Пірамідка замест пазла

сучасная беларуская крытыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

Валер Гапееў. Пазл. «Галіяфы», 2018. 330 с.

Для таго, што часта ў беларускай кнізе адсутнічае добрая рэдактарская праца, ёсьць аб’ектыўнае тлумачэньне. Рэдактарская работа даволі дарагая і яе кошты вельмі абцяжарваюць сабекошт усёй кнігі. Часта памеры гэтых коштаў проста непад’ёмныя для выданьня. Таму існуе такая спакуса забыцца пра яе, даць кнігу ў аўтарскай рэдакцыі і гэтак далей.

Андрэй Янушкевіч, выдавец, у інтэрв’ю Радыё «Свабода»

***

Беларуская масавая літаратура, здаецца, выходзіць з анабіёзу, у якім яна перабывала апошнія пару дзесяцігоддзяў. Аматары забаўляльнага чытва могуць ужо не абмяжоўвацца традыцыйным гістарычным наборам Караткевіч-Іпатава-Дайнека-Тарасаў-Арлоў, крыху прыпыленым на кніжных паліцах. Цяпер выбар багаты: красуюцца, нібы прысмакі на вітрыне ў сталічнай «Лакомке», імёны Людмілы Рублеўскай, Віктара Марціновіча, Максіма Клімковіча і ягонага суаўтара, светлай памяці Уладзіслава Ахроменкі, Юліі Шаровай, Валера Гапеева, Уладзіміра Садоўскага... Плаці — і каштуй!

Паспрабуем выбраць смакоткі з прывабна-рынкавай назвай «Пазл» ад Валера Гапеева.

Тыя, хто смакаваў папярэднія два раманы гэтага аўтара, ведаюць ягоную схільнасць да прыгодніцкага сюжэту з містычным прысмакам. Не схібіў Гапееў і гэтым разам: і прыгоды, і містыка, і дынамічнае дзеянне — усе інгрэдыенты добрага экшну ў належных прапорцыях.

Хворы хлопец, якога, нягледзячы на адтэрміноўку, забіраюць у войска. Ягоныя бацька і маці, якія змагаюцца за жыццё сына, але пастаянна натыкаюцца то на адну, то на іншую перашкоду — часам непераадольную.

Не бяды, што частка персанажаў (ваенкам Тарасенкаў, намеснік старшыні райвыканкама Рагоза ды іншыя) — кардонныя цацкі, якія перасоўвае аўтарская рука. «Пазл» не прэтэндуе на высокамастацкую літаратуру, а масліту гэткія персанажы-лялькі не перашкаджаюць: яны служаць для азначэння сітуацыі, а не для апісання жывых характараў. Пагатоў, што ўсе разам яны ствараюць жывую і аб’ёмную карціну жыцця правінцыйнай Беларусі. Звычайнага райцэнтра з ягонымі разнастайнымі сацыяльнымі балячкамі — карупцыяй, усёўладнасцю і самадурствам начальства, выміраннем вёсак, мізэрнымі заробкамі ў большасці жыхароў. У гэтым сэнсе Гапеева можна назваць голасам беларускай правінцыі. І ў гэтым правінцыйным антуражы — выдатны сюжэт для трылера ў галівудскім стылі...

Абазнаны чытач напружыўся пасля шматкроп’я ў папярэднім сказе — і правільна, бо яго чакае тое самае слыннае «але». )))

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і «Пазл» адразу вядзе чытача ў гардэроб, а там вісіць гэткі пакамечаны плашчык лейтэнанта Каломба — тлумачэнне ўсіх злыбедаў, якія напаткаюць галоўнага героя, архітэктара Віктара Анішчука. «Перакулены дэтэктыў», у якім імя злачынцы вядомае загадзя, — прыём не новы і не арыгінальны. Ці дадае ён штосьці раману Гапеева? Пытанне даволі спрэчнае. Мне здаецца, можна было абысціся і без яго, бо матыў расплаты за грахі ў «Пазле» і так відавочны. Да таго ж, і галоўны герой нават пасля таго, як прыгадаў свой грэх, каяцца за яго не спяшаецца.

Сам Віктар Анішчук таксама не выходзіць за рамкі галівудскага стэрэатыпу: гэта паспяховы архітэктар, на якога раптам абрынаюцца беды, і ён спрабуе змагацца з імі, але толькі мацней грузне ў багне праблемаў. Ажно там яму на дапамогу прыходзіць містычная сіла, дадзеная ў пяску з могілак...

Аўтару ўжо закідалі нежыццёвасць сітуацыі, калі архітэктара, які некалькі гадоў будуе катэджы для багатых людзей у раёне, не ведаюць ні ў твар, ні на імя ані выканкамаўскія начальнікі, ані галоўны лекар, ані ваенкам... Гапееў адбіваецца ў сацсетках стандартнай фразай: «Аўтар ТАК бачыць».

Што ж, там, дзе аўтар бачыць ТАК, — ён прайграе. Бо раман ператвараецца з апісання жыцця ў бездапаможную прыдумку. Асабліва гэта заўважна па персанажах, якія Гапееву выразна не падабаюцца, — «феміністцы» Віцы і незалежным журналісце Змітру Карпеку. Першая з іх забываецца пра ўсе свае фемінісцкія прынцыпы, як толькі яе клічуць у жонкі. Другі пад жорсткім прэсінгам збіраецца перайсці з незалежнага СМІ ў дзяржаўнае, і першая думка, якая ў яго ўзнікае, — пра тое, што заробкі знізяцца ўдвая. Аўтар стараецца схаваць сваю непрыязь да гэтых цынікаў, але атрымліваецца ў яго не вельмі ўдала. Зрэшты, і самі персанажы з’яўляюцца не столькі жывымі людзьмі, колькі мішэнямі для аўтарскай жоўці.

Жывых персанажаў я налічыў у кнізе няшмат — двое чалавек, энцэфалітны клешч, галубы і лось. Атрымаліся ў Гапеева паўнакроўнымі, не кардоннымі дактары — тэрапеўт Ларыса Стральчак ды галоўны лекар Мікалай Вашчыла. За гэта беларускі лекарскі корпус мусіць аўтару падзякаваць. За апісанне фаўны яму падзякуюць абаронцы жывой прыроды. )))

Вяртаючыся да накладак у тэксце, якія сапсавалі ўражанне ад яго. Пасля смерці жонкі Антаніны Віктар Анішчук згадвае свой першы сэкс з ёй: «Напачатку асцярожна, а затым смялей згадвалася, праплывала ў памяці жыццё, разрозненымі кавалачкамі, да драбніц яснае: першыя сустрэчы з Антанінай, недагаворанасць і сэнсавая гульня; першы іх пакутліва-сарамлівы секс, калі выявілася: абое яны не тое што недасведчаныя, але і страшэнна баяліся апынуцца на піку пачуццёвых адносін з-за магчымасці атрымаць там незагойную рану ці раніць другога».

Але тут усплывае ўжо згаданы плашчык Каломба: на самым пачатку «Пазла» Віктар некаторы час жыў з іншай дзяўчынай, Ніначкай, і нават зрабіў ёй дзіця! Вось табе і недасведчаны ды сарамлівы... Гэткую ж прыкрасць выклікае і назва рамана «Пазл» пасля прачытання. Пазл, як вядома, можа стварацца ў любым парадку, з любога фрагмента — абы потым атрымалася цэльная карцінка. Гапееў называе часткі свайго рамана фрагментамі, але вядзе аповед у строга лінейнай паслядоўнасці. Гэта вам не «Забіць Біла», дзе Таранціна стварыў сапраўдны пазл — збяры яго правільна, тады і атрымаеш карцінку, то бок лінейны аповед.

Гапееў не Таранціна — ён у такія фармалісцкія гульні не гуляецца: усё строга і кананічна. Таму і атрымоўваецца не пазл, а нейкая больш прымітыўная мадэль для зборкі. Напрыклад, дзіцячая пірамідка, дзе ўсе дэталі складаюцца паводле загадзя вызначанага парадку. Гэта не добра і не кепска. Проста гульня іншая!

Але «Пазл» лепш гучыць і прадаецца.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Ні аўтар, ні яго прыхільнікі не хаваюць, што зладзілі кампанію пад умоўным лозунгам «Галасуй за хрысціянскі раман». І для мяне менавіта гэтая перамога — найлепшы аргумент супраць усялякіх «прэмій чытацкіх сімпатыяў» у Беларусі.

Шарова ў сваім рамане не прытрымліваецца ні мізандрыі, ні мізагініі — перад намі сумленная мізантропія, дзе аднолькава пагарджаюць прадстаўнікамі абодвух палоў.

Ёсць яшчэ варыянт, што падчас пісання гэтай часткі ў Бахарэвіча скралі ягонага Скіму і падсунулі чужога персанажа з такім самым імем і выглядам… Але гэты сюжэт, магчыма, апіша Марціновіч.

«Ноч» Марціновіча не просіцца быць разабранай на цытаты — яна сама складаецца з цытатаў: Уладзімір Караткевіч, Харукі Муракамі, Віктар Пялевін, Рэй Брэдберы ды безаблічны і бясконцы галівуд. Пытаннем «Гэта яшчэ літаратура ці кінасцэнар для баевіка катэгорыі „В“?» нават не задаешся, бо адказ адчуваеш нутром: аўтар спрабуе прадаць нам кінасцэнар, ад якога адмовіліся прадзюсары.