць яе і не рэагаваць на слёзы і просьбы быць пяшчотнейшым. ...Секс атаясамліваўся з гвалтам на падсвядомым узроўні, і толькі ў вычварнай форме задавальняў яе».

А чо, так аўтар хоча — і брутальных гульняў з правакацыямі з боку Аксаны і жорсткімі пакараннямі будзе шмат. Нават свякроўка спрычынілася. Яна з самага пачатку ўспрымае нявестку толькі як ляльку, але хаця б каштоўную, за якую нясе адказнасць.

Першы лесбійскі досвед нашай лялькі будзе з уласнай сястрой — толькі петынг, вядома: «Соня шчыльней прытулілася да сястры, знайшла вуснамі яе вусны і прысмакталася да іх, быццам да ачышчанай мандарынкі» — Аксана паслухмяна дазваляе, бо «пацалункі і абдымкі ў першую чаргу былі патрэбны Соні, каб вылечыцца».

Пазней Аксана будзе гэтаксама паслухмяна дазваляць усё сваёй каханцы Лесі: «Аксану яна прыручыла за тыдзень. Дзяўчына, якая раней нават не падумала б пра магчымыя інтымныя стасункі з іншай дзяўчынай, літаральна задыхалася без Лесі. ...Леся тым часам дзяліла з Аксанай не адно ложак, але і яе вопратку. Асабліва ўпадабала халаты, дасланыя Соняй з Берліна». Калі Леся з’ехала ў Польшчу, Аксана «пакутавала, бы Дантэ без Беатрычэ, і пакуты пагрузілі яе ў глыбокую і дзікую дэпрэсію». Што праўда, не замінала зацаніць «цвёрдую двоечку» Мар’яны — стрыечнай сястры Лесі. Такі вось аўтарскі карагод сястрычак, а ўвогуле «інтымныя стасункі паміж дзяўчатамі апрыёры нясуць катастрафічныя разбурэнні ў псіхіцы кожнай».

Уратуе Аксану ад «гульняў» з Мар’янай толькі каханне да Янкі Чэпіка. Сумнеўнае, калі шчыра, ратаванне. Мы з Мікалаем Васільевічам падгледзелі: «Чэпік... наліў сабе паўнюткую да краёў шклянку гарэлкі, кульнуў яе цалкам адным глытком і занюхаў валасамі Мар’яны». Дзіўна, вядома, але Аксана не заўважыла, што мужык да яе прыцягнуўся нават не нападпітку, а ў зюзю, і сэкс яшчэ нейкі адбыўся. Напэўна, таму што «я не п’ю. Не п’ю зусім яшчэ са студэнцкіх гадоў пасля таго, як атруціўся алкаголем». Ну што тут скажаш, стаж Ахілес пасля Стыкса. «Чэпік абудзіў у ёй жаданне валадарыць, валадарыць менавіта ім з неверагоднай сілай. Але валадарыць не так, як валадарылі Назар і Леся. Чэпік мусіў зліцца з ёю, стаць ёю, а яна — растварыцца ў ім, падараваць сябе і свой унутраны свет, без якога ён не здолеў бы дыхаць». Вэлкам, Аксана, у новыя сузалежныя зносіны.

Дарэчы, хто ўгадае, якое адзенне будзе пасаваць Аксане? Правільна, чорныя скураныя вырабы. Я, праўда, дрэнна ўяўляю, як спалучаюцца «скураныя нагавіцы з начосам унутры і батфорты» — мяне чамусьці прабівае на хі-хі, але за тое, што Аксана, пераапранаючыся на выставу, вырашыла, што да скураной сукенкі больш пасуюць цёплыя калготы, чым тыя скураныя нагавіцы, аўтару рэспект:)

Ці варта весціся на вялікую колькасць геалакацыяў (Станіславаў, Львоў, Берлін, Нью-Ёрк, Мінск і г. д.)? Нават не ведаю. Чым адрозніваецца сэкс у Берліне ад сэксу ў Мінску? Колерам фіранак ды мовай партнёра? А гвалт у пячоры ад гвалту ў кватэры? Тэмпературай паветра і колькасцю мэблі? Але, калі не змяніць дэкарацыю, глядач (чытач) засумуе. Цікава, ці прыйдзе да вас думка, што ўрыўкі пра гарады-фоны вельмі адрозніваюцца ад асноўнага тэкста і нават ад інтэр’ернага апісання? Прынамсі, яны адносна роўныя стылістычна, хаця... на тое яны і фон.

Вайна на Данбасе. Згадка імя Матаролы як назіральніка за працэсам збіцця за пазыкі і пра паўгода працы, ад якой нельга адмовіцца і пра якую персанаж «ніколі і нікому не распавядаў», апісанне дзвюх фотак на выставе — гэта не пра вайну, а так, да кучы, каб было: магніцік на лядоўні, чарговы халацік, папёрты тургенеўскай паненкай з грымёркі. Пра жывога Брэда Піта напісана амаль столькі ж. А ёсць жа яшчэ і гэта: «Жыццё падавалася расстраляным, як паэты ў 1937-м, хоць нічога агульнага з тымі паэтамі не мела, аднак атаясамліванне сябе з ахвярамі сталінскага генацыду яскрава вымалёўвалася ў галаве. Аксана быццам наяве бачыла, як яе вялі да сценкі, спрэс запырсканай крывёй і ашмёткамі мазгоў папярэдніх небаракаў...» Насычаны твор, але так і трэба, бо сюжэт заблытаны і складаны. :)

Бонус:

«абвёў вокам вакол сябе, бы намаляваў кола»

«людзі пахаваліся хто дзе: абляпілі дуб»

«усё ж разляпіла павекі, прычым дапамагала пальцамі, трымала імі вейкі, каб вочы не заплюшчваліся»

«яны спалі разам з ёй недзе ўнутры пад скурай, стаіўшыся ў костках хрыбта і харчуючыся спінным мозгам, як шашаль кніжнымі паліцамі» — гэта пра крылы, калі што

«мелодыя гучала, ціхая, хоць і выразная, лунала па-над столлю і, відаць, бянтэжылася, не магла расправіць крылы» — я так разумею, гэта недзе ля падлогі на наступным паверсе, як тыя кракадылы, нызэнько-нызэнько

«боль перамагаў жаль і скручваў цела дзяўчыны ў такія фігуры, якім бы пазайздросціў і Пікаса»

«Фрыдрых спадзяваўся на Соню, магчыма, як Гітлер на Трэці Рэйх. Хаця Трэці Рэйх скончыў даволі сумна сваё існаванне»

«грувасціўся мяккі куток — канапа і некалькі фатэляў, таксама абсыпаных кнігамі, быццам перхаццю»

«Рассекла напалам вочы, як вараныя яйкі. Гэта свякроў зняла з іх плотную павязку, вызваліла ад штучна створанай цемры. Яна ж і выцягнула з рота дзяўчыны мокрую, жаваную, скамечаную шаўковую хустку, страсянула яе, каб выпрастаць, і накрыла ёю твар Аксаны, бы абрусам заслала стол»

«пляла, выводзіла ўзоры пальцамі на твары Чэпіка... павеках, што хавалі пад сабой вочы, як густая трава — грыбы пасля дажджу... на валасатых шчоках, зарослых надзіва мяккай і шаўкавістай барадой»

Калі раптам спадобіцеся гэта чытаць, пазірайце час ад часу ў столь. Магчыма, і вам з’явіцца Мікалай Васільевіч. Ён будзе усміхацца, падміргваць адным вокам і трымаць руку з паднятым уверх пальцам, як той Тарас падчас сэксу Соні з Томасам.

Для параўнаньня: водгук з фэйсбуку (рэд.)

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Для чаго ў рэпартажы трэба журналіст, я ведаю. Навошта ён у аповесці, калі ёсць апавядальнік, — не разумею. Але каго толькі ў той аповесці няма!

Ці спадзяваўся Міхаіл Афанасьевіч, што гадоў праз восемдзесят яго раман стане той самай крыніцай, якой для яго быў у свой час «Фаўст» Гётэ? Ці думаў, што да «Майстра і Маргарыты» пойдзе чарада беларускіх літаратараў, якія будуць цягнуць з яго ўласнае натхненне і вобразы, хто кубачкамі, а хто і вядзерцамі?

Памятаем: усе праблемы, комплексы, псiхозы, сэксуальныя ўпадабаннi i поспех — вынiк таго, што вы атрымалi цi не атрымалi ў дзяцiнстве, у прыватнасцi ад бацькоў. Тым больш асаблiва напружвацца не давядзецца: аўтар гэтых амаль мемуараў ужо ўсё патлумачыў i расклаў-пераклаў па палiчках. Сам сабе псiхолаг, ага. Цiкавая i сумная гiсторыя перакладчыка фiльмаў i ўласнага жыцця, дзе больш за ўсё мне шкада чамусьцi Камiлу.

Атрымалася страшна і весела. Хаця, магчыма, я памыляюся, і Малевіч ні пры чым, а ўсіх персанажаў Ілля Сін проста час ад часу выганяе на вуліцы «Імперыі святла» (L’Empire des lumieres) таго ж Магрыта, колеры якіх вельмі нагадваюць суворую, з дзясяткамі адценняў шэрага беларускую літаратурную рэчаіснасць.